нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць акупацыі Расіяй і Прусіяй часткі тэр. Рэчы Паспалітай, за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772, далейшае правядзенне рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92. Паўстанне падрыхтавана тайнымі патрыят. арг-цыямі, якія аб’ядноўвалі прагрэс. колы шляхты і мяшчан, эмігранцкім цэнтрам у Саксоніі (Дрэздэн, Лейпцыг) у складзе Г.Калантая, І., С. і Я. Патоцкіх, С.Малахоўскага, К.Сапегі і інш. Кіраўніком (начальнікам) паўстання і галоўнакамандуючым нац.ўзбр. сіламі прызначаны Т.Касцюшка. Падрыхтоўкай паўстання ў Варшаве кіраваў ген.-м. І.Дзялынскі, у Вільні — палк. Я.Ясінскі. Удзельнікі паўстання падзяляліся на 2 групоўкі: памяркоўных прыхільнікаў рэформ 1788—92 і радыкалаў («якабінцаў»; гл.«Віленскія якабінцы»), якія імкнуліся ўзняць усенар. паўстанне і правесці радыкальныя рэформы на ўзор Вял.франц. рэвалюцыі пад лозунгам «Свабода, роўнасць і братэрства». Паўстанне пачалося 12.3.1794, калі брыгадзір польск. войска А.Мадалінскі адмовіўся выконваць загад урада аб скарачэнні 1-й Велікапольскай брыгады і разам з войскам накіраваўся ў Кракаў, дзе быў прызначаны пачатак паўстання. 24 сак. ў Кракаве Касцюшка абвясціў Акт паўстання, паводле якога ён атрымліваў найвышэйшую ўладу і пасаду галоўнакамандуючага. Быў створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая нацыянальная рада, мясц. органы ўлады — парадкавыя камісіі ваяводстваў і паветаў, якія складаліся са шляхты і мяшчан. 4 крас. пад Рацлавіцамі (каля Кракава) паўстанцы разбілі 2 калоны рас. войска (гл.Рацлавіцкая бітва 1794). У гэтай бітве ўдзельнічалі касінеры (сяляне, узброеныя косамі, замацаванымі тарчма на дрэўках). Паўстанне ахапіла Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае ваяв., Холмскую зямлю. 17—18 крас. яно перамагло ў Варшаве. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, паводле якога сялянам давалася на пэўных умовах асабістая свабода.
На Беларусі і Літве паўстанне пачалося з выступленняў часцей войска ВКЛ 16 крас. ў г. Шаўлі (Шаўляй, Літва), у ноч на 23 крас. — у Вільні, дзе частка рас. войска была ўзята ў палон, частка адступіла. 24 крас. ў Вільні абвешчаны Акт паўстання, створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая літоўская рада на чале з Ясінскім. У раду ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока і прадстаўнікі асобных тэр.ВКЛ. Гал. кіраўніком паўстання Найвышэйшаяліт. рада прызнала Касцюшку. Яна выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы. Выдавалася рэв. «Gazeta narodowa Wileńska» («Віленская нацыянальная газета»). У пачатку паўстанне мела поспех. Яго падтрымалі сяляне, да якіх у пракламацыях па-беларуску звяртаўся Ясінскі, абяцаючы адмену прыгоннага права. Гэта выклікала незадавальненне Касцюшкі, які лічыў, што радыкальная палітыка можа адштурхнуць ад паўстання шырокія колы шляхты. 28 крас. ў Гродне створана мясц. кіраванне — парадкавая камісія. У крас.