першая пара рухомых членістых прыдаткаў галавы ў ракападобных. Зыходна простыя, у некаторых вышэйшых другасна разгалінаваныя на 2—3. Звычайна з’яўляюцца органамі дотыку і хемарэцэпцыі; у некаторых ніжэйшых ракаў ператвораны ў прыстасаванні для плавання (весланогія) або прымацавання да субстрату (вусаногія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБАНО́ГІЯ (Chilopoda),
клас членістаногіх надклас мнаганожак (паводле некаторых вучоных — падклас). 4 атр.: касцянкі, скалапендравыя, геафілы (Geophilomorpha, або Geophilida), скутыгеры, або мухалоўкі (Scutigeromorpha, або Scutigerida). Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва ў тропіках і субтропіках. Жывуць у глебе, лясным подсціле, пад камянямі. Актыўныя ўначы, удзень хаваюцца. На Беларусі найб. вядомыя прадстаўнікі з атр. касцянак.
Цела (даўж. ад некалькіх міліметраў да 30 см) пляскатае, падзелена на галаву і сегментаванае (ад 19 да некалькіх дзесяткаў членікаў) тулава. На галаве пара вусікаў і 3 пары сківіц, па баках вял. колькасць простых вочак (у некат. вочак няма). На кожным сегменце па адной пары канечнасцей. Першая пара — нагасківіцы з ядавітымі залозамі, сакрэт якіх дапамагае забіваць здабычу і абараняцца ад ворагаў. Раздзельнаполыя. Драпежнікі: кормяцца беспазваночнымі, зрэдку дробнымі пазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,
від ацяплення, пры якім асн. колькасць цяпла ў памяшканне перадаецца выпрамяненнем. Ацяпляльныя прылады размяшчаюць у сценах, пад столлю або ў перакрыццях. Цепланосьбітам служаць гарачая вада, радзей пара ці нагрэтае паветра. Выкарыстоўваюцца таксама інфрачырвоныя газавыя ці эл. выпрамяняльнікі. Часам да П.а. адносяць панэльнае ацяпленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1661 Адбылося 11.2.1661 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. 3.9.1654 Магілёў перайшоў без бою на бок маскоўскага войска. Хутка паміж магістратам і рас. вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці. Выбухнуў канфлікт і паміж бел. праваслаўным духавенствам і маскоўскай іерархіяй. Паўстанне пачалося раней запланаванага тэрміну з-за рабаўніцтва і знявагі на рынку маскоўскімі ратнікамі магілёўскіх гандлярак. Пад умоўны вокліч «Пара! Пара!» бурмістр Язэп Левановіч, узброены катаўскім мячом, кінуўся секчы крыўдзіцеляў; зазваніў ратушны звон. На дапамогу мяшчанам прыйшлі выпушчаныя імі ваеннапалонныя. Маскоўскі гарнізон (ад 2 тыс. да 7 тыс.чал. паводле розных крыніц) амаль цалкам быў вынішчаны, ваявода С.С.Гарчакоў трапіў у палон. Найб. актыўныя ўдзельнікі паўстання атрымалі шляхецтва. Магілёву вернута магдэбургскае права, ён быў ураўнаваны ў правах з Вільняй, яму нададзены новы гар. герб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАСТАБІ́ЛЬНЫ СТАН (ад мета... +лац. stabilis устойлівы),
адносна ўстойлівы стан сістэмы, з якога яна можа перайсці ў больш устойлівы стан (напр., асн.) пад уздзеяннем знешніх узбурэнняў ці самаадвольна. 1) М.с. тэрмадынамічных сістэм — стан няўстойлівай раўнавагі (гл.Раўнавага тэрмадынамічная). Існаванне М.с. абумоўлена асаблівасцямі кінетыкі фазавых пераходаў. У такім стане знаходзяцца, напр., перагрэтая вадкасць — вадкасць, т-ра якой большая за т-ру кіпення пры дадзеным ціску; перахалоджаная (перасычаная) пара — пара, т-ра якой ніжэйшая за т-ру кандэнсацыі пры дадзеным ціску; перанасычаны раствор — раствор, канцэнтрацыя якога перавышае канцэнтрацыю насычанага раствору пры дадзенай т-ры.
