«ДЖЭ́МІНІ», «Джэмінай» (Gemini),

назва серыі амер. двухмесных касм. караблёў (КК) для палётаў на каляземнай арбіце; праграма іх распрацоўкі і палётаў.

КК «Дж.» складаецца з герметычнага спускальнага апарата, дзе размяшчаюцца 2 касманаўты, і негерметычнага адсека з абсталяваннем і тармазнымі рухавікамі. Мае апаратуру і ракетны рухавік для збліжэння з інш. лятальнымі апаратамі на арбіце. Сістэма жыццезабеспячэння разлічана на 14 сут, пасадка прадугледжана толькі на ваду. Усяго па праграме «Дж.» запушчана 12 КК (1964—66; 10 з іх з 2 касманаўтамі на борце). У час палётаў праводзілася манеўраванне і збліжэнне КК («Дж.-6» і «Дж.-7»), стыкоўка з ракетай «Аджэна», выхад касманаўтаў у касм. прастору (Э.Уайт, Ю.Сернан, М.Калінз, Р.Гордан, Э.Олдрын), выпрабаванне сістэм карабля, фатаграфаванне Зямлі, неба і інш. Праграма «Дж.» была падрыхтоўчым этапам праграмы «Апалон».

Схема спускальнага апарата касмічнага карабля «Джэміні»: 1 — герметычная капсула; 2 — крэслы касманаўтаў; 3 — пульт і прыладная дошка; 4 — адсек сістэмы арыентацыі; 5 — кантэйнер з парашутамі; 6 — радыёлакатар для збліжэння на арбіце; 7 — бартавая апаратура і абсталяванне; 8 — цеплаахоўны экран.

т. 6, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМУ́К (Пётр Ільіч) (н. 10.7.1942, в. Камароўка Брэсцкага р-на),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1973, 1975), лётчык-касманаўт СССР (1973), ген.-палкоўнік авіяцыі (1998), канд. тэхн. н. (1995). Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1964), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.​Гагарына (1977), Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1983). З 1965 у атрадзе касманаўтаў. З 1976 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына (з 1991 начальнік). 18—26.12.1973 з В.В.Лебедзевым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-13» (як камандзір); 24.5—26.7.1975 з В.І.Севасцьянавым — палёт на касм. караблі «Саюз-18» і арбітальнай станцыі «Салют-4» (як камандзір); 27.6—5.7.1978 з М.Гермашэўскім — палёт на касм. караблі «Саюз-30» (як камандзір) і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж — У.В.Кавалёнак, А.С.Іванчэнкаў). У космасе правёў 78,8 сут. Дзярж. прэмія СССР 1978, 1981.

Тв.:

Рядом со звездами: Книга одного полета. М., 1979.

Літ.:

Ваганов И.И., Панасюк Н.В. П.​И.​Климук. Мн., 1976.

П.І.Клімук.

т. 8, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРС ((Anders) Уільям Алісан) (н. 17.10.1938, Ганконг),

касманаўт ЗША. Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ЗША (1955). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 21—26.12.1968 разам з Ф.​Борманам і Дж.​Ловелам здзейсніў першы палёт да Месяца з выхадам на селенацэнтрычную арбіту на касм. караблі «Апалон-8» як пілот месяцавай кабіны. Карабель зрабіў 10 абаротаў вакол Месяца, вярнуўся на Зямлю. Палёт працягваўся 6,125 сут.

т. 1, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́РЭНС, Лоўрэнс (Lawrence) Вэндзі (н. 2.7.1959, г. Джэксанвіл, штат Фларыда, ЗША), касманаўт ЗША.

Скончыла Акадэмію ВМС ЗША. З 1992 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніла 3 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (ΚΚ): 2—18.3.1995 на КК «Індэвар», 26.9—7.10.1997 на КК «Атлантыс» — арбітальны комплекс «Мір», 3—12.6.1998 на КК «Дыскаверы» — арбітальным комплексе «Мір». У космасе правяла 37,27 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 9, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЙДЖЭЛ, Нейгел (Nagel) Стывен (н. 27.10.1946), касманаўт ЗША. Бакалаўр навук у галіне аэранаўтыкі і астранаўтыкі. Скончыў Ілінойскі ун-т (1969). З 1979 у групе касманаўтаў НАСА Здзейсніў палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 17—24.6.1985 — на КК «Дыскаверы», 30.10—6.11.1985 — на КК «Чэленджэр», 5—11.4.1991 — на КК «Атлантыс», 26.4—6.5.1993 — на КК «Калумбія». У космасе правёў 30,1 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

Г.Г.Нейгаўз.

т. 11, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗАВО́Й (Анатоль Мікалаевіч) (н. 11.4.1942, пас. Энем Акцябрскага р-на, Адыгея),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1982), лётчык-касманаўт СССР (1982). Скончыў Ваен.-паветр. акадэмію імя Ю.​А.​Гагарына (1977). З 1970 у атрадзе касманаўтаў. Як камандзір здзейсніў касм. палёт разам з В.​В.​Лебедзевым на караблях «Саюз Т-5, -6, -7» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (13.5—10.12.1982). У космасе правёў 211,4 сут.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЛАБАЎ (Віталь Міхайлавіч) (н. 18.6.1937, с. Старая Збур’еўка Херсонскай вобл., Украіна),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1976), лётчык-касманаўт СССР (1976). Скончыў Азербайджанскі ін-т нафты і хіміі (1959), Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1974). У 1963—81 у атрадзе касманаўтаў. 6.7—24.8.1976 з Б.В.Валынавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-21» (як бортінжынер) і на арбітальнай станцыі «Салют-5». Правёў у космасе 49,3 сут.

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЎЧАНКА (Анатоль Сямёнавіч) (21.5.1941, г.п. Краснакуцк Харкаўскай вобл., Украіна —6.8.1988),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1987), лётчык-касманаўт СССР (1987). Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1964), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1971). З 1981 у атрадзе касманаўтаў. 21—29.12.1987 з У.​Г.​Цітовым і М.​Х.​Манаравым здзейсніў (як касманаўт-даследчык) палёт на касм. караблі «Саюз ТМ-4» і арбітальнай станцыі «Мір». У космасе правёў 7,92 сут.

т. 9, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМА́НД (Абдул Ахад) (н. 1.1.1959, Сарда, Афганістан),

першы касманаўт Афганістана. Герой Рэспублікі Афганістан (1988), Герой Сав. Саюза (1988). Скончыў політэхн. ін-т (1976, г. Кабул), Ваенна-паветр. акадэмію (1987). У 1988 у атрадзе касманаўтаў. 29.8—7.9.1988 з У.А.Ляхавым і В.У.Паляковым здзейсніў палёт (як касманаўт-даследчык) на касм. караблі «Саюз ТМ-6» і арбітальнай станцыі «Мір» (пасадка на касм. караблі «Саюз ТМ-5»). У космасе правёў 8,9 сут.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАР ((Carr) Джэралд) (н. 22.8.1932, г. Дэнвер, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Паўднёва-Каліфарнійскі ун-т (1954). З 1949 у ВМС ЗША. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973—8.2.1974 з Э.Гібсанам і У.Поўгам здзейсніў касм. палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як камандзір 3-га экіпажа), у час якога тройчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 15 гадз 48 мін). Правёў у космасе 84,04 сут. Залаты медаль «Космас» (ФАІ).

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)