БА́ЗІС ЭРО́ЗІІ,
паверхня, на ўзроўні якой вадацёк (рака, ручай) траціць сілу і не можа далей паглыбляць сваё рэчышча. Агульны (або галоўны) базіс эрозіі — узровень Сусветнага ак.; мясцовыя (або часовыя) базісы эрозіі — праточныя азёры, месцы ўпадзення прытокаў у гал. раку, выхады цвёрдых парод, якія запавольваюць глыбінную эрозію ракі. Змена вышыні базісу эрозіі (ваганні ўзроўню мора, векавыя рухі зямной кары і інш.) суправаджаецца ўразаннем даліны або запаўненнем яе рачнымі адкладамі.
т. 2, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР’Е́РНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
здольнасць арганізма чалавека і жывёл праз своеасаблівыя фізіял. механізмы, т.зв. бар’еры, захоўваць сваё ўнутр. асяроддзе (кроў, лімфу, тканкавую вадкасць) ад вонкавых уздзеянняў і падтрымліваць яго адносна пастаянны хім., фіз. састаў і біял. ўласцівасці. Адрозніваюць вонкавыя (скура, дыхальны, стрававальны і выдзяляльны апараты, печань, слізістыя абалонкі) і ўнутраныя (гематалагічныя) бар’еры. Бар’ерная функцыя выпрацавалася ў працэсе эвалюцыі і вызначае жыццядзейнасць органаў і тканак, іх адчувальнасць да бактэрый, ядаў, таксінаў, чужародных рэчываў, лекаў.
т. 2, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУСЬКІ́»,
бел. нар. гульня. На краі круглай ледзяной пляцоўкі дыяметрам 10—15 м выбіваюць «гнёзды» (ямкі дыяметрам 25—30 см). Удзельнікі маюць калкі (палкі даўж. 1—1,2 м, раздвоеныя на канцы) і гуські (цуркі памерам 12×4 см). Кожны па чарзе кладзе гусёк у цэнтр пляцоўкі. Па сігнале астатнія гульцы ад сваіх «гнёздаў» бягуць да цэнтра і ўдарамі калкоў стараюцца загнаць гусёк у сваё «гняздо». Перамагае той, хто загоніць больш гуськоў.
т. 5, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАНЦЁР (франц. volontaire),
асоба, якая добраахвотна паступіла на ваен. службу. У некаторых дзяржавах сістэма валанцёрства была асн. спосабам камплектавання арміі (напр., у Вялікабрытаніі да 1-й сусв. вайны). З увядзеннем абавязку воінскага страціла сваё значэнне і засталася як дадатак да рэгулярнай арміі, пераважна ў ваен. час. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 прадугледжвае прыём у армію грамадзян, якія добраахвотна паступаюць на ваен. службу.
т. 3, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́ЦЫІ (лац. comitia),
нар. сходы ў Стараж. Рыме, на якіх выбіралі службовых асоб, прымалі законы, вырашалі пытанні вайны і міру. Было 3 віды: курыятныя К. — сходы па курыях, цэнтурыятныя К. — па цэнтурыях, трыбутныя К. — сходы ўсіх грамадзян па тэрытарыяльных акругах (трыбах). Склікаліся ў вызначаныя дні і ў спец. месцах, якія рымляне лічылі свяшчэннымі (напр., на Марсавым полі, Форуме). Функцыі К. абмежаваў Сула, у часы Аўгуста яны страцілі сваё значэнне.
т. 7, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ПАЛСКАЯ БІ́ТВА 1396,
бітва, што адбылася 25 вер. каля г. Нікопал (Балгарыя) паміж арміяй тур. султана Баязіда I і войскам крыжаносцаў (французы, іспанцы, італьянцы, англічане, чэхі і інш.), якім камандаваў венг. кароль Жыгманд (гл. Сігізмунд I). Больш падрыхтаваная тур. армія (гл. таксама Янычары) разграміла феад. рыцарскае войска крыжаносцаў (большасць забіта, частка трапіла ў палон, невял. колькасці пашчасціла ўцячы). У выніку гэтай перамогі Турцьія замацавала сваё панаванне на Балканскім п-ве.
т. 11, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУ́РА ў выяўленчым мастацтве,
рэальныя аб’екты рэчаіснасці (чалавек, рэчы, ландшафт і інш.), якія мастак выкарыстоўвае як мадэль пры рабоце над творам. З Н. выконваюць замалёўкі, накіды, эцюды, часта партрэты, пейзажы, нацюрморты. Працуюць у натуральных прыродных умовах (пленэр) або ў майстэрні (перадача вобраза натуршчыка). Часам пры падрыхтоўцы твора работу з Н. спалучаюць з работай па памяці ці фантазіі. Праз выбар Н. і яе інтэрпрэтацыю мастак выяўляе сваё светаадчуванне і творчую задачу.
т. 11, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР у Берліне,
палітычная арг-цыя. Створаны 19.6.1941 на нарадзе прадстаўнікоў Беларускага прадстаўніцтва ў Берліне і Бел. к-та самапомачы, які ўзначальваў М.Шчорс. У кіраўніцтва цэнтрам ўваходзілі Р.Астроўскі, В.Гадлеўскі, В.Тумаш, Ч.Ханяўка, А.Шкуцька, М.Шкялёнак. Асн. мэта — стварэнне бел. дзяржавы пад ням. пратэктаратам. На пач. Вял. Айч. вайны спыніў сваё існаванне. Яго члены займалі розныя пасады ў акупац. апараце гітлераўцаў на тэр. Беларусі, Польшчы, Расіі.
т. 2, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕМЕНІ́ДЫ,
дынастыя правадыроў стараж.-перс. плямёнаў (каля 700—550 да нашай эры) і цароў у Ахеменідаў дзяржаве (550—330 да нашай эры). Назва ад яе родапачынальніка Ахемена, які жыў у 8—7 ст. да н.э. Даследчыкі адрозніваюць 2 іх лініі: старэйшую [Ахемен, Тэісп, Кір I, Камбіс I (2-я пал. 6 ст.), Кір II (558—530), Камбіс II (530—522)] і малодшую [Дарый I (522—486), Ксеркс I (486—465), Артаксеркс I (465—424), Ксеркс II (424), Сагдыян (424—423), Дарый II (423—404), Артаксеркс II (404—358), Артаксеркс III (358—338), Арсес (338—336), Дарый III (336—330)]. Дынастыя Ахеменідаў спыніла сваё існаванне ў выніку заваявання перс. дзяржавы Аляксандрам Македонскім.
т. 2, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРДА́Ж (франц. abordage),
спосаб вядзення бою вёславымі і паруснымі караблямі. Адзін або некалькі атакоўчых караблёў падыходзілі да карабля праціўніка як мага шчыльней, счапляліся з ім бартамі, высаджвалі абардажную каманду, якая ў рукапашнай сутычцы вырашала зыход бою. Выкарыстоўваўся са стараж. часоў да 19 ст.; разам з таранным ударам складаў аснову тактыкі марскога бою. З развіццём карабельнай артылерыі, ростам агнявой магутнасці і быстраходнасці караблёў страціў сваё значэнне. Выкарыстоўваюць пры перадачы (прыёме) грузу і людзей.
т. 1, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)