Мазырскі калгасна-саўгасны тэатр 5/251; 6/536, 539; 8/46

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ РАЁН На Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 21,1 тыс. чал. (1998, без г. Мазыр). Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мазыр. Уключае 93 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Асавецкі, Барбароўскі, Каменкаўскі, Козенскі, Крынічны, Махнавіцкі, Міхалкаўскі, Прудкоўскі, Скрыгалаўскі, Слабадскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тэрыторыя раёна размешчана пераважна ў межах Мазырскага Палесся, паўн. ўскраіна — Прыпяцкага Палесся. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, 77% яе вышэй за 150 м, найвыш. пункт 221 м на Мазырскай градзе (паміж вёскамі Бабры і Бабраняты). Агульны нахіл з ПнЗ на ПдУ, да даліны р. Прыпяць. Карысныя выкапні: каменная соль, торф, пяскі, гліны і суглінкі, мінер. фарбы, буры вугаль, крыніца мінер. вады. Сярэдняя т-ра студз. -6,4 °C, ліп. 18,8 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Найб. рэкі Прыпяць з прытокамі Трэмля, Іпа, Ненач, Мытва; р. Чэрцень (прыток р. Славечна). Лешнеўскае вадасховішча. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), поймавыя (алювіяльныя, 22,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18%), тарфяна-балотныя (7,2%). Пад лесам 53,3% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, чорнаальховыя. Найб. лясістасць на 3 раёна. Пл. балот 14,2 тыс. га, з іх асушана 11,2 тыс. га. Найб. балоты: Майсееўскае, Скалодзінскае, Махнавідкае, Чэрцень. Ландшафтны заказнік рэсп. значэння Мазырскія Яры. Помнікі прыроды мясц. значэння: валуны «Каменныя быкі» каля пас. Крынічны, дубровы ў Асавецкім, Слабадскім, дуброва і хвойнік у Мазырскім лясніцтвах; бат. мікразаказнікі Белая, Стрэльскі-2, Раманавічы, Качуры.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 43,6 тыс. га, з іх асушаных 11,2 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 13 калгасаў, 4 саўгасы, 14 фермерскіх гаспадарак, Мазырская агароднінная ф-ка (в. Каменка) і птушкафабрыка (в. Ляхаўцы), сортавыпрабавальная станцыя і эксперым. база «Крынічная», Палеская с.-г. доследная станцыя Акадэміі агр. навук. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, вырошчванне збожжа, бульбы, кармавых культур, рапсу, агародніны, насенняводства. Прадпрыемствы горназдабыўной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Калінкавічы—Оўруч. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з Калінкавічамі, Оўручам, Нароўляй, Лельчыцамі, Петрыкавам, Ельскам, Хойнікамі. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 11 сярэдніх, 9 базавых, 5 пач., 3 муз., дзіцячая спарт. школы, 21 дашкольная ўстанова, 34 дамы культуры і клубы, 33 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 25 фельч.-ак. пунктаў. Філіял Бел. дзярж. маст. музея ў в. Гурыны. Арх. помнікі: сядзіба (19 ст.) у в. Барбароў; капліца (часткова разбурана) і абеліск (1897) у памяць аб мітрапаліце Макарыю ў в. Скрыгалаў. Выдаецца газ. «Жыццё Палесся».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на. Мн., 1997.

М.А.Капач, Г.С.Смалякоў.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ СОЛЕВЫВА́РНЫ КАМБІНА́Т.

Дзейнічае з 1982 у г. Мазыр Гомельскай вобл. на мясц. радовішчы каменнай солі, па тэхналогіі, заснаванай на выпарванні солі з ачышчанага расолу. У 1988 дасягнуў праектнай магутнасці 360 тыс. т солі за год. З 1997 адкрытае акц. т-ва «Мазырсоль». Асн. прадукцыя (1999): кухонная соль «Палессе» з дадаткамі ёду і фтору, соль прафілактычная з дадаткамі розных мікраэлементаў, соль без дадаткаў.

т. 9, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т імя Н.К.Крупскай.

Засн. ў 1952 у г. Мазыр на базе Мазырскага настаўніцкага інстытута. Імя Крупскай прысвоена ў 1964. У 1998/99 навуч. г. 5,5 тыс. студэнтаў; ф-ты: фізіка-матэм., філал., педагогікі і методыкі пач. навучання, агульнатэхн. дысцыплін і фізікі, абслуговай працы, інжынерна-пед., даінстытуцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1992; з 1993 працуе н.-д. Сектар. Мае музеі гісторыі ін-та і гісторыі тэхн. творчасці.

В.С.Болбас.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ НАФТАПЕРАПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.

