«КНІ́ГА СТРА́ШНАГА СУДА́»

(«Domesday Book»),

збор матэрыялаў першага пазямельнага перапісу ў сярэдневяковай Англіі, праведзенага Вільгельмам I Заваёўнікам у 1086. Перапіс меў на мэце высветліць матэрыяльныя рэсурсы каралеўства, зафіксаваў юрыд. статус сялянства, уключыў многіх раней свабодных сялян у катэгорыю феад.-залежных — віланаў. Кніга (складаецца з 2 тамоў) — каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі сярэдневяковай Англіі (звесткі аб памерах вотчыны, размеркаванні зямлі паміж паплечнікамі Вільгельма I, царквой і інш.). У яе назве адлюстраваліся адносіны англ. народа да перапісу.

т. 8, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КНІ́ГА ВЯЛІ́КАМУ ЧАРЦЯЖУ́»,

тэкставае апісанне (па гал. рэках) найбуйнейшай карты Расіі 17 ст. (не захавалася). Складзена ў 1627 у Разрадным прыказе. Была практычным дапаможнікам для служылых людзей, якіх пасылалі ў розныя мясцовасці краіны, з канца 17 і ў 18 ст. выкарыстоўвалася як школьны падручнік па геаграфіі Расіі. Распаўсюджвалася ў рукапісных спісах; існуе 8 асн. рэдакцый кнігі (у ёй прыведзены каля 2 тыс. тапонімаў і больш за 1,5 тыс. велічынь адлегласцей). Уведзена ў навук. абарачэнне В.М.Тацішчавым; упершыню надрук. ў 1775 М.І.Навіковым пад назвай «Старажытная расійская ідраграфія, якая змяшчае апісанне Маскоўскай дзяржавы рэк, праток, азёр, крыніц, і якія на іх урочышчы і на якой яны адлегласці».

т. 8, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КНІ́ГА ПРА ТАЎДА́ЛА-РЫ́ЦАРА»,

гл. «Аповесць пра Таўдала».

т. 8, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНІ́ГА РЭКО́РДАЎ ГІ́НЕСА (The Guinness Book of Records),

даведачнае выданне, у якім змешчаны звесткі пра выдатныя дасягненні, унікальныя з’явы і кур’ёзы ў свеце. Выдаецца з 1955 штогод (акрамя 1957 і 1959) у Вялікабрытаніі выд-вам «Гінес паблішынг лімітэд», заснавальнікамі якога былі кіраўнік брыт. піваварнай кампаніі «Гінес» Х.​Бівер і ірландскія выдаўцы браты H. і Р.​Макхуэртэры. Мае тэматычны прынцып пабудовы (раздзелы «Свет прыроды і космас», «Свет жывой прыроды», «Чалавек», «Навука і тэхніка», «Будынкі і збудаванні», «Транспарт», «Дзелавы свет», «Культура і мастацтва», «Чалавек і грамадства», «Дасягненні чалавека», «Спорт»); вызначаецца кампактным, сціслым выкладам матэрыялу. Вузкаспецыяльная інфармацыя выдаецца ў тэматычна абмежаваных выпусках-дадатках («Авіяцыя», «Караблі», «Аўтамабілі» і інш.). У кожным новым выданні звесткі абнаўляюцца. К.р.Г. перакладзена амаль на 50 моў свету, у т. л. на рус. мову (1990). На ўзор К.р.Г. ў розных краінах выходзяць даведнікі, блізкія да яе па аб’ёме і структуры (напр., у Расіі кн. «Дзіва: цуды, рэкорды, дасягненні», 2-е выд. 1993).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 8, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА ГРО́ДЗЕНСКАЙ ЭКАНО́МІІ»

(«Писцовая книга Гродненской экономии с прибавлениями»),

комплекс гаспадарча-ўліковай і інш. дакументацыі Гродзенскай эканоміі сярэдзіны 16 — сярэдзіны 18 ст., выдадзены ў 1881—82 Віленскай археаграфічнай камісіяй у 2 ч. Дакументы ўзяты з актавых кніг Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў, на польск. мове (1 дакумент на бел. мове). У ч. 1 змешчаны «Рэестр памеры валок, гарадоў і Гродзенскай воласці...» (1558), дзе зафіксавана рэвізія валочнай памеры ў эканоміі, праведзенай на падставе «Уставы на валокі» 1557. У ч. 2 змешчана інвентарнае апісанне гродзенскіх замкаў і велікакняжацкага двара Гарадніцы (сярэдзіна 17 ст.), «Рэестр валочнай памеры горада і мястэчак, воласці і ўсіх двароў, якія належаць да Гродзенскага замка» (1550—60-я г.), «Генеральная ўстава Гродзенскай эканоміі» (1680), «рэвізія» дакументаў г. Гродна, гар. пляцаў і прыбыткаў (1675?), «рэвізія» лясніцтваў эканоміі (1764), вытрымкі з «рэвізіі» эканоміі з пералікам каралеўскіх прывілеяў мястэчкам 16—17 ст. і інш. Выданне забяспечана прадмовай С.​В.​Шаўковіча, дзе апісаны гродзенскія замкі і сам горад, ахарактарызаваны катэгорыі насельніцтва эканоміі і іх павіннасці.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА БЫЛО́ГА ПІ́НСКАГА СТАРО́СТВА»

