АБВЯШЧЭ́ННЕ ПАМЕ́РЛЫМ,

паводле бел. права прызнанне па рашэнні суда грамадзяніна памерлым пры адсутнасці ў месцы яго пастаяннага жыхарства звестак пра яго месцазнаходжанне на працягу 3 гадоў, а калі ёсць падставы меркаваць, што ён прапаў без вестак пры абставінах, калі яму пагражала смерць, — на працягу 6 месяцаў. У выпадку яўкі або выяўлення месцазнаходжання такога грамадзяніна рашэнне аб абвяшчэнні памерлым адмяняецца судом.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАКО́КАВАЯ ІНФЕ́КЦЫЯ, дыплакокавая септыцэмія,

інфекцыйная хвароба жывёл, якая выклікаецца ланцэтападобным дыплакокам (Diplococcus septicus). Хварэюць цяляты, ягняты, парасяты, жарабяты, часцей ва ўзросце ад 15 сутак да 2,5 месяцаў. У маладняку працякае са з’явамі пнеўманіі, сепсісу і запалення суставаў, у дарослых жывёл — у форме пасляродавых эндаметрытаў і мастытаў. Заражэнне адбываецца пераважна праз інфіцыраванае малако маці, рэспіраторным шляхам. Пашырана ўсюды, бываюць групавыя ўспышкі (энзаотыі).

т. 6, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАА́ЛА, сумчаты мядзведзь (Phascolarctos cinereus),

млекакормячае сям. каалавых. Пашыраны на У Аўстраліі. Жыве ў кронах дрэў эўкаліптавых лясоў. Актыўны ноччу. Трымаецца паасобна або невял. групамі.

Даўж. да 82 см, маса да 16 кг. Шэрсць густая, мяккая, шэрая. Вывадкавая сумка развітая, адкрываецца назад. Сталы самец мае гарэм. Корміцца лісцем эўкаліптаў. Народжанае дзіцяня застаецца ў сумцы да 6 месяцаў. Ахоўваецца.

Э.​Р.​Самусенка.

Каала.

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААТЫ́НГА (партуг. caatinga, на мове індзейцаў тупі caa лес, tinga белы, светлы),

ландшафт паўпустынных нізкарослых (да 8—10 м) ксерафітных трапічных рэдкалессяў на ПнУ Бразільскага пласкагор’я ў Паўд. Амерыцы. Пераважаюць драбналістыя дрэвы і хмызнякі са шматлікімі калючымі і пякучымі формамі. Шмат сукулентаў, пераважна кактусы і агавы, характэрна т. зв. бутэлечнае дрэва. У час доўгатэрміновай засухі (8—9 месяцаў) многія дрэвы скідваюць лісце.

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЮ́СК КАНТАГІЁЗНЫ,

хвароба скуры, пераважна ў дзяцей ва ўзросце да 9 гадоў. Узбуджальнік — вірус Molitoz hominis. Інкубацыйны перыяд ад 10 дзён да некалькіх месяцаў. Прыкметы М.к.: безбалючыя вузельчыкі шчыльнай кансістэнцыі, паўшарападобнай формы, памерамі ад шпілечнай галоўкі да сачавіцы, з маленькай адтулінай у цэнтры. Пры сцісканні папулы пінцэтам выдзяляецца тварожыстая маса. Лячэнне: выцісканне папул і змазванне 10%-ным растворам ёду.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 10, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРКАЛЯ́РНЫ РОСТ, уставачны рост,

рост раслін у даўжыню ў выніку дзялення клетак утваральнай тканкі (мерыстэмы), якая знаходзіцца ніжэй верхавіны органа (напр., у міжвузеллях сцёблаў злакаў, у аснове ліста). Пры І.р. сцябло расце па ўсёй даўжыні. У розных раслін хуткасць росту сцябла неаднолькавая. Напр., у бамбука прырост парасткаў да 30 см за сут, канчатковай выш. 30 м ён дасягае за некалькі месяцаў, інш. дрэвы — за дзесяткі гадоў.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЫЛЕ́НКА (Уладзімір Цімафеевіч) (25.12.1924, в. Бабінічы Віцебскага р-на — 13.5.1942),

Герой Сав. Саюза (1942). У Вял. Айч. вайну з 1941 партызан — падрыўнік атрада І.​Р.​Шлапакова ў Смаленскай вобл. За 10 месяцаў падарваў некалькі аўтамашын, 2 гарматы, пусціў пад адхон 4 эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага. Вяртаючыся з баявога задання, трапіў у засаду, быў цяжка паранены, памёр ад ран. У Смаленску К. пастаўлены помнік.

У.Ц.Курыленка.

т. 9, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТО́ГРАФ (ад магніт + ...граф),

прылада, якая бесперапынна рэгіструе змены зямнога магн. поля ў часе (магн. варыяцыі). Складаецца з магн. варыёметраў і рэгістравальных прыстасаванняў (частатамеры, вальтметры, патэнцыёметры з запісвальнымі вузламі, магнітафоны і інш.). Рэгіструе кампаненты магн. поля Зямлі з перыядам ад некалькіх секунд да некалькіх месяцаў і больш. Паказанні М. (на магн. стужцы і інш. магнітаграмах) апрацоўваюцца на ЭВМ. Ёсць сонечныя М. для вымярэнняў магн. поля на Сонцы.

т. 9, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя А.​К.​Глебава пры Беларускай акадэміі мастацтваў.

Засн. ў 1947 у Мінску. З 1969 імя Глебава. З 1992 сучасная назва. Рыхтуе скульптараў-выканаўцаў-выкладчыкаў, мастакоў-выкладчыкаў, мастакоў-майстроў (рэзчыкаў па дрэве), дызайнераў (мастакоў-афарміцеляў). Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): жывапіс; скульптура; дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; дызайн. Тэрмін навучання 3 гады 10 месяцаў. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 10, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСА́ТНЫ КЛІ́МАТ,

клімат абласцей зямнога шара, якія знаходзяцца пад уздзеяннем пасатаў. Вызначаецца ўстойлівасцю напрамкаў і сілы ветру, малой воблачнасцю і малой колькасцю атмасферных ападкаў (каля 500 мм за год). Сярэдняя т-ра паветра летніх месяцаў 20—27 ​oС, у зімовыя месяцы — да 10—15 ​oС. У раёнах з П.к. на сушы пераважаюць ландшафты трапічных пустынь і паўпустынь (акрамя ўсх. ч. мацерыкоў, якім уласцівы мусонны клімат).

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)