БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ ТЭА́ТР імя Цэнтральнага савета прафесійных саюзаў Беларусі.

Існаваў у 1928—33 у Мінску. Створаны з драм. гуртка бухгалтарскіх курсаў як Бел. рабочы т-р («Наш тэатр»), у 1930 перайменаваны ў т-р імя ЦСПСБ. З мая 1930 працаваў як вандроўны. Дырэктар М.​Красінскі, рэжысёр Ф.​Ждановіч, з 1930 В.​Галаўчынер. Т-р выступаў сярод рабочых пераважна ў аддаленых раёнах. Асн. месца ў рэпертуары займалі актуальныя на той час п’есы: «Босыя на вогнішчы» паводле М.​Чарота, «На стыку» Ц.​Гартнага, «Будні» І.​Гурскага, «Шляхамі рознымі» У.​Стэльмаха, «Гірт з воўчага логу» Я.​Райніса, «Князь Мсціслаў Удалы» І.​Прута, «Стрэл» А.​Безыменскага, «Чынгісбуд» К.​Федзіна, «Слухайце, ныцікі!» А.​Майскага, аперэта «Кухня святасці» Я.​Цікоцкага.

С.​А.​Пятровіч.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы, узнікненне і развіццё якіх найб. залежыць ад уплыву неспрыяльных сац.-эканам. умоў і фактараў. Да развіцця С.х. прыводзяць псіха-эмацыянальныя хваляванні, стрэсы, незбалансаванае харчаванне, вытв. асяроддзе, сац.-эканам. нестабільнасць, паніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. У выніку негатыўнага ўплыву сац. фактараў ствараецца фон для ўзнікнення С.х. Сац. значэнне туберкулёзу, венерычных хвароб, СНІДу, алкагалізму, наркаманіі, прафесійных хвароб і інш. звязана з пашыранасцю, цяжкасцю і працягласцю захворванняў, высокай рызыкай заражэння і інш. Зніжэнне захваральнасці на С.х. ў значнай ступені залежыць ад комплексу агульнадзярж. мер, накіраваных на фарміраванне здаровых умоў жыцця, працы, адпачынку насельніцтва, ахову навакольнага асяроддзя і інш.

Літ.:

Социальная медицина и организация здравоохранения. Т. 1—2. СПб., М., 1998;

Социальная гигиена (медицина) и организация здравоохранения. Казань, 2000.

Э.​А.​Вальчук.

т. 14, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мінскі губернскі савет прафсаюзаў, гл. Беларускі рэспубліканскі савет прафесійных саюзаў

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Цэнтральнае бюро прафсаюзаў Беларусі, гл. Беларускі рэспубліканскі савет прафесійных саюзаў

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

І́КАНСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.

Засн. ў 1964 у в. Іканы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. як школьны, з 1977 дзяржаўны. Пл. экспазіцыі 536 м², больш за 7,6 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Асн. экспазіцыя прысвечана падзеям Вял. Айч. вайны на Барысаўшчыне: стварэнне і дзейнасць партыз. атрадаў, брыгад Барысаўска-Бягомльскай партыз. зоны, матэрыялы пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, карта спаленых імі вёсак; у зале «Памяць сэрца» запісаны прозвішчы 5 тыс. загінуўшых жыхароў раёна. У этнагр. зале экспануюцца нар. адзенне, драўляны і керамічны посуд, вырабы з лену і саломкі. У маст. галерэі дэманструюцца карціны самадзейных і прафесійных мастакоў, творы графікі і скульптуры. Вакол музея парк Герояў, у якім устаноўлены бюсты Герояў Сав. Саюза, абеліск з імёнамі землякоў, што загінулі ў Вял. Айч. вайну, урны з зямлёй гарадоў-герояў СССР.

Л.​А.​Кіш.

т. 7, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ (СКП; The World Confederation of Labour),

міжнароднае аб’яднанне прафесійных саюзаў. Засн. ў 1920 як Міжнар. канфедэрацыя хрысц. прафсаюзаў (МКХП). У канцы 1990-х г. аб’ядноўвала каля 26 млн. членаў у 113 краінах. МКХП была створана пад эгідай Ватыкана на ідэйнай платформе сац. дактрыны каталіцызму; у 1968 «дэхрысціянізавана» (выключаны адсылкі на сац. прынцыпы хрысціянства) і пераназвана ў СКП Выступае за мірнае супрацоўніцтва паміж прадпрымальнікамі і наёмнымі работнікамі (але патрабуе некат. сац.-эканам. уступак работнікам), вырашэнне міжнар. спрэчак мірнымі сродкамі, раўнапраўныя эканам. адносіны паміж развітымі краінамі і краінамі, што развіваюцца, супраць праяў апартэіду і расізму. Рэгіянальныя арг-цыі ў Еўропе, Афрыцы, Азіі і Лац. Амерыцы. Вышэйшы орган — кангрэс, а паміж яго сесіямі — савет. Бягучымі справамі загадвае выканаўчае бюро. Месцазнаходжанне кіруючых органаў СКП — г. Брусель.

