бой паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбыўся 17.9.1794 каля в. Крупчыцы Кобрынскага пав. (цяпер Жабінкаўскі р-н). З абодвух бакоў удзельнічала каля 20 тыс.чал. Паўстанцы пад камандаваннем К.Серакоўскага дзякуючы выгаднай стратэгічнай пазіцыі з дапамогай артылерыі (28 гармат) паспяхова стрымлівалі атакі кавалерыі і пяхоты праціўніка. Аднак пасля абходнага манеўра А.В.Суворава і вываду ім часткі войска цераз р. Трасцяніца ў фланг абароны паўстанцаў апошнія пачалі адыходзіць у напрамку Брэста. У час бою абодва бакі страцілі каля 300 чал. забітымі і параненымі. 19 вер. каля в. Цярэспаль Брэсцкага пав.рас. войскі разбілі паўстанцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д ГАРАДЗЕ́НСКІ (?—1326),
ваенны і дзярж. дзеяч ВКЛ, гал. ваявода вял. князя Гедзіміна. У ням. хроніках наз. кашталянам або старастам Гродзенскага замка і зяцем Гедзіміна, у пскоўскім летапісе — князем. На думку В.М.Тацішчава, быў сынам пскоўскага кн.Даўмонта. Упершыню ўпамінаецца ў хроніцы П.Дусбурга ў 1314, калі паспяхова ўзначальваў абарону Новагародка супраць крыжакоў Тэўтонскага ордэна. У 1319 узначальваў паход войска ВКЛ у Прусію, у 1323 двойчы прыходзіў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з Даніяй і Лівонскім ордэнам, а таксама зрабіў паход у Добжынскую зямлю ў Польшчы, у 1324 — у Мазовію, у 1326 дапамагаў польскаму каралю Уладзіславу Лакетаку супраць маркграфства Брандэнбург (Германія). У апошнім паходзе па-здрадніцку забіты мазавецкім рыцарам, верагодна, падкупленым крыжакамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДАЎ (Дзяніс Васілевіч) (27.7.1784, Масква — 4.5.1839),
герой вайны 1812, ваен. пісьменнік і паэт, ген.-лейт. (1831). З 1801 на ваен. службе ў кавалерыі (з 1804 у гусарах). У час вайны 1812 камандаваў атрадам гусараў і казакоў, паспяхова дзейнічаў у тыле ворага. Удзельнік замежных паходаў 1813—14. З 1823 у адстаўцы. У 1826—1827 зноў служыў на Каўказе. Удзельнічаў у падаўленні паўстання 1830—31, у т. л. ў Беларусі. Аўтар ваен.-гіст. прац: «Дзённік партызанскіх дзеянняў 1812» (1860), «Вопыт тэорыі партызанскіх дзеянняў» (1821) і інш. Як паэт выступаў з 1803. Стварыў жанр «гусарскай лірыкі» (зб. «Вершы», 1832).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ III (17.10.1696, Дрэздэн — 5.10.1763),
кароль Рэчы Паспалітай [1733—63], курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст II; 1733—63). Сын Аўгуста II. Выхаваны пратэстантам, у 1712 перайшоў у каталіцтва. Узброеная інтэрвенцыя рас. і саксонскіх войскаў у час вайны за польскую спадчыну (1733—35) дапамагла яму перамагчы свайго канкурэнта Станіслава Ляшчынскага і замацавацца на польск. троне. Быў пасіўны ў міжнар. справах, не справіўся з безуладдзем унутры Рэчы Паспалітай (пры ім паспяхова завяршыў работу толькі сейм 1736, астатнія 13 былі сарваны). Армія скарацілася да 12 тыс.чал. На Беларусі ўзмацніўся ўціск праваслаўных і пратэстантаў і інш. Жыў болей у Саксоніі, чым у Варшаве; на палітыку Аўгуста моцна ўплываў яго фаварыт граф Г. фон Бруль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛ-ЛАНКА́СТЭРСКАЯ СІСТЭ́МАўзаемнага навучання,
сістэма навучання ў пач. школе, пры якой старэйшыя вучні, якія больш паспяхова займаліся, пад кіраўніцтвам настаўніка вялі заняткі з астатнімі навучэнцамі. Узнікла ў сувязі з неабходнасцю масавага навучання пісьменнасці. Прапанавана незалежна адзін ад аднаго англ. педагогамі Э.Белам (1791) і Дж.Ланкастэрам (1801). Спачатку ўжыта ў Індыі, потым у Вялікабрытаніі. У пач. 19 ст. шырока практыкавалася ў Францыі, Расіі, ЗША, Даніі і інш. краінах. У Расійскай імперыі ў 1817—19 школы ўзаемнага навучання ўзніклі ў некаторых вайск. часцях і ў маёнтках ліберальна настроеных памешчыкаў. Адной з першых такая школа адчынена для сялян у маёнтку графа М.П.Румянцава ў Гомелі. Супраць Бел-Ланкастэрскай сістэмы выступалі прыхільнікі навучання, якое садзейнічала развіццю асобы. У сярэдзіне 19 ст. Бел-Ланкастэрска сістэма страціла папулярнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ЗІ (Grisi),
італьянскія спявачкі, сёстры. Нарадзіліся ў Мілане.
