бел. рэлігійны і грамадскі дзеяч. Магістр тэалогіі (1909), д-р філасофіі (1912). Скончыў Пецярбургскую акадэмію (1909), вучыўся ў каталіцкім ун-це ў Лувене (Бельгія). З 1914 выкладаў філасофію ў Петраградскай духоўнай акадэміі. Адзін з заснавальнікаў бел. хрысціянскага руху і яго саюза «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць» (гл. ў арт.Беларуская хрысціянская дэмакратыя). Ініцыятар правядзення ў Мінску з’езда бел. каталіцкага духавенства (1917). З 1918 рэктар Мінскай духоўнай семінарыі (выкладаў і служыў імшу на бел. мове). З 1921 прэлат пінскай капітулы, з 1926 у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. З 1928 вёў місіянерскую дзейнасць сярод рас. эміграцыі ў г. Харбін. У 1939 вярнуўся на Беларусь, дзе арыштаваны сав. ўладамі і зняволены ў турму ў Львове; пазней высланы ў Расію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ Дзейнічаў у 1598—1864 у г. Нясвіж. Засн. М.К.Радзівілам Сіроткам па волі сваёй памерлай жонкі. Манахам былі перададзены даходы ад шэрагу княжацкіх маёнткаў і зямельныя ўладанні. У пач. 17 ст. пабудаваны касцёл св. Кацярыны і корпус кляштара па праекце італьян. архітэктара Дж.М.Бернардоні. У 1655 і 1793 усе будынкі кляштара разам з касцёлам былі знішчаны пажарам. У пач. 19 ст. касцёл нанава адбудаваны ў класіцыстычным стылі. У 1804 у кляштары было 15 манахаў, навучалася 12 студэнтаў, у б-цы было 1199 кніг. У 1864 кляштар закрыты (перададзены ваен. ведамству). У 1870 касцёл пераабсталяваны пад Георгіеўскую царкву, у 1950-я г. разбураны.
А.А.Ярашэвіч.
Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. З карты 1750-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ КАСЦЁЛ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1769 з цэглы ў в. Васілішкі (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.) пры кляштары базыльян. У 1832 пераасвячоны пад царкву, з 1919 зноў касцёл. Мураваная 3-нефавая базіліка пад 2-схільным дахам з паўкруглай апсідай і сакрысціяй. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі вежамі з паўцыркульным шчытом паміж імі. Пластыку ствараюць увагнутасці і акругласці вежавых граняў, слаістыя лапаткі, пілястры з валютамі, цягі і карнізы, прамавугольныя філёнгі. Сіметрычна-восевая трохчасткавая кампазіцыя фасада падкрэслена лучковымі ўваходнымі і аконнымі праёмамі, нішамі, круглымі люкарнамі. У інтэр’еры каларыстычна насычаныя, пластычна вырашаныя алтары (галоўны, 2 бакавыя, 4 кулісныя), выкананыя ў стылі ракако, упрыгожаныя пазалочанай лепкай. Перад касцёлам — мураваная 3-арачная брама, абрыс якой адпавядае пластыцы яго гал. фасада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў з вер. 1785 да лета 1797 у Дуброўне. У 1780 піяры былі запрошаны сюды са згоды біскупа С.Богуша-Сестранцэвіча замест бернардзінцаў, якімі тагачасны гаспадар мястэчка кн. Р.А.Пацёмкін быў незадаволены. Пацёмкін ахвяраваў піярам агарод і лугі ў Дуброўне, маёнтак Азоркава (80 двароў, 450 рэвізскіх душ), буйныя грашовыя сродкі і інш.; быў пабудаваны драўляны кляштар. У 1783 мястэчка перайшло ва ўласнасць кн. К.