ДЭНДРЫ́Т (ад грэч. dendron дрэва),

крышталічнае ўтварэнне некат. мінералаў, металаў, сплаваў, штучных злучэнняў, якое мае дрэва-, папарце-, моха-, зоркападобную і інш. формы. Утвараецца з расплаву, раствору, пары або газу пры хуткай крышталізацыі рэчыва ва ўмовах сціснутасці росту (напр., у тонкіх трэшчынах, грыфонах — месцах выхаду газавых струменяў), у вязкім, перанасычаным або рыхлым гліністым асяроддзі, пры металургічных працэсах, штучным вырошчванні крышталёў. У прыродзе Д. звычайна — самародная медзь, золата, серабро, таксама лёд, нашатыр, піралюзіт і інш.

Дэндрыты піралюзіту на палявым шпаце.

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЎР (франц. livre ад лац. libra фунт),

грашова-лікавая адзінка Францыі ў 9—18 ст. Падзяляўся на 20 су, або 240 дэнье. Як рэальная манета выпускаўся ў 1665 пры Людовіку XIV пад назвай «сярэбраны лі» і ў 1720 пры Людовіку XV. Пры Людовіку XVI выпушчаны залатыя манеты ў 24 Л. і сярэбраныя ў 3 і 6 Л. У выніку псавання манет кошт Л. паніжаўся. У 1795 на змену Л. прыйшоў франк.

6 ліўраў 1793; серабро, Францыя.

т. 9, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫЯ КАШТО́ЎНАСЦІ,

сукупнасць грашовых знакаў замежных дзяржаў, крэдытных і плацежных дакументаў, выражаных у замежных грашовых адзінках, якія выкарыстоўваюцца ў міжнар. разліках. Могуць уключаць: наяўную замежную валюту, плацежныя дакументы (чэкі, вэксалі, траты, акрэдытывы і інш.), замежныя фондавыя каштоўнасці (акцыі, аблігацыі), каштоўныя металы (золата, серабро, плаціна і металы плацінавай групы) у манеце, злітках, ломе і сырым выглядзе, вырабы з каштоўных металаў, жэмчуг, каштоўныя камяні і вырабы з іх. Валютнае заканадаўства ўстанаўлівае для валютных каштоўнасцей спец. абмежаваны рэжым абарачэння на тэр. краіны.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛОТАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, кіслотатрывалыя матэрыялы,

металічныя і неметалічныя матэрыялы, устойлівыя супраць разбуральнага дзеяння кіслот. К. м. металічныя — высокалегіраваныя сталі і чыгун, некат. металы (напр., нікель, медзь, алюміній, цырконій, серабро) і сплавы. К. м. неметалічныя — горныя пароды (напр., андэзіт, граніт), каменнае ліццё (напр., базальт), палімерныя матэрыялы (полівінілхларыд, поліэтылен, фтарапласты і інш.), кераміка, шкло, спец. замазкі, цэменты і інш. Выкарыстоўваюць пераважна ў хім. прам-сці для вырабу розных ёмістасцей (і іх футравання), труб, шлангаў, падлогі, пакрыццяў, а таксама як кіслотатрывалыя герметыкі і ўшчыльняльнікі.

т. 8, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

адзін з класаў гідратэрмальных радовішчаў, якія ўтвараюцца ў постмагматычнай стадыі з гідратэрмальных раствораў пры т-ры 300—200 °C. У большасці выпадкаў размешчаны ў асадкавых і метамарфічных пародах, каля інтрузіўных масіваў, радзей залягаюць унутры іх. Утвараюць жылы, пласты і інш. Мінер. склад разнастайны, прадстаўлены руднымі мінераламі (золата, серабро, злучэнні жалеза, медзі, свінцу, цынку, нікелю, кобальту, мыш’яку, волава, урану, малібдэну, вісмуту і інш.) і мінераламі неметалічных карысных выкапняў (хрызатыл-азбест, тальк, магнезіт, плавікавы шпат і інш.).

