ПЕРСПЕКТЫ́ВА ў мастацтве,

метад адлюстравання на плоскасці аб’ёмных цел, іх уласнай прасторавай структуры і месцазнаходжання ў прасторы; адзін з асн. элементаў пабудовы кампазіцыі ў творах фігуратыўнага мастацтва. У залежнасці ад маст. стылю і прынятай у пэўную эпоху сістэмы прасторавага бачання, мэты аўтара твора прымалі розныя формы, якія выкарыстоўваюцца і для ўласна арганізацыі прасторы адпаведна зрокаваму ўспрыняццю прадметаў чалавекам, і для выяўлення канцэпцыі светабудовы, узмацнення эмац.-псіхал. ўздзеяння твора, надання выяве ролі сімвала і інш. Выкарыстоўваецца таксама ў арх. праектаванні, чарцяжах будынкаў і комплексаў і інш.

Узнікненню паняцця П. папярэднічалі ўмоўна-сімвалічныя схемы і прыёмы ў мастацтве першабытнасці і Стараж. Усходу, сродкамі якіх характарызавалі ўзаемнае размяшчэнне прадметаў (ярусная кампазіцыя, спалучэнне франтальных і профільных відаў з планамі, маштабныя кантрасты і інш.). У ант. мастацтве пераважалі перспектыўныя пабудовы кампазіцыі. заснаваныя на метадзе праекцыі прасторавых аб’ектаў на пэўную плоскасць з дапамогай размешчаных на адной цэнтр. восі паралельных ліній, якія маюць некалькі пунктаў сыходжання (т.зв. рыбіна косць; у некат. рым. размалёўках выкарыстоўваўся і адзін цэнтр праекцыі). У эпоху сярэднявечча падпарадкаванасць мастацтва рэліг. канонам абумовіла ўзнікненне адваротнай П., якая складалася з некалькіх ізаляваных перспектыўных пучкоў, звернутых вяршыняй не ў глыбіню адлюстроўваемай прасторы, а да гледача, які нібыта знаходзіцца ў розных месцах перад выявай; пры спалучэнні гэтых фрагментаў ствараецца ўражанне ірэальнай прасторы, а павелічэнне памераў асобных аб’ектаў па меры іх аддалення надае выяве сімвалічны сэнс. Паралельна з гэтымі сістэмамі існавала назіральная П. (эмпірычныя навыкі адлюстравання прасторы «на вока», без узгаднення з тэорыяй і канонамі). У мастацтве краін Д. Усходу зрокавыя і практычныя навыкі перадачы прасторы стварылі сістэму паветранай П., якая будавалася праз паслядоўнае памяншэнне выразнасці аддаленых аб’ектаў і змяненне іх колеру ў спалучэнні з выбарам вельмі высокага пункта гледжання («з птушынага палёту») і паралельнай П. (паралельныя лініі не перасякаюцца ў полі зроку). У Еўропе прынцыпы паветр. П. абгрунтаваў і выкарыстоўваў у 15—16 ст. Леанарда да Вінчы, у 19 ст. — імпрэсіяністы. У эпоху Протарэнесанса і Адраджэння выпрацавана і матэматычна абгрунтавана сістэма лінейнай (прамой. навуковай) П., у аснову якой пакладзены метад цэнтр. праекцыі. Лінейная П. лічыцца класічнай, яе асн. прынцыпы найб. пашыраны ў мастацтве 16—20 ст. У канцы 19—20 ст. вырасла цікавасць і да інш. сістэм П., выпрацаваны складаныя метады пабудовы П. на ўнутр. паверхнях цыліндра (панарамная П.), сферы (купальная П.), на плафонах і інш. Правілы П. — адна з асноў методыкі маст. творчасці і адукацыі.

Літ.:

Барышников А.П. Перспектива. 4 изд. М., 1955;

Успенский Б.А. Поэтика композиции. М., 1970;

Раушенбах Б.В. Пространственные построения в живописи. М., 1980.

Лінейная перспектыва.