т. 15, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГА́Я УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТА да народаў Беларусі,

юрыдычны і паліт. акт, выдадзены 9.3.1918 Выканаўчым камітэтам рады Усебеларускага з’езда ў Мінску. Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). Канстытуцыйны лад БНР закладваўся як дэмакр., парламенцкай і прававой дзяржавы. Да склікання Устаноўчага Сойма заканадаўчая ўлада ў БНР перадавалася радзе Усебел. з’езда, выканаўчая — Народнаму сакратарыяту Беларусі. Грамадзянам БНР гарантавалася свабода слова, друку, сходаў, забастовак, паліт., прафесійных і культ. арг-цый, свабода сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля. Народам БНР прадастаўлялася права на нац.-персанальную аўтаномію, іх мовы абвяшчаліся раўнапраўнымі. Касавалася прыватная ўласнасць на зямлю, якая без выкупу перадавалася тым, хто на ёй працуе; лясы, азёры і нетры абвяшчаліся ўласнасцю дзяржавы.

Аднак у дакуменце не вызначаліся дакладныя тэр. дзяржавы і характар адносін БНР з інш. дзяржавамі. У выніку ўнутр. барацьбы ў кіраўніцтве БНР, Беларускай сацыялістычнай грамадзе і пад уздзеяннем знешніх абставін Рада БНР вымушана была прыняць Трэцюю Устаўную грамату.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 6, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭАНТАЛО́ГІЯ медыцынская, сукупнасць маральных норм прафесійных паводзін мед. работнікаў.

Тэрмін прапанаваў у пач. 19 ст. англ. філосаф Дж.​Бентам для абазначэння тэорыі маральнасці. Асновы Д. вядомы яшчэ ў медыцыне стараж. свету. У кожную гіст. эпоху ў адпаведнасці з пануючай у грамадстве мараллю прынцыпы Д. мелі характэрныя асаблівасці, але заставаліся непарушнымі агульначалавечыя, пазакласавыя этычныя нормы мед. прафесіі — аблягчыць пакуты і дапамагчы хвораму чалавеку. Асабліва важная роля ў вызначэнні маральных пачаткаў мед. Дзейнасці належыць Гіпакрату. Дэанталагічныя прынцыпы, выказаныя ў яго «Клятве», актуальныя і цяпер.

Д. фарміруе прынцыпы паводзін мед. персаналу, накіраваныя на стварэнне максімальна спрыяльных умоў для эфектыўнага лячэння хворых. Яна ўключае ў сябе розныя аспекты працы ўрача — ад этычных, маральных прынцыпаў да прававых пытанняў у канфліктных сітуацыях. У сферу Д. ўваходзяць пытанні, звязаныя з лячэбнай тактыкай, узаемаадносінамі ўрача з хворым, яго сваякамі, з паняццем урачэбнай тайны, калегіяльнасцю, памылкамі і адказнасцю ўрачоў, паводзінамі ўрача ў быце і інш. Д. стала абавязковай састаўной часткай падрыхтоўкі і выхавання мед. персаналу.

т. 6, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІШЭ́НІН Іван Дзмітрыевіч (9.2.1899, г. Марыупаль Данецкай вобл., Украіна — 11.8.1974),

бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Акад. АН Беларусі (1966), д-р мед. н. (1941), праф. (1964). Засл. дз. нав. Беларусі (1964). Засл. ўрач РСФСР (1945). Скончыў ун-т у г. Растоў-на-Доне (Расія, 1921), працаваў у ім. З 1931 у Ін-це працы і прафесійных захворванняў. З 1938 у Дагестанскім мед. ін-це (заг. кафедры). У 1949—66 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па рэўматызме, гепатытах, інтэрацэптыўных раздражненнях і каранарнай недастатковасці, патагенезе і лячэнні пнеўманій, уплыве ачаговых запаленняў на ўнутр. органы і нерв. сістэму, фіз. метадах дыягностыкі. Даследаваў клініку, укараніў у практыку новы спосаб лячэння інтэрстэцыяльных нефрытаў, рэфлекторны метад лячэння сардэчнай недастатковасці і падскурных трансфузій крыві.

Тв.:

Рефлекторный принцип в лечении сердечной недостаточности // Здравоохранение Белоруссии. 1957. № 2;

О патогенезе гиперхолестеринемии (разам з С.​В.​Ткачовым) // Докл. АН БССР. 1970. Т. 14, № 9.

І.​Дз.Мішэнін.

т. 10, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў кастр. 1952 у г. Слуцк. Лл. экспазіцыі 280 м², 5 залаў, б-ка, 22,5 тыс. адзінак асн. фонду (2002). Сярод экспанатаў стараж. прылады працы, жан. ўпрыгожанні з гарадзішча Івань, касцяныя і драўляныя шахматныя фігуры, каменныя і бурштынавыя крыжыкі 12 ст., керамічны посуд, скураны абутак з гарадзішча стараж. Слуцка, кафля 17 ст. з выявай герба Слуцка, фрагменты слуцкіх паясоў, вырабы з урэцкага шкла, габелены «Паляванне на дзіка» (18 ст.), «На водную прагулку» (19 ст.), старадрукі 18 ст., дакументы і матэрыялы пра вайну 1812, паўстанне 1863—64, рэв. рух 19 — пач. 20 ст., Слуцкае паўстанне 1920, падзеі часоў грамадз. вайны, партыз. рух і падполле ў Вял. Айч. вайну, слуцкі лагер смерці. У калекцыях музея творы бел. прафесійных і самадзейных мясц. мастакоў, вырабы мясц. майстроў ткацтва, вышыўкі, лозапляцення, разьбы па дрэве, рогу і інш. Музей выпускае брашуры і буклеты па гісторыі Случчыны, пра помнікі архітэктуры, слуцкія паясы і інш. З 2001 працуе філіял «Побыт сялян. 19 — пач. 20 ст.».

В.​С.​Відлога.

т. 15, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)