ГО́ЙШЫК Мікалай Васілевіч (17.1.1927, в. Воля Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 24.4.1944),
удзельнік партыз. руху у Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З пач. вайны партыз. сувязны, з 1943 падрыўнік партыз. брыгады імя Дзяржынскага Брэсцкай вобл. Пусціў пад адхон 7 варожых эшалонаў. У час чарговай аперацыі партызанам не ўдалося замініраваць рэйкі, таму Гойшык кінуўся з мінай пад эшалон з танкамі, гарматамі і жывой сілай ворага. У в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на пастаўлены помнік, у г. Івацэвічы адкрыты дом-музей Гойшыка.
т. 5, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАМЕДЫ́ ФРАНСЭ́З»
(Comédie Franęaise, афіц. назва «Тэатр Франсэ», «Théatre-Franęais),
старэйшы нац. т-р Францыі. Засн. ў 1680 у Парыжы паводле ўказа Людовіка XIV, які аб’яднаў т-р Мальера, што раней зліўся з т-рам «Марэ», і т-р «Бургундскі атэль». Валодаў манаполіяй на выкананне літ. драмы, атрымліваў датацыю, што дазваляла запрашаць лепшых акцёраў. Стаў школай акцёрскага і рэжысёрскага майстэрства. У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. «К.Ф.» распаўся на «Тэатр Нацыі» і «Тэатр Рэспублікі», якія ў 1799 зноў аб’ядналіся пад назвай «К.Ф.». У розны час у «К.Ф.» выступалі Ф.Ж.Тальма, Э.Рашэль, С.Бернар, Б.К.Каклен, Ж.Л.Баро і інш. У наш час «К.Ф.» захоўвае ў рэпертуары творы Мальера, П.Карнеля, Ж.Расіна, П.Бамаршэ, класічныя традыцыі.
т. 7, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́ННЕ СУЧА́СНЫХ АРХІТЭ́КТАРАЎ, Усерасійскае аб’яднанне сучасных архітэктараў. Існавала ў 1925—31 у Маскве. Засн. арх. групай літ.-маст. аб’яднання Левы фронт мастацтваў. Выступала пад лозунгам канструктывізму і функцыяналізму, прапагандавала выкарыстанне найноўшых канструкцый і матэрыялаў, тыпізацыю і індустрыялізацыю буд-ва. Выдавала час. «Современная архитектура» (1926—30).
т. 1, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ ГАРА́ (Bilá Hora),
гара ў Чэхіі, побач з Прагай. Тут 8.11.1620 у час Трыццацігадовай вайны 1618—48 імперска-баварскія войскі (Каталіцкая ліга) разбілі чэшскія войскі (Пратэстанцкая унія). З гэтага часу Чэхія страціла сваю самастойнасць і на 300 гадоў трапіла пад уладу аўстрыйскіх Габсбургаў.
т. 3, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МБУРГСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1923,
узброенае выступленне левых сіл пад кіраўніцтвам Э.Тэльмана ў г. Гамбург 23—25 кастр. ў час рэв. крызісу ў Германіі. Планавалася камуністамі як сігнал да агульнагерм. паўстання, аднак апошняе не адбылося. Дрэнна ўзброеныя паўстанцы (у асноўным рабочыя) пасля барыкадных баёў разбіты сіламі парадку.
т. 5, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЮ́ЦЫІ (лац. polluo, pollutio пэцканне, забрудненне),
міжвольнае семявывяржэнне, не звязанае з палавым актам. Бывае ў начны і дзённы час. Начныя П. — нармальная фізіял. з’ява, у падлеткаў сведчаць пра дасягненне імі пэўнага этапу палавога выспявання. У дарослых мужчын бываюць пры палавым устрыманні. Дзённыя П. падзяляюцца на адэкватныя і неадэкватныя. Адэкватныя бываюць пад уздзеяннем сексуальна-эратычнага ўзбуджэння (напр., ласкі, пацалункі), неадэкватныя ўзнікаюць пад уплывам несексуальных раздражняльнікаў станоўчага і адмоўнага характару (весялосць, хваляванне, страх і інш.). Дзённыя неадэкватныя П. патрабуюць спец. лячэння.
І.У.Дуда.
т. 12, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (? — 1172),
князь уладзіміра-валынскі і берасцейскі. Сын вял. кн. Мсціслава Ізяславіча. Упершыню ўпамянёны ў Іпацьеўскім летапісе пад 1173 (сапраўдная дата падзеі 1170), калі сын Яраслава Асмамысла Уладзімір звярнуўся да яго з просьбай дазволіць уладарыць у г.Чэрвень. Мяркуецца, што ў гэты час С.М. княжыў ва Уладзіміры-Валынскім, а яго старэйшы брат Раман — у Ноўгарадзе. У гісторыка 18 ст. В.М.Тацішчава пад 1172 ёсць запіс пра смерць С.М. ў Бярэсці. Верагодна, туды С.М. перайшоў княжыць у 1170.
В.С.Пазднякоў.
т. 14, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́МАВА Надзея Аляксандраўна (30.3.1907, Мінская вобл. — ?),
адзін з кіраўнікоў бел. маладзёжнага руху, наладжанага пад кантролем ням. акупац. улад на Беларусі ў 1943—44. Скончыла Бел. дзярж. вышэйшы пед. (1935) і Мінскі мед. (1940) ін-ты. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі працавала ўрачом-псіхіятрам у Мінскай інфекцыйнай бальніцы. З кастр. 1942 узначальвала дзіцячы сектар Беларускай народнай самапомачы, з чэрв. 1943 — службу юначак Саюза беларускай моладзі. Уваходзіла ў Беларускую цэнтральную раду. Удзельніца 2-га Усебел. кангрэса (1944, Мінск). У час вызвалення Беларусі Чырв. Арміяй эмігрыравала на Захад.
С.У.Жумар.
т. 1, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАХО́ЎСКІ Хрыстафор (? — 1661),
ваенны дзеяч ВКЛ. Палкоўнік. Служыў у гусарскай харугве Х.Паца (1648). За свой кошт сфарміраваў харугву лёгкай кавалерыі, на чале якой змагаўся са шведамі ў Жамойці, Інфлянтах і Курляндыі (1655—60). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 камандаваў палком, у 1660—61 на чале 15 харугваў удзельнічаў у баях супраць войска Далгарукага на тэр. Беларусі. Удзельнік канфедэрацыі супраць караля Яна II Казіміра, бітвы пад Кушлікамі 1661. Выступіў прыхільнікам замірэння з каралём. Загінуў у час узбр. сутычкі сярод канфедэратаў.
П.Р.Казлоўскі.
т. 1, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЦЫ́ПА (Анцыпа-Чыкунскі) Ільдафонс Дзяменцьевіч
(1815 ?, в. Мілавань каля Гродна — 6.6.1863),
удзельнік рэв. руху на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Слонімскім павятовым вучылішчы. Удзельнік паўстання 1830—31. У эміграцыі (Францыя) чл. Польскага дэмакр. т-ва, выступаў у друку па пытаннях арганізацыі ўзбр. паўстання. У час паўстання 1848 камандаваў сял. атрадам на Пазнаншчыне. У 1859 вярнуўся ў Расію, жыў пад наглядам паліцыі ў маёнтку брата на Быхаўшчыне. У час паўстання 1863—64 узначаліў паўстанцкі атрад у Быхаўскім пав. 28.4.1863 яго атрад разбіты. Анцыпа расстраляны ў Магілёве.
Г.В.Кісялёў.
т. 1, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)