комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, аднаўленні і рацыянальным выкарыстанні лясоў; састаўная ч.аховы прыроды. Прадугледжвае заканадаўча абумоўлены рэгламент высечак лясоў розных катэгорый, аднаўленне лясоў, іх ахову ад пажараў, хвароб і шкоднікаў шляхам уключэння адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання. На Беларусі ахова лясоў рэгулюецца нормамі ляснога заканадаўства, а таксама адпаведнымі палажэннямі агульнага прыродаахоўнага зямельнага, воднага і інш. раздзелаў заканадаўства. Дзярж. Ахову лясоў і агульны кантроль за ёю ажыццяўляюць Мін-ва лясной гаспадаркі і Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь з залучэннем грамадскасці. Ахова і абарона лясной расліннасці, якая не ўваходзіць у дзярж.лясны фонд, ускладаецца на землекарыстальнікаў. У мэтах аховы і рацыянальнага выкарыстання лясных рэсурсаў лясны фонд рэспублікі падзелены на 2 групы, для кожнай з якіх устаноўлены адпаведны рэжым карыстання. У адпаведнасці з пастановамі ўрада на тэр. Беларусі ў лясах 1-й і 2-й груп могуць быць вылучаны асобныя ўчасткі з гранічна абмежаваным рэжымам лесакарыстання. Ахова лясоў як экасістэмы ажыццяўляецца таксама ў запаведніках, нацыянальных парках, комплексных ландшафтных, спецыялізаваных біялагічных лясных і інш. заказніках, таксама як помнікаў прыроды рэсп. значэння (гл.Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты).
Літ.:
Основы природопользования. Мн., 1980;
Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р АЎГУСЦІ́НЦАЎ.
Існаваў з пач. 15 ст. да 1830 у Брэсце. Засн. каля 1410 вял.кн.ВКЛ Вітаўтам, які даў кляштару 2 карчмы ў Брэсце, загадаў выплачваць манахам па 4 грошы з мыта, па дзесяціне ад брэсцкіх мяшчан і з в. Бучэмля і Трасцяніца. Асн. даход аўгусцінцы атрымлівалі ад в. Кастамлоты, якая належала ім да 1795. Кляштар меў таксама 2 юрыдыкі ў Брэсце, на яго карысць рабіліся грашовыя запісы, і ён лічыўся самым багатым сярод аўгусцінскіх кляштараў ВКЛ. У 17—18 ст. у ім жыло каля 20 манахаў, адбываліся ордэнскія капітулы, дзейнічалі школы філасофіі і тэалогіі, існавала б-ка (у 1818 у ёй былі 322 кнігі). Іх кляштар і першы драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы размяшчаліся ў прадмесці паміж рэкамі Мухавец і Укрынка (згарэлі ў 1666). Для новай пабудовы ў 1672 брастчане ахвяравалі ім пляцы і дамы на рынку. Мураваны касцёл асвячоны біскупам у 1686. У пач. 18 ст. ён зруйнаваны, каля 1714 адноўлены, пасля пажараў 1801 і 1808 капітальна адбудаваны. У 1830 кляштар скасаваны, будынкі перададзены ваен. ведамству (размяшчаўся к-т крапасных інжынераў). Касцёл перабудаваны пад Мікалаеўскую царкву (захаваўся часткова).
Літ.:
Godzawa M. Augustjanie w Brześciu Litewskim: (Notatka historyczna) // Rocznik Towarzystwa przyjaciół nauk w Wilnie, 1909. Wilno, 1910. Т. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ помнік архітэктуры барока ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл.Засн. ў 1624 віленскім ваяводам К.Хадкевічам, які даў дамініканцам дом, пляц, пабудаваў драўляны касцёл св. Яцака (згарэў у 2-й пал. 17 ст.). Каля 1724 на яго месцы пабудаваны новы, мураваны касцёл (у аб’ём усх. нефа ўключана частка драўлянага касцёла, захаваны дэкор інтэр’ера). Пашкоджаны ў час пажараў 1751 і 1831. У 1829 побач з касцёлам узведзена 2-ярусная мураваная званіца (не захавалася). Існавалі таксама П-падобны ў плане будынак кляштара і гасп. пабудовы. Комплекс быў абнесены мураванай агароджай. У 1794—1834 пры кляштары дзейнічала дамініканская школа. У 1853 кляштар скасаваны. У 1850-я г. ў выніку перабудовы касцёл набыў элементы класіцызму.
