ЖАЛЕ́ЗА АКСІ́ДЫ,
злучэнні жалеза з кіслародам. Вядомы аксіды жалеза (II) FeO, (III) Fe2O3 і змешаны (II, III) Fe3O4 ці FeO∙Fe2O3. У прыродзе сустракаюцца ў выглядзе мінералаў гематыту, магнетыту і вельмі рэдкага іацыту (FeO). Крышт. рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў к-тах. Fe2O3 атрымліваюць акісленнем жалеза пры награванні ці абпалам пірыту FeS2, інш. — аднаўленнем Fe2O3 у асяроддзі аксіду вугляроду ці вадароду. Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання жалеза, як мінер. пігменты, кампаненты ферытаў, абліцовачнай керамікі і інш.
т. 6, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛА́СНЫ РУХ ЗО́РКІ,
бачнае вуглавое перамяшчэнне зоркі па нябеснай сферы за год. Складаецца з сапраўднага перамяшчэння зоркі і ўяўнага (паралактычнага) зрушэння, якое адлюстроўвае рух Сонечнай сістэмы (разам з Зямлёй) у прасторы. Змена становішча зоркі з гадавым перыядам з прычыны руху Зямлі вакол Сонца (гадавы паралакс) ва У.р.з не ўваходзіць. Звычайна У.р.з. не перавышае сотых доляў вуглавой секунды, радзей дасягае дзесятых доляў і вельмі рэдка цэлых секунд дугі. Найб. У.р.з. — 10",27 у зоркі Барнарда ў сузор’і Змеяносец. Для вызначэння дакладнага У.р.з. вымяраюць каардынаты зоркі праз некалькі дзесяткаў гадоў. Вядомы ўласны рух больш як 250 тыс. зорак. У.р.з. ўлічваюць пры вызначэнні геагр. каардынат на Зямлі, у службе часу і інш.
А.А.Шымбалёў.
т. 16, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НЬКАВА ВО́ЗЕРА,
у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нехрысць, за 33 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,51 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 290 м, найб. глыб. 43,3 м (3-е па глыбіні на Беларусі), даўж. берагавой лініі 4,84 км. Пл. вадазбору 4,4 км². Схілы катлавіны выш. 20—30 м, вельмі стромкія, пад хмызняком. Берагі супадаюць са схіламі. Мелкаводдзе вузкае. Дно да глыб. 6—10 м пясчанае, потым глеістае. Шырыня паласы расліннасці да 25 м.
т. 5, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХМЕ́ЦЬЕВА ПРА́ВІЛА,
раптоўны скачок т-ры ўверх на вызначаным участку цела ў халаднакроўных (пайкілатэрмных) жывёл пры рэзкім зніжэнні т-ры асяроддзя, а потым новае глыбокае яе падзенне. Правіла ўстанавіў у 1899 П.І.Бахмецьеў. Тэмпературны скачок прыпадае на момант замярзання тканкавай вадкасці, які суправаджаецца вылучэннем скрытай цеплыні плаўлення. За ім настае далейшае ахаладжэнне тканак, у выніку паступовае ахаладжэнне вядзе да ўтварэння крышт. лёду, які парушае структуру тканак; пры вельмі хуткім ахаладжэнні (100 °C за 1 с) узнікае аморфны лёд, які не парушае структуры тканак.
т. 2, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАЗРО́НЫ,
асоба, затрыманая па падазрэнні ва ўчыненні злачынства, а таксама асоба, якой абрана мера стрымання да прад’яўлення абвінавачання. Паводле крымін.-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, П. з’яўляецца ўдзельнікам крымін. працэсу, які ўступае ў працэсуальныя адносіны на стадыі ўзбуджэння крымін. справы і папярэдняга следства. У працэсуальным становішчы ён можа знаходзіцца толькі на працягу вельмі кароткага тэрміну (не больш за 3 сутак), пасля чаго павінна быць вырашана пытанне пра прад’яўленне яму абвінавачання і меры стрымання, калі для гэтага будуць законныя падставы.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗНАЎЛЕ́ННЕ ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ,
комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на атрыманне прыродных рэсурсаў у першапачатковай колькасці. Ажыццяўляецца з дапамогай штучных мер пасля поўнага або частковага вычарпання гэтых рэсурсаў у выніку антрапагеннага ўздзеяння на прыроду (напр., рэінтрадукцыя раслін, рэакліматызацыя жывёл, штучнае аднаўленне лесу). Лепш узнаўляюцца рэсурсы, здольныя да самааднаўлення (узнаўляльныя прыродныя рэсурсы — глебавыя, расл., жывёльныя). Адноснае ўзнаўленне т. зв. неўзнаўляльных рэсурсаў (мінералы, карысныя выкапні), утварэнне якіх у прыродзе не адбываецца або адбываецца вельмі марудна, дасягаецца пры дапамозе тэхналогій шматразовага паўторнага выкарыстання матэрыялаў (гл. Другасная сыравіна).
