нямецкі дыпламат, падарожнік. У 1602—03 удзельнічаў у пасольстве імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Рудольфа II да перс. шаха Абаса I (сакратар, пасля пасол). Аўтар дарожных нататкаў пра пасольства, якое рухалася з Чэхіі праз Польшчу, Беларусь і Маскоўскую дзяржаву. Даў звесткі пра Гродна, Вільню, Мінск, Оршу.
Тв.:
Рус.пер. — Путешествие в Персию через Московию 1602—1603 гг. (разам з С.Какашам) // Чтения в О-ве истории и древностей российских. 1896. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРЫ́НСКІ Хрыстафор (?, Навагрудак — 1665),
дзярж. дзеяч ВКЛ. Сын новагародскага земскага суддзі. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме (1637), Падуанскім ун-це (1641). З 1654 ротмістр кавалерыі ВКЛ, у 1654—62 пісар ВКЛ, з 1658 падкаморы новагародскі. Неаднаразова выбіраўся паслом на соймы ад шляхты Новагародскага ваяв. Быў сакратаром пасольства П.К.Абуховіча ў Маскве. Удзельнік падрыхтоўкі мірнага дагавору Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1659, 1660). Як пасол сойма ад Старадубскага пав. ўдзельнічаў у размежаванні Інфлянтаў і Курляндыі. Валодаў маёнткамі Бярдова і Ятра (Новагародскае ваяв.), вёскамі ў Смаленскім ваяв.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕТАНЬЯ́ХУ Беньямін (дакладней Нетаніягу Біньямін; н. 21.10.1959, Ізраіль),
палітычны і дзярж. дзеяч Ізраіля. Скончыў Масачусецкі тэхнал.ін-т (ЗША). Служыў у падраздзяленні асобага прызначэння ізраільскай арміі, займаў адказныя пасады ў прыватных фірмах. Чл. партыі Херут (Свабоды). З 1982 1-ы сакратар пасольства Ізраіля пры ААН, з 1984 пастаянны прадстаўнік Ізраіля пры ААН. У 1988—91 нам. міністра замежных спраў Ізраіля, у 1991—92 міністр канцылярыі ізраільскага прэм’ер-міністра. У 1996—99 прэм’ер-міністр Ізраіля. Прыхільнік жорсткага курсу на перагаворах з араб. краінамі па ўрэгуляванні Блізкаўсходняга канфлікту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫЯ́Т (у хрышчэнні Міхаіл; каля 1306 — паміж 1358 і 1366),
князь у ВКЛ. Сын вял.кн.ВКЛГедзіміна і княгіні Еўны, дачкі полацкага кн. Івана Усеваладавіча. Ад бацькі атрымаў г. Новагародак і Новагародскую зямлю. У прыпісцы 1329 у Лаўрышаўскім евангеллі названы вял. князем. У 1345 прысягнуў Альгерду як вял. князю ВКЛ. У 1349 пасланы ў Арду з мэтай арганізаваць кааліцыю супраць Маскоўскага княства. Пасольства было няўдалым, К. быў выдадзены вял. князю маскоўскаму, у 1350 адпушчаны на радзіму. Пры К. ў г. Новагародак актыўна вялося буд-ва, горад стаў цэнтрам правасл. Літоўскай мітраполіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПЕ́Т Іван Паўлавіч (сапр.Пятроў Іван Мікалаевіч; 1845—25.12.1908),
рускі архітэктар; заснавальнік аднаго з кірункаў псеўдарускага стылю. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1893). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1861—71) у А.М.Гарнастаева. У пабудовах і праектах (у т. л. эскізах убрання інтэр’ераў і прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва) шырока выкарыстоўваў дэкар. матывы рус. архітэктуры 17 ст. і нар. мастацтва: «Церамок» у сядзібе Абрамцава (Маскоўская вобл.; 1873), рус. павільёны на выстаўках у Парыжы (1878) і Чыкага (1893), будынак рус.пасольства ў Токіо (1890-я г., з В.Харламавым) і інш.