Трохнефавая базіліка з плоскім гал. фасадам, вузкім нартэксам і паўцыркульнай апсідай, да якой з паўн. боку далучана сакрысція. Гал. фасад падзелены развітым карнізам на 2 ярусы і завершаны трохвугольным франтонам з вежачкай над ім. Тарцы дахаў бакавых нефаў закрыты ступеньчатымі атыкамі. Сцены аздоблены пілястрамі. Аконныя праёмы з лучковымі і арачнымі завяршэннямі. Надмагільныя пліты-эпітафіі 18 ст. са сцен пакладзены ў падлогу. У 1898 у касцёле нелегальна ўстаноўлена мемар. дошка ў гонар А.Міцкевіча. Будынкі кляштара і школы не захаваліся.
Т.В.Габрусь, С.П.Адамовіч, А.А.Ярашэвіч.
Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў. Інтэр’ер касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1943,
паўстанне вязняў Варшаўскага гета супраць ням.-фаш.акупац. улад у крас. — ліп. 1943 у 2-ю сусв. вайну. Пачалося 19 крас. па ініцыятыве падп. Яўрэйскага нац.к-та, Яўр. баявой арг-цыі і Яўр.вайск. саюза ў адказ на спробу фашыстаў вывезці насельніцтва гета ў лагеры знішчэння. На 1-м этапе (да 23 крас.) каля 3 тыс. паўстанцаў (узначальваў М.Анялевіч), узброеных самаробнай і перададзенай польск. падп. арг-цыямі зброяй, вялі ўпартыя вулічныя баі з намнога большымі сіламі ням. паліцыі і СС, якія адразу пасля ўварвання ў гета падпалілі яго. 24 крас. — 9 мая паўстанцы праводзілі асобныя баявыя аперацыі. Пасля 10 мая асобныя дробныя групы абараняліся ў руінах спаленых дамоў, у скляпах і каналах. Паўстанцаў падтрымлівалі і пастаўлялі ім зброю групы Арміі Краёвай, Гвардыі Людовай, Нар. міліцыі і Баявой сацыяліст. арг-цыі, дзякуючы якім на заключным этапе ўзбр. выступлення з гета выведзены некалькі ўцалелых груп. Паводле ням. даных, у баях загінулі каля 7 тыс. паўстанцаў, каля 6 тыс. згарэлі ў час пажараў і загінулі пад руінамі дамоў, больш за 50 тыс. вывезены і знішчаны ў канцлагеры Трэблінка. Пасля задушэння паўстання (сярэдзіна ліп.) раён гета знішчаны. На месцы гета помнік Героям гета (скульптар Н.Рапапорт, арх. Л.М.Сузін).
Літ.:
Mark B. Powstanie w getcie warszawskim. Warszawa, 1963;
Gutman I. Żydzi warszawscy, 1939—1943. Warszawa, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІСНА́,
горад у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дзісна, пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. За 45 км ад г. Міёры, 12 км ад чыг. ст. Боркавічы на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія). Аўтадарогамі злучана з Полацкам, Глыбокім, Міёрамі. 2,7 тыс.ж. (1995).
У 10—11 ст. полацкія крывічы заснавалі тут невял. крэпасць — Капец-гарадок, тэр. вакол яго заселена да 13 ст. З 1301 Дз. ў ВКЛ. З 14 ст. згадваецца Дзісенскі замак. З 1563 сяло. У 1567 атрымала герб, у 1569 новы герб (у блакітным полі ладдзя з разгорнутым ветразем) і стала горадам. У 16—17 ст. пабудаваны правасл. Уваскрасенская (гл.Дзісенскі Уваскрасенскі манастыр), Узвіжанская, Спаса-Праабражэнская і уніяцкая Міхайлаўская цэрквы, парафіяльны касцёл, францысканскі кляштар. У 17 ст. цэнтр староства. Вял. страты нанесены Дз. ў часы Лівонскай вайны 1558—89, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21, пажараў і эпідэмій. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр Дзісенскага павета Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1897 у Дз. 6,7 тыс.ж. З 1922 у Дзісенскім пав. Віленскага ваяв. Польшчы. 6073 ж. (1939). З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Дзісенскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 5.7.1941 да 4.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 4584 чал., у горадзе стварылі лагер смерці. З 1959 Дз. ў Міёрскім р-не. 2,5 тыс.ж. (1959).