—маі паўстанцы ўзялі ўладу ў Брэсце, Ваўкавыску, Слоніме, Навагрудку, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе, у Жамойці. Рас. войскі вымушаны былі адступіць за мяжу 1793 — да Мінска, Нясвіжа, Пінска. Найвышэйшаяліт. рада абвясціла Ясінскага галоўнакамандуючым узбр. сіламі ВКЛ, яму прысвоена званне ген.-лейтэнанта. У маі 1794 Ясінскі вёў баі, каб ліквідаваць пагрозу Вільні з усходу, 7 мая яго дывізія нанесла паражэнне рас. войску каля в. Паляны (непадалёк ад г. Ашмяны). У гэтай бітве ўдзельнічала да 5 тыс. сялян з сякерамі, косамі, віламі, коп’ямі. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж кіраўнікамі паўстання. Пад націскам кансерватыўных колаў Касцюшка 4 чэрв. адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем на Беларусі і Літве Ясінскага як радыкала. Замест яго галоўнакамандуючым прызначаны ген.-лейт. М.Вяльгорскі. Загадам Касцюшкі Найвышэйшаяліт. рада распушчана і 10 чэрв. створана больш памяркоўная Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага. Найвышэйшаянац. рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі, чым скавала ініцыятыву мясц. кіраўнікоў. 12—16 чэрв. М.К.Агінскі спрабаваў глыбокім рэйдам узняць паўстанне ў Мінскай губ. Яго атрад прайшоў праз Валожын і Івянец, але ў бітве пад Вішневам быў разбіты. У жн. Агінскі з новым атрадам рушыў праз Браслаўшчыну на Дынабург (Даўгаўпілс, Латвія), каб адцягнуць ад Вільні рас. войскі. У 2-й пал. жніўня 3-тыс. атрад палк. С.Грабоўскага правёў новы рэйд у Мінскую губ., але 4 вер. разбіты ў Любанскім баі 1794. Рас. камандаванне кінула на Вільню 3 карпусы. 11 жн. горад быў акружаны і пасля бою 12 жн. капітуляваў. Войска ВКЛ адступіла да Гродна, куды пераехалі і паўстанцкія ўлады. На дапамогу рас. арміі выступіла пруская армія. 6 чэрв. пад Шчакацінамі (на Пн ад Кракава) корпус Касцюшкі пацярпеў паражэнне ад аб’яднанай рас.-прускай арміі, Кракаў быў здадзены. Аўстрыя ўвяла свае войскі ў Люблінскае ваяв. З Украіны быў накіраваны корпус ген.-аншэфа А.В.Суворава, які ў Крупчыцкім баі 1794 разбіў корпус ген.-м. К.Серакоўскага. 19 вер. пад Цярэспалем войскі Суворава разбілі атрады Серакоўскага і ген.-м. К.Князевіча. 10 кастр. ў Мацяёвіцкай бітве 1794 корпус Касцюшкі зноў пацярпеў паражэнне, а ён сам паранены, захоплены ў палон і зняволены. Начальнікам паўстання прызначаны ген.-лейт. Т.Ваўжэцкі. Карпусы Суворава 4 ліст. штурмам узялі Прагу (прадмесце Варшавы), 6 ліст. здалася Варшава. Рэшткі паўстанцкіх войск на чале з Ваўжэцкім адступілі на Пд, дзе 16 ліст. рассеяны рас. войскамі. Паўстанне, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх слаёў польск., бел., літ. грамадства на чале са шляхтай (усяго каля 150 тыс.чал., у т. л. на Беларусі і Літве 30—40 тыс.), было задушана. Яно адкрыла перыяд шляхецкай рэвалюцыйнасці на Беларусі, стварыла новы рэв. асяродак ва Усх. Еўропе, які быў працягам Вял.франц. рэвалюцыі. Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.
