Акадэміі ваенныя, гл. Ваенныя навучальныя ўстановы

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Транспартныя інстытуты, гл. Аўтамабільна-дарожныя інстытуты, Воднага транспарту вышэйшыя навучальныя ўстановы, Грамадзянскай авіяцыі вышэйшыя навучальныя ўстановы, Чыгуначнага транспарту інстытуты

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Зоаветэрынарныя інстытуты, гл. Ветэрынарныя і зоаветэрынарныя вышэйшыя навучальныя ўстановы

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́КА-ЛАЦІ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы павышанага тыпу ў Маскве ў 2-й пал. 17 ст. Узніклі па ініцыятыве рас. ўрада, царквы і прыватных асоб (школа Ф.​М.​Рцішчава) у сувязі з патрэбай у адукаваных дыпламатах, настаўніках, прыказных. Школы былі прызначаны вучыць замежным мовам, задавальняць імкненне да ведаў шырокіх слаёў дваранства і пасадскага насельніцтва, павышаць іх агульны культ. ўзровень. Выкладчыкамі былі звычайна святары і манахі. Выкладаліся грэч., лац., царк.-слав. мовы, рыторыка і філасофія. Узнікненне і дзейнасць Грэка-лацінскіх школ садзейнічалі стварэнню ў Маскве Славяна-грэка-лацінскай акадэміі.

т. 5, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,

ваенна-адм. адзінка, тэр. агульнавайсковае аб’яднанне, у якое ўваходзяць злучэнні, часці, ваенна-навучальныя і розныя мясц. ваенныя ўстановы. Падзел тэр. краіны на ваенныя акругі практыкуецца ў многіх дзяржавах і мае на мэце забяспечыць правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай краіны і ўзбр. сіл на выпадак вайны, больш мэтанакіравана арганізаваць падрыхтоўку войск і штабоў. Бываюць прыгранічныя і ўнутраныя В.а., звычайна іх называюць па найменнях гарадоў або мясцовасці, дзе дыслацыруюцца іх упраўленні. У СССР (паводле стану на 1991) існавала 16 ваенных акруг, адной з якіх была Беларуская ваенная акруга, на базе якой створаны Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЦКІЯ ШКО́ЛЫ,

пачатковыя і сярэднія навучальныя ўстановы, якія ствараліся праваслаўнымі брацтвамі ў канцы 16—18 ст. на Беларусі, Украіне і ў Літве. Адыгралі значную ролю ў развіцці асветы. Былі адкрыты ў Вільні (каля 1584), Магілёве (1590), Брэсце (1591), Мінску (1612), Пінску, Слуцку, Кіеве, Луцку і інш. гарадах. Мелі свой статут, які вызначаў змест і арганізацыю навучання. Вывучаліся царк.-слав., грэч., руская (беларуская), лац., польская мовы, творы ант. мысліцеляў, майстэрства вершаскладання, музыка, арыфметыка, астраномія і інш. Брацкія школы мелі архівы і б-кі. Многія іх настаўнікі былі аўтарамі падручнікаў (С.Зізаній, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі), палемічных твораў (Л.Карповіч, С.Косаў і інш.).

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТАНІ́СЦКІЯ ШКО́ЛЫ,

ваенныя навучальныя ўстановы ніжэйшага разраду ў 1805—58 у Рас. імперыі для кантаністаў. У іх вучыліся дзеці з 7 (з 1824 — з 10) да 15 гадоў, пасля чаго асн. частка навучэнцаў залічвалася салдатамі ў войска тэрмінам на 20 гадоў. астатнія працягвалі навучанне да 18 гадоў і атрымлівалі чын унтэр-афіцэра. Асн. мэта К.ш. — падрыхтоўка добра абучаных і «адданых прастолу» салдат. Праграма навучання была вельмі абмежаваная (Закон Божы, чытанне, пісьмо, лік), унутр. распарадак вызначаўся празмернай жорсткасцю, пераважала ваен. муштра. У сувязі з ліквідацыяй ваен. пасяленняў К.ш. часткова расфарміраваны, некат. пераўтвораны ў вучылішчы ваен. ведамства.

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЯ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы арыянаў — прадстаўнікоў радыкальнага рэфармацыйнага руху (гл. Арыянства). У 2-й палове 16 — пачатку 17 стагоддзя існавалі ў краінах Заходняй Еўропы. На Беларусі былі ў Іўі, Клецку, Любчы, Лоску, Нясвіжы, Навагрудку і інш. Мелі 3—5 класаў. На чале школы стаяў рэктар, які выкладаў у старшым класе. Апрача багаслоўя вучні вывучалі творы старажытных філосафаў, гісторыкаў, паэтаў, польскую, беларускую, грэчаскую, лацінскую, старажытна-яўрэйскую мовы, цывільнае права і кодэкс Юсцініяна, логіку, рыторыку, этыку, медыцыну, арыфметыку, фізіку. Тут вучыліся дзеці не толькі арыянаў, але і праваслаўных і католікаў. У вучняў выхоўвалі павагу да чалавека і яго розуму, вучылі самастойна мысліць. У 1585—93 рэктарам арыянскай школы ў Іўі быў Я.Л.Намыслоўскі.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЗУІ́ЦКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

сістэма выхавання, распрацаваная ордэнам езуітаў. Яе прынцыпы і методыка выкладзены ў спец. школьным статуце «Ratio atque institutio studiorum Societatis Jesu» («План і арганізацыя заняткаў у грамадстве Icyca»), зацверджаным y 1599. Адна з характэрных рыс Е.в. — адмова ад суровай дысцыпліны, якая існавала ў сярэдніх і вышэйшых школах сярэдневякоўя. Аднак езуітамі была распрацавана сістэма пакаранняў, якая прыніжала чалавечую годнасць вучняў (каўпак з аслінымі вушамі, ганебная лава і інш.) і сістэма ўзнагарод (пачэснае месца ў класе, адзнакі і г.д.). Настаўнікі-езуіты імкнуліся кантраляваць кірунак думак навучэнцаў, вялі за імі пастаянны нагляд. Е.в. было накіравана на падрыхтоўку вучняў да служэння каталіцкай царкве, аўтарытэту папы рымскага, вышэйшых царк. іерархаў (гл. таксама Езуіцкія навучальныя ўстановы, Калегіум).

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 6, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗЫЛЬЯ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы ў 17 — 1-й пал. 19 ст., якія ствараліся, утрымліваліся і кіраваліся манаскім ордэнам базыльянаў. Дзейнічалі на Беларусі, Украіне, у Літве, Латвіі і Польшчы. Папа Павел V 2.12.1615 зацвердзіў базыльянскія школы і дазволіў весці ў іх навучанне свецкай моладзі. На Беларусі першыя школы ўзніклі да 1637 у Мінску, Навагрудку, мяст. Баруны, Жыровічы, Чарэя і інш. У базыльянскіх школах вучылася моладзь розных веравызнанняў. Настаўнікаў для школ рыхтавалі ў езуіцкіх калегіумах, Віленскай акадэміі (універсітэце), замежных універсітэтах. Выкладаліся: грэч., лац., царкоўнаслав., польск., рус., ням., франц. мовы, метафізіка, рыторыка, логіка, паэтыка, права, асновы хрысц. веравучэння і абраднасці, гісторыя агульная і Рэчы Паспалітай, з 19 ст. — гісторыя Рас. імперыі, фіз. і паліт. геаграфія, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, фізіка, астраномія, заалогія. У 1820—30-я г. базыльянскія школы зачынены ўрадам Рас. імперыі або пераўтвораны ў семінарыі і духоўныя праваслаўныя школы.

т. 2, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)