2) М.с. квантавых сістэм — узбуджаны энергетычны стан атамнай сістэмы (атама, малекулы, атамнага ядра), у якім яна можа існаваць адносна працяглы час. Пераходы з такіх станаў у станы з меншай энергіяй, якія суправаджаюцца выпрамяненнем фатонаў, забаронены адбору правіламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЕ НАСЫЧЭ́ННЕ,
стан пара- ці ферамагнетыка, пры якім яго намагнічанасць дасягае найб. значэння і больш не змяняецца пры павелічэнні напружанасці знешняга (намагнічвальнага) магн. поля. Абмяжоўвае рабочыя магнітныя патокі і выклікае нелінейнасць характарыстык, якія вызначаюць работу розных прылад і прыстасаванняў з магн. ланцугамі (напр., эл. машын, трансфарматараў, электрамагнітаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАБІЯСФЕ́РА (ад пара... + біясфера),
слаі атмасферы паміж 6—7-м і 60—80-м км над паверхняй Зямлі, куды жывыя арганізмы трапляюць выпадкова і могуць часова існаваць, але не ў стане нармальна жыць і размнажацца; верхні аналаг гіпабіясферы. Да П. адносяць таксама населеныя касм. апараты, якія знаходзяцца на арбітах над Зямлёй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНЫЯ З’Я́ВЫ,
спецыфічныя з’явы, што назіраюцца паблізу крытычных пунктаў і пунктаў фазавых пераходаў 2-га роду.
Да К.з. адносяць: рост сціскальнасці рэчыва ў наваколлі крытычнага пункта раўнавагі вадкасць—пара; узрастанне магн. успрыімлівасці і дыэл. пранікальнасці паблізу Кюры пунктаў ферамагнетыкаў і сегнетаэлектрыкаў; анамалія цеплаёмістасці ў пункце пераходу гелію ў звышцякучы стан (гл.Звышцякучасць); запавольванне ўзаемнай дыфузіі расслоеных вадкіх сумесяў; анамаліі распаўсюджвання ультрагуку, рассейванні святла і інш. У больш вузкім сэнсе К.з. наз. з’явы якія вынікаюць з росту флуктуацый шчыльнасці, канцэнтрацыі і інш.фіз. велічынь у наваколлі пунктаў фазавых пераходаў, напр., у крытычным пункце раўнавагі вадкасць—пара шчыльнасць рэчыва значна мяняецца ад аднаго пункта да другога. Памеры такіх флуктуацый параўнальныя з даўжынёй хвалі святла, у выніку чаго рэчыва становіцца непразрыстым і набывае апалавую (малочна-мутную) афарбоўку (крытычная апалесцэнцыя).
П.А.Пупкевіч.
Да арт.Крытычныя з’явы. Дыяграмы накіраванасці рассеяння святла: а — на незалежных флуктуацыях шчыльнасці вадкасці; б — пры крытычнай тэмпературы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЭ́ЛЬНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,
від цэнтральнага ацяплення, пры якім цяпло ў памяшканне перадаецца ад нагрэтых паверхняў ацяпляльных панэлей, размешчаных у сценах, перагародках, часам у падлозе. Унутры бетонных панэлей размяшчаюць стальныя трубы ці чыгунныя ўкладышы, па якіх цыркулюе гарачая вада, пара або (радзей) паветра. Існуюць таксама панэлі з электранагравальнымі элементамі. Вызначаецца высокімі сан.-гігіенічнымі якасцямі. Выкарыстоўваецца ў грамадскіх, прамысл. і жылых памяшканнях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РА СІЛ,
дзве роўныя па модулі і процілеглы па напрамку паралельныя сілы, прыкладзеныя да аднаго цела. Утварае вярчальнае дзеянне, якое характарызуецца момантам П.с. (гл.Момант сілы), і не мае раўнадзейнай. Адлегласць паміж лініямі дзеяння сіл наз. плячом сілы. Сістэма П.с., прыкладзеных да аднаго цела, мех. эквівалентная адной П.с., момант якой роўны геам. суме момантаў гэтых сіл.