КОРЖ, праснак,

у беларусаў даўняе мучное прэснае печыва. На К. звычайна бралі жытнюю муку, крута замешвалі на вадзе або сыроватцы, дадавалі соль, соду. Пяклі на чарэні або на патэльні тоўстым блінам. Спажывалі замест хлеба, а таксама ў пост, на памінках. Часам кавалкі К. залівалі смятанай або тоўчанымі ягадамі. У наш час К. — здобнае, салодкае печыва з пшанічнай мукі на малацэ.

т. 8, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНДВА́ХТА (ад галанд. brandwacht вартавы карабель),

1) карабель, які нясе вартавую службу на ўваходзе (выхадзе) на рэйд (у гавань, канал) і падтрымлівае ўстаноўлены рэжым плавання (рэгуляванне руху суднаў, выкананне ім мытных, каранцінных, рэйдавых і інш. правілаў).

2) Пост на беразе або на судне, прызначаны сачыць за пажарнай бяспекай на тэр. порта.

3) Несамаходнае судна — жыллё для экіпажа земснарадаў, вадалазных станцый, пошукавых партый, партовых рабочых і інш.

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЕ́Ц,

магістральны меліярацыйны канал у Пружанскім і Бярозаўскім р-нах Брэсцкай вобл., правы прыток р. Ясельда (бас. Прыпяці). Дзейнічае з 1905. Даўж. 50 км. Пачынаецца за 1,5 км на ПдЗ ад в. Росахі Пружанскага р-на, праходзіць па зах. частцы Прыпяцкага Палесся, упадае справа ў Ясельду каля в. Перасудавічы Бярозаўскага р-на, за 145 км ад яе вусця. Асн. прытокі — каналы Задваранскі, Ястрабельскі (справа), Давыдавіцкі, Чарнічны, Залужжаўскі і інш. У пойме канала наліўныя сажалкі. Гідралагічны пост Рыгалі.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮВАЛЬЕ́ ((Duvalier) Франсуа) (14.4.1907, г. Порт-о-Прэнс, Гаіці — 21.4.1971),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Гаіці. Скончыў мед. ф-т ун-та Гаіці (1932). У 1947—49 нам. міністра працы, у 1949—50 міністр працы і аховы здароўя. З 1957 лідэр Партыі нац. адзінства (з 1963 Адзіная партыя рэв. і ўрадавага дзеяння). З 1957 прэзідэнт Гаіці. У 1964 правёў праз Нац. сход канстытуцыю, паводле якой абвясціў сябе «пажыццёвым прэзідэнтам» і ўстанавіў крывавы рэжым дыктатуры, праводзіў палітыку рэпрэсій, праследаваў апазіцыю. Пост прэзідэнта перадаў сыну Ж.К.Дзювалье.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЯ́Н ((Briand) Арыстыд) (28.3.1862, г. Нант, Францыя — 7.3.1932),

дзяржаўны дзеяч Францыі, дыпламат. Адвакат па адукацыі. З 1880-х г. удзельнік сацыяліст. руху. У 1902 абраны ў парламент. У 1906 увайшоў у склад урада, за што быў выключаны з Сацыяліст. партыі. У 1909—31 займаў пост прэм’ер-міністра 11 разоў і міністра замежных спраў 17 разоў. Пасля 1-й сусв. вайны праводзіў палітыку раззбраення і бяспекі. У 1909—31 выступаў за «прымірэнне» з Германіяй. Адзін з ініцыятараў Лакарнскай канферэнцыі 1925, Келага—Брыяна пакта 1928, праекта стварэння «Пан-Еўропы». Нобелеўская прэмія міру 1926 (разам з Г.Штрэземанам).

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́КСАН ((Hackson) Джэсі Луіс) (8.10.1941, г. Грынвіл, штат Паўд. Караліна, ЗША),

негрыцянскі паліт. і грамадскі дзеяч ЗША, прапаведнік. Скончыў Чыкагскую духоўную семінарыю (1968). У 1960-я г. ўдзельнік руху за грамадз. правы неграў, паплечнік М.Л.Кінга. У 1971—83 прэзідэнт заснаванай ім арг-цыі «Аб’яднаны народ на службе чалавецтва», мэтай якой было садзейнічаць паляпшэнню эканам. становішча неграў. Сфармуляваў праграму т.зв. вясёлкавай кааліцыі — саюза неграў, лацінаамерыканцаў і індзейцаў, які забяспечваў бы ім магчымасць павышэння свайго сац. статуса ў грамадстве і пашырэння ўдзелу ў паліт. дзейнасці. Першы негрыцянскі палітык, які выстаўляў сваю кандыдатуру на пост прэзідэнта ЗША на выбарах 1984 і 1988.

