БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКАЕ ЗАДЗІНО́ЧАННЕ (БАЗА),

грамадская арг-цыя прадстаўнікоў бел. эміграцыі і творчай інтэлігенцыі ў ЗША. Засн. Ў 1949 па ініцыятыве М.​Гарошкі, Я.​Станкевіча, М.​Дарашэвіча, Я.​Ніхаёнка. Асн. мэта — прапаганда бел. культуры. Мае аддзелы ў некалькіх штатах ЗША. Арганізуе сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі. Выдае газ. «Беларус». Старшыня доктар А.​Шукелойць.

Да арт. Беларуска-амерыканскае задзіночанне. Традыцыйная (21-я) сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі. Таронта, 1994.

т. 2, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДАМС ((Adams) Сэмюэл) (27.9.1722, г. Бостан — 2.10.1803),

амерыканскі паліт. дзеяч, адзін з арганізатараў вызв. барацьбы ў час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Кіраваў рэв. арг-цыяй «Сыны свабоды». Заснаваў Карэспандэнцкі к-т у Бостане (1772), на ўзор якога ва ўсіх англ. калоніях былі створаны падобныя рэв. органы ўлады. Выступаў за прыняцце «Біля аб правах» і адмену рабства. У 1794—97 губернатар штата Масачусетс.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЭ́ЗІІ І НЬЯСАЛЕ́НДА ФЕДЭРА́ЦЫЯ (Federation of Rhodesia and Nyasalend),

адм.-паліт. ўтварэнне ў 1953—63, створана Вялікабрытаніяй у выніку аб’яднання яе афр. калоній: Радэзіі Паўднёвай, Радэзіі Паўночнай і Ньясаленда. Мела ўнутр. самакіраванне, але ўлада амаль цалкам належала еўрап. каланістам пераважна з Паўд. Радэзіі (каля 3% насельніцтва). Афр. насельніцтва выступала супраць федэрацыі, у выніку з яе выйшлі Ньясаленд (1962) і Паўн. Радэзія (1963). Фармальна скасавана 31.12.1963.

т. 13, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ЦАРКВА́ ЗА МЯЖО́Й,

хрысціянскія царкоўна-адм. структуры, якія аб’ядноўваюць беларусаў-вернікаў у замежжы. Прадстаўлена Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквой за мяжой, Беларускай праваслаўнай царквой Паўночнай Амерыкі, Беларускімі каталіцкімі місіямі за мяжой, 2 бел. цэрквамі каталіцка-уніяцкага кірунку (св. Пятра і Паўла ў Лондане і Хрыста Спаса ў Чыкага). З ёй цесна звязана дзейнасць Беларускіх рэлігійных арганізацый за мяжой.

Да арт. Беларуская царква за мяжой. Беларуская царква Хрыста Спаса ў г. Чыкага.

т. 2, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫЯ КАНГРЭ́СЫ,

сходы прадстаўнікоў 13 паўн.-амер. калоній Англіі, якія адбыліся 5.9—26.10.1774 (1-ы К.к.) і 10.5.1775—1789 (2-і К.к.) у г. Філадэльфія (у 1777—78 у г. Балтымар). 2-і К.к. фактычна ажыццяўляў функцыі заканад. і выканаўчай улады паўстаўшых калоній. Адыгралі значную ролю ва ўтварэнні дзяржавы ЗША. Больш падрабязна гл. ў арт. Вайна за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, Дэкларацыя незалежнасці 1776, Артыкулы канфедэрацыі.

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРВАЛА́НТ (ад франц. corps корпус, асобны атрад + volant лятучы),

вайсковае злучэнне, аснову якога складала конніца, а таксама пяхота і лёгкая артылерыя. Прызначаўся гал. чынам для дзеянняў у тыле праціўніка, перахопу яго камунікацый, удараў у флангі баявых парадкаў і для праследавання. Шырока выкарыстоўваўся ў войсках 18—19 ст. У Расіі створаны Пятром I у 1701. Паспяхова дзейнічаў у час Паўночнай вайны 1700—21, вызначыўся ў бітве пад Лясной 1708.

т. 8, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ДХА-БЕЙ (Prudhoe Bay),

буйное газанафтавае радовішча ў ЗША (штат Аляска). Размешчана ў зал. Прадха Бофарта м. Уваходзіць у Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1968, распрацоўваецца з 1977. Пачатковыя прамысл. запасы нафты з кандэнсатам 1,3 млрд. т, газу 730 млрд. м³. Пл. 607 км². 12 пакладаў у адкладах ад каменнавугальнага да палеагенавага ўзросту на глыб. 0,75—3,2 км. Нафта метана-нафтэнавая, шчыльн. 844—913 кг/м³. У газе 44% метану.

т. 12, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЫМГАНСА́Н (ад кар. кымган — алмаз + сан — гара),

Алмазныя горы, у паўночнай частцы Усх.-Карэйскіх гор, у КНДР. Даўж. каля 80 км. Выш. да 1638 м. Шэраг паралельных моцна расчлянёных ланцугоў. Каля 12 тыс. пікаў, іголак, слупоў і вежаў, лабірынтападобная сетка каньёнаў і вузкіх цяснін з рэкамі, сотні вадаспадаў. Складзены пераважна з гранітаў. Радовішчы руд вальфраму, малібдэну, нікелю, медзі, жалеза. На схілах дубовыя і мяшаныя лясы. Курорты. Турызм. Помнікі даўніны (25 будыйскіх манастыроў і інш.).

т. 9, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1702.

Праводзілася ў жн.кастр. 1702 казакамі і войскамі ВКЛ у час Паўночнай вайны 1700—21. 29 жн. Стары Быхаў, уладальнік якога К.​Сапега арыентаваўся на Станіслава Ляшчынскага і шведаў, быў абложаны казакамі гетмана М.​Міклашэўскага і войскам генерала артылерыі ВКЛ К.​Сяніцкага (Сініцкага-Бонча). Абаронай кіравалі М.​Більдзюкевіч і быхаўскі губернатар Я.​Дэро. 10 кастр. гарнізон здаўся на ганаровых умовах і прысягнуў Аўгусту II. Мяшчанам былі пакінуты ўсе вольнасці і прывілеі. Кіраванне Быхавам аддадзена Сяніцкаму.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДАМС ((Adams) Джон) (19.10.1735, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1826),

дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 член 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў. Удзельнічаў у падпісанні Версальскага мірнага дагавора 1783. Першы пасланнік ЗША у Англіі (1785—88), пазней адзін з лідэраў партыі федэралістаў. У 1789—97 — віцэ-прэзідэнт, у 1797—1801 прэзідэнт ЗША. У час прэзідэнцтва Адамсам прыняты ў 1798 законы «Аб іншаземцах» і «Аб натуралізацыі» — супраць рэв. эміграцыі з Еўропы.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)