Традыцыйна бытавала пераважна ў сферы задавальнення першачарговых быт. патрэб — стварэння прылад працы, адзення, хатняга начыння, посуду, гасп. абсталявання і інш., зручныя і прадуманыя формы якіх, нярэдка падкрэсленыя рознымі відамі дэкору, надавалі ім маст. вартасць. Ужо ў першабытныя часы склаліся многія формы і характар арнаментыкі вырабаў, што амаль без змен дайшлі да нашых дзён. З часоў неаліту выраблялі гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разьбяным арнаментам сімвалічнага характару. Узоры стараж. мастацтва звязаны з першабытным культам плоднасці і паляўнічай магіяй. З зараджэннем земляробства і жывёлагадоўлі дасягнулі росквіту арнаментаванне глінянага посуду, гравіраванне па косці і рогу, драўляная і касцяная дробная пластыка ў выглядзе фігурак людзей, жывёл, птушак. З часоў жалезнага веку пашырыўся выраб металічных упрыгожанняў. Аб’ектамі арнаментальнай творчасці станавіліся вырабы, звязаныя з прадзеннем і ткацтвам. З падзелам працы і раздзяленнем грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, якія абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; іх творчасць спалучала замежныя ўплывы і мясц.нар. традыцыі. Паралельна прадаўжала развівацца і традыц.нар. мастацтва, пераважная большасць якога развівалася як хатняя вытв-сць для ўласных патрэб; яно амаль не зазнала знешніх уплываў, што вызначыла асноўныя яго якасці — глыбокую традыцыйнасць, яркую самабытнасць, выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі стараж. матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, крыж, разетка, салярныя знакі, выявы жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў яно ўплывала на характар цэхавых і мануфактурных рамёстваў (праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах гарадоў, феадальных маёнткаў, манастыроў). Пад яго ўплывам набыла адметныя асаблівасці аб’ёмна-ажурная разьба, т.зв. беларуская рэзь; традыц. матывы бел.нар. ткацтва паўплывалі на характар мануфактурных тканін (слуцкія паясы), ганчарства — на керамічныя вырабы (кафлю, фарфор, фаянс). Нар. майстры (сталяры, разьбяры, ткачы, вышывальшчыцы і інш.) удзельнічалі ў аздабленні палацаў і храмаў, часам знаходзячы арыгінальныя тэхнал. і маст. вырашэнні манументальна-дэкаратыўных задач (напр., выраб іканастасаў з саломы).
Прыкметныя змены ў характары нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва адбыліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з сац.-эканам. ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў нар. побыце (расслаенне вёскі, паляпшэнне ўнутр. і знешняга стану нар. жылля і інш.). Малая даступнасць прамысл. утылітарна-маст. вырабаў асн. масе сялянства выклікала прыкметнае развіццё традыц. рамёстваў. Склаліся буйныя асяродкі ганчарства, дзе выраблялі посуд, у т. л. утылітарна-мастацкага прызначэння; цацкі-свістулькі (Крычаў, Пружаны, Гарадок, Дуброўна, Івянец, Ракаў, Ружаны, Поразава, Дзісна, Бабінавічы, Пагост-Загародскі і інш.). Цэлыя паселішчы (асабліва на Палессі і Паазер’і) займаліся пляценнем з лазы (кошыкі, куфэркі, мэбля); з саломы выпляталі капелюшы, куфэркі, шыяны, карабы, абрадавую пластыку; з бяросты выраблялі дробны посуд з ціснёным узорам (берасцянкі, табакеркі, сальнічкі). Назіраецца прыкметнае ўзрастанне дэкаратыўнасці твораў Д.-п.м., у тым ліку і тых яго відаў, якія развіваліся ў сферы хатняй вытв-сці і на працягу многіх стагоддзяў захоўвалі стараж. характар: ткацтва, вышыўка, разьба па дрэве. Побач са стараж. геаметрычнымі, салярнымі, зааморфнымі матывамі сімвалічнага характару, пашыраўся рэалістычны раслінны дэкор. Значнае месца займаюць вырабы нар. мастацтва, звязаныя са знешнім і ўнутраным упрыгожаннем нар. жылля: разьбяныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны, дэкарыраваная мэбля, у т. л. куфры для пасагу, звязаныя з вясельнымі абрадамі. Прыгажосцю вызначаліся тканыя і вышываныя посцілкі, дываны, ручнікі, абрусы, карункавыя вырабы (сурвэткі, абрусы, падзоры), а таксама аплікацыя саломай па дрэве і палатне, ажурныя папяровыя вырабы (выцінанка), маляваныя на шкле і палатне карцінкі і дываны і інш. Пашырыліся вырабы з дрэва, аздобленыя разьбяным дэкорам (чарпакі, лыжкі, сальнічкі, прасніцы). Дасягнуў росквіту дэкор традыц.нар. адзення, якое ўяўляла сінтэз розных відаў нар. мастацтва: ткацтва, вышыўкі, карункапляцення, набіванкі, аплікацыі і інш. Узоры нар. мастацтва пачалі збіраць музеі, наладжваліся іх выстаўкі (першыя з іх у Магілёве ў 1893, у Пецярбургу і Вільні ў 1913), арганізоўваліся школы і майстэрні для навучання традыц. рамёствам, заснавана «Таварыства дапамогі хатняму рамяству». З 1920-х г. майстры аб’ядноўваліся ў арцелі (пераважна ткацка-вышывальныя). У 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз, які аб’яднаў арцелі (каля 20) у адзіную сістэму.
