Існаваў у 1633—1918 у Віцебску, на правым беразе Зах. Дзвіны. Засн. аршанскім цівуном Л.С.Агінскім і браслаўскім земскім суддзёй С.Мірскім. У 1638 фундатары падаравалі манастыру зямлю на Маркаўшчыне (дзе ў 16 ст. нейкі Марк пабудаваў царкву, адсюль назва) і фальварак Шыдлоўшчыну. У 18 ст. меў шэраг вёсак і юрыдыкі ў Віцебску. У 1751 зроблена няўдалая спроба павярнуць манастыр да уніяцтва. Традыцыйна быў у падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі. У 1773 прылічаны да Пскоўскай епархіі, у 1795 — да Магілёўскай, у 1833 — да Полацкай. З 1798 меў ранг архімандрыт да яго быў прыпісаны Невельскі заштатны манастыр. У 1842 залічаны да манастыроў 1-га класа, мог мець 20 манахаў, атрымліваў ад дзяржавы 3185 рублёў серабром, маёнткі былі ўзяты ў казну (апрача 150 дзес. зямлі). Меў майстэрні, пач. школу для слабадскіх дзяцей. Пасля закрыцця манастыра будынкі [акрамя Пакроўскай (зараз вядома як Казанская) царквы] знесены.
Царква — помнік архітэктуры барока з рысамі ранняга класіцызму. Пабудаваны з цэглы да 1752 як Пакроўская царква. У 1847 да яе з захаду прыбудавана Мітрафанаўская царква. Першапачаткова храм быў крыжова-купальны. Да асн. кубападобнага аб’ёму з трыма паўкруглымі апсідамі далучаны развіты прытвор. Сцены прарэзаны высокімі арачнымі вокнамі і раскрапаваны пілястрамі. Бакавыя фасады царквы і прытвора завершаны трохвугольнымі франтонамі з арачнымі праёмамі. На цэнтр. апсідзе размешчана ляпная дэкар. рама-бленда.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Віцебскі Маркаў (Троіцкі) манастыр. Пакроўская (Казанская) царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды), займаў яго паўд.-зах. бок і большую частку вул. Койданаўскай (цяпер Рэвалюцыйная) да перасячэння з вул. Феліцыянскай ( цяпер Камсамольская). Рэзідэнцыя езуітаў існавала у Мінску з сярэдзіны 17 ст. (з 1714 мела ранг калегіума). Комплекс уключаў касцёл, калегіум, школу і гасп. пабудовы. Засн. ў 1654 па фундацыі смаленскага біскупа Г.Сангушкі, які падараваў палац у стылі рэнесансу, побач з ім у 2-й пал. 17 ст. пабудаваны невял. мураваны касцёл. Да канца 17 ст. ўзведзены 2-павярховы будынак школы, у пач. 18 ст. — касцёл. У 1733—50 калегіум, на яго вежы быў гар. гадзіннік. У глыбіні квартала размяшчаліся гасп. пабудовы. Цэнтр. месца ў ансамблі займаў касцёл Ісуса, Марыі і св. Барбары (пасля 1798 Марыінскі кафедральны). Пабудаваны ў 1700—10 у стылі барока. 3-нефавая 6-слуповая базіліка. Цэнтр. неф, накрыты 2-схільным дахам, пераходзіць у прэсбітэрый з паўкруглай апсідай, над якой тарэц даху закрыты пластычным шчытом. Абапал апсіды ў бакавых нефах размешчаны 2 капліцы: св. Тройцы і св. Феліцыяны (фундатар апошняй К.Завіша; 1722), накрытыя купаламі на гранёных светлавых барабанах. 2-вежавы гал. фасад, арыентаваны на плошчу, расчлянёны складанымі карнізамі і цягамі, аздоблены калонамі і пілястрамі, завяршаўся фігурным франтонам паміж 2-яруснымі вежамі (пабудаваны ў 1731), дэкарыраванымі пілястрамі іанічнага ордэна і завершанымі невял. купаламі. Сярэдняя частка фасада падзелена на 2 ярусы складанапрафіляванымі карнізамі і ўвянчана фігурным франтонам з сігнатуркай. Сцены бакавых фасадаў раскрапаваны шырокімі плоскімі пілястрамі, аконнымі праёмамі з лучковым і паўцыркульным завяршэннем. У інтэр’еры было 12 драўляных скульптур апосталаў (не захаваліся), паліхромны манум. жывапіс (маст. К.Анташэўскі). Рэканструкцыя касцёла праведзена ў 1798—1800 (арх. Ф.Крамер), інтэр’ера — у 1850-я г. (арх. К.Хршчановіч), у 1951 перапланаваны і перабудаваны гал. фасад (арх. М.Драздоў). У 1993 касцёл адноўлены як архікафедральны найсвяцейшай Панны Марыі. У 1994—97 рэстаўрыраваны фасады і часткова інтэр’еры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́ЎКІН (Генадзь Мікалаевіч) (н. 28.8.1936, в. Тродавічы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, дзярж. дзеяч. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у прэсе, на радыё. З 1968 карэспандэнт газ. «Правда» па БССР, з 1972 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1978 старшыня Дзярж.к-таБССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1990—94 пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН. Мае ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1994—95 нам. міністра культуры і друку Беларусі. З 1995 у час. «Вожык». Друкуецца з 1952. У зб-ках «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Варта вернасці» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1980), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), «Узмах крыла» (1995) і інш. раскрыў біяграфію пакалення, якое прайшло праз пакуты вайны, аднаўляла разбураны край, змагалася за справядлівасць, кахала. Паэзіі Бураўкіна характэрна арганічная сувязь з роднай зямлёй і гісторыяй, любоў да чалавека, роздум над жыццём, грамадз. тэмперамент, высокая духоўнасць, публіцыстычнасць, усведамленне адказнасці за слова. Лірыка яго задушэўная, адкрытая, споведная. Аўтар са з’едлівай іроніяй выступае супраць мяшчанства, бездухоўнасці, раўнадушша. Творы Бураўкіна вылучаюцца маштабнасцю вобразаў, дакладнасцю, прасветленасцю радка, гнуткасцю і мілагучнасцю слова. Аўтар дакумент. аповесці «Тры старонкі з легенды» (1971), кн. для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Апаленая памяць» (1975), «Падарожжа па Беларусі» (1976), адзін з аўтараў (з Ф.Коневым і У.Халіпам) сцэнарыя 2-серыйнага фільма «Полымя» (1974). Творы Бураўкіна пакладзены на музыку бел. кампазітарамі. Перакладае на бел. мову творы рус., укр. (зб. Б.Алейніка «Заклінанне агню», 1979), балг. і інш. паэтаў. У 1980—90 дэп. Вярх. Савета Беларусі. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1986;
Сінія арэлі. Мн., 1987.
