ПАЛІ́ПЦІХ (ад грэч. polyptychos шматразова складзены),
1) складзень з 5 і болей частак, з рэльефнымі або жывапіснымі выявамі. Быў пашыраны ў зах.-еўрап. мастацтве сярэднявечча.
2) Комплекс некалькіх твораў выяўл. мастацтва, звязаных агульнай задумай, адзінствам кампазіцыйнага і колеравага ладу. У сучасным мастацтве выкарыстоўваецца рэдка, найб. пашыраны серыі і цыклы. Сярод П., створаных бел. мастакамі, «Праабражэнне», «Вяртанне майстра» (абодва 1993) У.Напрэенкі і інш. Гл. таксама Дыпціх, Трыпціх.
т. 12, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАВЯДА́ЛЬНЫ СКАЗ,
камунікатыўна-сінтаксічная адзінка мовы, у якой рэчаіснасць адлюстроўваецца ў выглядзе паведамлення. Асн. прызначэнне апавядальнага сказа — несці інфармацыю (гэтым ён проціпастаўляецца пытальнаму сказу і пабуджальнаму сказу). Апавядальнаму сказу ўласціва складаная сістэма сродкаў перадачы паведамляльнага значэння: інтанацыя, фразавы (лагічны) націск, парадак слоў, марфал. катэгорыі (асабліва катэгорыі часу і абвеснага ладу дзеяслова), службовыя словы і інш. Структурныя схемы апавядальнага сказа разнастайныя: ад аднаслоўных сказаў да канструкцый самай складанай пабудовы.
А.Я.Міхневіч.
т. 1, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЎ ((Below) Георг Антон Гуга фон) (19.1.1858, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 20.10.1927),
нямецкі гісторык-медыявіст. Праф. у Мюнстэры (з 1891), Марбургу (з 1897), Цюбінгене (з 1901), Фрайбургу (1905—24). Даследаваў гісторыю дзярж. ладу і гаспадаркі ням. гарадоў у сярэднявеччы. Крытыкаваў вотчынную тэорыю, прызнаваў вядучую ролю палітыкі і права ў гісторыі. Гал. працы: «Тэрыторыя і дзяржава» (1900), «Нямецкая дзяржава ў сярэднія вякі» (1914), «Праблемы эканамічнай гісторыі» (1920).
т. 3, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНАЕ ПРА́ВА,
галіна права, прадметам рэгулявання якой з’яўляюцца прынцыпы арганізацыі і парадак дзейнасці дзярж. інстытутаў, прававы статус грамадзян і іх узаемаадносіны з дзяржавай. К.п. рэгламентуе форму дзярж. ладу, вызначае сістэму, парадак стварэння, кампетэнцыю і прынцыпы дзейнасці дзярж. органаў. Гал. крыніцай К.п. з’яўляецца канстытуцыя, а таксама прававыя акты, якія змяшчаюць нормы дзярж.-прававога характару. У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах для абазначэння гэтай галіны права выкарыстоўваецца тэрмін дзяржаўнае права.
т. 7, с. 596
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭАПА́Г (грэчаскае Areios pagos літаральна ўзгорак Арэса),
1) орган улады ў Старажытных Афінах (назва ад месца яго пасяджэнняў на ўзгорку Арэса каля Акропаля). Узнік у эпоху родаплемяннога ладу як савет старэйшын. Складаўся з пажыццёвых членаў, з 8 стагоддзя да нашай эры папаўняўся з ліку былых архонтаў. Валодаў шырокай палітычнай, судовай і рэлігійнай уладай. Рэформа Эфіяльта (462 да нашай эры) ліквідавала палітычную ўладу і ўплыў арэапага.
2) У пераносным сэнсе — сход аўтарытэтных асоб.
т. 2, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́КАНАЎ (Міхаіл Аляксандравіч) (12.1.1856, г. Екацярынбург, Расія — 10.8.1919),
расійскі гісторык. Акад. Пецярбургскай АН (1912). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1878). З 1890 праф. гісторыі і права Дэрпцкага (Тартускага), з 1914 Пецярбургскага ун-та. Навук. працы па гісторыі сялянства, дзяржавы і царквы ў Расіі, стараж.-рус. права, асн. з іх — «Улада маскоўскіх гасудароў» (1889), «Нарысы па гісторыі вясковага насельніцтва ў Маскоўскай дзяржаве XVI—XVII ст.» (1898), «Нарысы грамадскага і дзяржаўнага ладу Старажытнай Русі» (1907).