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Помнік архітэктуры — царква Адзігітрыі (19 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНА́Я ГАСПАДА́РКА,
галіна нар. гаспадаркі, якая займаецца зберажэннем, выкарыстаннем і аднаўленнем лесу. Прадугледжвае ўлік (гл.Лясны кадастр), лесаўпарадкаванне, своечасовае аднаўленне лесу і лесаразвядзенне (гл.Лясныя культуры), ахову лясоў ад пажараў, шкоднікаў і хвароб, найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў і зямель ляснога фонду, усебаковае выкарыстанне вода-, глеба- і полеахоўных, сан.-гігіенічных і інш. функцый лесу. Асн. палажэнні вядзення Л.г. і лесакарыстання закладзены ў Лясным кодэксе Рэспублікі Беларусь, а юрыд. нормы лясных адносін, зберажэння і аховы лесу — ў лясным заканадаўстве. Л.г. стварае базу для развіцця лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Асн. работы лесагаспадарчай вытв-сці: высечкі догляду лесу, сяўба і пасадка лесу, догляд лясных культур, асушэнне лясных зямель, збор насення, вырошчванне лесапасадачнага матэрыялу і інш. Л.г. займаецца прамысл. вытв-сцю (перапрацоўка дробнатаварнай, нізкасартавой драўніны і адходаў Л.г.), а таксама зборам дзікарослых пладоў, ягад, грыбоў, лек. і тэхн. сыравіны. На Беларусі землі ляснога фонду займаюць 9,2 млн.га, або 44,3% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,4 млн.га (35,4%). Асн. дрэвавыя пароды: хвойныя (хвоя, елка) — 65%, цвердалістыя (граб, дуб, ясень, клён) — 4% і мяккалістыя (бяроза, асіна, вольха і інш.) — 31%. Агульны запас драўніны на корані складае 1,1 млрд.м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн.м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 75 млн.м³. Кіруе Л.г. Міністэрства лясной гаспадаркі, якому падпарадкавана 74% зямель ляснога фонду. Астатнія замацаваны за с.-г. прадпрыемствамі і інш. карыстальнікамі. Асн.адм.-гасп. адзінка — лясгас (у 1998 было 88 лясгасаў). Выконваюць усе лесагасп. работы і ажыццяўляюць кантроль за выкарыстаннем лесасыравінных рэсурсаў лясніцтвы. Штогод высечка лесу праводзіцца на пл. 26 тыс.га. Значная ч. драўніны ідзе на перапрацоўку. У 1997 нарыхтавана 11,6 млн.м³ драўніны. Экспартуецца дробнатаварная драўніна (дыяметрам 6—13 см): балансы для цэлюлознапапяровай прам-сці, руднічная стойка для шахтаў. Доля экспарту піламатэрыялаў у 1997 склала 38%, або 115,7 тыс.м³.
За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўлення павялічылася з 21% да 36%. На 1 жыхара рэспублікі прыпадае 0,73 га і 108 м³ лесу, што ў 2 разы вышэй за сярэднееўрап. ўзровень. Спецыфічнымі асаблівасцямі лясоў Беларусі з’яўляюцца: перавага маладых і сярэднеўзроставых насаджэнняў (81%), забалочанасць (15%) і радыеактыўнае забруджванне (23,3%). На землях, забруджаных радыенуклідамі, агульнай пл. 1723,3 тыс.га (на 1.1.1998) штогод праводзіцца лесааднаўленне і залясенне. У цэлым па рэспубліцы лесааднаўленне і залясенне ў 1997 праведзена на пл. 24,3 тыс.га, у т.л. 5,5 тыс.га на тэрыторыі забруджанай радыенуклідамі. Лесапасадачны матэрыял вырошчваецца ў 180 лясных гадавальніках. Штогод нарыхтоўваецца каля 140 т насення дрэвавых і хмызняковых парод. У 1997 лясгасамі нарыхтавана 1550 т ягад (журавіны, брусніцы, чарніцы), 203 т грыбоў, 37 тлек. сыравіны і 38 т мёду. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца лось, алень, дзік, казуля, вавёрка, заяц, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, барсук, рысь, выдра, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, курапатка, качка і інш. У 301 паляўнічай гаспадарцы працуе 131 спецыяліст-паляўніцтвазнавец і 986 штатных егераў. З 1991 у лясных угоддзях Беларусі арганізуюцца туры для замежных паляўнічых.
