беларускія купцы, грамадскія дзеячы ВКЛ, кнігавыдаўцы. Род М. паходзіў з Магілёўшчыны. Верагодна, у 1-й пал. 16 ст. М. перасяліліся ў Вільню, дзе Іван М., заможны купец і член рады Вільні, быў набілітаваны (атрымаў шляхецтва з гербам «Ліс»). Найб. вядомыя:
Кузьма (?—16.7.1607?), сын Івана. Заможны купец, член рады Вільні, шэраг гадоў быў бурмістрам. У 1570-х г. фінансаваў выдавецкую дзейнасць у Вільні П.Мсціслаўца, пасля заснаваў уласную друкарню (гл.Мамонічаў друкарня). Лукаш (?—19.10.1606), сын Івана. Староста дзісенскі, з 20.12.1585 скарбны гаспадарскі. Меў некалькі маёнткаў. Фінансаваў друкарню і дастаўляў паперу з уласнай паперні ў маёнтку Павільня. Лявон (? — пасля 1625), сын Кузьмы. Член рады Вільні. Прыхільнік канцлера ВКЛ Л.Сапегі. Удзельнічаў у рабоце друкарні з 1593. У 1610 дамогся ад караля закрыцця правасл.Віленскай брацкай друкарні. У 1614 атрымаў тытул «друкар Яго Каралеўскай Мосці». Пасля 1624 перадаў друкарню базыльянам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАПЯТРО́ВІЧ (Ежы) (1740 — 16.3.1812),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Лідскі стражнік (1764), лоўчы (1771), навагрудскі гродскі суддзя (1780), пісар вайсковы літоўскі (1783—87), чл. Пастаяннай рады (1780—84), удзельнічаў у рабоце дэпартамента справядлівасці. У час паўстання 1794 зачытаў на гар. рынку ў Вільні акт аб пачатку паўстання ў ВКЛ. Сябар Вышэйшай літоўскай рады ў Вільні, суддзя крымінальны літоўскі. З утварэннем Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага кіраўнік аддзела вайск. патрэб. За справядлівасць, самаадданае выкананне грамадскіх і службовых абавязкаў яго назвалі «літоўскім Арыстыдам». Увекавечаны ў паэме А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЯЛО́ЎСКІ (Юзаф) (1728—8.3.1814),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Пасол на соймы 1756, 1764, 1766, падкаморы навагрудскі, чашнік ВКЛ у 1765, навагрудскі кашталян у 1765—73 і ваявода з 1773, член Скарбовай і Вайсковай камісій ВКЛ, старшыня Вайсковай камісіі абодвух народаў у час вайны 1792 з Расіяй, член Пастаяннай рады. Паліт. праціўнік падскарбія А.Тызенгаўза. Удзельнік падрыхтоўкі паўстання 1794. Віленскім актам паўстання 24.4.1794 прызначаны старшынёй Найвышэйшай літоўскай рады. Пасля яе роспуску старшыня скарбовага аддзела Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Пасля задушэння паўстання амнісціраваны Кацярынай II, жыў у сваіх маёнтках (Новая Мыш, Варонча і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БРАНАЯ РА́ДА,
неафіцыйны ўрад у Расіі ў канцы 1540-х — 50-я г. Складаўся з асоб, прыбліжаных да цара Івана IV Васілевіча Грознага. Кіруючае становішча ў выбранай радзе займалі А.Ф.Адашаў, прыдворны святар Сільвестр, мітрапаліт Макарый, думны дзяк І.М.Віскаваты, князь А.М.Курбскі і інш. У час праўлення выбранай рады праведзены важнейшыя рэформы (выдадзены Судзебнік 1550, створаны прыказы, стралецкае войска і інш.), далучаны Казанскае і Астраханскае ханствы, вялася барацьба за Прыбалтыку. Сур’ёзныя змены ў знешняй і ўнутр. палітыцы Івана IV прывялі да падзення выбранай рады.
