БУЙНІ́ЦКАЕ ПО́ЛЕ,

месца значных гіст. падзей каля в. Буйнічы Магілёўскага р-на. У час Налівайкі паўстання 1594—96 тут адбыўся бой паміж казацка-сял. атрадам С.​Налівайкі і войскам ВКЛ. У снеж. 1595 атрад Налівайкі ўзяў штурмам Магілёў. Супраць яго сабрана 18-тыс. войска, якое ўзначаліў рэчыцкі староста М.​Буйвід. Паўстанцы (больш за 2 тыс. чал.) на Буйніцкім полі абгарадзіліся радамі вазоў, утварыўшы т.зв. табар, і прынялі бой, цэлы дзень адбівалі атакі войска, нанеслі яму значныя страты. Вечарам з-за недахопу сіл паўстанцы адышлі на Быхаў.

У Вял. Айч. вайну Буйніцкае поле — месца жорсткіх баёў у час Магілёва абароны 1941. Ням. камандаванне, плануючы прарвацца ў Магілёў з ПдЗ (з боку Бабруйска), сканцэнтравала на гэтым напрамку 3-ю танк. дывізію і пях. часці. Ім процістаяла 172-я стралк. дывізія (ген.-м. М.​Ц.​Раманаў) і апалчэнцы. На Буйніцкім полі трымалі абарону 388-ы стралк. полк (палк. С.​Ф.​Куцепаў), 340-ы лёгкі артыл. полк (палк. І.​С.​Мазалаў) і батальён нар. апалчэння (камісар П.​Е.​Цярэнцьеў). З 10 ліп. праціўнік вёў масіраваную бамбардзіроўку і артыл. абстрэл, 12 ліп. сав. артылерыя, апярэдзіўшы атаку праціўніка, агнём па скопішчы танкаў нанесла ворагу значныя страты. Праціўнік накіраваў на сав. пазіцыі праз Буйніцкае поле 170 танкаў. Бой працягваўся 14 гадзін, было знішчана 39 танкаў. Свае пазіцыі сав. войскі ўтрымлівалі да 22 ліпеня. На Буйніцкім полі 13—14 ліп. знаходзіўся карэспандэнт газ. «Известия» К.Сіманаў, які апісаў баі ў рамане «Жывыя і мёртвыя». Паводле завяшчання Сіманава яго прах развеяны над Буйніцкім полі. Тут пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка, мемарыяльны знак на ўшанаванне памяці Сіманава.

В.​С.​Паваліхіна.

т. 3, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІАРТРЫ́Т (ад полі... + артрыт),

артрыт множны, артрыт рэўматоідны, адначасовае або паслядоўнае запаленне шматлікіх суставаў. Прычыны: інфекцыя (стафілакок, стрэптакок, вірусы і інш.), хранічныя танзіліт і халецыстыт, рэўматызм, парушэнні абмену рэчываў і функцый залоз унутр. сакрэцыі. Прыкметы і лячэнне П. гл. ў арт. Артрыт.

т. 12, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ВЯ́ЗКАСЦЬ,

1) у ферамагнетыках — запазненне ў часе змены значэнняў намагнічанасці, магнітнай пранікальнасці і інш. характарыстык магнетыка ад змены знешняга магн. поля (наз. таксама магнітнае паслядзеянне).

Разам з гістэрэзісам і віхравымі токамі абумоўлівае страты энергіі пры перамагнічванні ферамагнетыка ў пераменным полі. Выклікаецца рознымі прычынамі ў залежнасці ад структуры магнетыка, умоў намагнічвання і т-ры, у выніку чаго яго намагнічанасць устанаўліваецца пасля змены знешняга магн. поля праз некат. час (ад 1 нс да некалькіх мінут і гадзін). Напр., пры аперыядычных зменах магн. поля пры значэннях яго напружанасці, блізкіх да каэрцытыўнай сілы, М.в. абумоўліваецца віхравымі мікратокамі, якія ўзнікаюць у магн. правадніках пры руху сценак магн. даменаў.

2) М.в. у магнітнай гідрадынаміцыфіз. велічыня, якая характарызуе кінематычныя і дынамічныя ўласцівасці эл.-праводных вадкасцей і газаў пры іх руху ў магн. полі.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЁНКА,

у беларусаў бандарная пасудзіна на 6—10 л, крыху расшыраная ў верхняй частцы. Выкарыстоўвалася для даення кароў. Рабілі Д. з хваёвых, радзей з дубовых ці кляновых клёпак. Адна падоўжаная клёпка ўтварала ручку, у клёпцы насупраць рабілі літок (рыльца). Для даення кароў у полі выкарыстоўвалі Д. з почапкай.

Даёнка.

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́МЯН»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 130 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Асецкія, Багаткі, Брудзеўскія, Грабскія, Макавецкія, Раценскія, Саковічы. Мае ў залатым полі выяву чорнай галавы зубра, прабітай наўскос мячом. Вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Помян».

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ЧНАЕ ПО́ЛЕ,

размеркаванне ціску паветра ў атмасферы Зямлі. Характарызуецца ізабарнымі паверхнямі (умоўныя паверхні з аднолькавым ціскам). Складаецца з барычных сістэм — рухомых абласцей паніжанага і павышанага ціску з замкнёнымі (цыклон, антыцыклон) і незамкнёнымі (лагчына, грэбень, седлавіна) ізабарамі. Неаднароднасць ціску ў барычным полі абумоўлівае сістэму паветр. плыняў, размеркаванне т-ры, воблачнасці, ападкаў і інш. метэарал. Элементаў.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕ́РА СІ́ЛА,

сіла, што дзейнічае на элемент правадніка з токам у магн. полі. Вызначаецца формулай: dF = ( j × B ) dV , дзе j — шчыльнасць эл. току ў правадніку, Bмагн. індукцыя ў тым пункце прасторы, дзе знаходзіцца элемент аб’ёму правадніка dV, j × B — вектарны здабытак вектараў j і B. Названы ў гонар А.М.Ампера.

Ампера закон.

т. 1, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКЛІНА́ТАР (ад лац. inclino нахіляю),

прылада для вымярэння нахілення магнітнага. Непасрэднае вымярэнне нахілення робяць стрэлачным І. (мае магн. стрэлку з гарыз. воссю вярчэння, якая праходзіць праз цэнтр цяжару стрэлкі) і індукцыйным І. (дзеянне заснавана на ўзнікненні эдс або току індукцыі ў шпулі, якая верціцца ў магн. полі Зямлі). Ёсць таксама І. феразондавыя і інш.

т. 7, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДА́У ДЫЯМАГНЕТЫ́ЗМ,

дыямагнетызм сістэмы носьбітаў зарадаў (напр., электронаў праводнасці ў металах). Прадказаны Л.Д.Ландау ў 1930. Абумоўлены квантаваннем арбітальнага руху зараджаных часціц у магн. полі, дзе траекторыя іх свабоднага руху скрыўляецца і ўзнікае дадатковае магн. поле, накіраванае процілегла знешняму полю. Назіраецца ў выраджаным газе свабодных электронаў і ў электронаў праводнасці ў металах, паўметалах і паўправадніках.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЮ́БІЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 500 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Жулкеўскія, Лапацінскія, Незабытоўскія, Радзімінскія. У блакітным полі сярэбраная падкова рагамі ўніз, на ёй стаіць залаты кавалерскі крыж, другі крыж у сярэдзіне падковы. Клейнод — над прылбіцай з каронай 3 страусавыя пёры. Вядомы з сярэдзіны 14 ст.

Герб «Любіч».

т. 9, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)