ГАРЫ́ЛА (Gorilla gorilla),

малпа сям. чалавекападобных, або пангідавых, атр. прыматаў. 3 падвіды: гарыла зах. берагавая, або раўнінная (G.g. gorilla), гарыла ўсх. горная (G.g. beringei), гарыла ўсх. раўнінная (G.g. manyema). Пашырана ў Зах. і Цэнтр. Афрыцы. Жыве ў густых трапічных або горных лясах невял. статкамі (па 5—30 асобін), важакамі з’яўляюцца магутныя самцы. Гарыла ўсх. горная ахоўваецца ў 7 нац. парках, занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Самая буйная малпа. Рост дарослых самцоў да 2 м, шыр. плячэй каля 1 м, размах рук да 2,6 м, абхват грудзей да 1,5 м, маса да 300 кг; самкі амаль удвая меншыя. Склад масіўны, вельмі развіта мускулатура, валодаюць вял. сілай. Валасы і скура чорныя, з узростам у самцоў на спіне з’яўляецца серабрыстая паласа. Галава вял.; аб’ём мозга да 750 см³, па будове блізкі да мозга чалавека. Раслінаедныя. Будуюць гнёзды на зямлі або на дрэвах. Нараджаюць 1 дзіця раз у 3—5 гадоў. Пераносяць няволю і размнажаюцца.

Гарыла.

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШАЛО́Т (Physeter catodon),

марское млекакормячае сям. кашалотавых падатр. зубатых кітоў. Пашыраны ва ўсіх акіянах; самцы мігрыруюць, самкі трымаюцца статкамі ў межах субтрапічнага пояса. З 1985 промысел на К. забаронены.

Даўж. самцоў да 21 м, маса да 100 т, самак — да 15 м, маса да 30 т. Колер ад бурага да цёмна-карычневага. Галава вял. (да ​1/3 даўж. цела). На верхнясківічных касцях размешчаны спермацэтавы орган (вагой да 6 т). Ён утрымлівае спермацэт, які выкарыстоўвалі пры вытв-сці касметычных крэмаў, памад, мыла. На вузкай ніжняй сківіцы 36—60 зубоў, на верхняй — 2—6 або адсутнічаюць. Спінны плаўнік у выглядзе нізкага гарба, грудныя — шырокія, закругленыя на канцах, хваставы падзелены глыбокай выразкай. Кормяцца галаваногімі малюскамі, рыбай. За кормам ныраюць на глыбіню да 2 км, могуць знаходзіцца пад вадой да 1,5 гадз. У кішэчніку самцоў часам знаходзілі кавалкі амбры масай да 420 кг. Патомства раз у 3 гады; даўж. нованароджаных да 4,5 м, маса да 1 т. Жывуць да 50 гадоў.

Э.​Р.​Самусенка.

Кашалот.

т. 8, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАРЭ́ЙКА (Serinus canaria),

дэкаратыўная птушка сям. ўюрковых (Fringillidae), атр. вераб’інападобных (Passeriformes). У дзікім стане пашырана на Канарскіх а-вах (адсюль назва). З’яўляецца родапачынальніцай пакаёвай К. У Еўропу завезена ў канцы 15 ст. Выведзена шмат парод, якія адрозніваюцца спевам і экстэр’ерам.

Даўж 12—14 см. Колер апярэння ў дзікіх К. зверху шэра-зялёны, знізу жоўта-зялёны, у самцоў больш яркі. Гл. таксама Уюрок канарэечны.

т. 7, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНХАЦЭ́РКА (Onchocerca),

род чарвей класа нематод. Выклікаюць акхацэркозы. Пашыраны ўсюды.

Цела нітка- ці воласападобнае, даўж. ў самцоў да 30 см, у самак да 1 м. Палаваспелыя паразітуюць у злучальных тканках, лічынкі (мікраанхацэркі) — у скуры. Для далейшага развіцця лічынкі павінны трапіць у мошак ці макрацоў. Праз 8—18 сутак мікраанхацэркі дасягаюць стадыі інвазійных лічынак. Развіццё паразіта адбываецца 7—8 мес. Жывёлы заражаюцца паблізу месцаў размнажэння.

т. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́Р,

чырвоная качка (Casarca ferruginea), птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі рэдкая залётная птушка.

Даўж. цела каля 60 см, маса 1—1,6 кг. Самкі меншыя за самцоў. Жыве парамі. Гнёзды ў глыбокіх норах стэпавых звяркоў, нішах абрываў, пакінутых будынках. Самка нясе 8—12 яец, наседжвае іх. Птушаняты растуць і ў няволі. Корміцца раслінамі і воднымі беспазваночнымі.