Любамірскага, які пацвердзіў усе ахвяраванні свайго папярэдніка. У 1785 пры кляштары адкрыты калегіум, у ім былі 4 класы, вучылася 60 чал. Летам 1797 з-за асабістага канфлікту з піярамі Любамірскі выгнаў іх з мястэчка. Калегіум аднавіў дзейнасць у 1799 у Віцебску і знаходзіўся там да лета 1822, на яго базе было ўтворана Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧАНСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1662—1865 у в. Гарадзішча (цяпер Пінскі р-н Брэсцкай вобл.). Засн. трокскім ваяводам Я.Копацем, які ў якасці фундушу даў фальваркі з в. Бышляк, Бяла, Волька, Гарадзішча, Заазер’е, Купяцічы, Любель, Селішча, Сошна, Цёлкавічы (у 1818 у іх было 350 сялян). У ансамбль кляштара ўваходзілі мураваныя касцёл, 2-павярховы жылы корпус, званіца, кузня, бровар, крама, флігель, калодзеж. Касцёл св. Ганны пабудаваны ў 1774, меў разьбяныя алтары, амбон і інш., сцены і скляпенні аздоблены размалёўкамі. У школе пры кляштары ў пач. 19 ст. навучалася 15 шляхецкіх дзяцей, працавала сталярная майстэрня, у б-цы было 1574 кнігі (1829). У 1865 кляштар скасаваны, касцёл закрыты. У 1910 касцёл зноў дзеючы, у 1944 разбураны ням.-фаш. захопнікамі. Захаваўся жылы корпус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛЬСКІ ДАМІНІКА́НСКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у 1716—4838 пры дамініканскім кляштарысв. Георгія ў фальварку Забелы каля в. Валынцы (Верхнядзвінскі р-н). Засн. на сродкі памешчыка Г.Шчыта. У 1787 калегіуму належала 5 фальваркаў з гадавым даходам 2547 руб. Пры калегіуме дзейнічаў Забельскі школьны тэатр. У 1802—3 класы з тэрмінам навучання 6 гадоў, 6 выкладчыкаў, 80 вучняў. З 1803 павятовае вучылішча ў складзе Віленскай навуч. акругі. У 1811 пераўтвораны ў гімназію, але дамініканцы захавалі і фінансавую самастойнасць. У 1817—6 класаў, 6 выкладчыкаў, 126 вучняў, павышаны ўзровень прыродазнаўчых дысцыплін. Пры гімназіі дзейнічала ніжэйшае духоўнае вучылішча. У 1821 дамініканцы прапанавалі міністэрству нар. асветы стварыць на базе гімназіі акадэмію з 3 ф-тамі, але беспаспяхова. У 1838 гімназія закрыта. Сярод вучняў пісьменнік А.Вярыга-Дарэўскі. А.Ф.Самусік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНІКА́НЦЫ (позналац. dominicani або fratres praedicatores браты-прапаведнікі),
каталіцкі манаскі жабрацкі ордэн. Створаны ў пач. 13 ст., зацверджаны папам у 1216. Заснавальнік іспанец Дамінік дэ Гусман. Галоўны накірунак ордэна — прапагандысцка-місіянерская дзейнасць. У 1232 Д. была даручана інквізіцыя. Жабрацкі характар ордэна не заўсёды вытрымліваўся, у 1475 і 1477 Д. афіцыйна дазволена валодаць маёмасцю і мець сталыя крыніцы прыбытку. Папства выкарыстоўвала ордэн у барацьбе з ерасямі, свецкімі ўладамі, рэфармацыйным рухам. Д. ўзначальвалі кафедры ў многіх ун-тах сярэдневяковай Еўропы. У Беларусі з’явіліся ў пач. 16 ст., на пач. 19 ст. мелі тут больш за 40 кляштараў і рэзідэнцый, дзейнічаў Забельскі дамініканскі калегіум. Вядомы жаночы кляштар Д. у Навагрудку. У 1830—60-я г.кляштары Д. у Беларусі зачынены, жылыя іх будынкі прыстасаваны пад казармы, шпіталі і інш., касцёлы сталі парафіяльнымі або перададзены праваслаўнай царкве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАХЕ́НА (Cartagena),