Літ.:
Пичета В.И. К истории восстания Костюшко 1794 г. // Уч. зап. Ин-та славяноведения АНСССР. 1953. Т. 7;
Грыцкевіч А.П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1;
Емяльянчык У. Паланез для касінераў: (З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі на Беларусі). Мн., 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1794. Бітва пад Рацлавіцамі 4.4.1794. Малюнак А.Арлоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДО́ЛЬНАСЦІ,
індывідуальна-псіхалагічныя асаблівасці асобы, якія з’яўляюцца суб’ектыўнымі ўмовамі паспяховага ажыццяўлення пэўнага роду дзейнасці. Вылучаюць З. агульныя (здзяйсненне разнастайных відаў дзейнасці, напр., разумовыя З., развітая памяць, мова і інш.) і спецыяльныя (поспехі суб’екта ў пэўных відах дзейнасці, напр.муз., матэм., літ.). З. фарміруюцца і развіваюцца ў працэсе ажыццяўлення розных відаў дзейнасці. Яны не тоесныя сукупнасці ведаў, уменняў і навыкаў індывіда, а праяўляюцца ў дынаміцы (хуткасці, глыбіні, трываласці) авалодання спосабамі і прыёмамі дзейнасці. Своеасаблівае спалучэнне З., якія абумоўліваюць дыяпазон магчымасцей суб’екта, узровень і спецыфіку яго дзейнасці, — адоранасць, вышэйшая ступень адоранасці — талент, найвышэйшая — геніяльнасць. Выяўленне і развіццё З. мае значэнне для прафес. арыентацыі чалавека.
Літ.:
Теплов Б.М. Избр. тр.Т. 1. М., 1985;
Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. М., 1989. Т. 2. С. 122—147;
Готсдинер А.Л. К проблеме многосторонних способностей // Вопросы психологии. 1991. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДУ́НАС (Vidūnas; сапр.Староста) Вільгельмас
(22.3.1868, в. Іонайчай, Шылуцкі р-н, Літва — 20.2.1953),
літоўскі філосаф, драматург. З 1912 жыў і працаваў у Тыльзіце, дзе ўзначальваў культ. жыццё літоўцаў Усх. Прусіі. Яго філас. сістэма сфарміравалася пад уплывам ідэй стараж.-інд. веданты (вішышты-адвайты) і некат. канцэпцый зах.-еўрап.ідэаліст.філас. плыняў — платанізму, неаплатанізму, хрысц.містыцызму, пантэізму. Быццё трактаваў як дух, пэўным станам якога, яго несамаст. часткай з’яўляецца матэрыяльны свет. Чалавек, паводле Відунаса, — мікракосмас і найвышэйшая ступень эвалюцыі. Носьбіты абс. духа, праяўленне чалавечнасці — мараль, мастацтва і навука.
Развіццё грамадства, на думку Відунаса, супадае з ступенямі духоўнага ўдасканалення чалавека: індывід — нацыя — чалавецтва — абсалют. Аўтар філас. прац: «Пабудова сусвету», «Таямнічая вялікасць чалавека» (абедзве 1907), «Паходжанне лёсу» (1908), «Жыццёвая аснова народа» (1920), «Свядомасць» (1936) і інш. У маст. творчасці абуджаў пачуццё нац. годнасці літоўцаў і пратэст супраць ням. імперыялізму (драм. трылогія «Цені продкаў», 1908, трагедыя «Сусветны пажар», 1928, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ПНАЎКА (Gypsophila),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Аўстраліі (1 від). На Беларусі 7 відаў: 2 дзікарослыя — вапнаўка мяцёлчатая (G. paniculata), расце па дарогах і чыгунках, на ўзлесках хваёвых лясоў і дзюнах, вырошчваецца ў культуры, і вапнаўка пучкаватая (G. fastigiata), расце ў сухіх і светлых хваёвых барах, на ўзлесках, мелавых агаленнях і ўздоўж дарог; 2 занесеныя — вапнаўка пранізаналістая (G. perfoliata) і вапнаўка чорнакаранялістая (G. scorzonerifolia), растуць па чыгунках, на сметніках; 3 інтрадукаваныя — вапнаўка зграбная (G. elegans), вапнаўка найвышэйшая (G. altissima) і вапнаўка ціхаакіянская (G. pacifica), растуць у кветніках, садах, часам як здзічэлыя на газонах.
