ЧЭ́НСЛЕР, Чэнслар (Chancellor),

Рычард (?—10.11.1556), англійскі мараплавец. У 1553 камандаваў адным з трох караблёў экспедыцыі, адпраўленай англ. гандл. кампаніяй на пошукі Паўн.-Усх. праходу (гл. Паўночны марскі шлях) пад кіраўніцтвам Х.​Уілабі. Абагнуўшы з Пн Скандынаўскі і Кольскі п-авы, дасягнуў вусця Паўн. Дзвіны. Быў прыняты ў Маскве Іванам IV і ў сак. 1554 атрымаў грамату на права свабоднага гандлю з Маскоўскай дзяржавай. Справаздачу Ч. апрацаваў яго спадарожнік К.​Адамс. У 1555 Ч. 2-і раз пабываў у Маскве, на зваротным шляху загінуў у час шторму.

т. 17, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНКУ́ВЕР (Vancouver) Джордж (22.6.1757, г. Кінгс-Лін, Вялікабрытанія — 10.5.1798),

англійскі мараплавец. Удзельнік 2-га (1772—75) і 3-га (1776—80) плаванняў Дж.Кука. У 1791—94 здзейсніў кругасветнае плаванне з заходам у зал. Аляска. Даследаваў адкрытыя Кукам Гавайскія а-вы і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі паміж п-вамі Кенай і Каліфорнія. Разам з Х.​Бадэга-і-Куадра (кіраўнік ісп. экспедыцыі) адкрыў і даследаваў востраў (пазней названы імем Ванкувера) з прылеглымі астравамі і пралівы, што іх аддзяляюць, прадоўжыў даследаванне архіпелагаў Каралевы Шарлоты, Аляксандра і інш. астравоў. Яго імем названы гарады ў Канадзе і ЗША.

т. 3, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́РЭС (Torres) Луіс Ваэс дэ (1560—1614?),

іспанскі мараплавец. У 1605 удзельнічаў у экспедыцыі П.​Кіроса, якая на 3 караблях выйшла з Перу на пошукі легендарнага Паўд. мацерыка. Экспедыцыя адкрыла асобныя а-вы з груп Туамоту і Новыя Гебрыды, якія Кірос прыняў за Паўд. мацярык, і на адным з караблёў таемна вярнуўся ў Амерыку. Т. даследаваў астравы, потым павярнуў на З, перасек Каралавае м., адкрыў паўд. бераг Новай Гвінеі, праліў паміж ёй і Аўстраліяй (у 1799 названы яго імем) і прыбыў на Філіпіны. Яго імем названа таксама група астравоў у паўн. ч. Новых Гебрыдаў.

т. 15, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАЙ (Bligh) Уільям (9.9.1754, г. Плімут, Вялікабрытанія — 7.12.1817),

брытанскі мараплавец, удзельнік другога кругасветнага падарожжа пад камандаваннем Джэймса Кука (1772—74). Контр-адмірал (1811), віцэ-адмірал (1814). У 1787 быў пасланы як камандзір шлюпа «Баўнці» на Таіці па саджанцы хлебнага дрэва. На зваротным шляху ў крас. 1789 экіпаж падняў мяцеж супраць жорсткага абыходжання і высадзіў Блая разам з 18 прыхільнікамі ў лодку без картаў. У чэрв. пасля цяжкага плавання Блай дасягнуў в-ва Тымор, праплыўшы 3618 міль. У 1805 прызначаны губернатарам Новага Паўд. Уэльса ў Аўстраліі, дзе яго жорсткае праўленне ў 1808 прывяло да мяцяжу і турэмнага зняволення. Вызвалены праз 2 гады, выйшаў у адстаўку.

М.​К.​Багадзяж.

т. 3, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГЕНВІ́ЛЬ (Bougainville) Луі Антуан дэ (11.11.1729, Парыж — 31.8.1811),

французскі мараплавец. У 1763—65 даследаваў Фалклендскія а-вы. У 1766—69 на караблях «Будзёз» і «Этуаль» узначаліў 1-ю франц. кругасветную экспедыцыю, у час якой адкрыў (1768) у Ціхім ак. некалькі астравоў у архіпелагах Туамоту і Луізіяда. Паўторна адкрыў Саламонавы а-вы, да якіх даплыў у 1568 іспанец А.​Менданья дэ Нейра (з таго часу іх не ўдавалася выявіць). Сваё плаванне апісаў у кнізе «Кругасветнае падарожжа» на фрэгаце «Будзёз» і транспарце «Этуаль» у 1766—69 гадах» (1771). Яго імем названы в-аў Бугенвіль у групе Саламонавых а-воў і расліна бугенвілея.