Агар.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШЭ́Ц (Tetrao urogallus),

птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. 2 падвіды. Пашыраны ў лясах Еўразіі. На Беларусі нешматлікі аселы від. Водзіцца ў хваёвых і мяшаных сухадольных лясах, радзей — на мохавых балотах Бел. Паазер’я, Прыпяцкага Палесся, у Белавежскай пушчы. Нар. назва на Палессі когут. У Бярэзінскім і Дарвінскім запаведніках вывучаецца вальернае ўтрыманне і развядзенне ў няволі.

Самы буйны з баравой дзічыны. Даўж. самцоў да 110 см, маса да 6,5 кг, самкі ўдвая меншыя. У самцоў верх галавы, шыя, спіна шэрыя з цёмным малюнкам, крылы карычнева-бурыя, валлё чорнае з метал. бляскам, брушка цёмнае з буйнымі белымі плямамі. Мае доўгае пер’е на падбародку і гарляку. Самка стракатая: буравата-рыжая з чорнымі пярэсцінкамі. Палігам. Вясной глушцы збіраюцца на шлюбныя гульні, самцы пяюць, б’юцца паміж сабой (такуюць). У час спеваў («скіркання») глушэц нічога не чуе (адсюль назва). Гняздуецца на зямлі. Нясе 5—10 (зрэдку да 12) яец. Корміцца ігліцай хвоі, елкі, ягадамі, кветкамі, пупышкамі, насякомымі. Каштоўны прамысл. від. Колькасць скарачаецца, у шэрагу месцаў, у т. л. на Беларусі, пад аховай.

Глушэц: 1 — самец у час такавання; 2 — самка.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЭ́НЫ, сяжкі, вусікі,

парныя шматчленістыя прыдаткі галавы членістаногіх (акрамя павукападобных). У насякомых антэны розныя па форме (жгуцікападобныя, грабеньчатыя, пласціністыя, булавападобныя) і памерах; у ракападобных антэны — другая за антэнуламі пара галаўных прыдаткаў. Антэны выконваюць функцыі органаў нюху, дотыку, смаку, слыху, успрымання т-ры, вільготнасці і нават святла (у тлі), зрэдку служаць для захопу здабычы, утрымлівання самкі (у самцоў весланогіх), пухіркоў паветра (у жукоў-серабранак), для руху (у галінаставусых) і інш.

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗУ́ЛЯ (Capreolus),

род млекакормячых сям. аленевых атр. парнакапытных. 2 віды: К. еўрапейская (C. capreolus) і К. сібірская (C. pygargus). Пашыраны ў Еўразіі. Жыве ў разрэджаных лясах і перадгорных стэпах. На Беларусі трымаецца невял. статкамі.

Даўж. да 155 см, выш. ў карку да 100 см, маса да 60 кг. Поўсць густая, зімой буравата-шэрая, летам рыжая. Каляхваставое «люстэрка» белае. У самцоў невял. рогі з 3—4 адросткамі. Нараджае 2—3 цялят. Корміцца раслінамі. Аб’ект промыслу.

Казуля.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я КО́НІКІ (Hippocampus),

род рыб сям. іголкавых атр. колюшкападобных (пучкашчэлепных). Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных морах. Жывуць каля берагоў у зарасніках марской травы, водарасцей і каралаў.

Даўж. да 20 см. Формай цела нагадваюць шахматную фігуру — каня. У самцоў у канцы хваста знаходзіцца вывадковая камера, дзе яны выношваюць ікрынкі. Кормяцца пераважна дробнымі ракападобнымі. Здольныя выдаваць нізкія гукі з амплітудай 500—4800 Гц, якія нагадваюць шчоўканне пальцамі.

Марскія конікі: 1 — даўгарылы; 2 — еўрапейскі.

т. 10, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАСМЕ́ШКІ (Hippolais),

род птушак сям. валасянкавых атр. вераб’інападобных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жывуць у мяшаных і лісцевых лясах, хмызняках, парках, садах, скверах. На Беларусі 1 від — П. зялёная, або пеначка-перасмешка (H. icterina). Звычайны пералётны і пралётны від. Гнёзды на дрэвах ці кустах.

Даўж. да 16 см, маса да 15 г. Гукі песень самцоў запазычаны ў інш. птушак (адсюль назва). Кормяцца насякомымі, ягадамі. Адкладваюць да 6 яец.

Перасмешка зялёная.

т. 12, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)