Навук.-даследчую работу па пытаннях Л.г. праводзяць у Ін-це лесу Нац.АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це і інш. Даследуюцца праблемы гібелі лясных насаджэнняў ад пажараў, уздзеяння неспрыяльных умоў надвор’я, пашкоджання дзікімі жывёламі, хвароб лесу і інш. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове лесу ад шкоднікаў і хвароб. У 1997 біял. метад аховы выкарыстаны на пл. 16,1 тыс.га лясных насаджэнняў, хім. — 3,4 тыс.га. Гл. таксама Лесаводства, Лесазнаўства.
Літ.:
Рублевский С.А. Управление лесами и лесным хозяйством Белорусской ССР. Мн., 1979;
Янушко А. Д., Желибо Б. Н. Интенсификация лесного хозяйства Белоруссии и ее эффективность. Мн., 1975.
Р.Р.Паўлавец.
Да арт.Лясная гаспадарка. Сярэднеўзроставае клянова-асінавае насаджэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ ТЭ́ХНІКА,
тэхнічныя сродкі для папярэджання, абмежавання або тушэння пажару, ратавання людзей, матэрыяльных каштоўнасцей і прыродных аб’ектаў. Асн. П.т. — пажарныя машыны: пажарныя аўтамабілі, паязды, судны, самалёты, верталёты, танкі, мотапомпы і інш. Да П.т. адносяцца таксама пажарныя драбіны, пажарная аўтаматыка (у т.л. сістэмы пажарнай сігналізацыі), сродкі проціпажарнага водазабеспячэння, процідымнай аховы і экстраннага абвяшчэння, першасныя сродкі пажаратушэння, пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальнае абсталяванне.
Пажарныя паязды прызначаны тушыць пажары паблізу чыг. палатна і на рухомым саставе чыг. транспарту. Складаюцца з вагонаў, у якіх размешчаны помпавая станцыя, спец. і пажарна-тэхн. абсталяванне, бокс для пажарных аўтамабіляў, ёмістасці для пенаўтваральніка, чыг. цыстэрны з вадой. Пажарныя судны (цеплаходы, катэры і інш.) тушаць пажары на плаўсродках і ў прыбярэжнай зоне. Яны абсталяваны помпамі, якія нагнятаюць ваду (да 1000 м³/гадз) у рукаўныя лініі ці лафетныя ствалы (брандспойты); маюць запас пенаўтваральніка для тушэння суднаў і нафтапрадуктаў. Пажарныя самалёты (Ан-2, Ан-12, Ан-24, Іл-76, Як-12) і верталёты (Мі-4, Мі-6, Мі-8, Ка-26) прызначаны для авіяпатрулявання, дастаўкі да месца пажару ў аддаленых і цяжкадаступных раёнах людзей, тэхнікі і вогнетушыльных рэчываў. Маюць сістэмы забору вады ў палёце (да 10 т), могуць перавозіць бульдозеры. аўтацыстэрны і інш., распыляць аэразольныя рэагенты, якія ствараюць штучны заліўны дождж. Пажарныя танкі выкарыстоўваюць для тушэння пажараў і ліквідацыі аварый на пажаравыбухованебяспечных аб’ектах, базах і складах боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. На іх устанаўліваюць ёмістасці для вогнетушыльных рэчываў, пажарна-тэхн. абсталяванне, сістэмы жыццезабеспячэння для работы ў непрыдатным для дыхання асяроддзі. Мотапомпы (пераносныя і прычапныя) служаць для тушэння лясных пажараў, падачы вады на верхнія паверхі вышынных будынкаў, запаўнення пажарных ёмістасцей; уваходзяць у камплект пажарных паяздоў і аўтамабіляў хуткага рэагавання. Складаюцца з цэнтрабежнай помпы і рухавіка ўнутр. згарання.
