адна з сістэм арганізацыі навуч. работы ў пач. школе, адметнай рысай якой з’яўлялася спалучэнне індывідуалізаванага навучання з некаторымі формамі калект. работы (дыспуты, гурткі і інш.). Узнік у 1919—20 у ЗША. Аўтар К.Уошберн — інспектар школ Уінеткі — прыгарада Чыкага (адсюль назва). Атрымаў сусв. вядомасць у 1920—30-я г.
Паводле гэтай сістэмы настаўнік пераважна толькі назіраў за заняткамі вучняў і ў патрэбных выпадках дапамагаў. Навуч. матэрыялы былі разлічаны на дасягненне вучнямі канкрэтна вызначаных вучэбных мэт і прапрацоўваліся ў 1-й пал. дня індывідуальна ў аптымальным для кожнага вучня тэмпе. Індывідуалізацыя навучання па «акадэмічных» школьных дысцыплінах дапаўнялася сумеснай дзейнасцю вучняў у 2-й пал. дня, якая была накіравана на пераадоленне іх раз’яднанасці і прывучала да калект. працы. Дыдактычныя асаблівасці Вінетка-плана вызначылі практыку праграмаванага навучання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАКУМЕ́НТЫ, ШТО ТЛУМА́ЧАЦЬ ГІСТО́РЫЮ ЗАХОДНЯРУ́СКАГА КРА́Ю», «Документы, объясняющие историю Западно-Русского края и его отношения к России и к Польше»,
зборнік дакументаў, выдадзены ў 1865 Археаграфічнай камісіяй у С.-Пецярбургу. Падрыхтаваны ў сувязі з паўстаннем 1863—64, разлічаны на замежнага чытача і мае выключна паліт. характар. Дакументы надрукаваны на мове арыгінала і ў перакладзе на франц. мову. Паводле слоў рэдактара і аўтара прадмовы М.В.Каяловіча, мэта зборніка — даказаць, што «заходнярускі край» быў рускім, а не польскім. Публікацыя дакументаў пачынаецца з прывілея караля Ягайлы, дадзенага ў 1387 віленскаму біскупу. Большасць змешчаных дакументаў была апублікавана раней. Сярод надрукаваных упершыню ўрыўкі з дзённіка Люблінскага сейма 1569, крыніцы з архіва уніяцкіх мітрапалітаў.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
навучальная ўстанова ў Віцебску ў 1911—22. Адкрыта па ініцыятыве Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Ф-ты: археал., археаграфічны, гісторыі мастацтва (з 1917). Тэрмін навучання 3 гады, з 1917 — 4 гады, разлічаны на слухачоў з вышэйшай адукацыяй, але сярод іх пераважалі выпускнікі сярэдніх школ. У 1911 на 1-ы курс прынята каля 90 чал., у 1918/19 навуч.г. вучылася 428 чал. Выкладалі археолаг В.А.Гарадцоў, мастацтвазнавец А.І.Успенскі, гісторыкі Б.Р.Брэжга (з 1918 заг. аддзялення), А.П.Сапуноў (курс «Старажытнасці Паўночна-Заходняга краю»), У.М.Перцаў, этнограф У.М.Дабравольскі, філолагі Р.Ф.Брант, М.І.Навасадскі, С.І.Сабалеўскі і інш. На пач. 1919 аддзяленню перададзены б-ка, музей і гіст. архіў б. Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, частка б-кі б.Віцебскага езуіцкага калегіума. У распараджэнні аддзялення быў Віцебскі губернскі архіў. У 1922 аддзяленне выдавала рукапісны час. «Белорусский этнограф» (выйшлі 2 нумары).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ЦЭНТР Я́ДЗЕРНЫХ ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ (франц. Conseil Européen pour la Recherche Nucleaire; ЦЕРН),
міжнар.навук.-даследчая ўстанова 19 дзяржаў Еўропы (Аўстрыя, Вялікабрытанія, Іспанія, Італія, Францыя, ФРГ і інш.). Створана пры падтрымцы ЮНЕСКА у 1954 каля Жэневы (Швейцарыя, Францыя) для правядзення тэарэт. і эксперым. работ у галіне фізікі элементарных часціц (фізікі высокіх энергій). Мае 2 буйныя паскаральнікі элементарных часціц на сустрэчных пучках (калайдэры): супер пратонны сінхратрон на 450 ГэВ у пучку ў імпульсным рэжыме (з 1981) і вялікі электрон-пазітронны калайдэр на 90 ГэВ (з 1996). На іх базе будуецца самы буйны ў свеце паскаральнік — вялікі адронны калайдэр, разлічаны на энергію пратонаў да 5000 ГэВ у пучку (увод у дзеянне ў 2004). У распрацоўцы і стварэнні дэтэктарных сістэм для гэтага паскаральніка ўдзельнічаюць вучоныя розных н.-д. устаноў Беларусі ў адпаведнасці з дзярж. пагадненнем аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве з ЦЕРН (1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МУЗЫКА́ЛЬНАЯ ЖИЗНЬ»,
