ВАЕ́ННЫ САВЕ́Т,
калегіяльны орган ваен. і паліт. кіраўніцтва, прызначаны для абмеркавання прынцыповых пытанняў ваен. будаўніцтва, арганізацыі ваен. дзеянняў, кіравання, падрыхтоўкі і забеспячэння войск. У залежнасці ад задач і прызначэння ваенны савет можа стварацца ў маштабе ўзбр. сіл, віду ўзбр. сіл, фронту, арміі, корпуса. Пастаянныя ваенныя саветы дарадчага характару існуюць у вышэйшых ваен. інстанцыях большасці дзяржаў свету. У Вялікабрытаніі пры Мін-ве абароны дзейнічае савет абароны, а пры дэпартаментах відаў узбр. сіл — адпаведныя яго к-ты (армейскі, ваенна-паветр., адміралцейства). Блізкія па структуры сістэмы ваенных саветаў існуюць у Германіі, Францыі і інш. У пач. Вял. Айч. вайны ў СССР існавалі ваенныя саветы франтоў на чале з камандуючымі войскамі, ВПС, войск ППА краіны, у 1942 — бранятанк. і механіз. войск, у 1943 — пры камандуючым артылерыяй і ваенным саветам. Гал. ўпраўлення фарміраванняў і ўкамплектавання Чырв. Арміі. У мясцовасцях, дзе абвешчана ваен. становішча, ваенныя саветы перадаваліся функцыі органаў дзярж. улады. Ва ўзбр. сілах краін СНД існуюць ваенныя саветы ў відах узбр. сіл, ваен. акругах, акругах ППА, на флатах, у арміях, флатыліях, пагран. войсках, войсках МУС і г.д. Вышэйшым калегіяльным органам ваен. кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з’яўляецца калегія Мін-ва абароны, а ў ВПС, войсках ППА і армейскіх карпусах — ваенны савет.
т. 3, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’Е́ЗДЫ САВЕ́ТАЎ,
мясцовыя і цэнтр. органы ўлады сав. дзяржавы ў 1917—36. Склікаліся раённыя (пав.), абл. (губ.), краявыя, рэсп. (аўт. і саюзных рэспублік) і Усесаюзны з’езд Саветаў. Фарміраваліся шляхам выбараў, адкрытым галасаваннем. У гар. і сельскія Саветы дэпутатаў выбіралі на сходах, якія склікаліся паводле вытв. і тэр. прынцыпаў. У раённыя (пав.) Саветы ўваходзілі прадстаўнікі сельскіх і гар. Саветаў дадзенага раёна (пав.). Абл. (губ.), рэсп. і Усесаюзны З.С. фарміраваліся з прадстаўнікоў ніжэйшых Саветаў. З.С. саюзных рэспублік складалі прадстаўнікі абл. (губ.), краявых З.С. Разглядалі і вырашалі пытанні дзярж., гасп. і культурнага буд-ва. Усесаюзны і рэсп. З.С. прымалі найважн. пастановы па дакладах урада, канстытуцыйных пытаннях, праблемах развіцця гаспадаркі і культуры, абароны і знешняй палітыкі. Паводле Канстытуцыі СССР 1936 сталі дзейнічаць Саветы дэпутатаў працоўных. У БССР З.С. — вышэйшы орган дзярж. улады ў 1919—38. Адбылося 12 Усебел. з’ездаў Саветаў (гл. арт. пра кожны з’езд).
т. 7, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СЕЛЬСАВЕ́Т,
нізавы орган мясцовай дзярж. улады ў СССР у 1920—30-я г., ніжэйшая форма аўтаноміі. Ствараліся ў пунктах, населеных нац. меншасцямі. У БССР у той перыяд існавалі польскія, рус., укр., лат., літ., ням. сельсаветы, а таксама яўр. нац. местачковыя Саветы (разнавіднасць Н.с.).
т. 11, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬСАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў СССР, на Беларусі і ў некат. інш. краінах СНД, састаўная ч. раёна. Падзел на С. ў БССР уведзены пастановай ЦВК БССР ад 7.7.1924, сетка С. зацверджана пастановай ЦВК БССР ад 20.8.1924. На 1.1.1999 у Рэспубліцы Беларусь 1456 С. (гл. таксама Саветы дэпутатаў).
т. 14, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАКІРАВА́ННЕ,
самастойнасць якой-н. сац. супольнасці ў кіраванні ўласнымі справамі. С. адм.-тэр. адзінкамі (мясц. С.) ажыццяўляецца насельніцтвам праз прадстаўнічыя органы кіравання (муніцыпальныя сходы, саветы, камітэты і г.д), адпаведныя органы кіравання (мясц. адміністрацыю), сходы грамадзян, мясц. рэферэндумы, інш. тэр. формы непасрэднай дэмакратыі, а таксама органы тэр. грамадскага С. насельніцтва. Органы мясц. С. звычайна не ўваходзяць у сістэму органаў дзярж. улады, але могуць надзяляцца законам асобнымі дзярж. паўнамоцтвамі, рэалізацыя якіх падкантрольная дзяржаве.