горад на Пн Калумбіі, на Карыбскім м., на З ад вусця р. Магдалена. Адм. ц. дэпартамента Балівар. 564 тыс.ж. (1990). Вузел аўтадарог. Буйны марскі порт (вываз нафты і нафтапрадуктаў, скур, золата, кавы). Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., цэм., гарбарна-абутковая, тэкст., харч. (у т. л. рыбакансервавая). Ун-т. Арх. помнікі 16—18 ст. (умацаванні, цэрквы, кляштары). Порт, крапасныя ўмацаванні і гіст.-арх. ансамбль старога горада ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Засн. ў 1533 ісп. канкістадорам Педра дэ Эрэдыя на месцы індзейскага паселішча. З 17 ст. буйны гандл. порт (у Іспанію вывозілі каштоўныя камяні і металы), гал.ісп. крэпасць у Лац. Амерыцы. На К. шмат разоў нападалі франц. і англ. піраты (у 1585 спалены Ф.Дрэйкам). У 1811 першая з гарадоў Калумбіі абвясціла незалежнасць ад Іспаніі (у 1815—21 зноў пад ісп.калан. уладай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1498—1832 у г. Полацк Віцебскай вобл. Адзін з першых 4 кляштараў ордэна бернардзінцаў у ВКЛ. Засн.вял.кн.ВКЛ Аляксандрам на Запалоцці пры ўпадзенні р. Палата ў Зах. Дзвіну з мэтай схілення праваслаўных у каталіцтва. Верагодна, у гэтым кляштары атрымаў пач. адукацыю Ф.Скарына. Драўляны касцёл кляштара пабудаваны ў 1502. У час Лівонскай вайны 1558—83 ён спалены ў 1563. У 1696 ваявода Д.Слушка зноў запрасіў бернардзінцаў у Полацк і размясціў іх у слабадзе Кабак. Пасля пажару 1758 пабудаваны мураваны касцёл Маці Божай Марыі Нябеснай (асвячоны ў 1769) і жылы корпус. Касцёл быў аднанефавы, з трансептам і 2-вежавым фасадам, памерамі 42 × 25 локцяў. У 1772 было 10 манахаў, школа філасофіі. У 1832 кляштар скасаваны, касцёл ператвораны ў правасл. царкву (значна пашкоджаны ў 1930-я г.). Жылы корпус захаваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЧА ((Carpaccio) Віторэ) (каля 1460—65, г. Венецыя, Італія — каля 1526),
італьянскі жывапісец ранняга Адраджэння; прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы Дж.Беліні і Антанела да Месіны. Ствараў пераважна шматфігурныя кампазіцыі (цыкл «Гісторыя св. Урсулы», 1490—96). Рэліг. сюжэты трактаваў як рэальныя сцэны сучаснага яму жыцця, імкнуўся да стварэння цэльнай маляўнічай карціны свету («Св. Іеранім і леў у кляштары», «Пахаванне св. Іераніма», «Бітва св. Георгія з драконам», «Трызненне св. Аўгусціна», «Трыумф св. Георгія», усе каля 1501—07). Творам уласцівы яркая каляровая гама, канкрэтнасць прасторы і дакладнасць форм, фантазія і свабода эксперыменту («Дамы на балконе», «Рыцар у пейзажы» і «Прынясенне ў храм», абедзве 1510, і інш.), што падрыхтавала жывапісныя адкрыцці венецыянскіх мастакоў 16 ст.
Літ.:
Смирнова И. Витторе Карпаччо: [Альбом]. М., 1982;
Lauts J. Carpaccio, paintings and drawings. New York, 1962.
І.М.Каранеўская.
В.Карпача. Гісторыя св. Урсулы: развітанне Урсулы і Эрэя з бацькамі. Фрагмент. 1495.