т. 12, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТО́РА І ЧАС у фізіцы,

фундаментальныя паняцці, якія адлюстроўваюць формы існавання і спосабы каардынацыі з’яў, працэсаў, аб’ектаў і іх станаў. Базісны прасторава-часавы аб’ект — падзея, якая вызначаецца адносна сістэмы адліку заданнем 3 прасторавых каардынат і 1 часавай каардынаты. Сувязь паміж прасторавымі і часавымі характарыстыкамі розных падзей вызначае геам. ўласцівасці прасторава-часавай разнастайнасці.

Фіз. паняцці П. і ч. ўзніклі на аснове натурфіласофскіх уяўленняў аб іх сутнасці (гл. Прастора і час у філасофіі) і прасторава-часавых уяўленняў, заснаваных на мех. практыцы аперыравання з жорсткімі і пругкімі целамі. У класічнай механіцы існуе дваістасць апісання П. і ч., дзе разам з абсалютнымі ёсць і адносныя П. і ч. Паводле Ньютана, абсалютныя П. і ч. — ідэальныя формы, якія маюць матэм. выраз, адносныя П. і ч., даступныя вымярэнню працягласці матэрыяльных аб’ектаў (у прасторы) і назіраных з’яў (у часе). Такая дваістасць у фізіцы захоўваецца да нашага часу. П. і ч. рэальных аб’ектаў у фізіцы не заўсёды супадае з П. і ч. тэарэт. (ідэальных) аб’ектаў, якія апісваюць адпаведную прадметную вобласць. У аксіёмы, што вызначаюць геаметрыю класічных П. і ч., уключаецца кінематычны пастулат — прынцып адноснасці, які сцвярджае раўнапраўнасць інерцыяльных сістэм адліку, вызначае метрычныя ўласцівасці фіз. П. і ч., а таксама абмяжоўвае выбар дапушчальных дынамічных тэорый. Прынцып адноснасці Эйнштэйна адрозніваецца ад прынцыпу адноснасці Ньютана тым, што значэнне адноснай скорасці інерцыяльнай сістэмы адліку абмежавана зверху. Матэматычна гэты прынцып фармулюецца як патрабаванне інварыянтнасці дынамічных ураўненняў фізікі адносна груп пераўтварэнняў прасторава-часавых каардынат (групы Галілея і групы Пуанкарэ адпаведна). У абодвух выпадках П. і ч. аб’ядноўваюцца ў адзіны геам. аб’ект — чатырохмерную прастору. Пры гэтым прастора-час спецыяльнай адноснасці тэорыі — Мінкоўскага прастора-час з’яўляецца чатырохмернай псеўдаэўклідавай прасторай у адрозненне ад прасторы-часу Галілея — Ньютана, якая наогул не з’яўляецца эўклідавай. У абодвух выпадках меркаванні аб аднароднасці часу і аднароднасці і ізатропнасці прасторы звязаны з захавання законамі энергіі, імпульсу і моманту імпульсу адпаведна. Дапушчальнасць бясконцасці скорасці распаўсюджвання ўзаемадзеяння ў прасторы-часе Галілея-Ньютана ўзгадняецца з уключэннем у лік ідэальных аб’ектаў ньютанаўскай механікі абсалютна цвёрдых цел і магчымасці абсалютнай (незалежнай ад выбару інерцыяльнай сістэмы адліку) сінхранізацыі нерухомых і рухомых ідэальных гадзіннікаў. Усе пункты трохмернай прасторы могуць назірацца адначасова, у якасці эталона даўжыні выбрана цвёрдае цела (парыжскі метр), вымярэнне часу заснавана на меркаванні аднолькавай