ЛАНСЬЕ́, кадрыля-лансье (франц. lancier літар. улан),
англійскі бальны танец. У сярэдзіне 19 ст. пашыраны ў Еўропе. Выконваюць 4 пары, размешчаныя крыж-накрыж у карэ. Складаецца з 5 фігур; муз. памер для 1-й, 3-й, 4-й фігур 6/8, для 2-й і 5-й — 2/4. Кожная фігура, акрамя 5-й, пачынаецца муз. уступам (інтрадукцыяй; 8 тактаў). У некат. краінах, у т.л. ў Расіі, быў пашыраны ў нар. побыце; у Беларусі вядомы пад назвай «Лянцей». У нар.танц. практыцы існуюць шматлікія варыянты Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ГРАМА́ДСКА-КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГКТ) у Санкт-Пецярбургу, грамадская арганізацыя. Засн. ў 1989. Праводзіць навук. канферэнцыі, творчыя сустрэчы, лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі, культ.-асв. работу. Мае філіялы — Т-вабел. мовы імя Ф.Скарыны і рэгіянальную суполку Міжнар. асацыяцыі беларусістаў. У 1992 намаганнямі БГКТ на месцы масавых расстрэлаў сав. грамадзян у г.п. Левашова пастаўлены памятны крыж ахвярам з Беларусі і Літвы, падрыхтавана кніга «Мартыралог беларусаў Ленінграда». Прымае ўдзел у міжнар. і бел.навук. канферэнцыях, з’ездах беларусаў свету і блізкага замежжа і інш. Калектыў мастакоў «Маю гонар» наладжвае выстаўкі ў Расіі, Беларусі, краінах Балтыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́СЕНСКІ УВАСКРАСЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Дзейнічаў у 1633—1810 у г. Дзісна (цяпер Міёрскі р-н Віцебскай вобл.). Засн. пры Уваскрасенскай царкве. вядомай з 1568. Прыналежнасць манастыра да праваслаўя пацверджана каралеўскімі прывілеямі Уладзіслава IV, Яна Казіміра (1661), Яна III Сабескага (1678), Аўгуста II, Аўгуста III (1736). Існаваў на ахвяраванні мяшчан, у 17 ст. меў невял. маёнтак Горкі. Пры царкве былі тры брацтвы. У 1770 у час пажару Дзісны Уваскрасенская царква згарэла, у 1730-я г. пабудавана новая. У 1810 манастыр зачынены, царква стала прыходскай (згарэла ў 1882). Брацкі крыж 1673, які раней знаходзіўся ў манастыры, украдзены з Адзігітрыеўскай царквы (Дзісна) у 1980-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПІ́НСКЕНЕ (Lapinskiené) Альма Пранаўна
(н. 26.2.1946, в. Паюрышкяй Клайпедскага пав., Літва),
літоўскі літаратуразнавец, перакладчык. Д-ргуманіт.н. (1985). Скончыла Вільнюскі ун-т (1969). З 1970 у Ін-це літ. л-ры і фальклору. Даследуе літ. л-ру пісьменнікаў Вільнюса міжваеннага перыяду, а таксама бел.-літ. літаратурныя сувязі ад часоў старажытнасці да сучаснасці (кн. «Перазовы сяброўскіх галасоў», з А.Мальдзісам, 1988). Аўтар шматлікіх літаратурна-крытычных артыкулаў пра Я.Купалу, М.Багдановіча, В.Ластоўскага і інш. Пераклала на літ. мову аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Караткевіча, раманы «Крыж міласэрнасці» В.Коўтун, «Вяртанне ў агонь» В.Хомчанкі, кнігу апавяданняў бел. пісьменнікаў «Акно ў зялёны сад», асобныя творы У.Арлова, А.Разанава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЗНАВА́ЛЬНЫЯ ЗНА́КІ,
адзнакі на транспартных сродках, ваен. тэхніцы і ўзбраенні. Вызначаюць іх дзярж. прыналежнасць, прызначэнне, дачыненне да аб’яднанняў, відаў і родаў войскаў і інш. Складаюцца з сімвалаў, літар, лічбаў, спец. знакаў і іх камбінацый.