Узнікла разам з дзяржавай. Вядома ў рабаўладальніцкім і феад. грамадстве. На Беларусі пашырылася ў гарадах з увядзеннем магдэбургскага права. У дарэв. Расіі органамі С. былі гарадскія думы і земствы. Асаблівае значэнне С. набыло ў сувязі з бурж. рэвалюцыямі 17 ст. ў Англіі і 18 ст. ў Францыі, калі буржуазія ў барацьбе з абсалютызмам побач з інш. дэмакр. патрабаваннямі дамаглася ўдзелу народа ў мясц. кіраванні і права кантролю над ім. Гл. таксама Веча, Муніцыпалітэт, Мясцовае кіраванне і самакіраванне, Мясцовыя Саветы дэпутатаў.
т. 14, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎКО́ (Анатоль Аляксандравіч) (н. 12.12.1925, слабада Аляксееўка Варонежскай вобл., Расія),
бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1973), праф. (1974). Скончыў Харкаўскі юрыд. ін-т (1950). З 1954 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1959 у БДУ. Аўтар прац па дзярж., канстытуцыйным, адм. і цывільным праве.
Тв.:
Советы — власть народная. Мн., 1965;
Саветы і сельская гаспадарка. Мн., 1971;
Органы народного контроля. Мн., 1982 (у сааўт.).
т. 4, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФОНД КУЛЬТУ́РЫ (БФК),
добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў крас. 1987 у Мінску з мэтай адраджэння і развіцця нац. традыцый, мовы, краязнаўчага руху. Фінансуе стварэнне помнікаў, выданне беларускамоўных кніг. Арганізуе і фінансуе выстаўкі, дабрачынныя вечарыны, фалькл. святы, навук.-практычныя канферэнцыі па праблемах культуры і гісторыі Беларусі. Аказвае дапамогу суполкам беларусаў за мяжой. Пры фондзе працуюць камісія «Вяртанне», культ.-асв. аб’яднанні, маст. і бібліятэчны саветы. Сумесна з Мін-вам культуры Беларусі выдае час. «Спадчына».
т. 2, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦО́ВАЕ КІРАВА́ННЕ І САМАКІРАВА́ННЕ,
кіраванне справамі мясц. значэння, якое ажыццяўляецца органамі і службовымі асобамі, прызначанымі цэнтр. і інш. вышэйстаячымі органамі і падпарадкаваныя ім, а таксама выканаўчымі органамі, якія выбіраюцца насельніцтвам, і органамі мясц. самакіравання. У Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, мясц. рэферэндумы, сходы і інш. формы прамога ўдзелу ў дзярж. і грамадскіх справах. Кампетэнцыя, парадак стварэння і дзейнасці органаў вызначаюцца заканадаўствам.
В.А.Кадаўбовіч.
т. 11, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАСТУ́ДЫЯ (ад кіна... + студыя),
прадпрыемства па вытв-сці кіна- і тэлефільмаў, якое аб’ядноўвае мастацка-творчыя і вытв.-тэхнал. працэсы. Бываюць К. мастацкіх, хранікальна-дакументальных, навук.-папулярных, мультыплікацыйных фільмаў, а таксама аб’яднаныя К., якія выпускаюць фільмы розных жанраў (напр., «Беларусьфільм», «Масфільм»).
Пры К. звычайна працуюць маст. саветы, розныя аддзелы (сцэнарны, акцёрскі і інш.), цэхі і майстэрні (дэкаратыўна-тэхн. збудаванняў, здымачнай тэхнікі, апрацоўкі кінаплёнак, кінамантажу, гукатэхнічны і інш.). Асн. вытв. памяшканні К. — кіназдымачныя павільёны са спец. абсталяваннем і апаратурай. Гл. таксама Кінамастацтва, Кінатэхніка.
т. 8, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ВАЕ́ННЫ САВЕ́Т,
вышэйшы часовы надзвычайны орган сав. улады на тэр. Мінскай губ. ў канцы 1918 — пач. 1919. Створаны 15.11.1918 паводле пастановы РВС Зах. арміі ў сувязі з эвакуацыяй ням. войск з тэр. Беларусі. Старшыня С.І.Берсан, члены: ваен. кіраўнік Барзінскі, паліт. камісар І.Ф.Скуратовіч. М.в.с. падпарадкоўваліся Бабруйскі і Маладзечанскі ваен. саветы. На вызваленай тэр. вёў работу па стварэнні рэўкомаў, органаў сав. улады, батрацкіх к-таў. Склаў паўнамоцтвы 6.1.1919, створаныя ім ваен. і цывільныя органы былі падпарадкаваны Мінскаму губернскаму ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту.
М.І.Камінскі.
т. 10, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)