КАРЭ́ЛІН (Андрэй Восіпавіч) (16.7.1837, с. Селезні Тамбоўскага р-на, Расія — 13.8.1906),
расійскі фотамастак. Скончыў Пецярбургскую АМ (1864). Адкрыў фотаатэлье ў Кастраме, потым у Ніжнім Ноўгарадзе. Разглядаў фатаграфію як частку выяўл. мастацтва, у жанравых кампазіцыях (сцэнах-пастаноўках) ішоў па шляху жывапісцаў-перасоўнікаў. Прыўнёс шмат новага ў фотамастацтва (пабудова мізансцэн, эфекты асвятлення) і тэхніку фатаграфавання (вывучэнне оптыкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРАЛІЗА́ЦЫЯ (франц. naturalisation ад лац. naturalis прыродны, сапраўдны, законны) у біялогіі, поўнае ўжыванне новага для дадзенага біяцэнозу віду; выпрацоўка або замяшчэнне ім экалагічнай нішы ў згуртаванні. Суправаджаецца ўзнікненнем новых адаптацый, абумоўлена мяжой нормы рэакцыі арганізма. Генет. структура папуляцыі або віду пры гэтым не змяняецца. Звязана з акліматызацыяй і інтрадукцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́МФІ́С (грэч. Memphis, егіп. Менефер ад назвы паселішча каля піраміды фараона Піопі I),
старажытнаегіпецкі горад на левым беразе Ніла (каля сучасных пасёлкаў Бедрахейн і Міт-Рахіне на. ПдЗ ад Каіра). Засн. ў пач. 3-га тыс. да н.э.Менесам пад назвай Белыя сцены (ад аднайм. крэпасці). У перыяд Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) рэзідэнцыя фараонаў, буйны рэліг., паліт., культ. і рамесніцкі цэнтр Егіпта; захаваў сваё эканам. значэнне і пасля пераносу сталіцы ў Фівы (перыяд Сярэдняга царства). Набыў важнае стратэг. значэнне ў перыяд Новага царства ў сувязі з паходамі егіп. цароў у Сірыю і Палесціну. У перыяд элінізму з узнікненнем г.Александрыя (4 ст. да н.э.) страціў былое значэнне. Захаваліся руіны храма бога Пта (3-е тыс. да н.э.), сфінкс эпохі Новага царства, Серапеум (эліністычны час), 2 калосы Рамсеса II (13 ст. да н.э.). Некропалі М. з пірамідамі і грабніцамі цароў і знаці знаходзяцца паблізу сучасных Гізы, Сакары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙДЫ́Н (сапр.Сабірава Манзура; 1906, Ташкент — 30.5.1953),
узбекская пісьменніца. Скончыла Самаркандскі ун-т (1931). Жыццё узб. жанчыны, праблемы кахання і сям’і — асноўнае ў яе творах: зб-ках вершаў «Песні світанку» (1931), «Умелыя рукі» (1932), зб. апавяданняў «Дзяўчаты» (1943), «Шырын прыйшла» (1944), «Мужнасць-вечнасць» (1947), навел і нарысаў пра мінулае узб. народа, п’есе «Шлях да новага» (1925).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬДЫ́ВІЯ (Valdivia),
археалагічная культура рыбаловаў і збіральнікаў 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. на цэнтр. узбярэжжы Эквадора. Адна з самых стараж. культур Новага Свету. Магчыма, яе носьбітам было вядома прымітыўнае земляробства. Выяўлены багата арнаментаваны гліняны посуд і статуэткі жанчын, каменныя нажы, разцы, скрабкі, зерняцёркі, клінападобныя сякеркі, рыбалоўныя кручкі з ракавін, касцяныя шылы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ВЕРЦАВА ЗАКО́Н, закон змены фаз (напрамкаў)эвалюцыі, правіла чаргавання галоўных напрамкаў эвалюцыі: у гісторыі монафілетычнай (гл.Монафілія) групы арганізмаў за перыядам буйных эвалюц. перабудоў — арамарфозу (арагенезу) заўсёды настае перыяд асобных прыстасаванняў — алагенезаў (аламарфозаў), катагенезаў, гіпергенезаў і інш. Асваенне новага асяроддзя або буйныя морфафізіял. пераўтварэнні вядуць да ўспышкі відаўтварэння. Сфармуляваў А.М.Северцаў (1925). Уклад у распрацоўку С.з. зрабіў І.І.Шмальгаўзен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДА,
1) беларускі народны звычай частаваць блізкіх і аднавяскоўцаў свежыной, а таксама хлебам, садавіной, агароднінай новага ўраджаю. Дзяліліся мясам свойскай і здабытай у час палявання дзікай жывёлы, рыбай, мёдам. Звычай сведчыць пра існаванне ў старажытнасці абшчыннай гаспадаркі і грамадскай уласнасці. У наш час страціў сваю назву, але па-ранейшаму захоўваецца як нар. традыцыя калектыўных узаемаадносін.
2) Старадаўняя назва пасагу, запасу грошай, адзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́П ЭЛЕКТРО́ННЫ,
працэс, пры якім ядро спантанна захоплівае электрон з адной з унутраных абалонак атама з адначасовым выпрамяненнем электроннага нейтрына; від бэта-распаду. Абумоўлены слабымі ўзаемадзеяннямі. Адбываецца, калі маса «старога» ядра большая за масу «новага» на велічыню энергіі сувязі электрона, які захопліваецца. Прадказаны яп. фізікамі Х.Юкава і С.Саката у 1936 і выяўлены амер. фізікам Л.Альварэсам у 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЦІС ((Lācis) Віліс) (12.5.1904, с. Рынужы, цяпер у межах г. Рыга — 6.2.1966),
латышскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Нар. пісьменнік Латвіі (1947). Вучыўся ў Барнаульскай настаўніцкай семінарыі (1917—18). У 1940—46 старшыня Саўнаркома, у 1946—59 — Савета Міністраў Латвіі. Друкаваўся з 1921. Увёў у лат. л-ру самабытнага, валявога героя — шукальніка праўды, носьбіта лепшых якасцей прац. народа: трылогія «Бяскрылыя птушкі» (1931—33), раманы «Сын рыбака» (т. 1—2, 1933—34), «Старое марацкае гняздо» (1935—37, перапрацаваны варыянт «Сям’я Зітараў», 1955) і інш. Аўтар раманаў «Да новага берага» (1950—51, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Страчаная бацькаўшчына» (1953), аповесці і п’ес пра Вял.Айч. вайну «Кавалі будучыні» (1942), «Нявестка» (1943), «Перамога» (1945), рамана-эпапеі «Бура» (1945—48, Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш. Многія творы Л. інсцэніраваны і экранізаваны. На бел. мову асобныя творы пераклалі Я.Скрыган, В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАКРА́ТЫЯ (ад грэч. autokrateia самаўладдзе, самадзяржаўе),
сістэма дзярж. кіравання, пры якой адной асобе належыць неабмежаваная вярхоўная ўлада, што не кантралюецца прадстаўнічымі органамі. Аўтакратычнымі былі дэспатычныя манархіі Стараж. Усходу, тыранічнае праўленне ў некаторых стараж.-грэч. дзяржавах, Рымская і Візантыйская імперыі, абсалютныя манархіі новага часу, паліт. рэжымы, вярх. ўлады «лідэраў» тыпу фюрэра, дучэ, каўдзільё. Паняцце «аўтакратыі» выкарыстоўваецца таксама для вызначэння неабмежаваных паўнамоцтваў у якой-н. сферы дзярж. дзейнасці.