Стварэнне П т. распачата ў глыбокай старажытнасці. Грэч. механік з Александрыі Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.) вынайшаў пажарную помпу (поршневую 2-цыліндравую), якая «выкідвала ваду наверх». Падобную ручную помпу пабудаваў у 16 ст. А.Платнер (Германія), яна давала струмень да 8 м. У 1672 у Амстэрдаме Я. ван дэр Гейдэ вынайшаў выкідны рукаў, што зрабіла помпу гал. сродкам тушэння пажару. Арыгінальную канструкцыю пажарнай помпы прапанаваў у 1739 рус. вынаходнік А.К.Нартаў. У 1829 у Лондане з’явілася паравая пажарная машына, з 1862 паравыя пажарныя помпы пачалі выкарыстоўваць у Расіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. у Германіі, потым у інш. краінах пачалі выкарыстоўвацца аўтамабілі, абсталяваныя мех. помпамі, пажарныя драбіны. З 1920-х г. пачалося развіццё П.т. ў СССР: першыя пажарныя машыны выпушчаны ў 1925 у С.-Пецярбургу, пазней наладжаны выпуск пенаўтваральнікаў, тэхнікі тушэння газавых і нафтавых фантанаў і інш.
На Беларусі выкарыстанне простай П.т. вядома з 13 ст. Прафесійная пажарная каманда створана ў 1853 у Мінску; яна мела ручныя помпы, скураныя і пяньковыя рукавы, брандспойты і інш. У наш час аснову тэхн. сродкаў пажарнай аховы складаюць пажарныя аўтамабілі і мотапомпы.
Літ.:
Машины и аппараты пожаротушения. М., 1972;
Шувалов М.Г. Основы пожарного дела. 3 изд. М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТАЛЁТ (устарэлая назва гелікаптэр),
лятальны апарат з верт. узлётам і пасадкай, у якога пад’ёмная сіла і цяга гарыз. палёту ствараюцца лопасцямі нясучых вінтоў. Мае фюзеляж, вінтавыя агрэгаты, рухавік, шасі, органы кіравання, навігацыйныя прылады. Рух нясучым вінтам верталёта надаюць поршневыя або турбавальныя (турбавінтавыя) рухавікі (праз сістэму мех. трансмісіі), часам — непасрэдна рэактыўныя рухавікі. Бываюць аднавінтавыя (з рулявым вінтом), двухвінтавыя (сувосевыя, з падоўжным і папярочным размяшчэннем нясучых вінтоў), многавінтавыя і рэактыўныя. Скорасць верталёта да 355 км/гадз і больш, выш. палёту да 12,5 км, далёкасць да 3400 км, грузападымальнасць да 40 т. Выкарыстоўваюцца для пасажырскіх і грузавых перавозак, буд.-мантажных, геолагаразведачных і с.-г. работ, мед. абслугоўвання, тушэння пажараў і інш.Ваен. верталёты падзяляюцца на баявыя (для агнявой падтрымкі войск, процілодачныя, процітанк., трансп.-дэсантныя), баявога забеспячэння (разведвальныя, сувязныя, пастаноўшчыкі мінных загарод, запраўшчыкі і інш.), дапаможнага прызначэння (верталёты-краны, санітарныя і інш.).
Ідэю верталёта распрацаваў Леанарда да Вінчы ў 15 ст. Першы палёт (на выш. да 2 м) ажыццявіў на верталёце француз П.Карню ў 1907. У Расіі (Кіеў) першыя верталёты сканструяваў І.І.Сікорскі ў 1909, верталёт аднавінтавой схемы ўпершыню пабудаваў Б.М.Юр’еў у 1910—12, першы сав. серыйны верталёт — Мі-1 канструктара М.Л.Міля (1948). Вядучыя сав. канструктары: Міль, М.І.Камаў, А.С.Якаўлеў, І.П.Братухін. У 1950—90-я г. пабудаваны верталёты: трансп. двухматорны турбавінтавы Мі-6, верталёт вял. грузападымальнасці В-12 канструкцыі Міля (устанавіў шэраг сусв. рэкордаў), універсальны грузавы верталёт-кран з 2 газатурбіннымі рухавікамі Мі-10К (можа несці груз да 11 т), цяжкі трансп. верталёт для буд.-мантажных работ Мі-26 (падымае груз да 20 т), двухвінтавыя сувосевыя Ка-10, Ка-15, Ка-18, Ка-25, Ка-26, шматмэтавы з 2 газатурбіннымі рухавікамі Ка-32 (грузападымальнасцю 5 т), баявыя Ка-50 «Чорная акула» і мнагамэтавы, начны і ўсепагодны Ка-52 «Алігатар» (аб’ядноўвае якасці самалёта-штурмавіка і верталёта агнявой падтрымкі). Найбуйнейшыя вытворцы сучасных мадэляў грузавых, пасажырскіх і ваенных верталётаў — Расія і ЗША (у іх жа сканцэнтраваны вядучыя канструктарскія і навук.-тэхн. сілы па распрацоўцы верталётнай тэхнікі). Гл. таксама Авіяцыя, Верталётны спорт.
