МА́МАНТАВА ПЯЧО́РА (Mammoth Cave),

у заходніх перадгор’ях Апалачаў, у ЗША (штат Кентукі), каля г. Луісвіл; адна з буйнейшых карставых пячор свету. Складаная 5-ярусная сістэма поласцей у тоўшчы вапнякоў, якія залягаюць гарызантальна. Глыб. каля 300 м. Агульная даўж. поласцей 74 км, 225 праходаў, 47 высокіх купалаў, 23 глыбокія ямы (шахты). Падземныя рэкі звязаны з сістэмай р. Грын-Рывер. М.п. злучана з суседняй пячорай Флінт-Рыдж (іх агульная даўж. 500 км). Турызм. Нац. парк, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНЕ́ЙСКАГА ЗАЛІ́ВА НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

размешчаны ў Зах. Афрыцы, займае акваторыю Гвінейскага зал., раён дэльты р. Нігер у Нігерыі і Камеруне, узбярэжжа Кот-д’Івуар, Ганы, Тога і Беніна. Пл. 230 тыс. км². Здабыча нафты з 1957 на сушы і з 1965 на шэльфе. Асн. нафтагазаносныя гарызонты прымеркаваны да апт-сенаманскіх і палеаген-міяцэнавых адкладаў. Пачатковыя запасы нафты 3550 млн. т і 1380 млрд. м³ газу (1982). Глыб. залягання прадукцыйных пластоў ад 1200—2000 м на сушы да 2500—3000 м на шэльфе. Каля 300 радовішчаў нафты і газу; галоўныя — Бому, Іма-Рывер, Окан, Мерэн (Нігерыя), Эмерод (Койга), Малонга (Ангола).

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХНЮ́К (дзявочае Каліноўская) Людміла Антонаўна

(н. 2.3.1932, г. Гродна),

мастачка, грамадскі дзеяч бел. эміграцыі. Падчарка пісьменніка Я.Золака, жонка мастака А.Махнюка. У 1944 разам з маці выехала ў Германію, дзе вучылася ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, маляванню — у М.Кругловіча. З 1952 жыве ў ЗША. З 1973 удзельнічае ў маст. выстаўках у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі). Малюе акварэллю і алеем у манеры, блізкай да імпрэсіянізму, пераважна бел. краявіды, нацюрморты з кветкамі, партрэты: «Зіма» (1978), «Раніца» (1987), «Калыска ў кветках» (1991). Працуе ў б-цы. Клапоціцца пра развіццё бел. скаўтынгу.

В.А.Трыгубовіч, А.С.Ляднёва.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІ КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БАКЦ) у Саўт-Рыверы, бел. грамадска-культурны асяродак у ЗША, штаце Нью-Джэрсі. Засн. ў 1972 пры царкве імя св. Ефрасінні Полацкай. Кіруючы орган — управа, старшынямі якой у розны час былі Б.Шчорс, М.Бахар, Ж.Навумчык. Культ. праграму каардынуе Бел. культ.-мастацкае т-ва, якое з 1974 ладзіць паказы твораў бел. мастакоў і ўмельцаў. Працуе жаночы хор «Каліна», Бел. тэатр. студыя, нядзельная школа, Бел. спарт. аб’яднанне; у 1975—85 для моладзі арганізоўваліся адукац. курсы. Пры цэнтры ёсць б-ка, друкарня. У Саўт-Рыверы выдаюцца час. «Царкоўны светач», «Беларуская думка», «Сяўбіт», «Беларускі праваслаўны каляндар».

А.С.Ляднёва.

Беларуска-амерыканскі культурны цэнтр у г. Саўт-Рывер (ЗША).

т. 2, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФАРНІ́ЙСКІЯ НАФТАГАЗАНО́СНЫЯ БАСЕ́ЙНЫ У ЗША, у штаце Каліфорнія і на прылеглай акваторыі Ціхага ак. Агульная пл. 235 тыс. км², у т. л. на акваторыі 80 тыс. км². Нафтавыя радовішчы адкрыты ў 1861, у 1901—10 першае месца па здабычы нафты ў ЗША. Прымеркаваны да адкладаў міяцэну і пліяцэну. Больш за 350 нафтавых і 130 газавых радовішчаў з агульнымі пачатковымі запасамі нафты 3,4 млрд. т і 1000 млрд. м³ газу; гал. нафтавыя — Мідуэй-Сансет, Уілмінгтан, Элк-Хілс, Лонг-Біч, Керн-Рывер і інш., газавае — Кетлмен-Хілс. Асн. цэнтры здабычы нафты ў раёне гарадоў Лос-Анджэлес і Вентуры, газу — у раёне г. Сакрамента.

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БНА) у Канадзе, бел. грамадская культ.-асв. арг-цыя. Узнікла ў 1952 у выніку расколу Згуртавання беларусаў Канады. У 1953 з царквой імя св. Ефрасінні Полацкай стварыла ў Таронта рэліг. і грамадскі асяродак. Працавала нядзельная школа (1953), Бел. страхавое т-ва «Пагоня» (1954), танц. група. БНА — арганізатар і ўдзельнік сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (Таронта, 1956 і 1960; Саўт-Рывер, 1958; Нью-Йорк, 1966), удзельнічае ў міжнар. і этнічных фестывалях і канцэртах. У 1960 было адным з заснавальнікаў Каардынацыйнага к-та беларусаў Канады. З 1969 саўладальнік бел. Цэнтра адпачынку «Слуцак». Выдае газ. «Беларускі голас».

