прыстасаванне для пераўтварэння энергіі сонечнай радыяцыі ў іншыя віды энергіі з мэтай іх практычнага выкарыстання. Бываюць з геліяканцэнтратарамі і без іх.
Геліяўстаноўкі з канцэнтратарамі забяспечваюць значнае павышэнне шчыльнасці сонечнай радыяцыі, выкарыстоўваюцца для ажыццяўлення высокатэмпературных (да 3000—3500 °C пры ккдз 0,4—0,6) тэхнал. працэсаў (сонечныя печы для плаўкі металаў і тэрмаапрацоўкі вогнетрывалых матэрыялаў, сонечныя энергетычныя ўстаноўкі). Геліяўстаноўкі без канцэнтратараў непасрэдна ўлоўліваюць сонечныя прамяні — працуюць па прынцыпе «гарачай скрыні», маюць больш шырокі спектр выкарыстання (сонечныя батарэі, сонечныя воданагравальнікі, апрасняльнікі вады, сушылкі, кандыцыянеры, халадзільнікі і інш.). У геліяэнергетыцы для атрымання пары прамысл. параметраў выкарыстоўваюцца прыблізна парабалічныя геліяўстаноўкі (гл.Сонечная электрастанцыя). Перспектыўныя геліяўстаноўкі з сонечнымі цеплаакумулятарамі (ЦА). У ЦА лішак цеплавой энергіі, створаны за кошт прытоку сонечнага цяпла ў дзённы час, забіраецца цеплаакумулюючым матэрыялам, захоўваецца (да 10 сут) і паступова выкарыстоўваецца для тэхнал. або быт. патрэб.
На Беларусі даследаванні і распрацоўкі геліяўстановак і іх элементнай базы вядуцца ў Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (АНК ІЦМА), Ін-це фізікі цвёрдага цела паўправаднікоў Нац.АН Беларусі, Бел.політэхн. акадэміі, Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. У АНК ІЦМА распрацаваны 2 тыпы ЦА, якія назапашваюць сонечную цеплавую энергію, што паступае праз сцены, вокны і ад геліякалектараў (тэмпературны дыяпазон ЦА 10—150 °C).
Літ.:
Гл. пры арт.Геліятэхніка.
У.Л.Драгун, С.У.Конеў.
Геліяўстаноўка з парабалоідным канцэнтратарам дыяметрам 10 м: 1 — нясучая канструкцыя з процівагай; 2 — канцэнтратар; 3 — геліяпераўтваральнік.Да арт.Геліяўстаноўка. Цеплавы акумулятар для жылых памяшканняў: 1 — увод і вывад паветра, што награецца; 2 — аднафазнае акумулюючае рэчыва; 3 — фазапераменнае акумулюючае рэчыва; 4 — вадкасны цеплаабменнік.Да арт.Геліяўстаноўка. Сценавая геліяцеплаакумулюючая сістэма для ацяплення памяшканняў: 1 — цеплаўспрымальны элемент (геліяабсорбер); 2 — цеплавы акумулятар; 3 — падлога/столь памяшкання; 4 — радыятар; 5 — прамежкавы цеплаабменнік: 6 — сцяна будынка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІБО́ЦКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУРА,
мануфактура кн. Радзівілаў, якая існавала ў в. Налібакі (1717—1866) і Янкавічы (шліфавальны цэх, да 1798) Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Створана на высокім тэхн. узроўні на ўзор Дрэздэнскай мануфактуры. Выпускала больш за 100 назваў высокамаст. вырабаў, у т. л. хрусталь, люстэркі, люстры для сцен і столі, жырандолі і падсвечнікі, посуд (шклянкі, чаркі, келіхі, бакалы, куляўкі, барылкі, бутэлькі-штофы і інш.), дробную пластыку, дзіцячыя цацкі, лямпы, гранёнае і аконнае шкло, тыглі для плаўкі шкла, а таксама шліфаваныя і гутныя аздобы для вырабаў Урэцкай шкляной мануфактуры («зоркі», «пірамідкі», «дубовае лісце», «лілеі», «званочкі» і інш.). Мела варачную печ, 2 печы для загартоўкі шкла, 2 люстэрні, 16 станкоў, паташню на 12 чанаў, кузню, ганчарню, сталярню, рысавальню, 2 шліфавальні; дзейнічаў вадзяны рухавік. У 1778 працавала больш за 100 рабочых. У 1866 выраблена 56 тыс. шклянак і штофаў. Вырабы стваралі з каляровага і бясколернага шкла, варылі рэдкае рубінавае шкло, якое афарбоўвалі калоідным золатам паводле ням. тэхналогіі 17 ст. Посуд аздаблялі гравіраваннем, шліфоўкай, контррэльефнай матавай разьбой, ніцямі рубінавага шкла, міжсценным залачэннем, размалёўкай золатам, серабром, плацінай, накладнымі (адлітымі па васковай мадэлі і разнымі) рэльефнымі медальёнамі-камеямі з партрэтнымі выявамі і інш. У гравіраваных шрыфтавых дэкорах трапляюцца жартоўныя надпісы-парады, пажаданні, вершы. Сярод выяўл. дэкораў сустракаюцца міфалагічныя і алегарычныя сюжэты, паляўнічыя сцэны, партрэты, гербы, арабескі, краявіды, выявы птушак, сабак; адлюстроўваліся самабытныя з’явы побыту, жартаў, забаў, сатыр. сцэны з заняткаў мясц. жыхароў і інш. Каляровы посуд ствараўся ў традыц. формах. Рысавальшчыкамі і гравіроўшчыкамі былі беларусы; замежныя (пераважна саксонскія) майстры займаліся тэхнал. працэсамі. Склаліся мясц. дынастыі майстроў шкляной справы: Адамовічы, Александровічы, Галубовічы, Дашкевічы, Дубіцкія, Залескія, Малішэўскія, Рымашэўскія, Санцэвічы, Сільвястровічы і інш. Традыцыі Н.ш.м. працягваюць сучасныя бел. мастакі па шкле.
Літ.:
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Яе ж Беларускае мастацкае шкло XIX—пачатак XX ст.Мн., 1984;
Яе ж. Гісторыя шкляной вясёлкі. Мн., 1986.
М.М.Яніцкая.
Да арт.Налібоцкая шкляная мануфактура. Шклянка і келіхі. 1760—75.