МІ́РСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з канца чэрв. 1941 да вер. 1942 у Мірскім р-не Баранавіцкай (цяпер Гродзенскай) вобл. Складалася з груп (97 чал.) у вёсках Беражное (кіраўнікі Р.М.Рускіх, Я.І.Крамко), Лядкі (А.Ф.Бянецкі), Пагарэлка (І.М.Мацко), Сіняўская Слабада (К.У.Балабановіч). Да сярэдзіны ліп. 1941 падпольшчыкі дапамагалі часцям Чырв. Арміі выходзіць з акружэння, у в. Антанёва і Быковічы арганізавалі шпіталі для цяжкапараненых. Распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, збіралі і вывучалі зброю. Вясной 1942 наладзілі сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю. Да вер. 1942 падпольшчыкі пайшлі ў лес і стварылі партыз. атрад «Камсамольскі», які пазней з інш. атрадамі стаў базай фарміравання аднайм. партыз. брыгады. За гады вайны загінула 29 падпольшчыкаў.
т. 10, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЦКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з кастр. 1941 да вер. 1943 на тэр. Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. Складалася з Клімавіцкай (кіраўнік В.С.Даніленка), Круглянскай (А.Л.Траццякоў) груп, 6 падгруп (А.А.Гардзіевіч, К.С.Капаева, Л.Н.Раханскі, М.І.Сталяроў, Р.К.Чаркасава, Г.М.Яйцава); налічвала 42 чал. Падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, вялі агітац. работу сярод насельніцтва, ваеннапалонных, у гарнізонах вайск. падраздзяленняў праціўніка. У 1942 наладзілі сувязь з 2-й Клятнянскай і 5-й Воргаўскай партыз. брыгадамі Смаленскай вобл., 45-м атрадам «За Радзіму» Магілёўскай вобл., перадавалі ім звесткі пра рух паяздоў па чыг. Крычаў—Унеча, перадыслакацыю вайск. часцей ворага, падрыхтоўку карных аперацый, бланкі пропускаў, пашпартоў, медыкаменты, зброю і інш. Разам з партызанамі правялі аперацыю па захопе рэзідэнта герм. разведкі. За час вайны загінула 18 падпольшчыкаў.
т. 8, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у Гомелі. Аб’ядноўвала 16 арг-цый і груп (больш за 140 чал.). Ініцыятары стварэння першых груп А.Л.Ісачанка, С.П.Купцоў, Ф.П.Котчанка. У ліку першых пачала дзейнічаць група І.І.Жалезнякова, якая ў чэрв. 1942 наладзіла сувязь з Гомельскім падп. гаркомам ЛКСМБ і партызанамі, выконвала іх заданні. З канца жн. 1941 дзейнічалі групы У.П.Кавалёва, Л.А.Кавалёвай, з вер.—ліст. — Г.Л.Кірыкавай, М.І.Панчанкі, В.Л.Радзьковай, Л.В.Семяноўскай і інш. Падпольшчыкі выконвалі заданні парт. органаў, партызан, спец. груп «Уперад», «Радзіма», распаўсюджвалі антыфаш. лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, ратавалі і выводзілі з горада ў партыз. атрады сав. ваеннапалонных, удзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы, прадпрыемствах, складах і інш. У барацьбе з фаш. захопнікамі загінула больш за 20 падпольшчыкаў. У Гомелі на ўвекавечанне іх памяці пастаўлены помнікі.
Літ.:
Кожар И.П., Рудак А.Д., Романовский В.Ф. Сильные духом // Герои подполья. 2 изд. М., 1970. Вып. 2;
Сувалов М.К. Комсомольско-молодежное подполье Гомеля в годы Великой Отечественной войны // Партии помощник боевой. Мн., 1968;
Рудак А.Д. Экзамен на зрелость. Мн., 1981.
Л.В.Аржаева.
т. 5, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ШКАЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1942 на чале з асн. групай у в. Прошкі Асвейскага р-на Віцебскай вобл. (кіраўнікі В.І.Лукашонак, Я.У.Фралёнак) пад кіраўніцтвам Асвейскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ. Мела групы (каля 30 чал., беларусаў, латышоў, рускіх, яўрэяў і інш.) у в. Забор’е (Рэзекненскі пав., Латвія, кіраўнік А.М.Гром), Рылькі (П.С.Смычкоў) і Ляхава (М.І.Сасноўская; абедзве ў Себежскім р-не, Расія), Востраў (С.Аржанік), Сукалі (В.Шыпіла), піянерскае звяно ў в. Стралкі (Дз.Зубар; усе Асвейскага р-на) і інш. Трымала сувязь з падпольшчыкамі Асвеі, Расон, Латвіі, партыз. атрадам імя Фрунзе. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, падбіралі людзей у партызаны, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад, вялі разведку, праводзілі дыверсіі на чыгунцы, разграмілі валасныя ўправы ў вёсках Ляхава Себежскага і Ігналіна Асвейскага р-наў, з партызанамі — ням. гарнізон у мяст. Шкяўне (Латвія). Вясной 1942 падпольшчыкі пайшлі ў партызаны. У в. Прошкі Верхнядзвінскага р-на ў гонар падполля стэла.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.