Джулія (28.7.1811 — 29.11.1869), адна з буйнейшых спявачак 19 ст. Вучылася ў Дж.Паста і інш. У 1828—61 спявала на оперных сцэнах Італіі і інш. краін (з 1834 салістка «Тэатра Італьен» у Парыжы). Класічная прадстаўніца школы бельканта, выконвала сапранавыя і мецца-сапранавыя партыі. Для яе напісаны партыі Нарыны («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Джульеты і Эльвіры («Капулеці і Мантэкі», «Пурытане» В.Беліні). Оперы «Пурытане» і «Дон Паскуале» напісаны спец. для квартэта Грызі, Л.Лаблаш, Дж.Б.Рубіні, А.Тамбурыні, які паспяхова выступаў на працягу 25 гадоў.
Джудзіта (28.7.1805 — 1.5.1840), вучылася ў Міланскай кансерваторыі. У 1822—38 выступала на сцэнах многіх т-раў у партыях сапрана і мецца-сапрана: Норма («Норма» В.Беліні), Семіраміда, Дэздэмона («Семіраміда», «Атэла» Дж.Расіні). Для яе напісана партыя Рамэо («Капулеці і Мантэкі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСЕ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
тры вайны паміж Месеніяй і Спартай (Стараж. Грэцыя). У выніку 1-й М.в. (канец 8 ст. да н.э.), якую пачала Спарта з мэтай захопу ўрадлівых зямель, Месенія страціла б.ч. сваёй тэрыторыі. Жорсткае спартанскае панаванне падштурхнула месенцаў да паўстання, вядомага як 2-я М.в. (сярэдзіна 7 ст. да н.э.). Больш моцная ў ваен. адносінах Спарта зноў перамагла і захапіла ўсю Месенію; частка насельніцтва перасялілася на Сіцылію, а большасць ператворана ў бяспраўных ілотаў. 3-я М.в. (464—455 да н.э.) фактычна была паўстаннем ілотаў, якія выкарысталі разгубленасць у Спарце ў выніку землетрасення 464, і пачалі ваен. дзеянні. Месенцы замацаваліся на гары Ітома і, нягледзячы на падмогу спартанцам з боку грэч. полісаў, на працягу 10 гадоў паспяхова трымалі абарону. Спартанцы былі вымушаны даць свабодны выхад з Месеніі паўстанцам, якія пасяліліся ў г. Наўпакт (Ц. Грэцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ КАНСЕРВАТО́РЫЯ музыкі і дэкламацыі, вышэйшая музычная ўстанова Францыі. Створана ў 1793 у Парыжы як Нац.муз.ін-т у выніку зліцця Каралеўскай школы спеваў і дэкламацыі (засн. ў 1784) і муз. школы Нац. гвардыі (з 1792); з 1795 сучасная назва. Заснавальнік і першы кіраўнік Б.Сарэт. Пры П.к. адкрыты ў 1812 тэатр, у 1823 Пачатковая школа спеваў, у 1828 «Таварыства канцэртаў Парыжскай кансерваторыі» (дзейнічае).