Будаўніцтва пачата ў 1971 у г. Мазыр Гомельскай вобл. У 1975 пушчана першая ўстаноўка па перапрацоўцы нафты, у 1977 пачала працаваць бітумная ўстаноўка. З 1994 адкрытае акц. т-ва ў складзе рас.-бел. адкрытага акц. т-ва «Нафтагазавая кампанія «Слаўнафта». Працуе на бел. нафце і з нафтаправода «Дружба». Вядзецца рэканструкцыя для больш глыбокай перапрацоўкі нафты і павышэння якасці нафтапрадуктаў. Асн. прадукцыя (1999): аўтамаб. бензіны, рэактыўнае паліва, мазут, дызельнае паліва, вакуумны газойль, пячное паліва, бітумы нафтавыя, звадкаваны газ, сера тэхнічная.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мазырскі завод меліярацыйных машын 2/447, 466; 3/544; 4/151, 297; 5/364; 6/536, 538; 12/296, 687

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ КЛУБ-ТЭА́ТР,

помнік архітэктуры канструктывізму ў г. Мазыр Гомельскай вобл. Узведзены ў 1929—32. 2-павярховы асіметрычны П-падобны ў плане мураваны будынак. Мае дакладна размежаваныя тэатр. і клубную часткі, кожная з асобным уваходам і вестыбюльнай групай, злучаныя паміж сабой папярочным крылом-пераходам. Маст. аблічча будынка вырашана лаканічнымі сродкамі. На гал. фасадзе вылучаецца паўкруглы з 6 калонамі аб’ём з уваходам у глядзельную частку. У будынку працавалі Мазырскія т-ры: рабочай моладзі (з 1935), калг.-саўгасны (1935—38), Палескі абл. драматычны (1938—41, 1944—46).

А.А.Воінаў.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР імя І.Мележа.

Створаны ў 1990 у г. Мазыр Гомельскай вобл. на базе нар. т-ра гар. Дома культуры; да 1994 наз. Бел. эксперыментальны т-р «Верасень». Заснавальнік і першы кіраўнік М.Колас. З 1992 дырэктар і маст. кіраўнік С.Кліменка, з 1994 маст. кіраўнік В.Ласоўскі. Т-р працуе ў будынку б. Дома культуры, мае вял. і малую сцэны.

У рэпертуары пераважаюць спектаклі камед. жанру. Т-р плённа працуе з бел. драматургамі, эксперыментуе ў галіне муз. відовішча: «Несцерка» В.Вольскага, «Welcome ў нашу вёску» Г.Марчука, «Хачу быць мільянерам» А.Дзялендзіка, «Шкірдзюкі займаюць абарону» В.Ткачова, «Мар’я» А.Кудраўцава, «Купальская ноч» і «Гуляць дык гуляць» («Вяртаецца муж з камандзіроўкі») Ю.Куліка, «Трышчан ды Іжота» С.Кавалёва і інш. Значнае месца ў рэпертуары займаюць творы класічнай і сучаснай замежнай драматургіі: «Даходнае месца» А.Астроўскага, «Пад адным дахам» Л.Разумоўскай, «Ехай» Н.Садур, «Стваральніца цуда» і «Утаймаванне тырана» У.Гібсана, «Як пазнаёміцца з бацькам» («Хачу здымацца ў кіно») паводле Н.Саймана і інш. Сярод пастановак для дзяцей: «Прыгоды Люстрынкі, ці Несусветнае зладзейства» І.Сідарука, «Прынцэса і Янка» У.Ягоўдзіка, «Беласнежка і сем гномаў» Л.Усцінава і А.Табакова, «Птушка, што забыла сваю песню» паводле Г.Пракопа і інш. Лепшыя спектаклі т-ра вызначаюцца музычнасцю, дынамічным рытмам, сакавітым гумарам і рэжысёрскай фантазіяй. Тэатр — лаўрэат Міжнар тэатр. фестывалю «Студыйныя каляды» ў Мінску (1991).

В.А.Грыбайла.

Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа. Сцэна са спектакля «Утаймаванне тырана».

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1948, адкрыты ў 1949 у г. Мазыр Гомельскай вобл. Пл. экспазіцыі 273,2 м​2, каля 23 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў жаночыя ўпрыгожанні бронзавага веку, амфара 12 ст., кафля і посуд 16—18 ст. з археал. помнікаў на тэр. раёна; дакументы і матэрыялы пра рэв. рух 19 — пач. 20 ст., падзеі грамадз. вайны, пра дзейнасць падполля і партыз. руху на Мазыршчыне ў Вял. Айч. вайну, землякоў Герояў Сав. Саюза М.У.Барысава, М.П.Катлаўца, М.В.Мураўёва, пра Азарыцкія лагеры смерці, вызваленне раёна ад ням.-фаш. захопнікаў, гасп. і культ. жыццё ў пасляваен. час. Аб’ядноўвае музеі дэкар.-прыкладнога мастацтва кераміста М.М.Пушкара, прыроды і археалогіі і «Палеская веда», цэнтр рамёстваў.

І.І.Васількова.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т.

Пабудаваны ў 1915 у г. Мазыр Гомельскай вобл. як лесапільны з-д. У 1922—23 пачаў перабудоўвацца, наз. «Пралетарый» У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Архангельск, разбураны. У 1945—49 адноўлены як М.д.к. У 1954—63 уведзены ў эксплуатацыю цэхі: раскроечна-загатовачны з сушыльнай гаспадаркай, мэблевы па вытв-сці драўнянастружкавых пліт (ДСП). У 1971 на базе М.д.к. створана ВА «Мазырдрэў», у складзе якога Мазырская, Ельская і Калінкавіцкая мэблевыя ф-кі, а з 1978 — Ельскі і Тураўскі леспрамгасы. У 1992 ВА «Мазырдрэў» стала арэндным прадпрыемствам, ад яго аддзяліліся Тураўскі леспрамгас і Калінкавіцкая ’мэблевая ф-ка. З 1997 адкрытае акц. т-ва «Мазырдрэў». Асн. прадукцыя (1999): корпусная і інш. мэбля, ДСП, піламатэрыялы, паркет, струганая шпона, вырабы дрэваапрацоўкі.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)