МАРЫЯ́ТЭГІ (Mariátegui) Хасэ Карлас (14.6.1895, г. Макегуа, Перу — 16.4.1930),
перуанскі паліт. дзеяч, сацыёлаг і літ. крытык. З 1918 у рабочым руху. З 1919 у эміграцыі. З 1923 зноў у Перу, у прафсаюзным руху, займаўся журналісцкай і выдавецкай дзейнасцю. Выпускаў часопіс «Amauta» («Мудрэц», 1926—30), рабочую газ. «Labor» («Праца», 1928—30). У 1928 заснаваў Перуанскую камуніст. партыю і быў яе ген. сакратаром. Тэарэт. асновы праграмы камуністаў выклаў у працы «Сем нарысаў тлумачэння перуанскай рэчаіснасці» (1928). У літ.-крытычных артыкулах аналізаваў ісп. і індзейскую традыцыі перуанскай л-ры, адстойваў незалежны шлях развіцця нац. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БІН Якаў Ізраілевіч (н. 16.12.1918, г. Ельня Смаленскай вобл., Расія),
бел. вучоны-эканаміст і сацыёлаг. Д-рэканам.н. (1981). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1941). З 1963 у Н.-д.эканам. ін-це Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па дэмаграфічных і эканоміка-сацыялагічных праблемах, гісторыі сацыялагічных і эканам. вучэнняў.
Тв.:
Теории народонаселения: (Мальтузианское и буржуазно-антимальтузианское направления). М., 1972;
Дом наш земной. Мн., 1981;
Наследники Мальтуса. М., 1983;
Право на счастье: О пробл. семьи и детей. Мн., 1986;
Материальный достаток: как его понимать? Мн., 1990 (разам з І.В.Катляровым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭН (Taine) Іпаліт Адольф (21.4.1828, г. Вузье, Францыя — 5.3.1893),
французскі філосаф, сацыёлаг мастацтва, гісторык. Родапачынальнік эстэт. тэорыі натуралізму, заснавальнік культурна-гістарычнай школы ў літаратуразнаўстве. Вучыўся ў Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы (1848—51). Чл.Франц. акадэміі (1878). Асн. творы: «Крытычныя спробы» (1858), эцюды пра А.Бальзака (1858) і Стэндаля (1864), «Гісторыя англійскай літаратуры» (т. 1—4, 1863—64), «Філасофія мастацтва» (1865—69). Аўтар кніг нарысаў «Пірэнейскае падарожжа» (1855), «Падарожжа па Італіі» (1866), «Нарысы сучаснай Англіі» (1871) і інш. У гіст. працы «Паходжанне сучаснай Францыі» (т. 1—6, 1876—94) крытыкаваў Франц. рэвалюцыю канца 18 ст., якабінскую дыктатуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́РНА (Adorno) Тэадор (11.9.1903, г. Франкфурт-на-Майне — 6.8.1969),
нямецкі філосаф, сацыёлаг, музыказнавец. Прадстаўнік франкфурцкай школы. Пасля 1933 у эміграцыі (Англія, ЗША). З 1949 у Франкфурце-на-Майне: праф. ун-та, з 1953 кіраўнік Ін-та сац. даследаванняў. Погляды Адорна склаліся на перакрыжаванні ням. неагегельянства і авангардысцкай крытыкі культуры. Паводле яго філасофіі эвалюцыя чалавецтва — гэта гісторыя «няўдалай цывілізацыі», гісторыя «індывідуалізацыі» чалавека, тоеснай пастаяннаму паглыбленню яго «адчужэння». У духу гэтых ідэй Адорна рабіў сац.-філас. аналіз музыкі. Асн. працы: «Дыялектыка асветы» (1947, з М.Хоркхаймерам), «Філасофія новай музыкі» (1949), «Аўтарытарная асоба» (1950, у сааўт.), «Прызмы. Крытыка культуры і грамадства» (1955), «Негатыўная дыялектыка» (1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАН (Kahn) Герман (15.2.1922, г. Беён, ЗША — 7.7.1983),
амерыканскі сацыёлаг, адзін з заснавальнікаў футуралогіі. У 1948—61 супрацоўнічаў з карпарацыяй РЭНД па распрацоўцы пытанняў вайск. стратэгіі ЗША (працы «Аб тэрмаядзернай вайне», 1960; «Аб эскалацыі: метафары і сцэнарыі», 1965, і інш.). Арганізатар і кіраўнік (з 1961) Гудзонаўскага ін-та, які стаў міжнар. цэнтрам па распрацоўцы сац., паліт., эканам., тэхн. і інш. прагнозаў. У футуралагічных працах «Год 2000-ы» (1967), «Наступныя 200 гадоў» (1976) і інш. (напісаны ў сааўтарстве з супрацоўнікамі Гудзонаўскага ін-та) выступаў прыхільнікам канцэпцыі постіндустрыяльнага грамадства. Станоўчы погляд К. на будучыню сучаснага чалавецтва заснаваны на тэхнал. аптымізме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОН Ігар Сямёнавіч (н. 21.5.1928, С.-Пецярбург),