працягласці аднолькавых фіз. працэсаў. Вобласць выкарыстання прасторы-часу Галілея — Ньютана абмежавана нерэлятывісцкай класічнай, квантавай і статыстычнай механікамі, а таксама электра- і магнітастатыкай. У спец. тэорыі адноснасці існуе верхняя мяжа скорасці — скорасць святла ў вакууме, аднолькавая для ўсіх сістэм адліку, і таму немагчыма абсалютная сінхранізацыя нават ідэальных гадзіннікаў, паняцце адначасовасці падзей мае сэнс адносна пэўнай інерцыяльнай сістэмы адліку, сярод ідэальных аб’ектаў няма абсалютна цвёрдых цел. За эталон даўжыні прынята адлегласць, якую праходзіць святло за адзінку часу, эталонам часу служыць велічыня, адваротная частаце святла, выпрамененага эталоннай крыніцай. Прастора-час Мінкоўскага распадаецца для кожнага назіральніка на абсалютнае мінулае, абсалютнае будучае і абсалютнае аддаленае (унутранасць і знешнасць светлавога конуса), яна выкарыстоўваецца як базавая ў рэлятывісцкай класічнай і квантавай механіках, квантавай тэорыі моцных і электраслабых узаемадзеянняў. ідэальныя аб’екты гэтых тэорый не заўсёды маюць аналагі сярод рэчаісных аб’ектаў. У агульнай тэорыі адноснасці (АТА) прынцып адноснасці пашыраецца да патрабавання каварыянтнасці ўраўненняў адносна адвольных пераўтварэнняў усіх чатырох каардынат, у якасці ідэальнага аб’екта служыць метрыка прасторы-часу, пад якой разумеюць гравітацыйнае поле, крыніцай якога з’яўляецца тэнзар энергіі — імпульсу матэрыі. У гэтым сэнсе АТА устанаўлівае залежнасць метрыкі прасторы-часу ад уласцівасцей гравітавальнай матэрыі. Прастора-час у АТА неаднародная і неізатропная, яе тапалогія можа быць сінгулярнай (гл. Сінгулярнасць). Паводле сучасных уяўленняў з гравітацыйнай сінгулярнасці ў выніку Вялікага Выбуху нарадзіўся Сусвет. Мадэль пашыральнага Сусвету належыць да ідэальных аб’ектаў фізікі, які змяняецца ў часе. Асн. ўласцівасць такіх аб’ектаў — неабарачальнасць іх дынамікі ў часе. Існуюць таксама эксперым. ўказанні на магчымую неабарачальнасць у часе некаторых працэсаў у фізіцы элементарных часціц. Даказана, што Прырода несіметрычная адносна адлюстраванняў прасторавых каардынат і аддае перавагу то левай, то правай спіральнасці. Пры тэарэт. апісанні працэсаў у мікрасвеце ці на пачатковай стадыі Вялікага Выбуху даводзіцца аперыраваць з часавымі і прасторавымі інтэрваламі, для вымярэння якіх не існуе прылад (няяўна прымаецца гіпотэза бясконцай падзельнасці П. і ч.). Разглядаюцца мадэлі з дыскрэтнай прасторай-часам, з лікам прасторава-часавых вымярэнняў, большым за 4. Існуюць струнныя мадэлі, дзе ідэальным аб’ектам служыць аднамерная струна замест пункта, які не мае вымярэнняў. Мяркуюць, што менавіта струнныя мадэлі дазволяць зрабіць агульнае апісанне гравітацыйных, моцных і электраслабых узаемадзеянняў і тым самым істотна пашырыць нашы ўяўленні аб прасторы і часе.

