БАНЕ́ВІЧ (Ян) (?—1881),

бел. жывапісец, партрэтыст. Вучыўся ў Вільні ў Я.Рустама. Сярод работ партрэты бел. і польскіх гіст. дзеячаў: І.​Славацкага, А.​Валіцкага, Е.​Станевіча, «Партрэт І.​Тышкевіча, старосты вяляціцкага» (1859, копія з партрэта 18 ст.) і інш.

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РАЗМО́ВА ПАЛЯ́КА З ЛІТВІ́НАМ»,

адзін з першых друкаваных свецкіх твораў на Беларусі. Выдадзены ў Брэсце ў 1564 на польскай мове. Аўтар невядомы. Пабудаваны ў форме дыялогу. Падзяляецца на 2 часткі, паміж якімі змешчаны верш «Да палякаў і літвінаў», напісаны, як мяркуюць даследчыкі, А.Воланам. Твор вызначаецца патрыятычнасцю і выкрывае захопніцкія планы польскіх феадалаў у адносінах да ВКЛ. Крытыкуюцца погляды рэакц. польскіх шляхецкіх ідэолагаў на асобу, дзяржаву і грамадства. Аўтар выступае супраць «шляхецкай распусты», гвалту, самавольства феадалаў, абараняе гуманіст. ідэалы: свабоду, роўнасць людзей перад законам, імкненне да агульнай карысці. Падкрэсліваюцца гіст. здабыткі беларусаў і ўкраінцаў, даюцца цікавыя звесткі з гісторыі і культуры ВКЛ.

Літ.:

Сокал С.Ф. «Размова паляка з літвінам» // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №1.

С.​Ф.​Сакалова.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ САЮ́З УСКРА́ІН (напачатку Саюз былых абаронцаў усходніх ускраін),

арганізацыя польскіх ваен. і цывільных асаднікаў у 1920-я г. ва ўсх. ваяводствах Польшчы. Створаны як апора акупац. рэжыму, а таксама для барацьбы супраць рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі і Зах. Украіне.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САНА́ЦЫЯ,

неафіцыйная назва групы бел. дзеячаў у Зах. Беларусі. Створана ў сярэдзіне 1929. Лідэры А.​Луцкевіч, Р.​Астроўскі, Я.​Станкевіч, Ф.​Акінчыц. Друкаваны орган — газ. «Наперад». Была выразнікам той часткі крыла нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, што ва ўмовах узмацнення рэпрэсій польскіх улад, а таксама рэпрэсіўнай палітыкі бальшавікоў у БССР адзіна магчымым шляхам культ.-нац. развіцця лічыла пошук кампрамісаў з «санацыйным» урадам Ю.​Пілсудскага, не выключаючы парламенцкіх сродкаў барацьбы. За гэта сярод бел. грамадскасці, што арыентавалася на КПЗБ і Камінтэрн, група атрымала назву «санацыя» (лац. sanatio аздараўленне). Пад арганізац. кіраўніцтвам групы знаходзіліся Т-ва бел. асветы, Бел. навук. т-ва, Бел. дабрачыннае т-ва, Бел. студэнцкі саюз, інш. культ.-асв. і дабрачынныя арг-цыі і суполкі. Адсутнасць адзінства і рознагалоссі сярод лідэраў групы, а таксама імкненні польскіх улад унесці разлад у яе дзейнасць прывялі да канчатковага расколу Беларускай санацыі ў 1934.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЁВАЯ ПА́РТЫЯ ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ (КПЛіБ),

польская паліт. партыя краёвага кірунку пач. 20 ст. 30.6.1907 у Вільні па ініцыятыве Р.Скірмунта і Ч.​Янкоўскага адбыўся ўстаноўчы сход, на якім прысутнічалі прадстаўнікі 6 бел.-літ. губерняў. Скірмунт імкнуўся стварыць агульнакраёвую партыю, якая б мела польскую, літоўскую і беларускую фракцыі. Аднак перавага кансерватыўна настроеных польскіх землеўладальнікаў не дазволіла ажыццявіць гэты намер, і была створана польская партыя. Яе старшынёй быў абраны Э.Вайніловіч, намеснікам — Я.​Талочка. Друкаваны орган — «Glos Polski» («Польскі голас»). Праграма КПЛіБ заклікала да самакіравання краю, роўнасці ўсіх яго этнасаў, увядзення адукацыі на роднай мове, правядзення агр. пераўтварэнняў без адчужэння памешчыцкага землеўладання. Яна не выходзіла за межы кансерватыўнага варыянта краёвай ідэалогіі, які найб. адпавядаў інтарэсам польскіх землеўладальнікаў. У выніку Скірмунт і прадстаўнікі Ковенскай губ. адмовіліся ўваходзіць у склад партыі. КПЛіБ не знайшла шырокай падтрымкі ў краі і ў 1908 зышла з паліт. арэны.

А.​Ф.​Смалянчук.