т. 6, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКУ́РГ (Lykurgos),
легендарны старажытнагрэчаскі заканадаўца ў Спарце (9—8 ст. да н.э.). Паводле Плутарха, Л. быў дзядзькам і выхавацелем малалетняга цара. Грэч. аўтары 5—4 ст. да н.э. прыпісваюць яму стварэнне ін-таў спартанскага грамадскага і дзярж. ладу, у т. л. савета старэйшын (герусіі), нар. сходу (апелы) і інш. На ўзор Л. свае рэформы ў 3 ст. да н.э. праводзілі цары Агіс IV і Клеамен III. У Спарце існаваў асобны культ Л.
т. 9, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАБЫ́ТНАЕ ГРАМА́ДСТВА (абшчынна-родавае, родавае грамадства),
гістарычная эпоха ад з’яўлення першых людзей да ўзнікнення дзяржавы. Характарызуецца калектыўнай працай і спажываннем. Пачало складвацца больш як 1,5 млн. г. назад. Развівалася разам са станаўленнем чалавека, удасканаленнем метадаў выкарыстання гатовых дароў прыроды, а потым і развіццём прадукцыйных сіл. Прайшло некалькі этапаў станаўлення і развіцця: першабытны чалавечы статак (праабшчына), ранняя родавая абшчына (каменны век), пазнародавая патрыярхальная абшчына (бронзавы век), распад родаплемяннога ладу і пераход да феадалізму (жалезны век).
т. 12, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ РЭСПУ́БЛІКА ў Францыі,
першы гіст. перыяд рэсп. дзярж. ладу ў Францыі ў 1792—1804. Абвешчана Нац. Канвентам 22.9.1792 пасля звяржэння манархіі (10.8.1792) Французскай рэвалюцыяй 1789—99. Паводле спосабу кіравання падзяляецца на 3 асн. перыяды: праўленне Канвента (1792—95), праўленне Дырэкторыі (1795—1804), Консульства (1799—1804). Фармальна спыніла існаванне 18.5.1804 з абвяшчэннем 1-га консула (фактычнага дыктатара) Францыі Н.Банапарта імператарам Напалеонам I, што паклала пачатак Першай імперыі. Гл. таксама Францыя (раздз. Гісторыя).
т. 12, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ДАВАЯ ПЕРАМЕ́ННАСЦЬ,
тыповае для народнай музыкі ўзаемадзеянне дыятанічных манадыйных (меладычных) ладоў. Можа выяўляцца ў пераходзе з аднаго ладу ў іншы (падобна мадуляцыі) або, значна радзей, у іх узаемапранікненні ў рамках адзінай структуры. Засн. на пераасэнсаванні тонаў меладычнага ладу. Вылучаюць 3 тыпы Л.п.: паралельную, аднайменную і складаную.
Пры першай узаемадзейнічаюць т. зв. паралельныя лады з агульным дыятанічным гукарадам, але рознымі ўстоямі (меладычнымі тонікамі); у традыц. муз. фальклоры ўсх.-слав. народаў, у т. л. беларусаў, найб. пашырана секундавая, квартавая, тэрцавая пераменнасць. Другая ўтвараецца ў выніку ўзаемадзеяння т.зв. аднайменных ладоў з агульным устоем, але рознымі гукарадамі, нязменнасць устоя цягне за сабой вышынную варыянтнасць пабочных ступеней гукарада. Складаная Л.п. вызначаецца ўзаемадзеяннем ладоў з рознымі ўстоямі і неаднолькавымі гукарадамі, звычайна ўтвараецца пры спалучэнні ў адным напеве меладычных фраз рознай ладавай структуры; у бел. нар. музыцы характэрна пазаабрадавай лірыцы познакласічнай традыцыі. Л.п. шырока адлюстравана ў творчасці бел. кампазітараў.
Літ.:
Кастальский А.Д. Особенности народно-русской музыкальной системы. М., 1961;
Дубкова Т.А. Натуральналадавыя сродкі ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1964. № 4;
Юденич Н.Н. Народная ладовая гармония в творчестве белорусских композиторов // Музыка и жизнь. Л.;
М., 1973. Вып. 2.
А.А.Друкт.
т. 9, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)