ГРО́ДЗЕНСКІ КАМБІНА́Т БУДМАТЭРЫЯ́ЛАЎ.
Створаны ў 1950 на базе цагельнага, кафляна-плітачнага і вапнавага прадпрыемстваў. З 1958 буйное механізаванае прадпрыемства па выпуску будматэрыялаў. Асн. прадукцыя (1996): цэгла сілікатная і вонкавая каляровая, арміраваныя панэлі з ячэістага і шчыльнага сілікатабетону, ячэістыя блокі, вапна будаўнічая, плітка аддзелачная каляровая сілікатабетонная, уцяпляльнік газасілікатны, чарапіца палімерпясчаная. Гасп. сувязі з Літвой і Расіяй.
т. 5, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЕРМА́НСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1826.
Падпісана паміж Расіяй і Турцыяй 7 кастр. ў г. Акерман (цяпер г. Белгарад-Днястроўскі, Украіна). Дапаўняла Бухарэсцкі мірны дагавор 1812, пашырыла ўплыў Расіі на Балканах. Турцыя прызнала размежавальную лінію на Дунаі, Расія атрымала права на свабоду гандлю на тэр. Турцыі і суднаходства ў яе водах, у Дунайскіх княствах аднаўлялася мясц. самакіраванне, вызначаліся прынцыпы будучага ладу Сербіі.
т. 1, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЙ, Грэй оф Фаладан (Grey of Fallodon) Эдуард (25.4.1862, каля г. Эмблтан, Вялікабрытанія — 7.9.1933), англійскі дыпламат і дзярж. дзеяч, віконт. З 1885 чл. парламента ад Ліберальнай партыі. У 1892—95 нам. міністра, у 1905—16 міністр замежных спраў. Заключыў пагадненне з Расіяй, якое садзейнічала афармленню Антанты. Палітыка Грэя зрабіла ўплыў на падрыхтоўку і развязванне 1-й сусв. вайны.
т. 5, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КНІ́ГА ПАСО́ЛЬСКАЯ МЕ́ТРЫКІ ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА...»
(«Книга Посольская Метрики Великого Княжества Литовского...»),
выданне кніг-копій Метрыкі Вялікага княства Літоўскага дыпламатычнага зместу. Выдадзена ў 1843 у Маскве ў 2 т. Паводле даручэння Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх падрыхтавана М.А.Абаленскім, І.М.Даніловічам (т. 1), М.П.Пагодзіным, Дз.М.Дубенскім (т. 2). У т. 1 апублікавана кніга Метрыкі, якая змяшчае дыпламат. перапіску вял. князя ВКЛ і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста з Крымскім ханствам, Турцыяй, Расіяй, Прусіяй і інш. за 1545—72. У прадмове да тома выкладзена гісторыя Метрыкі ВКЛ і Кароннай Метрыкі, у дадатках змешчаны вопіс кніг Метрык, некаторых актаў Метрык, мірны дагавор Альгерда і Казіміра III 1366, факсіміле старонкі апублікаванай пасольскай кнігі, табліца філіграней. У т. 2 — дакументы дыпламат. характару вял. князя ВКЛ і караля польскага Стафана Баторыя за 1576—83. У асноўным дакументы датычаць адносін Рэчы Паспалітай з Расіяй. Змешчаны таксама некат. больш раннія акты, факсіміле старонкі пасольскай кнігі, табліца філіграней і інш.
В.С.Пазднякоў.
т. 8, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЛЯ́Р (стараслав. гусельник, гусленик),
народны музыкант, які іграў на гуслях і часам пад акампанемент спяваў былінна-эпічныя і інш. нар. песні і прыпеўкі да танцаў. Часцей сустракаўся ў рускіх, карэлаў, эстонцаў, латышоў і літоўцаў. На Беларусі гусляры былі вядомыя ў сумежных з Расіяй і Латвіяй паветах Віцебскай губ. Як рамант. вобраз паўстае ў паэме Я.Купалы «Курган»: нязломны і горды герой, барацьбіт за нар. шчасце.
т. 5, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЯ́ХЦІНСКІ ДАГАВО́Р 1727 Падпісаны паміж Расіяй і Кітаем 1.11.1727 у г. Кяхта
(Бурація). Устанавіў рас.-кіт. мяжу на ўчастку ад р. Аргунь (на У) да перавалу Шабін-дабаг (на 3),
вызначыў умовы рас.-кіт. гандлю і мірнага вырашэння пагран. спрэчак, парадак прыёму пасольстваў і дыпламат. перапіскі, юрыдычна аформіў знаходжанне ў Пекіне рас. духоўнай місіі. Дзейнічаў да прыняцця Айгунскага дагавора 1858 і Пекінскага трактата 1860.