Прымае навучэнцаў амаль без узроставых абмежаванняў. Студэнты, якія паспяхова закончылі курс кампазіцыі, адзначаюцца (з 1803) нац.дзярж. Рымскімі прэміямі. У 19—20 ст. П.к. ўзначальвалі кампазітары Л.Керубіні, Д.Ф.Абер. А.Тама, К.Дэльвенкур, М.Дзюпрэ, Р.Лушор і інш., сярод выкладчыкаў музыканты Ф.Паэр, Ж.Ф.Лесюэр, Ф.Галеві, Р.Крэйцэр, А.Адан, П.Дзюка, А.Карто, Д.Міё. Мае б-ку (засн. ў 1801), у якой адзін з найбольшых у Францыі збораў нот і кніг па музыцы, Музей муз. інструментаў (з 1861).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́ЎНАЯ РЭА́ЛЬНАСЦЬ,
сукупнасць незалежных ад чалавечай свядомасці аб’ектаў, сувязяў, адносін, узаемадзеянняў, працэсаў, аб’яднаных у нежывыя, жывыя і сац.-арганізаваныя сістэмы. Жывыя сістэмы ўключаюць усю сукупнасць арганізмаў, здольных да самаўзнаўлення на аснове генетычнай інфармацыі. Сац.-арганізаваныя сістэмы — гэта сукупнасць індывідуумаў і іх згуртаванняў, якія падтрымліваюць сваё існаванне праз пераўтварэнне навакольнай рэчаіснасці. У структуру такіх сістэм уваходзяць таксама створаныя чалавекам тэхн. сістэмы, з дапамогай якіх ён больш паспяхова асвойвае рэчаіснасць. Унутраная падпарадкаванасць і сістэмная арганізацыя, якімі валодае аб’ектыўная рэальнасць, законы яе эвалюцыі складаюць найважнейшы элемент даследаванняў. З улікам характару аспектаў аб’ектыўнай рэальнасці, якія даследуе тая ці інш. дысцыпліна, вылучаюць фіз. рэальнасць, біял. рэальнасць і г.д. і адпаведна карціну фіз. рэальнасці, карціну біял. рэальнасці і г.д. як найбольш буйныя блокі ведаў. Агульныя характарыстыкі аб’ектыўнай рэальнасці адлюстроўвае агульнанавук. карціна сусвету.
Літ.:
Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;
Пригожин И., Сонгере И. Порядок из хаоса: Новый диалог человека с природой. М., 1986;
Проблемы познания социальной реальности. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ЎЗБРО́ЕНАЕ ПАЎСТА́ННЕ Ў РУМЫ́НІІ 1944,
нацыянальнае антыфаш. паўстанне рум. народа, у ходзе якога скінута дыктатура І.Антанеску. Летам 1943 па ініцыятыве камуніст. партыі Румыніі (КПР) быў створаны патрыят. антыгітлераўскі фронт. Вясной 1944 дасягнута пагадненне пра адзінства дзеянняў камуністаў і сацыял-дэмакратаў; 20.7.1944 падпісаны дагавор пра стварэнне нац.-дэмакр. блока — часовай паліт. кааліцыі нац.-ліберальнай, нац.-царанісцкай, камуніст. і с.-д. партый з мэтай ліквідацыі існуючага рэжыму і выхаду Румыніі з блока фаш. дзяржаў, створаны Ваен.к-т. Кансалідацыя партый спрыяла прыцягненню да барацьбы значных паліт. сіл краіны: ствараліся патрыят. атрады, вялася адпаведная работа ў арміі. Вызваленчая барацьба актывізавалася пасля паспяхова праведзенай Чырв. Арміяй Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944. 23.8.1944 паўстанцы выступілі адкрыта. Кароль Міхай падтрымаў паўстанне і санкцыяніраваў арышт дыктатара Антанеску 24 жн. Румынія спыніла ваен. дзеянні супраць антыгітлераўскай кааліцыі, атрады паўстанцаў і армейскія часці распачалі ваен. дзеянні супраць ням. войск у Бухарэсце, у даліне Прахавы і інш. раёнах. З уступленнем у Бухарэст Чырв. Арміі (31 жн.) паўстанне канчаткова перамагло.