музычны крытыка-публіцыстычны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1957 у Маскве на рус. мове 2 разы на месяц. Разлічаны на аматараў музыкі і самадз. музыкантаў. Змяшчае матэрыялы па эстэт. праблемах муз. мастацтва, гутаркі аб творах класічнай і сучаснай музыкі, інтэрв’ю з вядомымі муз. дзеячамі і выканаўцамі, іх творчыя партрэты, рэцэнзіі на канцэрты і муз. спектаклі, водгукі на новыя кнігі; ноты, грампласцінкі, песні і інстр. творы рас. і інш., у т. л.бел., кампазітараў, папулярныя творы муз. класікі. У часопісе асвятляецца развіццё бел.муз. культуры, дзейнасць навуч. і культ. устаноў (№ 20 за 1982 прысвечаны музыцы Беларусі). На яго старонках выступалі бел. кампазітары і музыказнаўцы Р.Аладава, Э.Алейнікава, У.Алоўнікаў, В.Антаневіч, Г.Глушчанка, Т.Дубкова, І.Зубрыч, І.Лучанок, Л.Мухарынская, І.Нісневіч, Р.Сергіенка, В.Сізко, Б.Смольскі, Л.Сцяпура, Г.Цітовіч, Т.Шчарбакова і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЛЯДО́ВЫ ПАЛА́Ц СПО́РТУ.
Пабудаваны ў 1999 у Мінску ў зоне грамадскага цэнтра зах. планіровачнага раёна. Аўтары: арх. Ю.Патапаў, І.Боўт, А.Шафрановіч, дызайнеры В.Цыёнская, Н.Дарашкевіч. Разлічаны для спаборніцтваў і трэніровак па хакеі з шайбай і інш.Гал. фасад будынка арыентаваны на вул. Прытыцкага, з якой арганізаваны ўезд на аўтастаянку і знешнія падыходы на перадпалацавую плошчу ў выглядзе шырокіх алей з лесвіцамі і пандусамі. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка засн. на спалучэнні простых геам. аб’ёмаў, кантрасце гладкіх глухіх сцен з рэдкім рытмам аконных праёмаў і шклянога аб’ёму колеру бірузы (нагадвае лядовы адкол на беласнежным фоне). Уключае глядзельную залу на 2 тыс. месцаў, лядовае поле (60 × 30 м), гал. службовы і касавы вестыбюлі, фае з вынаснымі буфетамі, раздзявалкі з саунамі для дарослых і дзяцей, трэнажорную залу, прэс-цэнтр, адм. і тэхн. памяшканні. Палац забяспечаны сучасным тэхнал. і інж. абсталяваннем, што дазваляе праводзіць спарт. мерапрыемствы на высокім міжнар. узроўні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКУУММЕ́ТР,
прылада для вымярэння ціску газаў, ніжэйшага за атмасферны. Падзяляюцца на абсалютныя (напр., вадкасныя, дэфармацыйныя, кампрэсійныя) і адносныя (радыеметрычныя, цеплавыя, іанізацыйныя). Кожны тып вакуумметра разлічаны на вымярэнні ў пэўных межах ціску. Выкарыстоўваюцца ў энергетыцы, электроніцы, вакуумнай металургіі, хім. і харч. прам-сці.
Абсалютныя вакуумметры вымяраюць ціск непасрэдна; іх паказанні не залежаць ад роду газу. У вадкасных вакуумметрах вымераны ціск (рознасць ціскаў) ураўнаважваецца ціскам слупа вадкасці. Дзеянне кампрэсійных вакуумметраў заснавана на Бойля—Марыёта законе У рэфармацыйных вакуумметрах ціск вымяраецца па дэфармацыі адчувальнага элемента (сільфон, мембрана і інш.). Адносныя вакуумметры вымяраюць фіз. велічыні, залежныя ад ціску газу; градуіруюцца па абсалютных узорных вакуумметрах; іх паказанні залежаць ад роду газу. Прынцып дзеяння радыеметрычных вакуумметрах заснаваны на радыеметрычным эфекце, цеплавых — на цеплаабмене напаленай металічнай ніці, іанізацыйных — на вымярэнні сілы іоннага току; крыніца іанізацыі — паток электронаў ад напаленага катода, α- або β-часціцы.
М.І.Дудо.