Літ.:
Вертолеты. Т. 1—2. М., 1966—67;
Изаксон А.М. Советское вертолетостроение. 2 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРАБРА́МСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
адна з гал. хрысціянскіх святыняў у Літве і на Беларусі. Захоўваецца ў Вострай браме (сучасная літ. назва Аўшрас Варту) у Вільні. Ушаноўваецца каталіцкай і правасл. цэрквамі. Уяўляе сабой паясную выяву Дзевы Марыі без дзіцяці, намаляваную на фоне месяца тэмперай на дубовай дошцы.
Найб. вядома т.зв. карсунская версія паходжання абраза, якая ў 1839 надрукавана Т.Нарбутам і пазней распрацавана царк. гісторыкамі. Паводле яе, абраз прывезены ў Вільню вял.кн.ВКЛ Альгердам у 1363 з Корсуні (Херсанес, цяпер у межах г. Севастопаль) пасля паспяховага паходу ў Крым. Вял. княгіня Ульяна, правасл. хрысціянка, аддала абраз у заснаваны ёю манастыр св. Тройцы. У канцы 15 ст., калі Вільню абнеслі мурам, абраз паставілі над Медніцкай (Вострай) брамай. Калі манастыр св. Тройцы стаў уніяцкім, капліца над брамай разам з абразом перайшла пад апеку кармелітаў, для якіх у 1621 падканцлер Стафан Пац і віленскія бурмістры Дубовічы заснавалі кляштар непадалёку ад Медніцкай брамы. Існуе таксама легенда, што прататыпам для абраза паслужыла Барбара Радзівіл, незвычайная прыгажосць і драматычны лёс якой зрабілі яе легендарнай асобай. Стыль жывапісу і тэхнал. асаблівасці сведчаць, што абраз, што існуе цяпер, намаляваны ў 1-й трэці 17 ст. невядомым мастаком, які добра ведаў усх.-правасл. іканапіс і жывапіс Паўн. Еўропы. Адметнае шанаванне абраза пачалося ў канцы 17 — пач. 18 ст. У кнігах пра цудатворныя абразы 1650—87 вастрабрамскі абраз яшчэ не называецца. Першы запісаны цуд — уваскрэсенне памерлай дзяўчынкі — адносіцца да 1671. Шырокую славу абраз набыў у 1702 пасля паражэння шведаў, якія спрабавалі яго папсаваць. Найб. ўражанне на жыхароў горада зрабілі шматразовыя выратаванні абраза ў час пажараў Вільні 1706, 1748—49, 1754. У 1756 надрукавана песня пра абраз як абаронцу Вільні, тады ж уведзена ўрачыстае святкаванне Апекі Маці Божай. У шанаванні Вастрабрамскай Маці Божай аб’ядналіся рыма-католікі і уніяты, імшы служыліся па лац. і грэчаскім абрадах. Вострая брама стала самым святым месцам Вільні. У 19 ст. Вастрабрамская Маці Божая стала лічыцца патронкай зямель б.ВКЛ (Літвы і Беларусі), культ абраза набыў патрыятычны сэнс, прапагандыстам яго стала інтэлігенцыя. У 1852 надрукавана першая анталогія вершаў, прысвечаных абразу. З’явіліся шматлікія копіі абраза, у т. л. В.Ваньковіча для касцёла ў Парыжы, распаўсюдзіліся медальёны з яго выявай. 2.7.1927 на абраз урачыста накладзены залатыя кароны. Копіі абраза ёсць у многіх храмах Беларусі і Літвы. Свята абраза па правасл. календары 26 снежня па ст.ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНЫ ТРА́НСПАРТ,
адзін з відаў транспарту, які ажыццяўляе скарасныя перавозкі пасажыраў, грузаў і пошты на ўнутр. і міжнар.авіялініях з дапамогай авіяц. тэхнікі (самалётаў і верталётаў). Карыстаецца аэрапортамі і аэрадромамі, аснашчаны сучаснымі сродкамі сувязі і навігацыі паветранай, што гарантуюць высокую бяспеку палётаў. Займае важнае месца ў перавозках на далёкія адлегласці і цяжкадаступныя раёны. Выкарыстоўваецца таксама як сан. транспарт, у тушэнні лясных пажараў, для аэрафотаздымак і абслугоўвання геолагаразведкі, пошуку рыбных касякоў, авіяхім. работ і інш.
