ДЖУРАКУ́ЛАЎ Умаркул
(люты 1894, г. Самарканд, Узбекістан — 22.3.1973),
узбекскі майстар маст. керамікі; стваральнік школы сучаснай самаркандскай керамікі. Нар. мастак Узбекістана (1953). Фармоўцы вучыўся ў свайго бацькі Джуракула Кабулава, размалёўцы — у майстра У.Умарава з г.Гіждуван. Пачаў працаваць у 1902. Аўтар аздобленых падглазурнай размалёўкай збаноў са складаным рэльефным узорам, разнастайных пасудзін у форме птушак або драконаў, фігурак жывёл.
т. 6, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1760—68 у Бабруйску пры езуіцкім калегіуме. Паводле інш. звестак, т-р існаваў значна раней; захавалася друкаваная праграма 1725 пастаноўкі драмы «Акадэмія мудрасці караля Аляксандра». Пасля 1-га і 2-га актаў выконваліся інтэрмедыі і алегарычныя балеты. У 1768 вучні паказалі трагедыю свайго настаўніка рыторыкі, ураджэнца Беларусі Я.Віхерта «Любоў да айчыны, або Фемістокл» (на польск. Мове).
т. 2, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАРО́ДНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
ураўненне, якое не змяняе свайго выгляду пры адначасовым множанні ўсіх (або толькі некаторых) пераменных на адзін і той жа адвольны лік. Ураўненне можа быць аднародным і ў адносінах да адпаведных пераменных, напр., xy + yz + zx = 0 — аднароднае ўраўненне ў адносінах да ўсіх пераменных, ураўненне y + ln(x/z) + 5 = 0 — да х і z. Левая частка аднароднага ўраўнення з’яўляецца аднароднай функцыяй.
т. 1, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМІЛЯ́РНАЯ СФЕ́РА
(ад лац. armilla бранзалет, кольца),
старадаўні астранамічны інструмент для вызначэння экватарыяльных або экліптычных каардынатаў нябесных свяціл. Вядомы з 3 ст. да н.э., выкарыстоўваўся да канца 16 ст. Складаецца з некалькіх метал. кольцаў з дзяленнямі, якія маюць дыёптры і могуць паварочвацца вакол свайго цэнтр. пункта. З’яўляецца мадэллю нябеснай сферы з яе найважнейшымі пунктамі і кругамі: полюсамі і воссю свету, мерыдыянам, гарызонтам, нябесным экватарам і экліптыкай.
т. 1, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРАНА́ІКЕ Сірымава
(н. 17.4.1916, Балангода, Шры-Ланка),
палітычны і дзярж. дзеяч Цэйлона (Шры-Ланкі). З 1960 старшыня Цэйлонскай партыі свабоды. У 1960—65 і 1970—77 прэм’ер-міністр Цэйлона. Працягвала паліт. і эканам. рэформы свайго мужа С.Бандаранаіке. Сацыялістычная арыентацыя яе ўрада прывяла да паглыблення эканам. цяжкасцяў, а абмежаванне дэмакр. свабод — да паражэння на выбарах 1977. У 1980—88 была пазбаўлена грамадз. правоў за карупцыю і злоўжыванне ўладай.
т. 2, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКИЙ ВЕ́СТНИК»,
штотыднёвая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 17(30).6.1912 да 12(25).1.1913 у Вільні на рус. мове. Была рупарам русіфікаваных слаёў бел. буржуазіі і правінцыяльнага чыноўніцтва. Заклікала народы Расіі пранікнуцца «любоўю да свайго манарха». Асуджала ідэю самавызначэння бел. народа, адмаўляла яго нац. і культ. самабытнасць, называла беларусаў разам з украінцамі этнагр. часткай рус. народа. Выступала супраць бел. перыяд. друку і кнігавыдання.
У.М.Конан.
т. 3, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДРО́ЎСКІ-САС (Bandrowski-Sas) Аляксандр
(22.4.1860, г. Любартаў, Польшча — 28.5.1913),
польскі спявак (драм. барытон, пазней тэнар). Адзін з лепшых оперных і камерных спевакоў свайго часу, выступаў у буйнейшых т-рах свету. Вядомы як выканаўца гераічных партый у операх Р.Вагнера, Дж.Меербера, Дж.Вердзі. Першы выканаўца партыі Манру ў аднайм. Оперы І.Падарэўскага (1901, Дрэздэн). Пісаў і перакладаў на польск. мову оперныя лібрэта. З 1909 выкладаў у Кракаўскай кансерваторыі (сярод вучняў Э.Бандроўская-Турская).
т. 2, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШУРБАНІПА́Л, Ашурбанапал,
цар Асірыі ў 669 — каля 633 да нашай эры. Сын Асархадона. Пры ім імперыя дасягнула найб. магутнасці, але страціла Егіпет (655). Перамог свайго брата Шамашумукіна (з 652 паўстаў супраць Ашурбаніпала) і заняў яго рэзідэнцыю Вавілон (648), пакарыў Элам (639) і інш. Увайшоў у гісторыю і як збіральнік стараж. пісьмовых помнікаў; яго б-ка мела больш за 20 тыс. клінапісных гліняных таблічак (знойдзена ў 1849—54 на месцы апошняй асірыйскай сталіцы Ніневіі).
т. 2, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬПЯРО́ВІЧ Навум Якаўлевіч
(н. 14.1.1948, г. Полацк),
бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1967—70). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1979). Працаваў у Наваполацку на радыёвяшчанні (1977—80). З 1981 — уласны карэспандэнт Дзяржтэлерадыё Беларусі па Віцебскай вобл. Друкуецца з 1967. Адзін з аўтараў калектыўнага зб. «Сцяжына» (1983). Выдаў кн. паэзіі «Брама» (1990) і «Востраў душы» (1995), у якіх боль і трывога за людзей свайго пакалення, спроба сродкамі лір. паэзіі адгукнуцца на клопаты нашага часу.
І.Д.Сіпакоў.
т. 4, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАНІБЕ́К
(? — 1357),
хан Залатой Арды ў 1342—57, сын і пераемнік хана Узбека. Завалодаў прастолам, забіўшы двух сваіх братоў. У час яго праўлення Арда дасягнула найб. ваен. ўздыму. Актыўна ўмешваўся ва ўнутр. справы рус. княстваў. Для ўмацавання сваёй улады ў Ардзе насаджаў іслам. У 1356 здзейсніў паход у Азербайджан, захапіў Тэбрыз і пасадзіў там свайго намесніка. У выніку паўстання ў Тэбрызе да ўлады прыйшлі Джалаірыды, галіны Чынгісідаў, варожай да Дж. Загінуў, калі вяртаўся ў Арду.
т. 6, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)