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУМІЗМА́ТЫКА (ад грэч. nomisma манета),

спецыяльная гіст. навука, якая даследуе манеты і інш. плацежныя знакі, іх узаемасувязь з гісторыяй, эканомікай, палітыкай, правам, культурай і тэхнікай, гісторыю грашовага абарачэння і фарміравання грашовых сістэм розных эпох, народаў і дзяржаў і іх узаемасувязь з рынкам; арганізацыю і тэхніку манетнай вытв-сці і медальернага мастацтва; грашовыя рэформы, умовы фарміравання скарбаў і іх ролю ў фарміраванні рынку грашовага абарачэння. Да Н. прымыкаюць розныя спец. дысцыпліны: медальернае мастацтва, фалерыстыка, баністыка, сфрагістыка, геральдыка, генеалогія, метралогія гістарычная. а таксама раздзелы этнаграфіі і паліт. эканоміі. якія вывучаюць т.зв. «прымітыўныя грошы» (таварагрошы).

Нумізматычныя крыніцы падзяляюць на 2 групы. Да першай, асноўнай, адносяць асобныя манеты, манетныя знаходкі (адзінкавыя манеты, зліткі, скарбы), матэрыялы і інструменты па чаканцы манет, манетныя шалі і гіркі. Да другой, дапаможнай, — розныя пісьмовыя крыніцы (дакументацыя манетных двароў, пастановы аб рэформах манетнай справы і грашовага абарачэння, вальвацыйныя табліцы — курс валют, мытныя кнігі, тастаменты і акты аб куплі-продажы), пячаткі, таварагрошы, медалі, жэтоны і ўзнагародныя знакі. З 19 ст. Н. лічылі часткай археалогіі (у шэрагу выпадкаў манеты дапамагаюць датаваць стратыграфічныя пласты, пабудовы і асобныя рэчы, выяўленыя пры раскопках). У той жа час Н. з’яўляецца самастойнай навукай, бо абапіраецца на спецыфічныя крыніцы (манеты, скарбы, зліткі), мае сваю тэрміналогію і методыку даследаванняў. Як навука Н. трансфармавалася з калекцыяніравання манет і інш. плацежных сродкаў. Калекцыяніраванне ўзнікла ў эпоху імператарскага Рыма, пашырылася ў эпоху Адраджэння і стала асабліва папулярным з 15—16 ст.

У сярэдзіне 16 ст. ў Еўропе налічвалася да 950 мюнцкабінетаў (спец. кабінеты. у якіх захоўваліся прыватныя калекцыі манет). Наяўнасць буйных нумізматычных прыватных калекцый патрабавала іх даследавання і сістэматызацыі. Да канца 18 ст. аформіліся найважнейшыя сучасныя нумізматычныя зборы: мюнцкабінеты ў Вене і Берліне, кабінет медалёў у Парыжы, калекцыі Брытанскага музея ў Лондане, Эрмітажа ў С.-Пецярбургу. У тагачасных навук. творах манеты разглядаліся як помнікі мастацтва разам з камеямі, скульптурай і г.д. Родапачынальнікам навук. Н. лічыцца аўстр. нумізмат І.​Х.​Экель, які ў 1792—98 выдаў у Вене 8-томную «Навуку аб старажытных манетах». Для станаўлення Н. як навукі шмат зрабілі даследчыкі 19 ст. І.​Мадэр, І.​Лялевель, Т.​Чацкі, І.​Я.​Лейцман і інш. Першыя калекцыі манет у Расіі з’явіліся ў 17 ст., у 18 ст. калекцыяніраванне стала пашыраным. У 1714 у С.-Пецярбургу адкрыта Кунсткамера (на 1742 налічвалася 28 862 манеты), у 1745 апублікаваны яе першы каталог (на лац. мове), складзены Г.​Я.​Керам і Х.​Крузіусам. З 1770-х г. пачала фарміравацца нумізматычная калекцыя ў Эрмітажы. Заснавальнікамі рус. нумізматычнай навукі лічацца Х.​Д.​Фрэн, А.​Дз.​Чарткоў і К.​Келер. У сав. часы нумізматычныя даследаванні канцэнтраваліся ў аддзелах Н. Дзярж Эрмітажа (С.-Пецярбург), Дзярж. гіст. музея (Масква), некат. рэсп. музеяў (Кіеў, Тбілісі і інш.), акад. ін-таў і ун-таў. Н. ўмоўна падзялялі на антычную, візантыйскую, усходнюю (манеты краін Азіі і Афрыкі, а таксама сярэдневяковыя манеты Сярэдняй Азіі, Паволжа, Крыма і Закаўказзя), заходнюю (еўрап. манеты сярэдніх вякоў, новага і навейшага часу дзяржаў Зах. Еўропы, а таксама Паўн. і Лац. Амерыкі), рускую, савецкую; асобна — манеты краін Азіі і Афрыкі (былых калоній) на зах.-еўрап. мовах.