Узнік у краінах Еўропы і ЗША пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, напр., у Францыі і Германіі як від транспарту — з 1920-х г. У СССР першая паветр. лінія Масква—Ніжні Ноўгарад адкрыта ў 1923. Развіццё П.т. паскорылася з 2-й пал. 1950-х г. у сувязі з выкарыстаннем пасажырскіх шматмесных рэактыўных самалётаў Ту-104, Ту-114, Ту-124, Іл-18, Ан-10, Ан-24 і інш. З 1970-х г. на авіялініях эксплуатуюцца самалёты Іл-62, Ту-134, Ту-154; на мясц. лініях — Як-40 і інш., пасаж. верталёты Мі-4, Мі-6, Мі-8, Мі-10, К-26 і інш. У пач. 1990-х г.паветр. лініі звязвалі 3600 гарадоў і інш.нас. пунктаў СССР. На міжнар. авіялініях значная доля паветр. перавозак прыпадае на лятальныя апараты амер. фірмы «Боінг», адна з мадэляў якога «Б-747» (умяшчальнасць каля 500 пасажыраў) эксплуатуецца з 1971. На канец 20 ст.сусв. П.т. налічваў каля 15 тыс. магістральных самалётаў, больш за 300 тыс. лёгкіх лятальных апаратаў; на рэгулярных маршрутах перавозілася больш за 1 млрд. пасажыраў за год.
На Беларусі П.т. развіваецца з 1930-х г. Першая трансп. лінія па маршруце Мінск—Мазыр адкрыта ў 1932, перавозка пасажыраў (Мінск—Масква) пачалася ў 1938. У Вял.Айч. вайну П.т. адыгрываў вял. ролю ў арганізацыі дапамогі партызанам. За час акупацыі сав. авіятары здзейснілі каля 6 тыс. самалётавылетаў да партызан, даставілі каля 2,5 тыс.т разнастайных грузаў, перавезлі з Вял. зямлі і вывезлі з партыз. зон 11,6 тыс.чал. Пасля вайны авіялініямі звязаны Мінск з абл. цэнтрамі і інш. гарадамі рэспублікі і СССР. Беларусь мае паветр. сувязь больш як з 50 краінамі свету (2000), у т.л. з Вялікабрытаніяй, Германіяй, Кітаем, ЗША. Працуюць 5 авіякампаній, у т.л. «Белавія», міжнар. аэрапорты Мінск-1, Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне; нац. і мясц. аэрапорт ў інш.абл. цэнтрах, таксама ў гарадах Мазыр, Пінск, Полацк, Салігорск і інш. Грузаабарот П.т. (1999) склаў 12 млн.ткм; пасажыраабарот каля 730 млн.пас.-км (перавезена больш за 270 тыс.чал.); авіяхім. работы ў сельскай і лясной гаспадарцы праведзены на плошчы каля 90 тыс.га. Дзейнасць сродкаў П.т., структура яго арганізацыі, прававыя адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з яго выкарыстаннем, рэгулююцца Паветраным кодэксам Рэспублікі Беларусь ад 11.1.1999 і інш. нарматыўна-прававымі актамі. Гл. таксама Авіяцыя, Грамадзянская авіяцыя.