ЖЫВЁЛЬНЫЯ КАРМЫ́,
прадукты жывёльнага паходжання і адходы іх перапрацоўкі, якія выкарыстоўваюцца на корм с.-г. жывёлам. Найб. пашыраныя Ж.к.: малако і прадукты яго перапрацоўкі (адгон, сыроватка, маслёнка і інш.), адходы мясакамбінатаў (мука мясная, мяса-касцявая. крывяная, субпрадукты і інш.), рыбакамбінатаў (мука рыбная і інш.), птушкафабрык і інкубатарных станцый (мука з гідралізатаў пер’я, тумакі, заморкі), зверабойнага промыслу (мяса цюленяў і інш. жывёл і мука з іх туш), а таксама мясцовыя Ж.к. (кукалкі тутавага шаўкапрада, малюскі, азёрныя рачкі і інш.) Ж.к. маюць шмат біялагічна паўнацэннага пратэіну, багатыя вітамінамі, макра- і мікраэлементамі.
т. 6, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́ТЫ [ад ал(юміній) + ...літ(ы)],
1) прадукты выветрывання, складзеныя пераважна з гідравокіслаў алюмінію.
2) Гліністыя пароды, у якіх гліназёму больш, чым крэменязёму; прамежкавыя паміж глінай і баксітамі. Магчымая сыравіна для вытв-сці алюмасілікатных вогнетрывалых вырабаў.
т. 1, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭСІ́НЫ,
прадукты жыццядзейнасці хваробатворных мікробаў. Узмацняюць іх патагеннае дзеянне. Аслабляюць абаронныя рэакцыі арганізма, іх проціінфекц. імунітэт, забяспечваюць пранікненне патагенных мікробаў у арганізм, іх размнажэнне і распаўсюджванне. Па хім. прыродзе — бялкі, поліцукрыды.
т. 1, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ МАЛОЧНАКАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т.
Пабудаваны ў 1950—52 у г. Ліда Гродзенскай вобл. У 1976 здадзены ў эксплуатацыю цэх цэльнамалочнай прадукцыі. Асн. вырабы (1999): сухія малако і вяршкі, сметанковае масла, цэльнамалочныя прадукты, марожанае, ёгурт, маянэз.
т. 9, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБАРАЧА́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
хімічныя рэакцыі, што адбываюцца толькі ў адным напрамку. Прыводзяць да поўнага ператварэння зыходных рэчываў у канчатковыя прадукты, якія не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Да Н.р. адносяцца, напр., рэакцыі гарэння, раскладання выбуховых рэчываў. Гл. таксама Абарачальныя рэакцыі.
т. 11, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЫ́,
прадукты расліннага, жывёльнага, мікрабіял. і хім. паходжання, якія выкарыстоўваюць для кармлення с.-г. жывёлы. Паводле паходжання падзяляюцца на раслінныя кармы, жывёльныя кармы, камбікармы, мінеральныя кармы, адходы тэхн. і харч. вытв-сці, сінтэтычныя прэпараты, біялагічна актыўныя дабаўкі. Пажыўнасць К. ацэньваюць у кармавых адзінках. З кармавых адходаў тэхн. вытв-сці найб. каштоўныя адходы мукамольнай (вотруб’е, мучны пыл), цукр. (жамерыны, мелес), алейнаэкстракцыйнай (макуха, шрот), крухмальнай (мязга), брадзільнай (брага, піўная шраціна) прам-сці. Сінтэтычныя прэпараты атрымліваюць шляхам хім. і мікрабіял. сінтэзу. Да іх належаць заменнікі кармавога пратэіну, кармавыя дрожджы, кармавы канцэнтрат L-лізіну, DL-метыянін. Біялагічна актыўныя дабаўкі — прадукты з высокай біял. актыўнасцю, якія выкарыстоўваюць у малых дозах: солі мікраэлементаў, вітамінныя, ферментныя і гарманальныя прэпараты, антыбіётыкі, транквілізатары.
т. 8, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗІС ДЭНУДА́ЦЫІ, дэнудацыйны ўзровень,
ніжні ўзровень паверхні, да якога перамяшчаюцца (скочваюцца або змываюцца) прадукты разбурэння (выветрывання) горных парод. Звычайна адпавядае падэшве горнага схілу, дзе адбываецца акумуляцыя матэрыялу, які зносіцца зверху, і ўтвараюцца (пры стромкіх схілах) дэлювіяльныя шлейфы (гл. Дэлювій).
т. 2, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКСОЗАФАСФА́ТЫ,
складаныя эфіры, утвораныя гексозамі і адным або двума астаткамі фосфарнай к-ты (гексозамонафасфаты і гексозадыфасфаты); прамежкавыя прадукты гліколізу. Значныя прамежкавыя рэчывы вугляводнага абмену жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Утвараюцца пры фасфарыліраванні гексозаў, пераважна за кошт энергіі адэназінтрыфосфарнай к-ты.
т. 5, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОКСАХІ́МІЯ,
галіна хіміі і хім. тэхналогіі, якая даследуе састаў і ўласцівасці прыроднага паліва (пераважна каменнага вугалю) і распрацоўвае метады яго перапрацоўкі. Асн. віды коксахім. прадукцыі — кокс, коксавы газ, разнастайныя хім. прадукты (напр., вадарод, метан, бензол, нафталін, каменнавугальнае масла).
т. 8, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАЛІ́Т (ад піра... + грэч. lithos камень),
гіпатэтычнае рэчыва, з якога складаецца верхняя мантыя (гл. Мантыя Зямлі). Паводле хім. саставу адпавядае 1/4 базальту і 3/4 перыдатыту. Мяркуецца, што з П. ўтвараецца базальтавая магма і астаткавыя прадукты — дуніт і перыдатыт.
т. 12, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)