Значныя змены ў становішчы і характары традыц.нар. мастацтва адбыліся ў 2-й пал. 20 ст.Насычэнне рынку масавай таннай прамысл. прадукцыяй абясцэніла многія вырабы нар. майстроў. З побыту пачалі адыходзіць саматканае адзенне, самаробныя прылады працы, мэбля, посуд і інш. З забыццём стараж. абрадаў і звычаяў адпала патрэба і ў стварэнні абрадавай пластыкі. Многія традыц.нар. рамёствы заняпалі, іншыя прадоўжылі сваё развіццё ў сферы маст. прам-сці: аплікацыя саломай па дрэве — на Жлобінскай ф-цы інкрустацыі; ганчарства — на Івянецкай ф-цы керамікі і вышыўкі; лозапляценне — на Гомельскай, Мазырскай, Гродзенскай, Слуцкай ф-ках маст. вырабаў; ткацтва — у Неглюбцы (Веткаўскі р-н), Моталі (Іванаўскі р-н); маст. саломапляценне — на Брэсцкай ф-цы сувеніраў. Прадаўжаюць бытаваць такія традыц. віды нар. мастацтва, як архітэктурны дэкор, маст. ткацтва, карункапляценне. Утылітарны бок твораў нар. майстроў адышоў на другі план, узрасла іх дэкаратыўнасць, пашырылася колеравая гама, развіліся новыя віды і матывы дэкору: чырвона-чорны ромбагеаметрычны дэкор у вышыўцы саступіў месца паліхромным раслінным матывам адвольнага характару. Вырабы сучасных нар. майстроў задавальняюць больш эстэтычныя, чым практычныя, патрэбы і выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці нац. твораў мастацтва і сувеніраў. Бытуюць маст. ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць сваю дзейнасць некат. асяродкі ганчарства (Гарадная Столінскага р-на). Дзякуючы росту цікавасці грамадства да набыткаў традыц. культуры на новым узроўні адрадзіліся некат. забытыя рамёствы: выцінанка, апрацоўка бяросты, лепка гліняных цацак, маст. кавальства, апрацоўка скуры і інш.; росквіту дасягнулі маст. саломапляценне і аплікацыя саломай па дрэве і палатне. Колішні механізм пераемнасці традыцый (на ўзроўні сям’і, ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам. Зберажэнню, адраджэнню і папулярызацыі нар. мастацтва садзейнічаюць стварэнне дамоў рамёстваў, спецыялізаваных музеяў, правядзенне святаў-конкурсаў па відах рамёстваў (рэспубліканскія святы-конкурсы ганчарства «Ганчарны круг—96», «Ганчарны круг—2004», саломапляцення «Саламяны цуд», 1997, лозапляцення «Лазовыя карункі», 1998, разьбярства «Дрэва жыцця», 1999, выцінанкі «Ажурныя фантазіі», 2000, кавальства «Залатая падкова», 2001). У 1998 адбылася 1-я Нац. выстаўка сучаснай нар. творчасці «Жывыя крыніцы», у 2003—1-ы Міжнар. фестываль саламянага мастацтва (Мінск). Створаны ў 1992 Беларускі саюз майстроў нар. творчасці гал. задачай ставіць адраджэнне, зберажэнне і развіццё нар. мастацтва і мастацкіх рамёстваў. Падтрымку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва як неад’емнай часткі нац. культуры ставіць сваёй мэтаю спецыяльны Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999). Здабыткамі нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва жывіцца прафесійнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
Я.М.Сахута.
Т.Агафоненка. Каляднікі. Саломапляценне. 1977.Ручнікі з Браслаўскага (злева) і Бярэзінскага раёнаў. Канец 19 — пач. 20 ст.Выцінанка.