т. 16, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЛІКІ ў астраноміі,
зоркі адносна невялікіх памераў (0,01—1 радыус Сонца) і невысокіх свяцільнасцей (10−1—1 адзінка свяцільнасці Сонца). Маса 0,1—1 сонечнай масы. Тыповая зорка-К. — наша Сонца. Ад звычайных (чырвоных К.) будовай і ўласцівасцямі адрозніваюцца белыя К. Гэта вельмі шчыльныя (108—109 кг/м³) гарачыя зоркі малых памераў (у сярэднім радыус роўны зямному радыусу, а маса адпавядае масе Сонца, т-ра паверхні дзесяткі тысяч К). Белыя К. — канчатковая стадыя зорнай эвалюцыі, калі маса зоркі не большая за 1,4 масы Сонца.
т. 8, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗАЛІЗА́ЦЫЯ ГУ́КАЎ (франц. nasal насавы ад лац. nasus нос),
набыццё гукам насавой афарбоўкі як вынік дадатковай артыкуляцыі, якая заключаецца ў апусканні мяккага паднябення. Назалізацыя галосных вельмі пашырана. У шэрагу моў, напр., у франц. мове, можа служыць адрознівальнай прыкметай фанем. У некат. мовах абумоўлена суседствам з насавымі зычнымі і не мае фаналагічнага значэння (параўн. рус. «мак» — «бак»). Аб’ектыўныя метады даследавання Н.г. — рэнтгенаграфія і кіназдымка з дапамогай валаконнай оптыкі.
Літ.:
Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973;
Скалозуб Л.Г. Динамика звукообразования по данным кинорентгенографирования. Киев, 1979.
т. 11, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААФА́ГІ [ад заа... + ...фаг(і)],
жывёлы і расліны, кормам для якіх з’яўляюцца інш. жывёлы. Да З. належаць таксама жывёлы, што кормяцца прадстаўнікамі свайго віду (гл. Канібалізм), і паразіты жывёл. Спосаб жыцця З. залежыць ад віду ежы, спосабаў яе здабычы, морфафізіял. і эталагічнай адаптацыі. У актыўных драпежнікаў ёсць органы захопу, умярцвення здабычы, вельмі развіты органы руху і пачуццяў. Стрававальны тракт З. звычайна адносна карацейшы, чым у фітафагаў (арганізмы, якія кормяцца раслінамі). Іх наз. драпежнікамі, хоць у некат. выпадках гэты тэрмін не зусім падыходзіць (напр., лешч з’яўляецца З., аднак драпежнікам яго не называюць). З раслін да З. належаць насякомаедныя расліны (напр., расянка круглалістая, тлушчанка звычайная), з жывёл — ваўкі, лісы, ястрабы, краты і інш. Гл. таксама Некрафагі, Капрафагія, Эўрыфагія, Драпежнікі, Драпежныя звяры, Сокалападобныя.
т. 6, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́МАНТ (ад лац. momentum рухаючая сіла, штуршок) у філасофіі, вельмі кароткі прамежак часу, міг, імгненне, калі наступае, здзяйсняецца што-н.; істотныя абставіны, састаўная частка, асобны бок якой-н. з’явы (напр., станоўчы М.). Г.Гегель увёў паняцце для абазначэння састаўной часткі вял. цэлага, якая вылучана паводле якаснага ці дынамічнага, але не прасторавага ці мех. прынцыпу (напр., М. светапогляду ў сац. рэвалюцыі). У псіхалогіі М. наз. розныя пачуцці валявога дзеяння. Да іх адносяцца М. вобраза, формы, структуры (гештальта) пры аналізе цэласнай структуры псіхічных працэсаў, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем і ўзаемазалежнасцю асобных частак (распазнаванне мелодыі ў розных танальнасцях яе выканання і інш.), а не іх сумай. Гл. таксама Момант у тэорыі імавернасцей, Момант імпульсу, Момант інерцыі, Момант сілы і інш.
В.В.Краснова.
т. 10, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)