расійскі філосаф, сацыёлаг і псіхолаг. Д-рфілас.н. (1960), праф. (1963). Скончыў Ленінградскі пед.ін-т (1947). Працаваў у многіх ВНУ і НДІ, у 1975—93 у Ін-це этналогіі і антрапалогіі РАН. Даследуе праблемы гісторыі зах. сацыялогіі, тэорыі асобы і самасвядомасці, псіхалогіі юнацкага ўзросту, антрапалогіі дзяцінства і сексалогіі. Філас. праблемы быцця чалавека разглядае на матэрыяле спец. навук пра чалавека і грамадства, праводзіць ідэю інтэрдысцыплінарнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́РДАЛЬ (Myrdal) Альва (31.1.1902, г. Упсала, Швецыя — 1.2.1986),
шведскі грамадскі дзеяч, сацыёлаг. Скончыла Стакгольмскі ун-т (1924). З 1932 член С.-д. партыі. У 1936—48 дырэктар засн. ёю сац.-пед. семінара (Пед. ін-та дашкольнага навучання) у Стакгольме. З 1956 пасол у Індыі, Бірме і на Цэйлоне. У 1962—72 кіраўнік швед. дэлегацыі на Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні. У 1966—72 міністр па пытаннях раззбраення. Аўтар прац «Крызіс у праблеме насельніцтва» (1934; у сааўт. з мужам Г.Мюрдалем), «Гульня ў раззбраенне: як Злучаныя Штаты і Расія раздуваюць гонку ўзбраенняў» (1977) і інш. Нобелеўская прэмія міру 1982 (разам з А.Гарсія Роблесам).
італьянскі эканаміст і сацыёлаг; адзін з прадстаўнікоў матэматычнай школы ў паліт. эканоміі. Скончыў Турынскі ун-т. У 1893—1906 праф. Лазанскага ун-та. Асн. палажэнні яго вучэння выкладзены ў 4-томным «Трактаце ўсеагульнай сацыялогіі» (1915—19). Лічыў грамадства сістэмай, якая знаходзіцца ў «дынамічнай раўнавазе» ў выніку ўзаемадзеяння інтарэсаў асобных сац. груп і слаёў. Паводле яго тэорыі эліт, у паліт. працэсе вылучаюцца 2 тыпы: «эліта львоў», якой уласцівы агрэсіўнасць, аўтарытарнасць, схільнасць да насілля, і «эліта ліс», якой уласцівы лавіраванне, спекуляцыі, падман; грамадства развіваецца шляхам перыяд. змены, цыркуляцыі эліт. Не адмаўляў ролю ідэалогіі ў грамадстве, але лічыў яе лжывай формай грамадскай свядомасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎ Андрэй Андрэевіч (н. 7.10.1931, в. Церахаўка Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. эканаміст і сацыёлаг. Д-рэканам.н. (1985), праф. (1990). Скончыў БДУ (1954). З 1981 заг. аддзела ў Ін-це эканомікі Нац.АН Беларусі. З 1991 заг. аддзела ў Ін-це сацыялогіі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па сац. і эканам. дэмаграфіі, тэорыі і метадалогіі сац.-дэмаграфічных працэсаў, сац.-дэмаўзнаўленчых і міграцыйных працэсаў на Беларусі, праблемах дэмаграфічных вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У 1988—91 кансультант па народанасельніцтве Еўрап.эканам. камісіі ААН.
Тв.:
Население БССР. Мн., 1969;
Белоруссия в демографическом измерении. Мн., 1974;
Демографические основы народнохозяйственного планирования. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБА́НАЎ Анатоль Уладзіміравіч (н. 17.2.1958, Мінск),
бел.сацыёлаг. Д-р сацыялагічных н. (1994), канд.філас.н. (1988). Скончыў БДУ (1981). З 1988 у Ін-це філасофіі і права, з 1993 у Ін-це сацыялогіі Нац.АН Беларусі. Адначасова з 1999 нам. дырэктара Мінскага НДІсац.-эканам. і паліт. праблем. Навук. працы па праблемах сац. развіцця, сац. экалогіі, сацыялогіі, палітыкі, культуры і адукацыі, сац.-псіхал. механізмах масавых паводзін.