І.Рапет. «Церамок» у сядзібе Абрамцава пад Масквой. 1873.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЦКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства ў складзе ВКЛ на р. Бярэзіна ў 14 ст. Цэнтр — в.Свіслач (цяпер Асіповіцкі р-н Магілёўскай вобл.). Адзіны вядомы князь Сямён Свіслацкі ўпамінаецца ў летапісах пад 1349, калі быў пасланы вял.кн. Альгердам разам з князямі Міхаілам, Карыятам і Айкшой у пасольства да татар. Некат. гісторыкі атаясамлівалі Сямёна Свіслацкага з Сямёнам, сынам вял.кн. Яўнута (гл. ў арт.Заслаўскія) або з Сямёнам Ямантовічам (гл. ў арт.Ямантовічы). У 1387 вял.кн. Ягайла перадаў Свіслацкую воласць разам з іншымі землямі ў пажыццёвае ўладанне Скіргайлу. Пасля Свіслач — дзярж. ўладанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВІ́Н Фёдар Аляксеевіч (1650—10.8.1706),
расійскі дзярж. і ваен. дзеяч, дыпламат. Адмірал (1699), ген.-фельдмаршал (1700). Граф (1701). Паплечнік Пятра I. З дваранскага роду Галавіных. Склаў і падпісаў з Кітаем Нерчынскі дагавор 1689. Удзельнічаў у Азоўскіх паходах Пятра I (1695—96), камандаваў эскадрай (1695). З 1697 узначальваў Зброевую, Залатую і Сярэбраную палаты. Быў 2-м паслом Вялікага пасольства (1697—98) у краіны Зах. Еўропы. У 1698—99 узначальваў Ваенна-Марскі прыказ і Манетны двор, з 1700 — Пасольскі прыказ. Стварыў сістэму пастаянных рас. прадстаўніцтваў за мяжой. З 1701 кіраваў маскоўскай Навігацкай школай. Аўтар твора «Глобус нябесны» (выдадзены ў Амстэрдаме ў 1715).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМБО́ЎСКІ (Dembowski) Ян (26.12.1889, С.-Пецярбург — 22.9.1963),
польскі заолаг, грамадскі і дзярж. дзеяч. Акад. Польскай АН (1951). Замежны чл.АНСССР (з 1958). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1912). З 1922 працаваў у Ін-це імя М.Ненцкага ў Варшаве (з 1933 дырэктар), у 1934—39 у Віленскім ун-це. У 1944—47 аташэ пасольства ПНР у Маскве і адначасова супрацоўнік Ін-та эксперым. біялогіі АМНСССР. З 1947 праф. Лодзінскага ун-та, у 1951—56 прэзідэнт Польскай АН, у 1952—60 дырэктар Ін-та эксперым. біялогіі. Навук. працы па эталогіі і зоапсіхалогіі розных груп жывёл. Вывучаў рытм дзялення і трапізм у інфузорый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНКЕ́ВІЧ Аляксандр Андрэевіч (у манастве Анатолій; 1821—6.5.1903),
праваслаўны царк. дзеяч Беларусі, гісторык, публіцыст. Канд. багаслоўя (1853). З сям’і святара Мінскай епархіі. Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю (1843), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1853). У 1844 пасвячоны ў святара, у 1848 прыняў манаства. З 1853 інспектар Мінскай духоўнай семінарыі, у 1860—68 рэктар Полацкай духоўнай семінарыі. У 1879 настаяцель царквы рас.пасольства ў Грэцыі. З 1886 епіскап балцкі. Друкаваў свае гіст.-публіцыст. і багаслоўскія працы ў літоўскіх, мінскіх і гродзенскіх «Епархиальных ведомостях». У 1886 падараваў Пецярбургскай духоўнай акадэміі 2 пергаментныя эфіопскія рукапісы, якія былі апісаны ў час. «Христианское чтение» (1887, №5—6).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЖАН ЦЯНЬ (? — каля 103 да н.э.),
кітайскі дыпламат і падарожнік. У 138 да н.э. накіраваны імператарам У Дзі з місіяй на З (у Согд) для заключэння саюза з плямёнамі юэчжаў супраць цюркамоўных качэўнікаў хуну, якія пагражалі Кітаю. Па дарозе схоплены хуну; пасля 10 гадоў палону ўцёк, акрамя юэчжаў наведаў дзяржавы Давань (Фергана) і Канцзюй (Харэзм) і ў 126 да н.э. вярнуўся ў Кітай. У 115 да н.э. ўзначаліў пасольства ў Сямірэчча, каб схіліць правіцеля племя усунь да саюза з Кітаем. Падарожжы Ч.Ц. апрача паліт. вынікаў (стварэнне кааліцыі супраць хуну) пашырылі ўяўленні кітайцаў аб навакольным свеце, спрыялі наладжванню паліт., эканам. і культ. сувязей з народамі Сярэдняй Азіі.