Шмат- і аднагаловыя травяністыя расліны, радзей паўкусты з прамастойным, узыходным і распасцёртым, пераважна моцна разгалінаваным (ёсць шарападобныя, т.зв. «перакаці-поле», і падушкападобныя формы) сцяблом. Лісце дробнае, суцэльнае, сядзячае, ад лінейна-ланцэтнага да ланцэтна-яйцападобнага. Кветкі дробныя, белыя, лілова-чырвоныя ці ружовыя, у складаных мяцёлчатых і шчыткападобных суквеццях. Плод — аднагнездавая каробачка. Дэкар., тэхн., лек. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́ПІДАН ((Pontoppidan) Генрык) (24.7.1857, г. Фрэдэрысія, Данія — 21.8.1943),
дацкі пісьменнік. Вучыўся ў Політэхн. ін-це ў Капенгагене (1874—77). Друкаваўся з 1881. Вядомасць прынеслі аповесць «Сандынгскі прыход» і кн.апавяд. «Вясковыя абразкі» (абедзве 1883), у якіх рэалістычна паказана жыццё тагачаснага дацкага сялянства. Палемізуючы з неарамантыкамі, стварыў раманы «Начная варта» (1894), «Найвышэйшая песня» (1896), трылогію «Запаветная зямля» (1891—95), дзе панарамна адлюстравана паліт. і рэліг. жыццё краіны канца 19 ст. У шматпланавым эпічным рамане «Шчасліўчык Пер» (1898—1904) канфлікт паміж неардынарнай асобай і бяздушным навакольным светам, праблемы палітыкі, філасофіі, маралі, культуры. Песімістычнымі матывамі прасякнуты раман «Царства мёртвых» (1912—16). Змрочныя прадчуванні расчараванняў і катастроф уласцівы раману «Нябеснае царства чалавека» (1928). Аўтар аўтабіягр.кн. «Па дарозе да самога сябе» (1943). Нобелеўская прэмія 1917 (разам з К.А.Г’елерупам).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. СПб., 1913;
Счастливчик Пер.М., 1995.
Літ.:
Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШКУРЭ́ВІЧ (Арлен) (Арсен) Міхайлавіч (н. 15.9.1929, Мінск),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар.маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959), выкладаў у ім у 1959—69. Працуе ў кніжнай і станковай графіцы. Творам уласцівы глыбокае філас. асэнсаванне тэмы, маст. абагульненне. Майстар малюнка. Сярод станковых работ: серыі «Партызаны» (1969—70), «Купаліяна» (па матывах твораў Я.Купалы, 1971; за абедзве Дзярж. прэмія Беларусі 1972), «Блакада» (1979), «Асветнікі» (1989), «Святыя зямлі Беларускай» (з 1993), трыпціхі «Прысвячэнне В.Быкаву» і «Спрадвечнае» (1984), дыпціх «Напалм» (1985) і інш. Аўтар ілюстрацый да выданняў: «Курган» Я.Купалы (1967), «Авадзень» Э.Войніч, «Каласы пад сярпом тваім» (абедзве 1968) і «Дзікае паляванне караля Стаха» (1983) У.Караткевіча, «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага (1973), «Фауст» І.В.Гётэ (1976), «Карнікі» А.Адамовіча (1981), «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» А.Лойкі (1990), «Найвышэйшая песня Саламонава» (1995); да Новага запавету («Евангелле паводле Лукі» і «Апакаліпсіс», 1990).
Літ.:
Ганчароў М.І. А.М.Кашкурэвіч. Мн., 1976.
Г.А.Фатыхава.