Літ.:

Фок В.А. Теория пространства, времени и тяготения. 2 изд. М., 1961;

Пуанкаре А. О науке: Пер. с фр. 2 изд. М., 1990;

Минковский Г. Пространство и время // Принцип относительности. М., 1973;

Берке У. Пространство—время, геометрия, космология: Пер. с англ. М., 1985;

Хокинг С., Пенроуз Р. Природа пространства и времени: Пер. с англ. Ижевск, 2000;

Степин В.С. Теоретическое знание. М., 2000.

Я.​А.​Талкачоў, Л.​М.​Тамільчык.

т. 13, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫКА

Першыя генетычна-селекцыйныя працы на Беларусі праводзіліся М.​В.​Рытавым у Горы-Горацкім земляробчым ін-це з сярэдзіны 19 ст. У самастойную навук. дысцыпліну генетыка сфарміравалася ў пач. 20 ст. У 1920—30-я г. навук. цэнтрам па генетыцы і селекцыі была БСГА, дзе даследавалі селекцыю агароднінных і пладовых (М.​В.​Рытаў), сельскагаспадарчых (У.​У.​Вінер) і бабовых сідэральных культур (Я.​К.​Аляксееў), дробныя расавыя прыкметы сельскагаспадарчых і дэкаратыўных раслін, міжвідавую і міжродавую гібрыдызацыю (А.​І.​Лапо, К.​Р.​Рэнард), развіццё маладняку буйной рагатай жывёлы і значэнне экстэр’еру ў селекцыі сельскагаспадарчай жывёлы (М.​В.​Найдзёнаў), распрацоўвалі матэм. падыходы (П.​Р.​Лепер). Найб. актыўна генетыка і селекцыя развіваліся ў сярэдзіне 20 ст. (працы А.​Р.​Жэбрака і яго школы, у якіх даследавалася эксперыментальная поліплаідыя сельскагаспадарчых раслін). Жэбрак абгрунтаваў магчымасць утварэння новых відавых форм у межах роду трыцікум, што спрыяла перспектыўнаму развіццю селекцыі пшаніцы. Далейшы этап генетычных даследаванняў звязаны з імем М.​В.​Турбіна і ўтварэннем аддзела, а потым Ін-та генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (1965). З 1955 вяліся даследаванні па генетыцы гетэрозісу, эксперыментальным мутагенезе, антымутагенезе, нехрамасомнай спадчыннасці, радыяцыйнай генетыцы, генетыцы паліплоідных папуляцый. М.​В.​Турбін сфарміраваў генетычную канцэпцыю гетэрозісу, заснаваную на тэорыі генетычнага балансу, Л.​У.​Хатылёва з супрацоўнікамі — тэорыю і метады генетычна збалансаваных гетэрозісных папуляцый раслін, навукова абгрунтавала генетычныя прынцыпы біяэнергетычнай канцэпцыі гетэрозісу. Даследаванні ў галіне эксперыментальнай поліплаідыі і гетэрозісу ў цукровых буракоў спрыялі ўтварэнню першай у СССР калекцыі тэтраплоідных форм, эксперыментальнаму вырошчванню паліплоідных гібрыдаў (У.​Я.​Борматаў, М.​В.​Турбін і інш.). За працы па статыстычнай генетыцы і выкарыстанні матэматычна-статыстычных метадаў у біялогіі П.​Ф.​Ракіцкаму ў 1974 прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі. За цыкл прац «Генетыка гетэрозісу і шляхі яго выкарыстання ў селекцыі раслін» у 1984 Дзярж. прэмія Беларусі прысуджана супрацоўнікам Ін-та генетыкі і цыталогіі АН Беларусі У.​Я.​Борматаву, Я.​А.​Бычко, Л.​М.​Камінскай, А.​А.​Кедраву-Зіхману, Б.​Ф.​Матросаву, А.​І.​Палілаву, У.​К.​Саўчанку, Л.​А.​Таруцінай, М.​В.​Турбіну, Л.​У.​Хатылёвай. Тэарэтычныя распрацоўкі па гетэрозісе сталі асновай стварэння (сумесна з БелНДІ агародніцтва) шэрагу новых сартоў памідораў (Старт і інш.) і перцаў (Залацісты і інш.). Шэраг высокаўрадлівых і высокацукрыстых сартоў цукровых буракоў (Беларускі ПГ-31, МС-27, Белдан, Данібел, Кавебел) створаны разам з супрацоўнікамі Ганусаўскай занальнай доследнай станцыі. У 1970—80-я г. актыўна развіваліся малекулярная генетыка і генетычная інжынерыя. Даследаванні па структурна-функцыянальнай арганізацыі геномаў раслін, малекулярна-генетычным картаванні, генетычнай трансфармацыі праводзяць у Інстытутах генетыкі і цыталогіі (М.​А.​Картэль), лесу (Р.​Р.​Ганчарэнка, У.​Я.​Падутаў), Цэнтр. батанічным садзе АН Беларусі (У.​М.​Рашэтнікаў), БДУ (А.​М.​Еўтушэнкаў). Бел. генетыкі А.​Г.​Давыдзенка, Г.​М.​Палілава зрабілі ўклад у даследаванні праблем узаемадзеяння ядзернай і цытаплазматычнай генетычных сістэм раслін. Створана тэарэтычная мадэль узаемадзеяння ядзерных генаў і плазмагенаў пры фарміраванні цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці. У сельскагаспадарчых культур выяўлена роля ўстойлівасці чужародных цытаплазмаў да біятычных і абіятычных фактараў асяроддзя. За цыкл прац «Распрацоўка фундаментальных і прыкладных праблем узаемадзеяння ядзернай і цытаплазматычнай генетычных сістэм у раслін» супрацоўнікі Ін-та генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі П.​А.​Арлоў, А.​А.​Валуевіч, Г.​М.​Палілава ў 2002 адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі.