(«Писцовая книга бывшего Пинского староства, составленная по повелению короля Сигизмунда Августа в 1561—1566 гг. пинским и кобринским старостою Лаврином Войною»),

інвентар Пінскага староства 1560-х г., выдадзены ў 2 ч. Віленскай археаграфічнай камісіяй у 1874. Выданне зроблена паводле копіі 1622 з Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў на польск. мове з паралельным перакладам на рус. мову. У пачатку інвентара змешчаны лісты Жыгімонта II Аўгуста аб правядзенні новай валочнай памеры гэтага дзярж. ўладання. Правядзеннем памеры кіраваў гаспадарскі дваранін Л.​Война (пазней пінскі староста). У інвентары пералічаны зямельныя надзелы мяшчан Пінска і Нобеля, сялян Пінскай, Зарэчнай і Вядскай валасцей, землі гаспадарскіх фальваркаў. У канцы змешчана апісанне замены некат. зямель правасл. святароў і шляхты на гаспадарскія землі з мэтай ліквідаваць цераспалосіцу. Выданне забяспечана прадмовай С.​В.​Шаўковіча, дзе зроблены крыніцазнаўчы аналіз інвентара, на яго падставе прыведзены звесткі пра Пінскае староства.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КНІ́ГА ПАСО́ЛЬСКАЯ МЕ́ТРЫКІ ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА...»

Книга Посольская Метрики Великого Княжества Литовского...»),

выданне кніг-копій Метрыкі Вялікага княства Літоўскага дыпламатычнага зместу. Выдадзена ў 1843 у Маскве ў 2 т. Паводле даручэння Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх падрыхтавана М.​А.​Абаленскім, І.​М.​Даніловічам (т. 1), М.​П.​Пагодзіным, Дз.​М.​Дубенскім (т. 2). У т. 1 апублікавана кніга Метрыкі, якая змяшчае дыпламат. перапіску вял. князя ВКЛ і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста з Крымскім ханствам, Турцыяй, Расіяй, Прусіяй і інш. за 1545—72. У прадмове да тома выкладзена гісторыя Метрыкі ВКЛ і Кароннай Метрыкі, у дадатках змешчаны вопіс кніг Метрык, некаторых актаў Метрык, мірны дагавор Альгерда і Казіміра III 1366, факсіміле старонкі апублікаванай пасольскай кнігі, табліца філіграней. У т. 2 — дакументы дыпламат. характару вял. князя ВКЛ і караля польскага Стафана Баторыя за 1576—83. У асноўным дакументы датычаць адносін Рэчы Паспалітай з Расіяй. Змешчаны таксама некат. больш раннія акты, факсіміле старонкі пасольскай кнігі, табліца філіграней і інш.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА ПІ́НСКАГА І КЛЕ́ЦКАГА КНЯ́СТВАЎ»

(«Писцовая книга Пинского и Клецкого княжеств, составленная пинским старостою Станиславом Хвальчевским в 1552—1555 гг.»),

дакументацыя валочнай памеры сярэдзіны 16 ст. ў Пінскім і Клецкім княствах каралевы польскай і вял. княгіні ВКЛ Боны, выдадзеная Віленскай археаграфічнай камісіяй у 1884. Арыгінальная назва кнігі, якая захоўвалася ў Віленскім цэнтр. архіве стараж. актаў — «Рэестр памеры зямель на валокі паветаў і таксама княстваў Пінскага, Клецкага...» (на польск. мове). Валочная памера праведзена па загадзе Боны старостам бел. уладанняў каралевы С.​Хвальчэўскім і інш. ў Пінску, Моталі, Нобелі, Клецку, Сіняўцы, у велікакняжацкіх дварах і сёлах Пінскага і Клецкага княстваў (паветаў), Вядскай воласці. Пералічаны сял. гаспадаркі з пазначэннем прозвішчаў гаспадароў і памераў зямельных надзелаў. Асобна ў «Рэестры» вылучаны раздзелы з апісаннем замены некат. зямель правасл. і каталіцкіх святароў і шляхты на гаспадарскія землі, праведзенай для ліквідацыі цераспалосіцы. Выданне забяспечана прадмовай К.​І.​Сніткі, дзе дадзена характарыстыка помніка і валочнай памеры ў ВКЛ.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Акафісты» (кніга) 6/500

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«Неба новае» (кніга) 6/500

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)