А.М.Кашкурэвіч.А.Кашкурэвіч. Апошняя калыханка. 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЦЕЛ (Юзаф) (20.9.1764—18.7.1810),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. З роду Катлоў, сын Т.Коцела, генерал-маёра войск ВКЛ, старосты ашмянскага і Г.Тышкевіч. Валодаў Гарадзілавам і Юзафполем у Ашмянскім пав., быў старостам больніцкім і яліцкім. Пасол ад Ашмянскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, прыхільнік Канстытуцыі 3 мая 1791. З пачаткам паўстання 1794 увайшоў у Найвышэйшую літоўскую раду, чл. Дэпутацыі публічнай бяспекі. 3.5.1794 рада абрала яго прадстаўніком пры камандуючым паўстанцкімі войскамі ВКЛ Я.Ясінскім. У маі 1794 пасланы радай да Т.Касцюшкі, каб пераканаць паўстанцкія ўлады ў Варшаве ў лаяльнасці, што не прадухіліла роспуск рады. 8.6.1794 Найвышэйшая нацыянальная рада ў Варшаве прызначыла яго сваім упаўнаважаным у ВКЛ, 30.6.1794 Касцюшка ўвёў яго ў склад гэтай рады (намеснікам радцы). Належаў да памяркоўнага крыла паўстання, быў паліт. праціўнікам «якабінцаў», Ясінскага. Радыкальныя колы паўстання абвінавачвалі яго ў бяздзейнасці ў час штурму рас. войскамі Вільні, у нежаданні ўзбройваць сялян. Пасля падаўлення паўстання жыў у Венецыі, Парыжы, зблізіўся з радыкальнымі коламі эміграцыі. Пахаваны ў Беніцы (Маладзечанскі р-н).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,
найвышэйшая форма грамадскага тэр. падзелу працы; спецыялізацыя асобных краін па вытв-сці пэўных відаў прадукцыі, якімі яны абменьваюцца. Неабходнасць абмену вынікамі вытв-сці абумовіла ўзнікненне міжнароднага гандлю. Да машыннай стадыі М.п.п. грунтаваўся на прыроднай аснове — розніцах у прыродна-кліматычных умовах краіны, геагр. становішчы, рэсурсах і энергіі; эканам. адносіны краін былі сканцэнтраваны пераважна на абмене прадуктамі, што не вырабляліся ў сваёй краіне. З усталяваннем буйной машыннай індустрыі дыферэнцыяцыя вытв-сці паглыбілася, пачаліся міжнац. спецыялізацыя і кааперацыя, таварны абмен паміж краінамі. Паступова М.п.п. ахапіў усе структурныя элементы грамадскага падзелу працы, а абмен, што ажыццяўляўся на міжнар. узроўні, і сам паспрыяў паглыбленню падзелу працы паміж буйнымі сферамі эканомікі, узмацніў прадметную, тэхнал. і падэтальную спецыялізацыю. Сучасны этап сусветна-гасп. сувязей характарызуецца ўсё большым нарастаннем залежнасці, абумоўленай пераводам вытв-сці ў развітых эканам. сістэмах на новую тэхнал. базу. Новы якасны стан вытв. сіл стымуляваў інтэрнацыяналізацыю ўзнаўленчых працэсаў, якая праяўляецца ў 2 асн. формах: інтэграцыі і транснацыяналізацыі (стварэнне міжнац. вытв. комплексаў). Гл. таксама Геаграфія сусветнай гаспадаркі, Знешнеэканамічныя сувязі, Падзел працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДА НАРО́ДНЫХ МІНІ́СТРАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ, Рада Міністраў БНР. Сфарміравана Радай Беларускай Народнай Рэспублікі замест Народнага сакратарыята Беларусі ў адпаведнасці з Часовай канстытуцыяй БНР, прынятай 11.10.1918. У склад 1-й Р.н.м. (5-ы ўрад БНР) уваходзілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф): А.Луцкевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Я.Варонка (міністр унутр. спраў) В.Захарка (нам. старшыні да вер. 1919, міністр фінансаў), Л.Заяц (дзярж. кантралёр), А.Ладноў (міністр ваен. спраў), А.Смоліч (міністр асветы), А.Цвікевіч (міністр юстыцыі). Пазней Варонку на пасадзе міністра змяніў К.Цярэшчанка. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР. на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Найвышэйшая рада пацвердзіла паўнамоцтвы кабінета Луцкевіча, у складзе якога засталіся таксама Смоліч і Цярэшчанка. Пасля адстаўкі Луцкевіча (28.2.1920) Найвышэйшая рада свой кабінет не фарміравала. 6-м урадам БНР лічыцца кабінет, створаны 13.12.1919 Нар. радай. У склад гэтай Р.н.м. уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і БПС-Ф: В.Ластоўскі (старшыня), Я.Бялевіч (міністр фінансаў, з вер. 1920 А.Вальковіч), Т.Грыб (міністр унутр. спраў), К.Дуж-Душэўскі (дзярж. сакратар), Ладноў (міністр замежных спраў, пазней Цвікевіч), Заяц (дзярж. кантралёр), Цвікевіч (нам. старшыні, міністр юстыцыі). У выніку ганенняў з боку польск. акупац. улад кабінет Ластоўскага эмігрыраваў. Да ліст. 1920 ён знаходзіўся ў Рызе, потым у Коўне (Каўнасе). На Першай Усебеларускай канферэнцыі (1921, Прага) Р.н.м. прызнана адзіным законным органам выканаўчай улады на Беларусі. 1.10.1922 створаны 7-ы ўрад БНР — Дзярж. калегія на чале з П.Крачэўскім. 8-ы ўрад БНР сфарміраваны 23.8.1923. У склад Р.н.м. увайшлі Цвікевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Варонка (міністр асветы; неўзабаве выехаў у ЗША), Захарка (в.а. міністра фінансаў), Заяц (дзярж. кантралёр), У.Пракулевіч (дзярж. пісар). Прэзідыум Рады БНР прыняў склад гэтага кабінета «да ведама», але не зацвердзіў яго пастановай. У ліст. 1923 Р.н.м. пераехала з Коўна ў Прагу. Перад Другой Усебеларускай канферэнцыяй (1925, Берлін) Р.н.м. абвясціла ўрад БНР «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць», аднак старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі акты Р.н.м. правамоцнымі. Пасля канферэнцыі старшынёй Р.н.м. стаў Захарка. У 1928—43 ён спалучаў гэту пасаду з выкананнем абавязкаў старшыні Рады БНР. З сак. 1943 да сак. 1946 старшынёй Рады БНР і Р.н.м. быў М.Абрамчык. З чэрв. 1948 Р.н.м. не фарміравалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ САМАДЗЕ́ЙНЫЯ КАЛЕКТЫ́ВЫ,
найвышэйшая форма развіцця аматарскага мастацтва Беларусі. Найменне «народны» надаецца самадз. калектывам, дзейнасць якіх накіравана на развіццё бел.нац. культуры, захаванне яе рэгіянальных асаблівасцей, засваенне і папулярызацыю ўзораў сусв.маст. культуры; рыхтуюць самаст. канцэртныя праграмы, пастаянна ўдзельнічаюць у канцэртнай, выставачнай дзейнасці, маюць высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, актыўна ўдзельнічаюць у культ. жыцці горада, раёна, абл. і рэсп. аглядах, святах, выстаўках, фестывалях і конкурсах. Дзейнічаюць у рамках існуючага ў Рэспубліцы Беларусь заканадаўства, парадак работы вызначаецца Палажэннем аб нар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. Існуюць на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, вышэйшых, сярэдніх спец. і навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, прадпрыемстваў розных форм уласнасці, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. пад кіраўніцтвам кваліфікаваных спецыялістаў. Найменне «народны» надаецца тэатр. калектывам з 1959, муз. і харэаграфічным з 1960, аматарскім кінастудыям з 1975. Калектывам выяўл. і дэкар.-прыкладнога, кіна-, відэа-, фотамастацтва незалежна ад узросту ўдзельнікаў надаецца найменне «народная самадзейная студыя». Інш. калектывам, узрост удзельнікаў якіх да 16 гадоў, прысвойваецца найменне «ўзорны» (з 1978). На Беларусі 947 нар.самадз. калектываў (2000). Гл. таксама Аматарскае кіно, Народныя студыі і клубы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, Народныя тэатры, Народныя хары, ансамблі, аркестры.