ЗА́МЧЫШЧА,

месца з рэшткамі разнастайных сярэдневяковых умацаванняў, якія ўключалі комплекс абарончых і жылых пабудоў на тэр. дзядзінца (земляныя валы са сценамі, вежамі і інш. элементы абароны). У Беларусі З. называюцца рэшткі ўмацаваных паселішчаў розных часоў, якія ўключалі гарадзішчы, гар. цытадэлі, каралеўскія і прыватнаўласніцкія замкі. На даследаваных З. (Ваўкавыск, Мінск, Навагрудак, Полацк і інш.) выяўлены драўляныя і мураваныя фартыфікацыйныя збудаванні, прадметы матэрыяльнай культуры (зброя, посуд, буд. і ваенны рыштунак, арх.-дэкар. кераміка).

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МКАВАЯ ГАРА́,

найвышэйшы пункт Навагрудскага ўзвышша на Беларусі. За 3 км ад г. Навагрудак, за 250 м на Пн ад в. Пуцэвічы. Выш. 323 м. Складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта пылаватым супескам, сфарміраваным у час паазерскага зледзянення. Мае выгляд спадзіставыпуклага ўзвышэння субмерыдыянальнага напрамку. Схілы спадзістыя, стромкасць 3—7°, адносны перавыш. да 20—25 м/км². Амаль уся пад ворывам. На З.г. засталіся руіны Навагрудскага замка (10—16 ст.). Паблізу З.г. ў гонар А.​Міцкевіча насыпаны курган.

т. 6, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ВАЧ (Леанід Мікалаевіч) (н. 1.7.1945, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1993). Скончыў БДУ (1966). З 1970 у Гродзенскім ун-це (з 1993 прарэктар, у 1994—97 рэктар). Навук. працы па спектраскапіі складаных біяарган. сістэм. Развіў метады флюарэсцэнцыі і камбінацыйнага рассеяння святла ў дачыненні да даследавання біяарган. малекул.

Тв.:

ГКР-активные субстраты на основе тонких серебряных пленок, отожженных при высоких температурах (у сааўт.). // Оптика и спектроскопия 1996. Т. 81, № 1.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІЯ ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,

помнік архітэктуры класіцызму ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1812 у цэнтры горада на гандл. плошчы (цяпер вул. Мінская). Выцягнуты прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам з трохвугольнымі франтонамі на тарцах і ў цэнтры падоўжаных фасадаў. Гал. фасад расчлянёны прамавугольнымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі. Вакол будынка абходная галерэя, утвораная дарычнай каланадай. У 1953 зменена планіроўка будынка, гал. фасад абліцаваны керамічнай пліткай. Выкарыстоўваюцца пад гандл. прадпрыемствы.

Навагрудскія гандлёвыя рады. Фота 1930-х г.

т. 11, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧ Юльян Аляксандр

(ахрышчаны 23.8.1801, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 16.11.1871),

гісторык права. Брат А.Міцкевіча. Скончыў дамініканскую школу ў Навагрудку, Віленскі ун-т (1825 ці 1826). Чл. т-ва філарэтаў, з 1822 у т-ве філадэльфістаў. Арыштаваны па справе філарэтаў, у 1823—24 зняволены. З 1828 выкладаў права ў Крамянецкім ліцэі, з 1835 прафесар Кіеўскага, з 1840 — Харкаўскага ун-таў. У 1859 вярнуўся ў Беларусь, тут напісаў «Энцыклапедыю права» і «Курс рымскага права» (захаваліся ў рукапісах). У 1863 дапамагаў паўстанцкаму атраду Р.Траўгута.