На Беларусі гісторыя нумізматычных даследаванняў прайшла той жа шлях, што і ў інш. краінах. У 16—18 ст. буйная нумізматычная калекцыя захоўвалася ў Нясвіжы ў князёў Радзівілаў. У 1820-я г. ў Гомелі М.​П.​Румянцаў сабраў вял. калекцыю, якая ўключала некалькі бел. скарбаў манет Каралеўства Польскага і ВКЛ, куфіцкіх дырхемаў (у 1831 перавезена ў Пецярбург, з 1861 у Румянцаўскім музеі ў Маскве). У 1840—50-я г. значную калекцыю сабраў вядомы археолаг, гісторык і этнограф Я.​П.​Тышкевіч, якую перадаў у створаны ў 1855 па яго ініцыятыве Віленскі музей старажытнасцей. У 1870—90-я г. на Міншчыне вял. калекцыю сабраў гісторык, археолаг і краязнавец Г.​Х.​Татур, частка якой паступіла ў Беларускі музей у Вільні і ў Беларускі дзяржаўны музей у Мінску. На Гродзеншчыне манеты і драгічынскія пломбы збіраў М.​П.​Авенарыус, на Віцебшчыне — М.​Ф.​Кусцінскі, на Магілёўшчыне і Гомельшчыне — Е.​Р.​Раманаў і інш. Большасць калекцыянераў публікавалі артыкулы па Н. і сфрагістыцы. У сярэдзіне 19 ст. рэгістрацыяй, зборам і даследаваннем манетных знаходак на Беларусі займаліся Віленская археалагічная камісія, стат. к-ты Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Магілёўскай губ. і створаныя імі музеі, Віцебская вучоная архіўная камісія і Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута.

