МЕ́ЛА ПАМПО́НІЙ (Pomponius Mela),
рымскі географ 1-й пал. 1 ст. н.э. Родам з г. Тынгентэр (Іспанія). Каля 44 н.э. напісаў трактат у 3 кнігах «Аб будове Зямлі», дзе абагульніў звесткі ант. свету пра кантыненты і акіян, Міжземнамор’е і інш. прыбярэжныя краіны.
т. 10, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́БРА (ад лац. libra вага, адзінка вагі; рымскі фунт),
старажытнарымская вагавая адзінка, раўнялася 327,45 г, падзялялася на 12 унцый. Была пакладзена ў аснову ўсёй рымскай манетнай справы. Выкарыстоўвалася і ў манетнай справе раннесярэдневяковых дзяржаў Еўропы. Пад уплывам Л. ўзніклі еўрап. вагавыя адзінкі — фунт, марка.
т. 9, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІФА́ЦЫЙ VIII (Bonifacius VIII; свецкае Бенедзета Каэтані; Benedetto Caetani; каля 1235, Ананьі, Італія — 11.10.1303),
рымскі папа [1294—1303]. Актыўна змагаўся за папскую тэакратыю, за паліт. ўплыў у барацьбе з феад. манархіямі Еўропы. Пацярпеў паражэнне ў канфлікце з франц. каралём Філіпам IV Прыгожым, што з’явілася перадумовай Авіньёнскага паланення папаў.
т. 2, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙ (Gaius),
рымскі юрыст, пісьменнік 2 ст. Біяграфічных звестак не захавалася. Дакладна вядома, што ў часы імператара Адрыяна ён выкладаў права, сістэматызаваў рым. рабаўладальніцкае права і распрацоўваў каментарыі. Яго гал. твор «Інстытуцыі» (настаўленні; каля 161) атрымаў паводле рым. закону 426 абавязковую юрыд. сілу і ўвайшоў у Кодэкс Юстыніяна.
т. 4, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУЛЕ́Й САТУРНІ́Н (Луцый) (Lucius Apuleius Saturninus; ? — 100 да н.э.),
рымскі паліт. дзеяч, папуляр. Нар. трыбун. У 104 — квестар, кіраваў у Остыі ўвозам хлеба. У 101 выступіў з выкрыццём сенатараў, падкупленых пасламі цара Пантыйскай дзяржавы Мітрыдата VI Еўпатара. Правёў праз нар. сход законы аб надзяленні зямлёй ветэранаў Марыя і вывядзенні калоній у правінцыі. Забіты прыхільнікамі аптыматаў.
т. 1, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́РЫЙ VII (Gregorius) Гільдэбранд
(паміж 1015 і 1020, Сарана, каля г. Грасета, Італія — 25.5.1085),
рымскі папа з 1073. Фактычна правіў пры папе Нікалаю II. Праводзіў рэформы, скіраваныя на ўмацаванне каталіцкай царквы. Забараніў сіманію, увёў цэлібат. Дамагаўся верхавенства пап над свецкімі правіцелямі, змагаўся з герм. імператарам Генрыхам IV за інвестытуру. У 1606 кананізаваны.
т. 5, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́РЫЙ XIII (Gregorius; свецкае Уга Банкампаньі; Ugo Boncompagni; 1.1.1502, г. Балоння, Італія — 10.4.1585),
рымскі папа з 1572. Натхніцель контррэфармацыі ў еўрап. дзяржавах. Падтрымліваў франц. католікаў у іх барацьбе з гугенотамі, садзейнічаў узмацненню езуітаў. Імкнуўся пашырыць каталіцызм у Расіі, Японіі, Кітаі. Грыгорый XIII правёў рэформу календара (1582), ад яго імя назва стылю — грыгарыянскі.
т. 5, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКАЕ ВАЕ́ННАЕ ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1800—30. У яго ўваходзілі да 1801 Літоўская губерня, з 1801 Віленская губерня і Гродзенская губерня. З 1830 наз. Віленскае генерал-губернатарства. Ваенныя губернатары: М.І.Кутузаў (да 1801, 1809—12), Л.Л.Бенігсен (1801—06), А.М.Рымскі-Корсакаў (1806—09, 1812—30).
т. 9, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЭ́ЛІЙ ВІ́КТАР (Секст) (Sextus Aurelius Victor),
рымскі гісторык 4 ст. Нарадзіўся ў Афрыцы. У 361 быў намеснікам Ніжняй Паноніі, у 389 — гар. прэфектам Рыма. Каля 360 напісаў кароткую гісторыю імператараў ад Аўгуста да Канстанцыя II «Пра цэзараў» («De Caesaribus»). Пазней гэты твор уключаны ў «Кароткую вытрымку пра цэзараў», дзе звесткі даведзены да 395, аўтарам якой памылкова лічылі Аўрэлія.
т. 2, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫЯ́Н ((Hadrianus) Публій Элій) (24.1.76—10.7.138),
рымскі імператар [117—138] з дынастыі Антанінаў. У 107—108 намеснік Ніжняй Паноніі, з 114 — Сірыі. Праводзіў цэнтралізацыю дзярж. устаноў, умацоўваў імператарскую ўладу, пашыраў сістэму дзярж. дапамог (аліментацый) і інш. Па загадзе Адрыяна была ажыццёўлена кадыфікацыя рым. права, выд. «Пастаянны эдыкт». На межах імперыі стварыў магутную сістэму ўмацаванняў і абарончых валоў (гл. Адрыянаў вал).
т. 1, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)