т. 10, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЫ́НСКІ (Хрыстафор) (?, Навагрудак — 1665),

дзярж. дзеяч ВКЛ. Сын новагародскага земскага суддзі. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме (1637), Падуанскім ун-це (1641). З 1654 ротмістр кавалерыі ВКЛ, у 1654—62 пісар ВКЛ, з 1658 падкаморы новагародскі. Неаднаразова выбіраўся паслом на соймы ад шляхты Новагародскага ваяв. Быў сакратаром пасольства П.К.Абуховіча ў Маскве. Удзельнік падрыхтоўкі мірнага дагавору Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1659, 1660). Як пасол сойма ад Старадубскага пав. ўдзельнічаў у размежаванні Інфлянтаў і Курляндыі. Валодаў маёнткамі Бярдова і Ятра (Новагародскае ваяв.), вёскамі ў Смаленскім ваяв.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ДНЯ, гарадня́,

тып абарончага збудавання: прамавугольны зруб з бярвён ці брусоў, запоўнены ўнутры зямлёй і каменнем. У абарончым дойлідстве на Беларусі гародня вядомы з 12 ст. (Навагрудак), найб. пашыраны ў 15—16 ст. (Полацк, Орша, Радашковічы, Кобрын, Стрэшын). Шэраг гародняў, пастаўленых шчыльна адна да адной тарцамі, утваралі абарончыя сцены замкаў і гар. умацаванняў. Мелі байніцы, наверсе — галерэі з абламамі. Часам выкарыстоўваліся пад гасп. памяшканні, каморы для вязняў (Брэст). Вонкавая сцяна магла быць шматпластавой — да пяці бярвён (Полацкі Верхні замак, 16 ст.). З 17 ст. саступілі месца тарасе.

С.​А.​Сергачоў.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ ЗАВО́Д ГА́ЗАВАЙ АПАРАТУ́РЫ.

Засн. ў 1944 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. як райпрамкамбінат, з 1960 з-д «Металіст», з 1966 сучасная назва, з 1994 адкрытае акц. т-ва. У 1967 уведзены ў дзеянне цэх прылад і рэканструяваны механазборачны, у 1971 рэканструяваны цэх газавых балонаў. У 1976 асвоены выпуск парашковых вогнетушыцеляў для аўтамабіляў. З 1977 працуе цэх па вытв-сці камплектаў вузлоў і дэталей. Асн. прадукцыя (1999): газавыя балоны, апаратура (вентылі, рэдуктары, клапаны), вогнетушыцелі, газабалонныя сістэмы для аўтамабіляў, газавыя воданагравальныя калонкі і быт. прылады.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Створаны ў 1930-я г. каля Навагрудскіх замкаў. Парк рэгулярна-пейзажны, пл. 10,2 га. У аснове планіроўкі сістэма радыяльных алей, якія разыходзяцца ад уваходнай пляцоўкі і перасякаюцца некалькімі кальцавымі дарожкамі. Кампазіцыя дапаўняецца маляўнічымі групамі і асобнымі пасадкамі дрэў. Перад уваходам у парк — курган, насыпаны ў гонар А.Міцкевіча. Паводле дэндралагічнага складу парк быў адным з самых багатых на Беларусі (значна пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну). У ім расло каля 70 экзотаў і дэкар. форм, у т. л. дугласія цісалістая, лістоўніца еўрап., піхты, дуб чырвоны і інш.

В.​Р.​Анціпаў.

Навагрудскі парк. Схема.

т. 11, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРКА́ВІ (Аўрам Якаўлевіч) (1835, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 1919),

расійскі ўсходазнавец, семітолаг. Адукацыю атрымаў у Віленскім рабінскім вучылішчы, ун-тах Пецярбурга, Берліна, Парыжа. З 1877 заг. аддзела яўр. кніг Публічнай б-кі ў Пецярбургу; склаў вопіс рукапісаў, якія там знаходзіліся, займаўся іх публікацыяй. Даследаванне Гаркаві «Сказанні мусульманскіх пісьменнікаў пра славян і рускіх...» (1870), якое змяшчае вытрымкі з твораў 26 араб. пісьменнікаў 7—10 ст., — важная крыніца па гісторыі Стараж. Русі. Аўтар шматлікіх прац, прысвечаных гісторыі яўрэяў, хазараў («Сказанні яўрэйскіх пісьменнікаў пра хазараў і хазарскае царства», 1874), караімаў («Нарысы гісторыі караімства», 1897—1902), яўр. эпіграфіцы, этнаграфіі, філалогіі і інш. Адзін з рэдактараў «Яўрэйскай энцыклапедыі» (т. 1—16, 1908—13).

т. 5, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)