МІРА́Ж (франц. mirage),

аптычныя з’явы ў атмасферы (часцей ва ўмовах пустыні), калі разам з аддаленымі прадметамі (або ўчасткам неба) бачны іх уяўныя адлюстраванні, перамешчаныя адносна саміх прадметаў. Бывае ніжні М., верхні (рэдка) і бакавы (вельмі рэдка). Ніжні М. (вобраз ніжэй за аб’ект) назіраецца ў гарачыя дні ў пустынях і стэпах, над асфальтавымі дарогамі. Верхні М. (вобраз вышэй за аб’ект) бывае звычайна ў палярных рэгіёнах або над паверхняй мора. Бакавы М. (вобраз побач з аб’ектам) можна назіраць, калі глядзець на пэўны прадмет уздоўж нагрэтай сцяны. Агульная прычына М. — скрыўленне светлавых прамянёў, што ідуць ад прадмета ў неаднолькава нагрэтых слаях атмасферы, якія маюць розную шчыльнасць. Складаныя з’явы М. з рэзкім скрыўленнем выгляду прадмета наз. Фата-Маргана.

т. 10, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), міяцэн (ад грэч. meion менш + kainos новы),

ніжні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду) у геахраналагічнай шкале; ранняя эпоха неагенавага перыяду геал. гіст. Зямлі. Пачаўся 23,8 млн. і доўжыўся да 5,32 млн. гадоў назад. М.а. (э.) падзяляецца на пададдзелы: ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні). На Беларусі на канец ранняга — пач. позняга міяцэну прыпадае кліматычны оптымум усяго неагену, калі прыродныя ўмовы нагадвалі сучасныя субтрапічныя. Намножыліся кантынентальныя адклады магутнасцю да 100—120 м (пяскі, алеўрыты, сапрапеліты, буры вугаль). Яны ўтвараюць брынёўскі і антопальскі надгарызонты, больш пашыраны на Пд. Да гэтай эпохі належаць большасць радовішчаў тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы бурага вугалю (гл. адпаведныя арт.).

Т.​В.​Якубоўская.

т. 10, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́МЫ,

матылі-ліставідкі (Kallima), род матылёў сям. німфалід. Некалькі відаў. Пашыраны ў тропіках Азіі і Афрыкі.

Крылы ў размаху да 8 см. Верхні бок крылаў ярка афарбаваны, ніжні — з малюнкам у выглядае ліставых жылак; формаю і афарбоўкай складзеныя крылы матыля нагадваюць пажухлы ліст (прыклад мімікрыі).

Каліма.

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛЯКО́Ў (Георгій Гаўрылавіч) (31.3. 1925, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 29.9.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. Скончыў Вінніцкае ваен. пях. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну з 1943 на Цэнтр. фронце. Кулямётчык радавы М. вызначыўся ў баі ў Брагінскім р-не пры фарсіраванні Дняпра. Загінуў у баі.

Г.Г.Маслякоў.

т. 10, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТРАПІ́ЗМ [ад геа... + трапізм(ы)],

здольнасць органаў раслін прымаць пэўнае становішча пад уплывам зямнога прыцяжэння. Адрозніваюць 3 тыпы геатрапізму: сапраўдны, калі орган (гал. корань) расце прама ўніз; адмоўны, калі орган (гал. сцябло) расце прама ўверх; папярочны, калі орган стараецца заняць гарыз. становішча. Калі ў выніку знешніх уздзеянняў расліна выведзена з уласцівага ёй становішча (напр., сцябло павалена ветрам, пад корань трапіў камень), тады ў маладой ч. расліны адбываецца выгін і яна зноў правільна арыентуецца. Геатрапічныя выгіны звязаны з ростам расліны і адбываюцца таму, што ў сцёблах, выведзеных з верт. становішча, ніжні бок пачынае расці хутчэй, а верхні запавольвае рост. Неаднолькавая скорасць росту верхняга і ніжняга бакоў сцёблаў, якія размешчаны гарызантальна, звязана з перамяшчэннем пад уздзеяннем сілы цяжару аўксінаў на ніжні бок сцябла або кораня. Некат. расліны, якія закончылі рост, не здольныя да геатрапічных выгінаў.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛС (галанд. hals),

1) курс судна адносна ветру: левы галс (вецер дзьме з левага боку), правы галс.

2) Адрэзак шляху судна (ад павароту да павароту), якое ідзе зігзагападобным курсам пры лавіраванні пад ветразямі, выкананні прамерных работ, траленні і інш. 3) Прылада, якая мацуе да мачты ніжні наветраны вугал ветразя (галсавы вугал).

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), алігацэн (ад аліга... + грэч. kainos новы),

трэці, верхні аддзел палеагенавай сістэмы (перыяду) у геахраналагічнай шкале (гл. Геахраналогія); заключная эпоха палеагенавага перыяду геал. гісторыі Зямлі. Падзяляецца на ніжні і верхні пададдзелы. На Беларусі з адкладамі алігацэну звязаны радовішчы бурага вугалю, тугаплаўкіх і вогнетрывалых глінаў, фармовачных і шкловых пяскоў, бурштыну.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІІ́К-КАБА́,

рэшткі палеалітычнай стаянкі ў пячоры Кіік-Каба (Крым), за 25 км на У ад Сімферопаля. Даследавана ў 1923—24 Г.А.Бонч-Асмалоўскім. Мае 2 напластаванні: ніжні — канца ашэльскага — пач. мусцьерскага часу і верхні — сярэдняга мусцье. Знойдзены пахаванні неандэртальцаў (дарослага чалавека і дзіцяці), крамянёвыя прылады працы і косці дзікіх жывёл.

т. 8, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАСПУ́СК,

напорнае гідратэхнічнае збудаванне з вежай, у якой зроблены адтуліны для зліву вады. Размяшчаецца ў целе бетоннай плаціны, у асновах грунтавых плацін або ў берагах (тунэльны вадаспуск). Прызначаны для рэгулявання ўзроўню вады ў вадаёмах, спуску вадасховішчаў, прамывання донных наносаў, а таксама для пропуску вады ў ніжні б’еф. Забяспечваецца засаўкамі для рэгулявання расходу вады.

т. 3, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАКО́ТЫЛЬ (ад гіпа... + грэч. kotylē паглыбленне, чаша),

падсемядольнае калена, самы ніжні ўчастак сцябла праростка насеннай расліны перад семядольным вузлом. Унізе пераўтвараецца ў корань і часта мае анатамічную будову з прыкметамі сцябла і кораня. У некат. раслін даўжыня гіпакотыля малая і ён увесь застаецца ў глебе (семядолі не выносяцца на паверхню; напр. у дуба, гароху).

т. 5, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)