т. 6, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗА́НКІ,

у беларусаў даўняя мучная страва. Крута замешанае цеста з пшанічнай, жытняй або грэцкай мукі тонка раскачвалі, рэзалі на кавалкі (квадраты, трохвугольнікі), варылі, адцэджвалі, залівалі салам, алеем з цыбуляй ці смятанай, у пост — цёртым макам, тоўчаным семем, размятымі ягадамі. Шырока вядомы ў Браслаўскім р-не Віцебскай, Мядзельскім р-не Мінскай, Ваўкавыскім р-не Гродзенскай абласцей, часткова на Магілёўшчыне, Цэнтр. і Усх. Палессі. У некаторых раёнах зах. і цэнтр. частках Беларусі, на Магілёўшчыне Л. пяклі з пшанічнай мукі («праснаком») у форме «кантовых» кавалачкаў (іх называлі ламанцамі). Елі з цёртым макам, семем, звычайна на посную куццю.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 9, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛІ́ПАЎСКІЯ ПЕ́СНІ,

песні зімовага цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Выконвалі іх на вячорках, прадучы кудзелю ў піліпаўку (6-тыднёвы пост перад калядамі). Ў іх пераважаюць сумныя матывы, у т. л. пра гаротнае жыццё замужняй жанчыны-сялянкі. Вылучаюцца 2 асн. тэмы П.п.: праца сялянкі ў доўгія зімовыя вечары (услаўляюцца ўмелыя працавітыя майстрыхі-рукадзельніцы, з’едліва высмейваюцца гультайкі і няўмекі), сямейныя ўзаемаадносіны (цяжкае, бяспраўнае становішча нявесткі ў сям’і мужа). Сярод П.п. трапляюцца таксама песні баладнага тыпу, жартоўныя, любоўная лірыка.

Публ.: Зімовыя песні. Мн., 1975.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, ч. 1. С. 97—137.

А.​І.​Гурскі.

т. 12, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (ад пост... + імпрэсіянізм),

умоўная збіральная назва некалькіх кірункаў франц. мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. (неаімпрэсіянізм, сімвалізм і інш.). Узнік у сярэдзіне 1880-х г., калі майстры імпрэсіянізму пачалі шукаць новыя выяўл. сродкі, якія дазваляюць адлюстроўваць не імгненныя ўражанні, а працяглыя, сутнасныя станы жыцця. Перыяд П., для якога характэрны актыўнае ўзаемадзеянне кірункаў і індывідуальных творчых сістэм, стаў сувязным звяном паміж мастацтвам 19 і 20 ст. Найб. ярка выявіўся ў творчасці П.Гагена, В. ван Гога, М.Дэні, П.Сезана, А.Тулуз-Латрэка, мастакоў групы «Набі» і інш.

Літ.:

Прокофьев В.Н. Постимпрессионизм: [Альбом]. М., 1973.

Да арт. Постімпрэсіянізм. В. ван Гог. Дарога з кіпарысамі і зоркамі. 1890.
Да арт. Постімпрэсіянізм. М.​Дэні. Пейзаж з зялёнымі дрэвамі. 1893.

т. 12, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТФІ́КС (ад пост... + лац. fixus прымацаваны),

службовая марфема (афікс), якая ў структуры слова размяшчаецца пасля кораня. Падзяляюць на асноваўтваральныя («кал-ёс-ы», «плем-ен-і»), да якіх адносяцца і тэматычныя галосныя («бег-а-ць», «хадз-і-ць»), суфіксы («ляс-ок», «гняў-лів-ы», «хто-сьці») і флексіі («галов-ы», «сін-яя», «хоч-аш»). Як асобны тып П. функцыянуе сукупнасць флексій (парадыгма) пры канверсіі, паколькі яна адначасова выконвае флексійную і словаўтваральную ролі (назоўнік «соль-, сол-і, солл-ю» і дзеяслоў «сал-ю, сол-іш, сол-іць, сол-ім, сол-іце, сол-яць»). Кожнай мове ўласцівы свае П., заканамернасці іх размяшчэння ў слове і марфал. ўзаемадзеяння.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)