Літ.:

Sadouski I.A. A history of the Byelorussians in Canada. Belleville, 1981.

А.С.Ляднёва.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАСАЎ (Дзмітрый Мікалаевіч) (1909, Смаленшчына — 25.11.1985),

бел. кампазітар. У 1920-я г. пакінуў Беларусь. Тэорыі кампазіцыі вучыўся на Украіне. Пасля 2-й сусв. вайны ў эміграцыі, спачатку ў Германіі ў лагеры для перамешчаных асоб, потым пераехаў у ЗША. Удзельнічаў у рабоце бел. грамадскіх арг-цый, з 1952 кіраваў хорам пры царкве імя св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер. Аўтар 60 муз. твораў, сярод іх оперы «Вешчы Алег» паводле А.Пушкіна, «На край святла» паводле М.Сяднёва, «Прывіды» паводле І.Тургенева, 5 сюіт для тэатра, 5 сімфоній, 8 царк. твораў, 2 санаты для раяля, канцэрт для трубы, каля 20 песень на словы М.Кавыля, Сяднёва, А.Змагара, П.Глагольскага, А.Валошкі, Н.Арсенневай і інш.

А.С.Ляднёва.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́ ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫКІ.

Створана ў 1970 на царк. з’ездзе ў г. Саўт-Рывер (ЗША). Аб’ядноўвае правасл. прыходы ЗША і Канады, якія ўзніклі на пач. 1950-х г. Выступае як самаст. епархія ў складзе экзархата Канстанцінопальскай патрыярхіі ў Паўн. і Паўд. Амерыцы. Дзейнасць царквы рэгламентуецца статутам (1980). Усе прыходы афіцыйна прызнаны краінамі, дзе яна дзейнічае. На чале царквы ў ЗША і Канадзе М.Лапіцкі (1970—76), С.Коўш (з 1977). Вядзе дабрачынную, выхаваўчую, адукац., выдавецкую дзейнасць: з 1951 выдае час. «Царкоўны сьветач», штогодні бел. правасл. каляндар; падтрымлівае выданне час. «Беларуская думка»; адкрыты Бел. рэліг.-адпачынкавы цэнтр Бэлер-Менск (штат Нью-Йорк), Бел. рэліг.-грамадскі цэнтр у Саўт-Рыверы, працуюць суботнія і нядзельныя школы для дзяцей бел. эмігрантаў.

Л.У.Языковіч.

т. 2, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХНЮ́К (Алег Васілевіч) (н. 7.5.1928, в. Амбросенка Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),

мастак. Вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі. З 1944 з бацькамі ў Германіі, дзе скончыў бел. гімназію імя М.Багдановіча (г. Ватэнштэт), рабіў ілюстрацыі для бел. часопіса «Шляхам, жыцця». З пач. 1950-х г. жыве ў г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі, ЗША). Працаваў на з-дзе Форда. Аўтар плакатаў, ілюстрацый для паштовак і часопісаў, дэкарацый, 5 разных іканастасаў для правасл. цэркваў (4 для бел., 1 для рускай), кургана-помніка «Змагарам за вольную Беларусь» у Саўт-Рыверы. Удзельнічае ў штогадовых выстаўках у бел. грамадскім цэнтры ў Саўт-Рыверы; яго кампазіцыі, скульптуры і рэльефы ўзнаўляюць рэаліі ранейшага вясковага жыцця на радзіме («Запрэжаны конік», «Сейбіт», «Стары селянін»), увасабляюць фалькл. персанажаў, гіст. сімвалы («Пагоня»).

В.А.Трыгубовіч, А.С.Ляднёва.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЛАХО́МА (Oklahoma),

штат на Пд ЗША. Пл. 177,9 тыс. км², нас. 3231 тыс. чал. (1993), у т. л. 252,4 тыс. індзейцаў (1-е месца сярод штатаў). Адм. ц.г. Аклахома-Сіці. У гарадах каля ⅔ насельніцтва. Тэрыторыя пераважна раўнінная. На З Вялікія раўніны, на ПнУ плато Озарк, на ПдУ горы Уошыта. Сярэдняя т-ра студз. ад 0 да 6 °C, ліп. 24—27 °C. Ападкаў за год ад 450 мм на З да 1000 мм на У. Рэкі Арканзас і Рэд-Рывер. Прам-сць горназдабыўная (прыродны газ, нафта, гелій, цынк, каменны вугаль, медзь, серабро), маш.-буд. (прамысл. абсталяванне, пераважна буд. і нафтавае, аўтамабілі, самалёты), нафтаперапр., харч. і інш. Вырошчваюць пшаніцу, сорга, сеяныя травы, бавоўну, арахіс. Мясная і малочная жывёлагадоўля, авечка- і птушкагадоўля. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Турызм.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)