Вакуумметры: а — вадкасны з адкрытым каленам; б — мембранны; в — дыяпазоны вымярэння ціску; Pв — вымерны ціск; Pап — апорны ціск; 1 — пругкая мембрана; 2 — нерухомая пласціна; 3 — ізалятар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ КО́ДЭКС КАФЕДРА́ЛЬНАГА САБО́РА І ВІ́ЛЕНСКАЙ ДЫЯЦЭ́ЗІІ (Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej),
збор дакументальных матэрыялаў. па гісторыі Віленскай рымска-каталіцкай епархіі, падрыхтаваны праф. Ягелонскага ун-та (Кракаў) Я.Фіялкам (1864—1936) і У.Сямковічам. Быў разлічаны на 2 тамы з дакументаў ад заснавання дыяцэзіі (1387) да смерці біскупа В.Пратасевіча (1579). 1-ы том выдадзены ў 2 выпусках (1932 і 1939; у 1948 перавыдадзены адной кнігай). У аснове выдання — архіўныя матэрыялы, якія захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, а таксама каронная метрыка з Гал. архіва стараж. актаў у Варшаве, друкаваныя выданні, дакументы з прац Я.Длугаша, М.Стрыйкоўскага, І.М.Даніловіча і інш., усяго больш за 650 дакументаў. Збор мае вял. даведачны апарат, у 1997 асобнай кнігай выйшаў паказальнік імён і геагр. назваў. 2-і том рыхтуецца да выдання.
Публ.:
Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. 1 (1387—1507). Kraków, 1948.
Літ.:
Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego (1387—1550). Poznań, 1963;
Яго ж. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. Poznań, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАРНЕ́РЫ (Guarneri),
сям’я італьян. майстроў смычковых інструментаў. Нарадзіліся ў г. Крэмона, Італія.
Андрэа (1622 ці 1626 — 7.12.1698), старэйшы прадстаўнік сям’і. Вучань Н.Амаці. Працаваў у Крэмоне. Спачатку вырабляў інструменты паводле мадэлі Амаці, пазней стварыў уласную мадэль. Яго скрыпкі і віяланчэлі вылучаюцца пяшчотным, не вельмі моцным гукам. П’етра Джавані (18.2.1655—26.3.1720), сын Андрэа. Магчыма, вучань Амаці. Працаваў у Крэмоне і Мантуі. Вырабляў інструменты ўласнай мадэлі з прыгожым гукам. Джузепе Джамбатыста (25.11 1666—1739), сын Андрэа. Працаваў у Крэмоне. Спачатку камбінаваў мадэлі бацькі і Амаці, потым імітаваў працы свайго сына Джузепе Антоніо. П’етра (14.4.1695—7.4.1762), сын Джузепе Джамбатыста. Працаваў у Крэмоне, потым у Венецыі. Яго інструменты блізкія да вырабаў бацькі. Джузепе Антоніо (21.8.1698—17.10.1744), сын Джузепе Джамбатыста, вядомы як дэль Джэзу. Побач з А.Страдывары адзін з найб. выдатных майстроў. Стварыў уласны індывід. тып скрыпкі з прыгожым моцным гукам, багатым выразным тэмбрам, разлічаны на ігру ў вял. канцэртнай зале. Скрыпкі і альты яго работы высока цэняцца і цяпер. На яго інструментах ігралі Н.Паганіні, А.В’ётан, Э.Ізаі, Ф.Крэйслер і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁННІК,
штодзённыя або перыядычныя запісы (звычайна датаваныя), якія адлюстроўваюць падзеі жыцця аўтара на фоне рэчаіснасці; літаратурна-бытавы жанр. Запісы часта вызначаюцца па гарачых слядах падзей. Дз. найчасцей пішацца для сябе і не разлічаны на публічнае прачытанне (за выключэннем літ. Дз.).
З’яўляюцца своеасаблівымі гісторыка-культ. дакументамі (Дз. мараплаўца Дж.Кука, ліцэйскі Дз. дзекабрыста В.К.Кюхельбекера, публіцыста АС.Суворына, пісьменнікаў В.Скота, Стэндаля, Т.Шаўчэнкі, Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, А.Чэхава і інш.). Пэўнымі дзённікавымі асаблівасцямі вызначаюцца некаторыя творы стараж.бел. л-ры: «Дзённік» Фёдара Еўлашоўскага (канец 16 — пач. 17 ст.), дыярыушы А.Філіповіча, С. і Б.Маскевічаў, якія грунтаваліся на папярэдніх дзённікавых запісах. Элементы Дз. часта маюць падарожныя запісы і лісты, што тлумачыцца іх хранікальнасцю: мемуары А.Абуховіча (канец 19 ст.), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914). Пісьменніцкія Дз., нават калі не становяцца літ. творамі, маюць літ.-гіст. значэнне і з’яўляюцца каштоўным матэрыялам для даследавання жыццёвага і творчага шляху пісьменніка, вытокаў і псіхалогіі яго творчасці (дзённікавыя запісы 1902—03, «На схіле дзён», 1945—51, Я.Коласа; «Лісткі календара», 1932—39, М.Танка; ваен. Дз. 1941—43 І.Мележа і інш.). Часта Дз. выступае як жанравая разнавіднасць дакумент. і маст. прозы, можа быць блізкі да твораў аўтабіяграфічнага жанру.