МІКРАКА́ТАР,

прылада для вымярэння лінейных памераў калібраў і дэталей машын адносным кантактным спосабам — параўнаннем з мерай. Асн. механізм — скручаная стужачная спружына, якая пераўтварае лінейныя перамяшчэнні вымяральнага стрыжня (у ніжняй ч. прылады) у вуглавыя адхіленні стрэлкі. Межы вымярэнняў ±(4—300) мкм.

Мікракатар.

т. 10, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛА́ДА,

1) прыстасаванне, пры дапамозе якога выконваецца якая-н. работа.

2) Спец. прыстасаванне, механізм, прыбор, прызначаныя для якой-н. мэты — вымярэння, вылічэння і да т.п.

3) Камплект, набор прадметаў для выканання аднаго працэсу, напрамку работ, напр., рыбалоўныя П., спартыўныя П.

т. 13, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАІМУ́ННЫЯ ХВАРО́БЫ,

захворванні, абумоўленыя рэакцыямі імунітэту, што накіраваны супраць уласных тканак і органаў арганізма. Да аўтаімунных хвароб належаць калагеноз, нефрыт, панкрэатыт, сістэмная склерадэрмія, набытая гемалітычная анемія; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб — сіндром набытага імунадэфіцыту (СНІД). Механізм многіх аўтаімунных хвароб вывучаны недастаткова.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІЛЯРАСКАПІ́Я (ад капіляры + ...скапія),

метад даследавання ў чалавека крывяносных капіляраў скурнай складкі ногцевага ложа, прасветленага спец. саставамі. Змены, бачныя пры К., не з’яўляюцца строга спецыфічнымі для паталаг. стану; яны ўзнікаюць як прыстасоўны механізм пры парушэнні агульнага крывацёку. Таму К. — дапаўняльны дыягнастычны метад у агульнаклінічных даследаваннях.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ШПІЛЬ (галанд. braadspil),

лябёдка з гарыз. валам для пад’ёму якара, падцягвання судна з дапамогай тросаў да прычала (пірса, сценкі) пры яго швартоўцы. Бываюць ручныя, паравыя, эл. і гідраўлічныя. На вял. ваен. караблях замест брашпіля ўстанаўліваецца шпіль — механізм лябёдачнага тыпу з верт. валам і пераважна эл. прыводам.

Брашпіль.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЦУГО́ВАЯ ПЕРАДА́ЧА,

механізм для перадачы вярчэння паміж паралельнымі валамі пры дапамозе двух жорстка замацаваных на іх зубчастых колаў, праз якія перакінуты бясконцы ланцуг. Гарантавана ад праслізгання, мае даволі высокі (да 0,96—0,97) ккдз. Выкарыстоўваецца ў транспартных, сельскагаспадарчых і інш. машынах.

Ланцуговая перадача: 1 — бясконцы ланцуг; 2, 3 — зорачкі.

т. 9, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙМ ((Heim) Альберт) (12.4.1849, г. Цюрых, Швейцарыя — 31.8.1937),

швейцарскі геолаг. Праф. ун-та ў Цюрыху (з 1875). Прэзідэнт геал. камісіі Швейцарскага прыродазнаўчага т-ва, швейц. школы гляцыёлагаў. Асн. працы па геалогіі, тэктанічнай будове (прыхільнік шырокага распаўсюджвання покрываў) і зледзяненні Альпаў. Механізм гораўтварэння разглядаў з пазіцый пашыранай у 19 ст. кантракцыйнай гіпотэзы.

т. 5, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГЛЫНА́ННЕ ХВАЛЬ,

пераўтварэнне энергіі хвалі ў інш. віды энергіі ў выніку ўзаемадзеяння з інш. хвалямі і асяроддзем, дзе распаўсюджваецца хваля. Вядзе да аслаблення энергіі хвалі паводле экспаненцыяльнага закону (аслабленне хваль выклікаецца і інш. з’явамі, напр., рассеяннем хваль). Механізм П.х. залежыць ад прыроды хвалі і ўласцівасцей асяроддзя (гл. Паглынанне гуку, Паглынанне святла).

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАПРЫВО́Д, пнеўматычны выканаўчы механізм,

сілавое прыстасаванне для дыстанцыйнага ўздзеяння (напр., клапанам, засоўкай, кранам) у сістэмах кіравання; выкарыстоўваецца і для прыводу рабочых машын. Паводле характару ўздзеяння адрозніваюць П. з паступальным і вярчальным рухам. Найб. пашыраны П. з паступальным рухам, у якіх перапад ціску паветра пераўтвараецца ў рух (перамяшчэнне поршня ці мембраны).

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНХРАНІЗА́ТАР,

механізм ці прыстасаванне, што забяспечвае сінхранізацыю некалькіх машын, механізмаў, сістэм. У радыёлакатарах, тэлевізійнай і інш. апаратуры сувязі С. — электроннае прыстасаванне, што забяспечвае ўзгодненую па часе і фазе работу некалькіх прылад шляхам падачы на іх спец. кіравальных сінхрасігналаў. С. аўтамабільны — прыстасаванне для бясшумнага і безударнага ўключэння каробкі перадач.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 14, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)