В.М.Кучарэнка.
т. 13, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНЬКО́ВА (Ефрасіння Савельеўна) (22.12.1923, в. Ушалы Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 19.4.1984),
адзін з кіраўнікоў падпольнага руху ў Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1958). З пач. вайны ў роднай вёсцы, наладзіла сувязь з партыз. атрадам імя Варашылава Сіроцінскай брыгады, выконвала яго заданні, вяла разведку. У пач. 1942 узначаліла Обальскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З вер. 1943 у партызанах. Да 1967 на камс. і адм. рабоце.
т. 7, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІНТО́РФ,
рабочы пасёлак у Беларусі, у Дубровенскім р-не Віцебскай вобласці. За 16 км ад г. Дуброўна, 7 км ад чыг. ст. Асінаўка на лініі Орша—Смаленск. 1,7 тыс. ж. (1995). Прадпрыемствы па здабычы торфу. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
Узнік у 1927 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства па нарыхтоўцы паліва для БелДРЭС. З 27.9.1938 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі; дзейнічала Асінторфскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1946 у Арэхаўскім, з 1956 у Аршанскім, з 1965 у Дубровенскім р-нах.
т. 2, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да 28.7.1944 у Брэсце. Ініцыятары стварэння першых груп камуністы П.Т.Жулікаў і Р.С.Радкевіч. Пад кіраўніцтвам Брэсцкага патрыятычнага падполля дзейнічала Брэсцкае маладзёжнае падполле. Падпольшчыкі прымалі па радыё, размнажалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, цёплае адзенне, медыкаменты для партызан, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з фаш. лагераў, зрывалі мерапрыемствы акупантаў па вывазе моладзі ў Германію, перашкаджалі рамонту вагонаў, пуску ліцейнага цэха, псавалі станкі і абсталяванне, выводзілі са строю паравозы, разам з дыверсійнымі групамі партыз. атрадаў, што змагаліся вакол Брэста, правялі шэраг падрыўных аперацый.
т. 3, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБА́РКА (Grabarka),
гара ў Беластоцкім ваяв. Польшчы, праваслаўная святыня. За 11 км на У ад г. Семятычы, 3 км ад чыг. ст. Сычы. Набыла вядомасць святога месца пасля перанясення сюды абраза Спаса Збавіцеля з суседняга г. Мельнік (паводле падання, паміж 13 і 17 ст. ў час вял. небяспекі). Абраз не захаваўся. У 1947 на Грабарцы заснаваны жаночы манастыр святых Марфы і Марыі. З таго часу тут адбываюцца масавыя набажэнствы, найб. урачыстыя ў маі (Маладзёжнае агульнапольскае паломніцтва) і ў свята Праабражэння Гасподняга (19 жн. н. ст.), калі тут збіраецца 50—70 тыс. паломнікаў з Польшчы, Беларусі, Украіны і інш. краін. Паломнікі прыносяць і ставяць на Грабарцы ахвяравальныя крыжы (іх тут некалькі тысяч).
Літ.:
Święta Góra Grabarka. Białystok, 1995.
М.Р.Гайдук.
т. 5, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКІ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ ЛКСМБ, у Вялікую Айчынную вайну,
кіруючыя камсамольскія органы у акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі ў 1941 — 44. Іх дзейнасць узначальваў ЦК ЛКСМБ, абласныя падпольныя камітэты ЛКСМБ. Гаркомы ЛКСМБ стваралі і ўзначальвалі камсам.-маладзёжнае падполле, вялі паліт.-выхаваўчую і арганізатарскую работу сярод моладзі, узнімалі іх на барацьбу супраць акупантаў. Дзейнічалі Гомельскі, Пінскі (з 1941), Барысаўскі, Віцебскі, Мінскі (з 1942), Бабруйскі, Баранавіцкі, Беластоцкі, Вілейскі, Гродзенскі, Магілёўскі (з 1943), Брэсцкі, Мінскі Паўднёвы (з 1944) гаркомы і Лідскі гарком-райком (з 1943). Большасць кіраўнікоў і членаў падп. гаркомаў ЛКСМБ, пакінутых для работы ў гарадах, хутка была схоплена акупантамі і загінула. З восені 1942 к-ты базіраваліся, як правіла, пры партыз. фарміраваннях і знаходзіліся пад аховай партызан.
Р.М.Шавяла.
т. 5, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)