бел. традыцыйны мучны выраб. Пшанічную муку (вышэйшых гатункаў) замешваюць на заквасцы, разведзенай малаком, сыраквашай, сыроваткай. У цеста дадаюць яйкі, масла, соду або дрожджы. Пякуць на змазанай тлушчам патэльні ў гарачым духу печы. Гатовыя аладкі мажуць маслам, мачаюць у тук, смятану ці варэнне, даўней палівалі цёртым макам (найчасцей на Каляды). Пашыраны па ўсёй тэр. Беларусі. На Палессі аладкамі наз. бліны з таркаванай бульбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́НЗА (рум. brînzǎ),
расольны сыр з авечага малака або сумесі авечага з казіным. На Беларусі брынза — нарыхтаваны ў запас тварог. У пост, калі малочныя прадукты не спажываліся, добра адціснуты тварог або сыр перамешвалі з соллю (у халодную пару года без солі), складалі ў дзежкі, залівалі або закладалі сметанковым маслам, захоўвалі ў халодным месцы. Была найб. пашырана ў Цэнтр. і Усх.Палессі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛО́МЛЯ,
традыцыйная бел. рыбалоўная прылада. Мае выгляд трохграннай прызмы, абцягнутай сеткай (апрача адной грані). Рабілі яе на драўляным каркасе ці з прутоў. Рыбу лавілі ўдваіх уброд: тапілі К. ў вадзе, заганялі рыбу ў яе, падцягваючы К. да берага і боўтаючы нагамі. К. была пашырана на Палессі, Гродзеншчыне.
І.М.Браім.
Рыбакі з кломляй. Былая вёска Лучынка Слуцкага павета Мінскай губ.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛІЎКА,
у беларусаў даўняя страва. Спачатку варылі мяса з прыправамі, у посныя дні — грыбы, рыбу. Потым невял. колькасць мукі разводзілі вадой і залівалі ў гаршчок (часам закалочвалі сухую муку), потым далівалі хлебны квас або сыроватку, бурачны расол. У некат. раёнах дадавалі хлебную рошчыну, гатавалі і са свіной крыві. На Магілёўшчыне, у Зах. і Цэнтр.Палессі П. — старая назва заціркі, калатушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ДРЫЧ, Ведрач,
рака ў Беларусі, у Калінкавіцкім і Рэчыцкім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток Дняпра. Даўж. 68 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца за 2 км на ПдЗ ад в. Уюнішчы Калінкавіцкага р-на. Асн. прытокі: канава Рэбуска (справа), рэкі Днепрык, Дзяражня (злева). Цячэ па Гомельскім Палессі.
Даліна невыразная, шыр. 0,6—0,8 км. Пойма шыр. 0,3—0,5 км, сухая, лугавая. Ад вытоку 49 км рэчышча каналізаванае. У пойме меліярац. каналы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАБ’ЁЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 10.1.1942, в. Люшнева Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. дзеяч самадзейнага мастацтва, балетмайстар. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Нар.арт. Беларусі (1987). Працаваў у розных творчых калектывах. З 1967 кіраўнік Брэсцкага нар. ансамбля танца «Радасць». Ажыццявіў шэраг харэаграфічных пастановак з выкарыстаннем бел.танц. фальклору («Палескае вяселле», «Радасць працы», «Свята на Палессі», «Дажынкі», «Валёнкі», «Сувенір» і інш.), падрыхтаваў больш за 20 канцэртных праграм. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́НДРЫ (ісланд. адз. л. sandr ад sand пясок),
раўнінныя паверхні паблізу ўскраін стараж. і сучасных ледавікоў, складзеныя перамытым і пераадкладзеным матэрыялам марэны (пераважна пяском). Шырока развіты ў абласцях плейстацэнавага зледзянення. Утвараюцца пры зліцці краявых частак плоскіх конусаў вынасу падледавіковых патокаў. Незамацаваныя расліннасцю зандравыя пяскі нярэдка перавеяны ў дзюны. На тэр. Беларусі займаюць вял. плошчы на Палессі, у вярхоўях рэк Бярэзіна, Вілія і інш. У далінах горных ледавіковых рэк часта ўтвараюцца зандравыя тэрасы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗА́ЯЦ»,
«Заёнец», бел.нар. танец. Муз. памер . Тэмп жвавы. Бытуе пераважна на Бел.Палессі. Паводле запісаў М.Федароўскага, на Гродзеншчыне «З.» танцавалі ўдваіх. Танцоры спрытна перабіралі нагамі над пакладзенымі накрыж паленамі, стараючыся не зачапіць іх. Танец суправаджаўся прыпеўкамі. На Гомельшчыне ў падобных варыянтах «З.» чаргуюцца павольныя і хуткія часткі ў суправаджэнні прыпевак. Часта танец выконвае адзін чалавек.
Літ.:
Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 69.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРЫ́ТА,
рака ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., левы прыток р. Рыта (бас.р.Зах. Буг). Даўж. 30,5 км. Пл. вадазбору 602 км². Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Арэхава, з’яўляецца працягам канала Сярэдні Роў (раней выцякала з Арэхаўскага воз., у выніку меліярац. работ выток ракі засыпаны). Цячэ па Брэсцкім Палессі. Даліна невыразная. Пойма двухбаковая. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Рака прымае сцёк з меліярац. каналаў. На рацэ — г. Маларыта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЯ́НКА,
1) лёгкі адна- або двухвёславы човен. Аснова — драўляны каркас, абцягнуты спец. апрацаванай бяростай. Здаўна бытавалі на Палессі, а таксама ў народаў Амурскага басейна (нанайцаў, ульчаў, эвенкаў).
2) Невялікая бочачка з вечкам для захоўвання мёду, круп, прыпраў і інш. прадуктаў у беларусаў. Рабілі з берасцянага скрутка, канцы якога замацоўвалі фігурным злучэннем у «замок». Сценкі берасцянкі аздаблялі ціснёным узорам у выглядзе сеткі ці хваёвых лапак; трубачкай ці цвіком наносілі ланцужкі ўзораў з кружочкаў і кропак. У наш час выйшлі з ужытку.