Літ.:
Барсток М. Руплівы поўдзень: Нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна. Мн., 1984;
Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С. 120—125;
Бугаёў Д. Дыханне паэзіі // Бугаёў Д. Шматграннасць. Мн., 1970;
Гніламёдаў У. Споведзь пакалення (Генадзь Бураўкін) // Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976;
Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982. С. 149—165;
Барадулін Р. Парастак радка, галінка верша. Мн., 1987. С. 286—299, Панчанка П. Высокі бераг. Мн., 1993. С. 182—188.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛІ,
горад, сталіца Індыі і адм. ц. саюзнай тэр. Дэлі. Знаходзіцца на Пн краіны на р. Джамна (прыток р. Ганг), каля паўн.-ўсх. падножжа ўзгорыстай грады Аравалі. 7,2 млн.ж., з прыгарадамі 8,4 млн.ж. (1991). Складаецца са Старога Д. (Шахджаханабада, гіст. ядро горада), тэр.ваен. пасялення і Новага Д. (Нью-Дэлі з нас. 301,3 тыс.ж., 1993), які лічыцца афіц. сталіцай. Вузел 5 чыгунак і 11 аўтадарог. Міжнар. аэрапорт (Палам). Буйны прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Развіты галіны прам-сці, што абслугоўваюць патрэбы сталіцы: тэкст. (баваўняныя і шарсцяныя тканіны), швейная, трыкат., хім., фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, шклокерамічная, металаапр., паліграф., буд., некат. галіны машынабудавання (станкабудаванне, радыёэлектронная прам-сць). Маст. рамёствы (філігранныя сярэбраныя і залатыя ювелірныя вырабы, кераміка, разьбярства па слановай косці і камені, вырабы з пап’е-машэ), саматужнае ткацтва. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Акадэмія музыкі, танца і драмы.
Паводле «Махабхараты» ў 1-м тыс. да н.э. горад быў рэзідэнцыяй царскай дынастыі Пандаваў і меў назву Індрапрастха. Сучасная назва з 736 пасля буд-ва на месцы стараж. гарадзішча г. Дхіліка (Дэлі). У 1206—1526 сталіца мусульман Дэлійскага султаната, з 1658 — імперыі Вялікіх Маголаў. У 1803 захоплены англічанамі, якія ў 1858 перанеслі сталіцу ў Калькуту. Адзін з цэнтраў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. З 1911 сталіца Брыт. Індыі, з 1947 — дамініёна, з 1950 — Рэспублікі Індыя.
У Старым горадзе захаваліся гар. муры з брамамі (часткова), Саборная мячэць (1644—58), крэпасць Лал-Кіла (Чырвоны форт, 1639—48, з палацамі Ранг-Махал, Дывані-Ам, Дывані-Кхас, усе 1639—48, і Жамчужнай мячэццю, каля 1660). На Пд ад Старога горада — руіны г. Фіразабад (1351—88), палацава-крапасны ансамбль Пурана-Кіла (закладзены ў 1540; мячэці Кулан, 1380, і Кілаі-Кухна, 1545), маўзалей Хумаюна (2-я пал. 16 ст.). Прыкладна за 20 км на Пд ад Старога горада — 4 гарады-крэпасці: Сіры (будаваўся з 1303), Джаханпанах (14 ст.), Туглакабад (1325; маўзалей Гіяс-ад-дзіна) і Лал-Кот (канец 12 ст.; жал. калона, 415; руіны мячэці Куват-уль-Іслам, пачата ў 1193; мінарэт Кутб-Мінар, каля 1200—20; маўзалей Ільтутмыша, пасля 1235). Новы Д. — буйны раён з шэрагам плошчаў, паркаў і вуліц, якія радыяльна ад іх разыходзяцца. Уключае ансамбль урадавых будынкаў 1912—30-х г., «Браму Індыі» (помнік салдатам, якія загінулі ў сусв. войнах), нац. стадыён, абсерваторыю Джантар Мантар (1725), храм багіні Лакшмі Нараян (1938—39), мемар. музей М.Гандзі (канец 1960-х г., арх. А.Канвіндэ). Музеі: Нац. музей Індыі, нац. галерэя сучаснага мастацтва, Міжнар. музей лялек, мемар. музеі М.Гандзі, Дж.Нэру і інш.
Літ.:
Короцкая А.А., Сапожников Б.Н. Дели. Л., 1983.
Да арт.Дэлі. Брама ў Чырвоным форце.Да арт.Дэлі. Храм багіні Лакшмі. Нараян. 1938—39.