Нумізматычныя матэрыялы, выяўленыя на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст., зберагаліся ў Віленскім музеі старажытнасцей, Віцебскім і Мінскім царк.-археал. музеях. Цяпер манетныя калекцыі захоўваюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі (Мінск), ва ўсіх абл. і многіх раённых краязн. музеях. Вял. калекцыя зберагаецца ў Нумізматычным кабінеце гіст. ф-та БДУ. Да пач. 20 ст. на Беларусі практычна не было прафес. нумізматаў. Апісанне манетных скарбаў, актавых пячатак, гандл. пломбаў, медалёў, укладанне каталогаў і іх публікацыі праводзіліся археолагамі і калекцыянерамі. У 2-й пал. 1920-х г. нумізматычнымі даследаваннямі займаўся дырэктар Бел. дзярж. музея К.​В.​Харламповіч. У 1933 С.​А.​Дубінскі апублікаваў «Бібліяграфію па археалогіі Беларусі і сумежных краін», у якой значнае месца займаў матэрыял па Н. У пасляваенныя часы даследаванні па Н. праводзяць вучоныя-выкладчыкі ВНУ і супрацоўнікі Ін-та гісторыі АН Беларусі: В.​Н.​Рабцэвіч, І.​Н.​Колабава, Л.​Д.​Побаль, Ш.​І.​Бекцінееў, І.​І.​Сінчук і інш. У сучасных нумізматычных даследаваннях выявіліся 2 кірункі — пераважнае вывучэнне манет і скарбаў і даследаванні грашовага абарачэння і грашовых сістэм (у асн. 10—16 ст.). Спец. курсы па Н. чытаюцца ў БДУ, Бел. ун-це культуры, Бел. пед. ун-це і інш. ВНУ Беларусі. Распрацаваны і існуюць 2 варыянты перыядызацыі грашовага абарачэння на Беларусі. Першы заснаваны пераважна на тыпах манет, якія выкарыстоўваліся на Беларусі ў розныя перыяды: рымскага дэнарыя (канец 2 — пач. 3 ст. н.э.); куфіцкага дырхема (9—10 ст.); заходнееўрап. дэнарыя (канец 10 — канец 11 ст.); «безманетны» (канец 11 — пач. 14 ст.); пражскага гроша (14—15 ст.); канца 15 — сярэдзіны 17 ст.; 2-й пал. 17 ст. — канца 18 ст.; канца 18 ст. — 1917; савецкі 1918—91; Рэспублікі Беларусь з 1992. Другі абапіраецца на грашовыя сістэмы (перыяды); старажытнарускі (9 — сярэдзіна 13 ст.) — куфіцкага дырхема (9 — канец 10 ст.), зах.-еўрап. дэнарыя (канец 10 — пач. 12 ст.), першы этап «безманетнага» перыяду (пач. 12 — сярэдзіна 13 ст.); ВКЛ (сярэдзіна 13 ст. — 1569) — другі этап «безманетнага» перыяду (сярэдзіна 13 — пач. 14 ст.), пачатковы этап рэгіянальных грашовых сістэм (2-я чвэрць 13 — пач. 14 ст.), пражскага гроша (пач. 14 ст. — 1492), завяршальны этап рэгіянальных грашовых сістэм (1300/1305—94), перыяд ранняй агульнадзярж. грашовай сістэмы ВКЛ (1394—1492), перыяд 1492—1569; Рэчы Паспалітай (1569—1795); Расійскай імперыі (1795—1917); савецкі (1918—91), Рэспублікі Беларусь з 1992.

Літ.:

Марков А.К. Древняя нумизматика. Ч. 1—2. СПб., 1901—03;

Зограф А.Н. Античные монеты. М ;

Л., 1951;

Кропоткин В.В. Клады римских монет на территории СССР. М., 1961;

Яго ж. Клады византийских монет на территории СССР. М., 1962;

Спасский И.Г. Русская монетная система. 4 изд. Л., 1970;

Янин В.Л. Денежно-весовые системы русского средневековья: Домонгольский период. М., 1956;

Рябцевич В.Н. О чем рассказывают монеты. Мн., 1968;

Яго ж. Основные итоги нумизматических исследований в БССР // Белорусские древности. Мн., 1967;

Яго ж. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993;

Бектинеев Ш.И. Периодизация денежного обращения на территории Беларуси с IX в. до Люблинской унии 1569 г. // Гіст.-археал. зб. Мн., 1994. № 4.

Ш.​І.​Бекцінееў.

Нумізматыка: 1 — златнік (золата); 2—4 — сярэбранікі (серабро), канец 10 — пач. 11 ст.; 5 — грыўня (рубель) чарнігаўскага тыпу (серабро), 2-я пал. 13 ст.; 6 — грыўня (рубель) кіеўскага тыпу (серабро), 11—13 ст.; 7 — грыўня (рубель) наўгародскага тыпу (серабро), 13—14 ст.; 8 — палова грыўні наўгародскага тыпу («палціна»); 9 — грыўня (рубель) заходнярускага (літоўскага) тыпу (серабро), 14—15 ст.; 10 — солід (білон), 1652; 11 — «барацінка» (медзь) 1665; 12—14 — паўгрошы (білон), 1494—1506, 1509, 1565; 15—23 — грошы (білон), 1536, 1546, 1555, 1580, 1607, 1608, 1612, 1627, 1652; 24 — два грошы (серабро) 1565; 25—27 — тры грошы (білон і серабро) 1546, 1562, 1562; 28 — чатыры грошы (серабро) 1566; 29—31 — шэсць грошаў (білон і серабро) 1547, 1562, 1664; 32—33 — паўкопкі (серабро) 1564, 1565; 34 — талер (серабро) 1580.

