МІЭЛАГРА́ФІЯ [грэч. myelos (касцявы) мозг + ...графія],
метад рэнтгенаграфіі спіннога мозга пасля ўвядзення кантрастнага рэчыва ў падпавуцінную прастору. Ужываецца пры запаленчых працэсах абалонак спіннога мозга, пухлінах спіннога мозга ці яго абалонак і інш. Дае магчымасць вызначыць характар паталаг. працэсу, яго ўзровень і працягласць.
У.І.Грынюк.
т. 10, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́СТЫКА АРХІТЭКТУ́РНАЯ,
раздзел акустыкі, які вывучае гукавыя працэсы гал. чынам у закрытых памяшканнях. Выкарыстоўвае заканамернасць хвалевай, геам., статыстычнай акустыкі і электраакустыкі, даныя псіхафізіял. і слыхавога ўспрымання, стварае аптымальныя ўмовы чутнасці гаворкі, спеваў, музыкі ў аўдыторыях, кіна- і тэатр. залах, радыё-, тэле- і кінастудыях.
Адзін з асн. крытэрыяў акустычных якасцяў памяшканняў — час рэверберацыі (працягласць затухання гуку пасля спынення дзеяння яго крыніцы). Рэшткавае гучанне ўзнікае з-за шматразовага адбіцця гуку ад паверхняў памяшкання і размешчаных у ім прадметаў. Працягласць гучання расце з павелічэннем аб’ёму памяшкання, памяншаецца — з ростам гукапаглынання агараджальнымі канструкцыямі і мэбляй.
Задача акустычнага праектавання забяспечыць аптымальнасць часу рэверберацыі і аднолькава добрую чутнасць ва ўсіх пунктах памяшкання. Дасягаецца выбарам аптымальных памераў і формы памяшкання, агараджальных канструкцый і ўнутранай аддзелкі. У вял. залах выкарыстоўваюць электраакустычныя сістэмы гукаўзмацнення.
т. 1, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НА ў музыцы,
колькасная характарыстыка ступеневых якасцей музычных гукаў. Вызначае адносіны паміж элементамі муз. гуку як фіз. з’явы (частата, інтэнсіўнасць, склад гуку, працягласць) і яго муз. якасцямі (вышыня, гучнасць, тэмбр, працягласць) як адбіткамі ў свядомасці чалавека гэтых фіз. уласцівасцей гуку. Ступеневая якасць, напр., гуку а1 не пераходзіць у суседнія якасці ў дастаткова шырокай зоне — прыкладна ад 430 да 450 герц; З. абсалютнага слыху прыблізна 80 цэнтаў; інтэрвальнага, адноснага слыху — каля 60—70 цэнтаў. Унутры З. музыканты адрозніваюць вял. колькасць інтанацыйных адценняў. Паняцце З. пашыраецца і на ўспрыняцце тэмпу і рытму, дынамічны і тэмбравы слых. Вучэнне пра З. (распрацавана муз. акустыкам М.Гарбузавым) адкрыла новыя магчымасці для вывучэння маст. інтэрпрэтацыі муз. твораў.
Літ.:
Н.А.Гарбузов — музыкант, исследователь, педагог. М., 1980. С. 11—48, 80—270.
т. 7, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЕАНГА́РСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
у Прыбайкаллі, паміж Верхнеангарскім і Паўночна-Муйскім хрыбтамі, у Расіі. Працягласць больш як 100 км, шыр. 40 км, выш. ад 470 да 800 м. Дрэніруецца р. Верхняя Ангара, рэчышча якой тут падзяляецца на рукавы і пратокі. Лугава-балотная расліннасць, участкі лістоўнічных, хваёвых і бярозавых лясоў.
т. 4, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗА́ХАД—УСХО́Д»,
транс’еўрапейская чыг. магістраль Парыж—Страсбур (Францыя)—Штутгарт—Мюнхен (ФРГ)—Зальцбург—Вена (Аўстрыя)—Будапешт (Венгрыя)—Белград (Югаславія)—Салонікі (Грэцыя). Аб’ядноўвае чыг. сетку 6 краін. Агульная працягласць больш за 2,2 тыс. км. Стыкуецца з чыгункамі Бельгіі, Люксембурга, Швейцарыі, Італіі. Забяспечвае скразныя зносіны паміж партамі Паўночнага і Эгейскага мораў.
т. 7, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІ́РА-АЛА́Й,
горная сістэма на ПдУ Сярэдняй Азіі, у Таджыкістане, часткова ў Кіргізіі, Узбекістане і Туркменіі, якая аб’ядноўвае хрыбты на Пд ад Ферганскай даліны. Складаецца з 3 асн. частак: Гісара-Алая, Паўд.-Таджыкскіх гор і Паміра. Працягласць з З на У каля 900 км, шыр. да 400 км.
т. 12, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ПІЕВА ДАРО́ГА (лац. via Appia),
першая брукаваная дарога (працягласць каля 350 км), пракладзеная ў 312 да н.э. паміж Рымам і Капуяй. Пабудавана ў стратэг. мэтах пры цэнзару Апію Клаўдзію (адсюль назва), у 244 да н.э. прадоўжана да Брундызія. Вымашчана квадратнымі камянямі, уздоўж дарогі (каля Рыма) захаваліся помнікі стараж. некропаля язычніцкіх і раннехрысц. часоў.
т. 1, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́КСА ХРЫБЕ́Т (Brooks Range),
горны хрыбет на Пн Аляскі, у ЗША. Працягласць з З на У каля 1000 км. Пераважаюць выш. 1500—2000 м, найб. — 2816 м (г. Майклсан). Вяршыні ў форме грабянёў, схілы скалістыя. Глыбока расчлянёны далінамі рэк. Складзены з вапнякоў, сланцаў, кварцытаў. Невял. ледавікі. Большую ч. года ўкрыты снегам. Горныя тундры, камяністыя россыпы.
т. 3, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДРА І ЗЯМЛЯ́,
паўднёва-заходняя частка Антарктычнага п-ва ў Антарктыдзе. Злучана з мацерыком шэльфавым ледавіком Георга VI. Працягласць з Пн на Пд каля 400 км, з У на З — 200 км. Над ледавіковым покрывам горы (выш. да 2987 м, г. Стывенсан). Адкрыта ў 1821 рус. экспедыцыяй Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава.
т. 1, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛІНСГА́ЎЗЕНА КАТЛАВІ́НА,
падводная катлавіна на ПдУ Ціхага ак., паміж мацерыковымі схіламі Антарктыды, Паўд. Амерыкі і Паўд.-Ціхаакіянскім, Усх.-Ціхаакіянскім і Зах.-Чылійскім падводнымі падняццямі. Працягласць з ПдУ на ПнЗ каля 8 тыс. км. Пераважная глыб. 4000—5000 м, найб. 5290 м. Грунт — чырвоныя глыбакаводныя гліны і дыятомавыя глеі. Названа ў гонар Ф.Ф.Белінсгаўзена.
т. 3, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)