Апазнавальныя знакі лятальных апаратаў (ЛА) вызначаюцца Міжнар. арг-цыяй грамадз. авіяцыі (ІКАО). Звычайна складаюцца з пач. літар назвы дзяржавы і лічбавага знака, які прысвойваецца ЛА пры занясенні ў рэестр грамадз.паветр. суднаў дзяржавы. Наносяцца на крылы, бакавыя паверхні фюзеляжа, кіль. Ваен. самалёты і верталёты маюць апазнавальныя знакі ў выглядзе геам. фігур (кругоў, квадратаў, палос, зорак, крыжоў і інш.). Напр., апазнавальныя знакі ЛА Германіі — чорны крыж і выява дзярж. сцяга; Японіі — чырвоны круг; ЗША — белая пяціканцовая зорка. Апазнавальныя знакі караблёў і суднаў (у т. л.ваен.) — выява дзярж. сцяга і бартавы нумар (вялікія караблі маюць таксама ўласную назву). Апазнавальныя знакі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, іх прыналежнасці да віду ўзбр. сіл, роду войскаў (службы) маюць большасць дзяржаў. Апазнавальныя знакі прыналежнасці да аб’яднання, злучэння і інш. ўключаюць іх эмблемы і групу лічбаў, іншыя апазнавальныя знакі — спец. каляровыя знакі ў выглядзе палос, рысункаў, геам. фігур і г.д. На грамадз.трансп. сродках наносяцца міжнар. апазнавальныя знакі (гл.табл.).
Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь апазнавальныя знакі — круг, падзелены гарызантальнай лініяй. У верхняй палове круга літары МА, знізу — выява дзярж. сцяга. На аўтамабілі, матацыклы, прычэпы таксама наносяцца: чырвоны крыж — на санітарныя машыны; Т — на машыны трансп. групы; ВАІ — на аўтамабілі і матацыклы ваен. аўтаінспекцыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРХАТКО́Ў Ігар Антонавіч
(н. 5.1.1958, Мінск),
бел. жывапісец. Сын А.С.Бархаткова. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1984). У 1984—87 вучыўся ў Творчых акад. майстэрнях у М.Савіцкага. Творы вызначаюцца грамадзянскасцю, філасафічнасцю і глыбінёй пачуццяў. Асн. жанры — пейзаж і карціна, у якіх гал. месца займае духоўны аспект нашай мінуўшчыны («Царква ў Халмах», 1981; «Вясна на Нёмане», 1979; «Старая лесвіца», 1982; «Інтэр’ер Дома-музея Якуба Коласа ў Смольні», 1981; «Бацька і сын», 1984; «Аплакванне», 1985; «Памяці Юрыя Смірнова», 1986; «Сакавік. Закінутая вёска», «Юнацтва Скарыны», абодва 1990; «Святар», «І буду Вам бацькам, і Вы будзеце маімі Сынамі...», «Іверская Маці Божая», усе 1991; «Забыты крыж», «Вечар», «Лістапад», усе 1992); нізка твораў з в. Млева, 1990-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДО́ВІЧ Сяргей Фёдаравіч
(н. 20.6.1942, в. Карпілаўка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік, мастак. Скончыў Вышэйшую школу МУС Рэспублікі Беларусь (1981). Зб-кі вершаў «Спасцігнуў я тайну» (1991), паэм «Люстэрка лёсу» (1993), паэт.-празаічных твораў «Нясу свой крыж» (1995), «Горкая кропля» (1997) вызначаюцца глыбінёй абагульненняў, вобразнасцю, метафарычнасцю. Аўтар больш як 30 паэм, сярод іх «Зона», «Адкрыты ліст», «Маналог», «Лёс лесу» і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку (кампазітары Я.Глебаў, І.Лучанок, В.Іваноў, Л.Захлеўны і інш.). Як мастак працуе ў жанрах пейзажа («Вясна», «Курапаты», «Лагойшчына»), тэматычнай карціны («Трэба выжыць, Беларусь», «Мама-выратавальніца», «Чарнобыльская пастка», «Першамай-86») — усе 1990-я г. Работы прасякнуты любоўю да Радзімы, актуальныя па тэматыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКІ МУЗЕ́Й СТАРАЖЫ́ТНАСЦЕЙ,