т. 9, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́НАЎСКІ МІР 1634,
мірны дагавор паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, падпісаны ў чэрвені ў в. Сямлёва на р. Палянаўка паміж Вязьмай і Дарагабужам. Завяршыў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Паводле міру Расія атрымала г. Сярпейск, крэпасці Трубчэўск, Ахтырку і Лебядзін. Уладзіслаў IV афіцыйна адмовіўся ад прэтэнзій на рас. трон. Бакі дамовіліся вывесці войскі з захопленых тэрыторый і абмяняцца палоннымі без выкупу і затрымкі.
т. 12, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛІЕСА́РСКІ ДАГАВО́Р 1658,
дагавор аб перамір’і паміж Расіяй і Швецыяй, заключаны 20 снеж. ў в. Валіесары (паблізу Нарвы). Завяршыў рус.-шведскую вайну 1656—58. Паводле Валіесарскага дагавор занятыя рус. войскамі эстляндскія і ліфляндскія гарады Какенгаўзен, Юр’еў, Марыенбург, Сыранск заставаліся пад уладай Расіі. Але з-за пагаршэння міжнар. абставін рус. ўрад быў вымушаны паводле Кардыскага мірнага дагавора 1661 уступіць Швецыі прыбалтыйскія гарады і пагадзіцца на аднаўленне граніц, устаноўленых Сталбоўскім мірам 1617.
т. 3, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫЯНО́ПАЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1829.
Падпісаны паміж Расіяй і Турцыяй 14 вер. ў г. Адрыянопаль (цяпер Эдырне, Турцыя). Завяршыў рус.-тур. вайну 1828—29 (гл. ў арт. Руска-турэцкія войны). Да Расіі адышлі вусце Дуная з астравамі і шэраг крэпасцяў на ўсх. беразе Чорнага м. Турцыя прызнала далучэнне да Расіі Грузіі, Імерэтыі, Мегрэліі, аўтаномію Малдавіі, Валахіі, Сербіі і права Грэцыі на ўнутр. аўтаномію. Басфор і Дарданелы абвяшчаліся адкрытымі пралівамі.
т. 1, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.
Ажыццёўлены Рас. імперыяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772. Непасрэднай падставай падзелу паслужыла дзейнасць Барскай канфедэрацыі, фактычнай — імкненне дзяржаў-суседзяў да пашырэння сваіх тэрыторый за кошт аслабленай унутр. сваркамі Рэчы Паспалітай. Праекты падзелу разглядаліся Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй з 1763; у 1772 яны прыйшлі да згоды. У дэкларацыі да польск. караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і «рэспублікі» (Рэчы Паспалітай) рас. імператрыца Кацярына II паведаміла, што 3 дзяржавы заяўляюць «свае старажытныя правы і законныя прэтэнзіі на ўладанні рэспублікі, прычым кожная дзяржава гатова падтрымаць свае патрабаванні дакументамі і трывалымі довадамі». Не чакаючы падпісання дакументаў пра падзел, 8.6.1772 Кацярына II загадала стварыць Пскоўскую губ. з Пскоўскай, Велікалуцкай, Дзвінскай, Полацкай правінцый (губернскі цэнтр г. Апочка) і Магілёўскую губ. з Магілёўскай, Аршанскай, Віцебскай (пазней у Пскоўскай губ.), Рагачоўскай правінцый (губернскі цэнтр г. Магілёў). 5.8.1772 у С.-Пецярбургу падпісана канвенцыя паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй пра частковы падзел Рэчы Паспалітай. Да Рас. імперыі адышло Інфлянцкае, б.ч. Полацкага (па правым беразе Дзвіны), амаль усё Віцебскае, Мсціслаўскае ваяв., усх. ч. Рэчыцкага пав. Мінскага ваяв. з гарадамі Полацк, Віцебск, Магілёў, Орша, Прапойск, Мсціслаў, Рагачоў, Гомель, Чачэрск і інш. Аўстрыя захапіла зах. ч. Украіны з Львовам і паўд. ч. Польшчы (ваяв. Рускае, ч. Белзскага, Кракаўскага, Сандамірскага, ускраіны Валынскага, Падольскага); Прусія заняла паўн.зах. ч. Польшчы [Вармія, ваяв. Паморскае (без Гданьска), Мальбаркскае, Хэлмскае (без Торуня), частку Інавроцлаўскага). Войскі 3 дзяржаў акупіравалі далучаныя тэрыторыі. 29.9.1773 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай падпісаны трактат «Пра аднаўленне міру паміж абедзвюма дзяржавамі і пра далучэнне да Расіі некаторых ад Польшчы зямель». У «асобным акце», прынятым 26.3.1775, Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў (шляхецкіх вольнасцей). 11.4.1775 гэты акт і дагавор пра падзел атрымалі фармальную санкцыю сейма ў Варшаве.
Літ.:
Соловьев С.М. История падения Польши. М., 1863;
Костомаров Н.И. Старый спор: Последние годы Речи Посполитой. М., 1994;
Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны II (1772—1796 гг.). Мн., 1998.
А.М.Філатава.
т. 12, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)