ГАРЭ́ЛКА,
моцны алкагольны напітак; сумесь рэктыфікаванага этылавага спірту (40—56 аб’ёмных %) са змякчанай вадой. Для прыгатавання гарэлкі водна-спіртавую сумесь прапускаюць праз актываваны вугаль, потым фільтруюць. Розныя віды гарэлкі маюць цукар, пітную соду, ацэтат натрыю і інш. Перагонкай зброджаных пладоў і ягад атрымліваюць гарэлку вінаградную, вішнёвую і да т.п.
т. 5, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЬЯ́К (па назве г. Каньяк),
моцны алкагольны напітак (40—60 аб’ёмных працэнтаў спірту), прыгатаваны з каньячнага спірту. Каньячны спірт атрымліваюць перагонкай сухіх (пераважна белых) вінаградных він і далейшай вытрымкай яго ў дубовых бочках. Пры вытрымцы каньячны спірт абагачаецца дубільнымі рэчывамі і набывае характэрныя для К. смак і колер.
т. 8, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ КАНСЕ́РВАВЫ ЗАВО́Д.
Засн. ў г. Паставы Віцебскай вобл. ў 1912 як піваварны з-д. З 1939 кансервавы з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны. У 1945 адноўлены і рэканструяваны ў вінаробны з-д, з 1953 — сокавы, з 1965 сучасная назва. Асн. прадукцыя (2000): пладова-агароднінныя кансервы, сокі, вінны напітак.
т. 12, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІДР (ад франц. cidre),
слабае насычанае вуглякіслым газам віно, якое атрымліваюць зброджваннем яблычнага соку. Мае 5—7% (аб’ёмных) этылавага спірту; паводле колькасці цукру падзяляюць на салодкі (мае цукру 10 г/л), паўсухі (5 г/л) і сухі (менш за 0,3 г/л). Пачалі вырабляць у Паўн. Францыі, дзе С. наз. любы алкагольны напітак, атрыманы з яблыкаў.
т. 14, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́САКА,
вадкасць, якая выцякае з перарэзаных сасудаў драўніны сцёблаў або каранёў жывых раслін пад уплывам каранёвага ціску. Мае солі, амінакіслоты, бялкі, цукры, цытакініны і інш. За вегетац. перыяд у некат. дрэў выцякае 50—150 л П., у травяністых раслін (напр. у гарбуза) — 4—5 л. Найб. П. ў дрэў напрадвесні; у ёй да 8% цукру. Веснавую П. ўжываюць як напітак (бярозавы, кляновы сок).
т. 12, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РАНАЎ (Ігар Леанідавіч) (н. 20.1.1936, г. Екацярынбург, Расія),
рускі спявак (барытон). Засл. арт. Расіі (1970). Скончыў Горкаўскую кансерваторыю (1960), выкладаў у ёй (1980—92). У 1961—87 саліст Горкаўскага т-ра оперы і балета. З 1993 у Бел. акадэміі музыкі. На сцэне Опернай студыі акадэміі паставіў оперы «Утаймаванне свавольніцы» В.Шабаліна, «Любоўны напітак» Г.Даніцэці, «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага, кампазіцыю паводле оперы «Так робяць усе» В.А.Моцарта.
т. 3, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОМ (англ. rum),
моцны спіртны напітак з ромавага спірту. Для прыгатавання Р. спірт, атрыманы перагонкай зброджанага з выкарыстаннем спец. дражджэй мелесу цукр. трыснягу (ромавы спірт), разбаўляюць да мацунку 50—55% аб’ёмных і вытрымліваюць 2—8 гадоў пры т-ры 18—22 °C у драўляных бочках. Асн. вытворцы Р. — краіны Карыбскага басейна, дзе вырошчваюць цукр. трыснёг. У Еўропе пашыраны т.зв. «фантазійныя» Р. (напр., венг. «Гавана»), якія вырабляюць са спірту, араматызаванага сінт. эсенцыямі.
К.В.Фамічэнка.
т. 13, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁЗНЕНСКІ КАНСЕ́РВАВА-АГАРОДНІНАСУШЫ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д Знаходзіцца ў г.п. Лёзна Віцебскай вобл. Будаўніцтва пачата ў 1952. У 1955 пушчаны агароднінасушыльны цэх, на базе якога ў 1958 наладжаны выпуск кансерваў. З 1966 кансервава-агароднінасушыльны камбінат. У 1971—75 пабудаваны корпус па вытв-сці бульбяной крупкі, механізаванае сховішча для агародніны, чыг. ветка. З 1976 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): пладова-агароднінныя кансервы, сушаныя агародніна і бульба, сухое бульбяное пюрэ, бульбяны прадукт абсмажаны «Арыгінальны», бульбяныя чыпсы, грыбы вешанка (свежыя, сушаныя, кансерваваныя), мінер. вада «Лётцы», напітак пладовы моцны.
т. 9, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНКО́НІ ((Ronconi) Джорджа) (6.8.1810, г. Мілан, Італія — 8.1.1890),
італьянскі спявак (барытон), адзін з буйнейшых спевакоў 19 ст. Спяваць вучыўся ў бацькі Д.Ранконі. На опернай сцэне дэбютаваў у 1830. Выступаў у Італіі і інш. краінах, у т. л. ў Расіі (1851—55, 1858—59). Яго выкананне вылучалася віртуозным вак. майстэрствам, выразнай фразіроўкай, тэмпераментам. Сярод партый: Рыгалета, Навухаданосар (у аднайм. операх Дж.Вердзі), лорд Генрых Эштан («Лючыя ды Ламермур») і Дулькамара («Любоўны напітак», абедзве Г.Даніцэці), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні).
т. 13, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКЁР (франц. liqueur),
моцны салодкі алкагольны напітак; сумесь водна-спіртавых раствораў экстрактаў пахучых і смакавых рэчываў рознай расліннай сыравіны, а таксама рафінаванага цукру, лімоннай к-ты, памякчанай вады.
Паводле колькасці спірту (у аб’ёмных працэнтах — моц) і цукру (у грамах на 100 мл напітку — цукрыстасць) адрозніваюць Л. моцныя (моц 35—45, цукрыстасць 32—50) і дэсертныя (адпаведна 25—30, 39—47), крэмы (20—23, 39—43), пуншы (15—20, 34—43), аперытывы (15—35, 5—30). У краінах Зах. Еўропы і ЗША усе Л. часта наз. кардыяламі.
К.В.Фамічэнка.
т. 9, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)