ЛАЗО́ВІЦА,

вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Лабжанка, на аўтадарозе Клімавічы—Касцюковічы. Цэнтр сельсавета. За 6 км на ПдУ ад г. Клімавічы, 130 км ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Асмолавічы. 141 ж., 61 двор (1998).

Вядома з 18 ст. У 1752 заснавана Лазовіцкая езуіцкая рэзідэнцыя. У 1780 у Клімавіцкім пав. Магілёўскай губ.; 115 ж., 23 двары. З 1784 мястэчка, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1861—236 ж., 32 двары, вадзяны млын, сукнавальня, царква, касцёл, малітоўны дом. У 1909 у мястэчку 202 ж., 24 двары, у аднайм. сяле 269 ж., 42 двары, царква, царк.-прыходская школа, вінная крама. З 1924 цэнтр сельсавета Клімавіцкага р-на Калінінскай акругі. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі Л., пасля вайны адноўлена. У 1972—247 ж., 67 двароў.

Клуб, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (пач. 20 ст.).

У.​У.​Бянько.

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНЯ,

вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Лабжанка, на скрыжаванні аўтадарог на Клімавічы, Касцюковічы, Хоцімск. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы. За 17 км на ПдУ ад г. Клімавічы, 141 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Асмолавічы. 733 ж., 261 двор (2001). Сярэдняя школа. Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя. аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

У 1727 сяло ў Крычаўскім старостве ВКЛ, у 1747 дзярж. ўласнасць, 20 двароў. З 1772 у Рас. імперыі. У 1780 мястэчка ў Клімавіцкім пав. Магілёўскай губ., 289 ж., 76 двароў, драўляная царква. У пач. 19 ст. прыватнае ўладанне, вінакурны з-д. У 1880—455 ж., 78 двароў, вадзяны млын, нар. вучылішча, мураваная царква, малітоўная школа; у 1897—834 ж., 122 двары, крупадзёрка. З 1924 вёска, цэнтр сельсавета Клімавіцкага р-на Калінінскай, у 1926—30 — Магілёўскай акруг, з 1938 — Магілёўскай вобл. У 1926 у Р 471 ж., 88 двароў. У 1967 да Р далучана в Пачаеўка.

У.​У.​Бянько.

т. 13, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ РАЁН АБАРО́НЫ 1918,

аператыўнае аб’яднанне войск Сав. Расіі на Зах. напрамку ў 1918. Утвораны 11.9.1918 на базе часцей і штаба Заходняга ўчастка атрадаў заслоны для абароны тэр. краіны ад Петраграда да размежавальнай лініі з Паўд. фронтам (Чэрыкаў—Клімавічы—Рослаў) вызвалення сав. тэрыторыі ад герм. акупантаў, перафарміравання атрадаў у рэгулярныя баявыя адзінкі. Нач. раёна АЯ.​Снесараў. 15.11.1918 пераўтвораны ў Заходнюю армію 1918—19.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКІ ЗАВО́Д МА́СЛА І СУХО́ГА АБЯСТЛУ́ШЧАНАГА МАЛАКА́ Знаходзіцца ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Засн. ў 1945 як маслазавод. На яго базе ў 1967—70 пабудаваны завод масла і сухога абястлушчанага малака. З 1971 галаўное прадпрыемства з Хоцімскім і Касцюковіцкім філіяламі. З 1995 адкрытае акц. т-ва з той жа назвай. Асн. прадукцыя (1998): масла жывёльнае, цэльнамалочная прадукцыя, сухое абястлушчанае малако.

т. 8, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКІ КАМБІНА́Т БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ.

Знаходзіцца ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Засн. ў 1928 як завод сілікатнай цэглы № 2. У Вял. Айч. вайну разбураны, у 1945 адноўлены. З 1958 сучасная назва. З 1958 і 1970 працуюць 2 тэхнал. лініі вапнавага цэха (часова спынены), з 1971 — сілікатны цэх. Сыравіна: пясок і мел з радовішча Пясчаная Гара, вапну прывозяць з Гродна і Ваўкавыска. Асн. прадукцыя (1998) — сілікатная цэгла.

т. 8, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБЖА́НКА, Лобжа,

рака ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 54 км. Пл. вадазбору 489 км². Пачынаецца на паўд. ускраіне в. Недзведзь. Цячэ ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, на астатнім працягу трапецападобная, глыбокаўрэзаная. Пойма двухбаковая, роўная, месцамі слабазабалочаная, адкрытая. Рэчышча каналізаванае на 2 участках агульнай працягласцю 33,2 км, на інш. участках звілістае, свабодна меандруе. Берагі прыроднага рэчышча ўмерана стромкія. На рацэ г. Клімавічы.

т. 9, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МАЎ (Акцябр Паўлавіч) (14.11.1923, г. Клімавічы Магілёўскай вобл. — 23.9.1993),

бел. вучоны ў галіне дэрматалогіі і венералогіі. Д-р мед. н. (1974), праф. (1977). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1948). У 1963—87 дырэктар Бел. н.-д. скурна-венералагічнага ін-та. Навук. працы па этыялогіі і патагенезе псарыязу, вывучэнні імуналагічных механізмаў патагенезу скурных захворванняў, венералогіі.

Тв.:

Красная волчанка. Мн., 1967 (у сааўт.);

Венерические заболевания. Мн., 1981 (у сааўт.);

Справочник по профессиональным болезням кожи. Мн., 1981 (у сааўт.).

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕНАФО́НТАЎ (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 22.6.1942, г. Клімавічы Магілёўскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў БДУ (1964). З 1963 у БДУ. З 1972 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. Навук. працы па спектраскапіі складаных арган. злучэнняў. Даследаваў спектральна-структурныя ўласцівасці складаных фенольных злучэнняў, распрацаваў фіз. мадэль механізма пераносу зараду ў палімерах са спалучанымі сувязямі.

Тв.:

Спектроскопические свойства и структурные особенности продуктов физико-химических превращений диоксибензолов // Журн. прикладной спектроскопии. 1993. Т. 58, № 1—2.

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛАВА (Валянціна Аўрамаўна) (н. 2.1.1949, г. Клімавічы Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1992), праф. (1993). Скончыла Кіргізскі дзярж. ун-т (1972). Працавала ў Ошскім пед. ін-це. З 1982 у Віцебскім ун-це. Аўтар прац у галіне псіхалінгвістыкі і лінгвакультуралогіі: «Размова пра псіхалінгвістыку» (1992), «Уводзіны ў лінгвакультуралогію», «Лінгвістычны аналіз экспрэсіўнасці мастацкага тэксту» (абедзве 1997), «Філалагічны аналіз Паэтычнага тэксту» (1999), сааўтар кн. «Этнапсіхалінгвістыка» (1988), «Чалавечы фактар у мове» (1991) і інш.

Тв.:

Преданья старины глубокой в зеркале языка. Мн., 1997.

т. 10, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСЧА́НАЯ ГАРА́,

радовішча мелу ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., за 4,5 км на ПдУ ад чыг. ст. Клімавічы. Пластавы паклад звязаны з адкладамі туронскага яруса (верхні мел). Мел шаравата-белы, слаба сцэментаваны, у верхняй ч. з пяском, дамешкамі абломкавага і гліністага матэрыялу, праслойкамі мергелю Паверхня няроўная, закарставаная. Разведаныя запасы 10,4 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы (пройдзеная) 4,5—14 м, ускрышы (пяскі, супескі) 1,3—22,3 м. Ускрышныя пяскі выкарыстоўваюцца на выраб сілікатнай цэглы, мел прыдатны на выраб вапны.

А.​П.​Шчураў.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)