т. 8, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТШ ((Nitsch) Казімеж) (1.2.1874, г. Кракаў, Польшча — 26.9.1958),

польскі мовазнавец-славіст; заснавальнік сучаснай польск. дыялекталогіі і адзін з заснавальнікаў кракаўскай школы мовазнаўцаў. Чл. АН у Кракаве (з 1911, з 1946 прэзідэнт), чл. і віцэ-прэзідэнт Польскай АН (з 1952), чл.-кар. АН СССР (з 1947) і інш. замежных акадэмій. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1895). Праф. Ягелонскага (1910—52; з перапынкамі) і Львоўскага (1917—20) ун-таў. Асн. працы ў галіне гісторыі польск. мовы, дыялекталогіі, лінгвістычнай геаграфіі, лексікаграфіі: «Мова польскага народа» (1911), «Паходжанне польскай літаратурнай мовы» (1913), «Дыялекты польскай мовы» (1915, 3-е выд. 1957), «З гісторыі малапольскіх гаворак» (1928), «Збор польскіх дыялектных тэкстаў» (1929, 1960), «Лінгвістычны атлас польскага Прыкарпацця» (з М.​Малецкім, 1934) і інш. Ініцыятар стварэння і рэдактар «Малога атласа польскіх гаворак» (т. 1—2, 1957—59). Адзін з заснавальнікаў «Т-ва аматараў польскай мовы» (1920) і «Польскага лінгвістычнага т-ва» (1925). Дзярж. прэміі Польшчы 1953, 1972.

Тв.:

Wybór pism polonistycznych. T. 1—4. Wrocław;

Kraków, 1954—58;

Ze wspomnień językoznawcy. Kraków, 1960.

А.​С.​Аксамітаў.

т. 11, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТУРЛІ́Н (Васіль Васілевіч) (?—1656),

рускі ваенны дзеяч, дыпламат. З 1640 акольнічы, з 1652 прыбліжаны баярын і дварэцкі цара Аляксея Міхайлавіча. Суддзя Разбойнага прыказа (1650—51) і Прыказа Вял. дварца (1652—54). У 1648 люта расправіўся з удзельнікамі паўстання ў Курску. У 1653 узначаліў рус. пасольства на Украіну. На Пераяслаўскай радзе 1654 прывёў да прысягі на вернасць Расіі яе ўдзельнікаў. У 1655 камандуючы войскамі, якія былі пасланы на дапамогу Хмяльніцкаму супраць польскіх войскаў.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНЦЭ́ВІЧ ((Lencewicz) Станіслаў) (19.4.1889, Варшава — 1.9.1944),

польскі географ, геолаг; адзін з арганізатараў Польскага геагр. т-ва (1918). Праф. (1922). Адукацыю атрымаў у г. Нушатэль (Швейцарыя). Арганізатар (у 1917) і кіраўнік (да 1939) геагр. ф-та ў Варшаўскім ун-це. У 1922—39 рэдактар час. «Przegląd geograficzny» («Геаграфічны агляд»). З 1943 выкладаў у падп. Варшаўскім ун-це. Навук. працы па геамарфалогіі, геалогіі чацвярцічнага перыяду, гідраграфіі, картаграфіі, лімналогіі (склаў каталог польскіх азёр). Забіты гітлераўцамі.

т. 9, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗНА́НСКАЯ ((Boznańska) Вольга) (15.4.1865, Кракаў — 26.10.1940),

польскі жывапісец. Вучылася у Мюнхене (1886—89) у К.​Крыгельдорфа і В.​Дзюра, з 1898 у Парыжы. Член т-ва польскіх мастакоў «Мастацтва» (з 1898, Кракаў). Нац. т-ва прыгожых мастацтваў (з 1901, Парыж). Аўтар інтымных рэалістычных партрэтаў у духу імпрэсіянізму, якія выкананы ў лёгкай, светлай гаме: «Дзяўчынка з хрызантэмай» (1894), «Партрэт дзвюх дзяўчынак» (1896), «Аўтапартрэт» (1900), партрэты Ф.​Ясенскага (1907), Ядвігі Сапегі (1910), Г.​Сянкевіча (1913) і інш.

В.Базнанская. Аўтапартрэт. 1900.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛКАМІ́РСКАЯ ((Wiłkomirska) Ванда) (н. 11.1.1929, Варшава),

польская скрыпачка. Вучылася ў бацькі, пазней у Я.​Умінскай, І.​Дубіскай і інш. Вядомая як выканаўца твораў К.​Шыманоўскага, Б.​Бартака, сучасных польскіх кампазітараў. Удзельніца фп. «Трыо Вілкамірскіх» (з сястрой піяністкай Марыяй Вілкамірскай і братам віяланчэлістам Казімежам Вілкамірскім) і Польскага квартэта імя К.​Шыманоўскага. Гастраліруе з 1950. З 1982 за мяжой. Займаецца выкладчыцкай дзейнасцю. Лаўрэат міжнар. конкурсаў скрыпачоў у Жэневе (1946), Будапешце (1948), імя Г.​Вяняўскага у Познані (1953). Дзярж. прэмія Польшчы 1953, 1961.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)