т. 11, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІНА́Ж (ад франц. affinage ачыстка),

працэс атрымання высакародных металаў высокай чысціні шляхам ачысткі ад дамешкаў; адзін з відаў рафінавання металаў. Золата і серабро ачышчаюць электролізам (чысты метал асядае на катодзе); атрыманае золата мае пробу не ніжэй за 999,9. Плаціну і металы плацінавай групы ачышчаюць т.зв. «мокрым» спосабам: раствараюць у мінер. кіслотах і асаджаюць спец. рэагентамі (хлорысты амоній, аміяк, цукар). Афінаж золата робяць і «сухім» спосабам: расплаўляюць, насычаюць хлорам, хларыды невысакародных металаў выпарваюць, хларыды серабра ўсплываюць на паверхню. Проба золата 996,5, серабра, адноўленага з хларыдаў, 999.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЯ́КЛЫЯ РУ́ДЫ,

група мінералаў падкласа складаных сульфідаў медзі, якія ўтвараюць ізаморфны рад тэнантыт Cu12As4S13 (мыш’яковістая разнавіднасць) — тэтраэдрыт Cu12Sb4S13 (сурмяністая разнавіднасць). Прымесі серабра (фрайбергіт да 17%), цынку, жалеза, ртуці і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі тэтраэдрычнага, радзей кубічнага і октаэдрычнага выгляду. Часцей зерні і зярністыя агрэгаты. Колер сталёва-шэры да жалезна-чорнага. Бляск металічны. Цв. 3—4,5. Шчыльн. 4,6—5,4 г/см³. Бляклыя руды — гідратэрмальныя мінералы. Лёгка выветрываюцца і замяшчаюцца малахітам, азурытам, купрытам і інш. Другарадныя медныя руды, з іх здабываюць таксама сурму, серабро, ртуць.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КЕЛЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы нікелю. Адрозніваюць Н.р. сульфідныя медна-нікелевыя, мыш’яковістыя і сілікатныя нікелевыя. Сульфідныя медна-нікелевыя руды магматычнага, кантактава-метасаматычнага і гідратэрмальнага паходжання, маюць 0,25—4,5% нікелю, а таксама кобальт, медзь, плаціноіды, золата, серабро, селен і тэлур; утвараюць пласты, жылы, лінзы. Гал. мінералы магнетыт, пентландыт, пірацін, халькапірыт. Мыш’яковістыя Н.р. пераважна гідратэрмальнага паходжання, гал. мінералы — нікелін, герсдарфіт, хлаантыт і інш. Сілікатныя Н.р. экзагеннага паходжання, маюць 0,75—4% і больш нікелю, 0,03—0,12% кобальту. Гал. мінералы гарніерыт, непуіт, нантраніт і інш.

т. 11, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАКА́НСКІЯ ГОРЫ, Ракхайн, Аракан-Йома,

горы на З п-ва Індакітай, у М’янме. Працягласць каля 800 км. Выш. да 3053 м (г. Вікторыя). Сярэдневышынныя складкава-глыбавыя горы, утвораныя ў альпійскую складкавасць. Паралельныя мерыдыянальныя хрыбты з вострымі і стромкімі схіламі, падзеленыя эразійна-тэктанічнымі далінамі на Пн, пераходзяць на Пд у нізкагорныя ланцугі пакатых узвышшаў выш. 150—200 м. Складзены са сланцаў, кварцытаў, пясчанікаў, па перыферыі — з асадкавых парод. Карысныя выкапні: волава, вальфрам, свінец, золата, серабро, каштоўныя камяні. Наветраныя зах. схілы ўкрыты вільготнымі трапічнымі вечназялёнымі лясамі, падветраныя ўсх. — мусоннымі лістападнымі, на выш. 1000 м і больш — вечназялёнымі дубовымі і хваёвымі лясамі.

т. 1, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)