Літ.:
Зимин А.А., Хорошкевич А.Л. Россия времени Ивана Грозного. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́ЙЧЫК ((Mikołajczyk) Станіслаў) (18.7.1901, Гольстэргаўзен, Германія — 13.12.1966),
польскі паліт. і дзярж. дзеяч. Удзельнік Велікапольскага паўстання 1918 супраць прускага панавання, савецка-польскай вайны 1920. У 1920—31 чл. партыі Польске стронніцтва людовэ-«Пяст» (у 1930—31 чл.Гал.рады), у 1931—39 чл.Гал.рады партыі Стронніцтва людовэ. Адзін з заснавальнікаў (1927) Велікапольскага Саюза сял. моладзі. Дэпутат сейма (1930—35). За кіраўніцтва сял. забастоўкай 1937 быў зняволены. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік вераснёўскай кампаніі 1939. Пазней у эміграцыі. У 1940—43 віцэ-прэм’ер, у 1943—44 прэм’ер-міністр польскага эмігранцкага ўрада. З 1946 віцэ-прэм’ер і міністр земляробства кааліцыйнага Часовага ўрада нац. адзінства. У 1945 засн. партыю Польскае стронніцтва людовэ (ПСЛ, у 1945—47 яе старшыня). Дэпутат Краёвай рады нарадовай (1945—47), сейма (1947). Арганізатар легальнай антыкамуніст. апазіцыі ў Польшчы. Пад пагрозай арышту выехаў у ЗША. У 1947—66 старшыня ПСЛ у эміграцыі. Аўтар успамінаў «Згвалтаваная Польшча» (1948), прысвечаных падзеям 1939—47.
Літ.:
Paczkowski A Stanisław Mikołajczyk, czyli Klęska realisty. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ ЛІТО́ЎСКАЯ РА́ДА, Найвышэйшая рада Вялікага княства Літоўскага,
часовы ўрад у ВКЛ (Літва і Зах. Беларусь) у час паўстання 1794. Створаны пасля захопу паўстанцамі ўлады ў Вільні. Абвешчана 24.4.1794. У склад рады ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока («якабінцы») — Я.Ясінскі, Т.Ваўжэцкі, І.Гелгуд і інш., а таксама прадстаўнікі з месц (усяго 29 асоб). У складзе рады былі ўтвораны дэпартаменты (пазней — дэпутацыі) адміністрацыі і парадку, публічнай бяспекі, бюджэту і таемны (кіраваў войскамі). Рада ўтварыла паўстанцкія органы кіравання на месцах — цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі. Рада ВКЛ выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы, якому яна фармальна падпарадкоўвалася. 24.4.1794 яна звярнулася да жыхароў Беларусі і Літвы з заклікам узяць у рукі зброю «з мэтай адваяваць свабоду і грамадзянскае раўнапраўе». Памяркоўныя элементы рады выступалі супраць радыкальных рэформ. Начальнік паўстання Т.Касцюшка абвінавачваў раду ў дзеяннях супраць «уніі братніх народаў» і ў прыхільнасці да незалежніцкай палітыкі, 10.6.1794 ён распусціў раду і замяніў яе Цэнтральнай дэпутацыяй Вялікага княства Літоўскага, створанай з больш памяркоўных дзеячаў і падначаленай Найвышэйшай нацыянальнай радзе ў Варшаве. А.П.Грыцкевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́НФА (ад грэч. plinthos цагліна),
шырокая і плоская абпаленая цэгла. Вядомая ў Стараж. Рыме. Выкарыстоўвалася ў манум. буд-ве Візантыі, адкуль у 11 ст. трапіла на Беларусь. Найб. характэрна для пабудоў 11—12 ст.Полацкай школы дойлідства і Гродзенскай школы дойлідства. Аздаблялася рэльефнымі знакамі (трызубец, выява асобных літар, пяціканцовая зорка і інш.). Полацкая і віцебская П. мелі клеймы. Рады П. змацоўвалі цамянкай. Была пашырана муроўка «са схаваным радам», у якой чаргаваліся заглыбленыя і высунутыя наперад рады П. Такая муроўка наз. «паласатай», паверхня сцяны мела дэкар. выгляд у выніку чаргавання чырвоных палос П. і бледна-ружовых цамянкі. Часам у муроўцы чаргаваліся рады П. і каменю-вапняку. Для арх. дэталей (пілястраў, лапатак і інш.) выкарыстоўвалі фігурную ці лякальную (трапецападобную, паўкруглую і інш.) П. Выраблялі П. ў спец. формах з драўляным дном. Каб пазначыць сваю прадукцыю, цагельнікі пакідалі на П. знакі, клеймы або меткі; часам трапляюцца малюнкі ці надпісы. Абпальвалі П. ў спец. печах з цэглы. У 2-й пал. 13 ст. замест П. ў бел. дойлідстве выкарыстоўвалі буйнапамерную брусковую цэглу.