У Ін-це генетыкі і цыталогіі і Ін-це земляробства і кармоў Нац. АН Беларусі праведзены цыкл даследаванняў па ўтварэнні і генетычным вывучэнні новых форм трыцікале. Створаны і вывучаецца новы тып пшанічна-аржаных гібрыдаў — секалатрыцікум (І.​А.​Гардзей). Выкананы фундаментальныя даследаванні па праблемах мутацыйнага працэсу, радыяцыйнай генетыцы, генетычных наступствах Чарнобыльскай катастрофы. Сфарміравана канцэпцыя антымутагенезу (Р.​І.​Ганчарова), выяўлены і вывучаны (І.​Б.​Масэ) некат. радыеахоўныя злучэнні (меланін). Выкананы даследаванні па генетыцы азотфіксавальных бактэрый і створаны штамы, на аснове якіх распрацавана бактэрыяльнае ўгнаенне (М.​А.​Троіцкі). Вядуцца даследаванні па механізмах ракавай анергіі (Г.​В.​Краскоўскі), шэрагу храмасомных і нехрамасомных сіндромаў прыроджаных заган развіцця (Г.​І.​Лазюк), ролі спадчыннасці ў патагенезе спантанных абортаў і анамалій развіцця (Ю.​В.​Гулькевіч, В.​П.​Кулажанка), псіхічных хвароб (Т.​Ц.​Сарокіна), лейкозаў (А.​І.​Свірноўскі) і інш. Наладжана сістэма медыка-генетычнага кансультавання насельніцтва на базе рэсп. медыка-генетычнага цэнтра ў Мінску, адпаведных кансультацый і кабінетаў у абласных гарадах. Фундаментальныя і прыкладныя даследаванні па генетыцы мікраарганізмаў вядуцца ў БДУ (Н.​П.​Максімава, У.​А.​Пракулевіч, Ю.​К.​Фамічоў і інш.), па экалагічнай генетыцы (узаемадзеянне генатыпу раслін з асяроддзем) — у БСГА (А.​У.​Кільчэўскі), па генетыцы збожжавых і зернебабовых — у Ін-це земляробства і кармоў Нац. АН Беларусі, БСГА і БДУ (В.​С.​Анохіна, А.​З.​Латыпаў, М.​П.​Шышлоў і інш.). Даследаванні па розных праблемах генетыкі вядуцца таксама ў НДІ спадчынных і прыроджаных хвароб Мін-ва аховы здароўя, НДІ жывёлагадоўлі Нац. АН Беларусі, Віцебскім і Мінскім медыцынскіх, Брэсцкім пед. ун-тах, Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і інш.

Літ.:

Гайсинович А.Е. Зарождение и развитие генетики. М., 1988;

Картель Н.А., Макеева Е.Н., Мезенко А.М. Генетика: Энцикл. слов. Мн., 1999;

Хотылева Л.В., Картель Н.А. Генетика // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.

М.​А.​Картэль.

т. 18, кн. 2, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)