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕВЯЛЬСКО́Й Генадзь Іванавіч (5.12.1813, с. Дракіна Кастрамской вобл., Расія — 29.4.1876),

расійскі мараплавец, даследчык Д. Усходу. Адмірал (1874). Скончыў Марскі корпус у С.-Пецярбургу (1832) і афіцэрскія класы (1836). У 1848—49 кіраваў марскім пераходам транспарту «Байкал» з Кранштата да Петрапаўлаўска-Камчацкага, адкрыў (1849) і даследаваў Татарскі праліў, выявіў астраўны характар Сахаліна. У 1850—55 узначаліў Амурскую экспедыцыю, даследаваў нізоўі р. Амур, засн. там рус. пасяленні, у т. л. Нікалаеўск-на-Амуры. На в-ве Сахалін адкрыў радовішчы вугалю. Яго імем наз. праліў, мыс у гэтым праліве, заліў, гара і горад на Сахаліне.

Тв.:

Подвиги русских морских офицеров на крайнем востоке России, 1849—1855. Хабаровск, 1969.

т. 11, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кук Дж. (мараплавец) 1/559, 575; 5/93; 6/119, 181; 10/574, 615; 11/120

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦЭБУ́ Ота Яўстафіевіч (30.12.1788, Талін — 15.2.1846),

расійскі мараплавец. Капітан 1-га рангу. У 1803—06 удзельнічаў у кругасветным плаванні на караблі «Надзея» пад кіраўніцтвам І.Ф.Крузенштэрна. У 1815—18 кіраваў марской экспедыцыяй на караблі «Рурык», якая адкрыла шэраг астравоў у архіпелагу Туамоту, у групе Маршалавых а-воў, заліў на З Аляскі, устанавіла прысутнасць 2 асн. ланцугоў Ратак і Ралік у Маршалавых а-вах. У 1823—26 узначаліў кругасветную экспедыцыю, якая адкрыла новыя а-вы ў архіпелагу Туамоту, Самоа і інш., правяла акіянаграфічныя даследаванні. Імем К. названы заліў (гл. Кацэбу заліў) і населены пункт на Алясцы.

Тв.:

Путешествие вокруг света. 2 изд. М., 1948;

Новое путешествие вокруг света в 1823—1826 гг. М., 1959.

т. 8, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗАРАЎ Міхаіл Пятровіч (14.11.1788, г. Уладзімір, Расія — 23.4.1851),

рускі мараплавец, даследчык Антарктыкі. Адмірал (1843). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1803). Ажыццявіў тры кругасветныя плаванні: у 1813—16 на судне «Сувораў» (адкрыў атол Сувораў); у 1819—21 камандзірам шлюпа «Мірны» і памочнікам нач. экспедыцыі Ф.Ф.Белінсгаўзена (удзельнічаў у адкрыцці Антарктыды і шматлікіх астравоў); у 1822—25 камандзірам фрэгата «Крэйсер». Камандзір лінкора «Азоў», які вызначыўся ў Наварынскай бітве 1827. У 1833—50 гал. камандзір Чарнаморскага флоту і партоў Чорнага мора. Імем Л. названы: атол у групе а-воў Расіян у Ціхім ак., мысы ў Амурскім лімане і ў паўн. частцы в-ва Унімак, востраў у Аральскім м., мора каля берагоў Усх. Антарктыды і інш.

М.П.Лазараў.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСЯ́НСКІ Юрый Фёдаравіч (13.8.1773, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 6.3.1837),

расійскі мараплавец. Капітан I рангу (1809). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1786). У 1803—06 як камандзір карабля «Нява» ўдзельнічаў у першай рас. кругасветнай экспедыцыі пад кіраўніцтвам І.Ф.Крузенштэрна. Частку падарожжа прайшоў асобным шляхам. Экспедыцыя абследавала малавядомыя раёны Ціхага ак., зрабіла назіранні за марскімі цячэннямі, адкрыла міжпасатныя проціцячэнні ў Ціхім і Атлантычным ак., сабрала этнагр. матэрыял. Даследаваў в-аў Кадзьяк і частку архіпелага Аляксандра. Пасля заканчэння экспедыцыі Л. служыў на Балтыйскім флоце; у 1809 выйшаў у адстаўку. У гонар Л. названы: востраў, адкрыты ім у паўн.-зах. частцы Гавайскіх а-воў; паўвостраў на паўн. узбярэжжы Ахоцкага м. і гара на в-ве Сахалін.

Ю.Ф.Лісянскі.

т. 9, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)