орган прадстаўнічай улады Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) выступілі супраць «супрацоўніцтва» с.-д. кіраўніцтва РадыБНР з польскімі ўладамі. Рада БНР падзялілася на 2 часткі: большая яе частка (50 чал.) абвясціла сябе Н.р. БНР, меншая (37 чал.) — Найвышэйшай радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Старшынёй Н.р. БНР абраны П.А.Крачэўскі (БПС-Ф), яго намеснікамі — П.Бадунова (БПС-Р) і В.І.Захарка (БПС-Ф), сакратарамі — Н.Козіч і Я Мамонька (БПС-Р). Яны склалі прэзідыум Н. р.БНР, які ў перыяд паміж сесіямі выконваў яе паўнамоцтвы. Раду Міністраў узначаліў В.Ю.Ластоўскі (БПС-Р). Пастановай Рады было прадугледжана, што ўсе дзеянні ўрада ўзгадняюцца з прэзідыумам Рады. Польскія акупац. ўлады не прызналі Н.р. БНР, выдалі загад пра яе роспуск, Бадунову, Ластоўскага і Мамоньку зняволілі ў турму. У студз. 1920 патаемна выехалі з Мінска ў Берлін Крачэўскі і Захарка. У маі 1920 Бадунова, Т.Грыб, Ластоўскі і Мамонька атрымалі дазвол выехаць у Рыгу, дзе да іх далучыліся Крачэўскі і Захарка. 4.7.1920 пачалося паспяховае наступленне Чырв. Арміі на сав.-польскім фронце. Паводле дагавора паміж Літвой і РСФСР ад 12.7.1920 Літ. Рэспубліцы былі перададзены Вільня і Віленскі край. Гэта выклікала абурэнне і Найвышэйшай, і Н.р. БНР. Захарка, які ўзначальваў дэлегацыю ўрада Ластоўскага на перагаворах у Маскве, уручыў ноту пратэсту наркому замежных спраў РСФСР Г.В.Чычэрыну. Гэты пратэст быў адвергнуты. Стала зразумела, што Сав. Расія не прызнае БНР. Бел. эсэры адмовіліся супрацоўнічаць з бальшавікамі і не падпісалі Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Яны патрабавалі абвясціць поўную незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах, стварыць самастойнае бел. войска і кааліцыйны сацыяліст. ўрад. Марнымі аказаліся спадзяванні і Найвышэйшай радыБНР на тое, што бел. дзяржаву прызнае Польшча. Пасля заключэння 12.10.1920 прэлімінарнага міру паміж РСФСР і Польшчай у Рызе 20 кастр. адбылася нац.-паліт. нарада з удзелам прадстаўнікоў БПС-Р, БПС-Ф і бел. сацыял-дэмакратаў. Чл. прэзідыума Найвышэйшай радыБНР К.Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду адзінай паліт. структурай БНР. З гэтага часу Н.р. БНР зноў стала называцца Радай БНР.
Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998. Анатоль Сідарэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ГАЛЬНАЯ КІСЛАТА́,
слабая і нетрывалая двухасноўная кіслата, H2CO3. Утвараецца пры растварэнні дыаксіду вугляроду ў вадзе, у звычайных умовах існуе ў разбаўленых водных растворах. Утварае 2 рады солей — карбанаты і гідракарбанаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ШЛЯХ»,
штодзённая грамадска-паліт. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выходзіла з 8.3 да 23.8.1918 у Мінску на бел. мове ва ўмовах герм. акупацыі. Рэдактар-выдавец з № 1 П.Аляксюк; з № 2 рэдактар А.Прушынскі (А.Гарун), выдавец — т-ва «Заранка». Мэта выдання — сац.-эканам. і культ. адраджэнне Беларусі, яе дзярж. самастойнасць і суверэнітэт. Падтрымлівала палітыку РадыБНР і яе выканаўчага органа — Народнага сакратарыята Беларусі. Асвятляла нац. грамадска-паліт. і культ. рух, змяшчала інфармацыю пра бел. асветны рух, пра дзейнасць РадыБНР, паліт. партый і груповак. Крытыкавала палітыку бальшавікоў і Сав. Расіі. Садзейнічала арганізацыі бел. школ, развіццю бел. культуры.