адзін з першых на Беларусі гісторыка-археал. музеяў. Засн. ў 1842 братамі К.П.Тышкевічам і Я.П.Тышкевічам у родавым маёнтку ў Лагойску. Размяшчаўся ў іх двухпавярховым палацы. Яго аснову склалі археал. знаходкі Тышкевічаў пры даследаванні курганоў, гарадзішчаў, замчышчаў Мінскай губ. У музеі былі багатыя калекцыі зброі, манет, медалёў; захоўваліся таксама крыж з серабра і золата, 2 мячы з мініяцюрнымі партрэтамі Стафана Баторыя (16 ст.), шведскія сцягі, адваяваныя С.Чарнецкім у 1656 у шведскага караля Густава, шпага Пятра 1 і многае інш. Паводле звестак П.М.Шпілеўскага, у нумізматычнай калекцыі музея было больш за 1 тыс. манет і медалёў, 3 тыс. кніг, з якіх каля 500 — помнікі айч. кнігадрукавання. Захоўваліся стараж. рукапісы, карты. У 1855 на базе экспанатаў Л.м.с. заснаваны Віленскі музей старажытнасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́ДАВАЕ ПЕ́ЧЫВА адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. На Беларусі ім сустракалі і частавалі гасцей, бралі ў поле, едучы першы раз сеяць, пакідалі ў полі на дажынках, давалі жывёле, каб добра вялася, ім клікалі вясной буслоў і г. д. На радзіны звычайна пяклі жытнія пірагі (дарылі бабкам-павітухам), якія з жартамі ламалі, каштавалі, елі з баршчом за святочным сталом. Жанчын, што ішлі ў адведкі, частавалі пірагамі (на Брэстчыне такі пірог наз. скрушок). На вяселле акрамя каравая пяклі пшанічныя пірагі маладым — месяц, падручнік, крыж (булка з крыжам). Падручнік і крыж пяклі для маладой, з імі яна ехала да маладога і клала на века дзяжы свекрыві. Памінальнае печыва заўсёды было прэснае (мёртвы хлеб) — корж, гарачыкі, галушкі, праснак. Корж і гарачыкі крышылі ў канун, «па крошцы» раздавалі прысутным за жалобным сталом. На Каляды пяклі жытнія пірагі-каляднікі, якімі абдорвалі калядоўшчыкаў. На саракі выпякалі 40 піражкоў (птушкі з цеста, галушкі, варэнікі) з макам або з фасоляй (іх называлі саракі, жаваронкі, бапкі). У вялікі пост пяклі храсцы-крыжыкі, саху, барану (булку, абкладзеную шышкамі), якія бралі ў поле, едучы сеяць. На Благавешчанне пяклі пампушкі, галёпы, якімі сустракалі буслоў, на Вялікдзень — здобныя пірагі (паскі, калачы). На Палессі на Юр’я пяклі расянік і хадзілі з ім вакол жыта, у Бярозаўскім р-не гатавалі піражок-юрок і клалі ў жыта (калі жыта яго не закрывала, то гэта прадказвала дрэнны ўраджай). У некаторых мясцінах на Юр’я ішлі ў поле з хлебам і інш. частаваннем. На святы рабілі таксама варэнікі з хлебнага цеста з макам або канапляным семем (на Варвару, Міколу), каржы з мёдам (напярэдадні Купалля).