МЕ́ЦЦА-САПРА́НА (італьян. mezzosopiano ад mezzo сярэдні),

жаночы голас, сярэдні паміж сапрана і кантральта. Адрозніваюць высокае (лірычнае) М.-с., блізкае да сапрана, і нізкае, якое набліжаецца да кантральта. Дыяпазон — a(b)—a​2(b​2). Для М.-с. характэрны паўната гучання ў сярэднім рэгістры, наяўнасць ніжняга груднога рэгістра. Сярод оперных партый, напісаных для М.-с.; Марфа («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Амнерыс («Аіда» Дж.​Вердзі), КармэнКармэн» Ж.​Бізэ), у бел. операх — Надзея Дурава (аднайм. опера А.​Багатырова), Алеся («Алеся» Я.​Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.​Туранкова), Квета («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі). Сярод бел. спявачак М.-с.: С.​Данілюк, Р.​Асіпенка, Г.​Цэпава, В.​Валчанецкая, Л.​Галушкіна, К.​Кудрашова, П.​Дружына, Н.​Галеева, Н.​Руднева і інш. Асаблівая разнавіднасць М.-с. — каларатурнае М.-с. (партыя Разіны ў «Севільскім цырульніку» Дж.​Расіні). У хоры М.-с. выконваюць партыі першых альтоў.

т. 10, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЙЧЫК (Аляксандра Давыдаўна) (сцэн. псеўд. Ганна Мейчык; 1875, Мінск — 8.8.1934),

расійская спявачка (кантральта). Беларуска па паходжанні. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1898, клас К.​Ферні-Джыральдоні). Працавала ў т-рах Расіі, Украіны і інш. У 1908 запрошана ў т-р «Ла Скала», з 1913 — у «Метраполітэнопера» ў Нью-Йорку. З 1914 канцэртавала ў Еўропе. Спявала ў Марыінскім т-ры. (Пецярбург). З 1922 у ЗША, кіравала вак. студыяй у Нью-Йорку. Валодала моцным, густым і рухомым голасам шырокага дыяпазону (спявала і партыі мецца-сапрана). Сярод лепшых партый: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Лель, Любаша («Снягурачка», «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Марфа («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), КармэнКармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс («Аіда» Дж.​Вердзі), Даліла («Самсон і Даліла» К.​Сен-Санса), Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.​В.​Глюка), Рамэо («Мантэкі і Капулеці» В.​Беліні), Артруда, Эрда, Фрыка («Лаэнгрын», «Золата Рэйна» і «Зігфрыд», «Валькірыя» Р.​Вагнера).

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 10, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУ́ШКІНА (Лідзія Іванаўна) (н. 15.6.1923, г. Іванава, Расія),

бел. спявачка (мецца-сапрана), педагог. Нар. арт. Беларусі (1963). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1950, клас Ф.​Пятровай). У 1951—81 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1974 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае яркім прыгожым голасам, вял. эмацыянальнасцю, майстэрствам сцэн. пераўвасаблення. Найб. блізкія ёй партыі гераінь з моцнымі характарамі, драм. і трагічным лёсам. Сярод партый у бел. операх: Надзея Дурава (аднайм. опера А.​Багатырова), Алеся, Ганка («Алеся» і «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.​Туранкова), Вераніка («Зорка Венера» Ю.​Семянякі, Удава кнігагандлёўца («Джардана Бруна» С.​Картэса); у класічным рэпертуары — Любаша, Амелфа («Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Клітэмнестра («Арэстэя» С.​Танеева), КармэнКармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс, Азучэна, Ульрыка («Аіда», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Клара («Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева). Выканальніца многіх камерных твораў бел. кампазітараў.

А.​Я.​Ракава.

Л.І.Галушкіна.
Л.Галушкіна ў ролях Марыны (уверсе) і Клары.

т. 4, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДА́Р ((Godard) Жан Люк) (н. 3.12.1930, Парыж),

французскі кінарэжысёр. Адзін з вядучых прадстаўнікоў «новай хвалі». Яго творчай манеры ўласцівы своеасаблівы і востры стыль кінаапавядання, выражаны ў рытмічна-імпульсіўным мантажы, частым выкарыстанні ручной камеры, у нетрадыцыйнай лексіцы дыялогаў. Сярод фільмаў: «На апошнім дыханні» (1960), «Жыць сваім жыццём» (1962), «Шалёны П’еро» (1965), «Уікэнд» (1967), «Імя Кармэн» (1983), «Германія, дзевяць нуль» (1991), «Назаўсёды Моцарт» (1996).

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРАШО́ВА (Клаўдзія Кузьмінічна) (н. 13.12.1925, хутар Белы Ленінградскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. і расійская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1970). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1952). З 1952 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1960 — Пермскага т-ра оперы і балета. Валодае моцным голасам прыгожага мяккага тэмбру. Яе творчасць вызначаюць высокая вак. тэхніка, драм. тэмперамент, акцёрскае майстэрства. Сярод лепшых партый на бел. сцэне: Надзея («Надзея Дурава» А.​Багатырова), Алеся, Ганка («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.​Туранкова), Любаша, Любава («Царская нявеста», «Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Княгіня, Вольга, Графіня («Чарадзейка», «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Азучэна, Амнерыс («Трубадур», «Аіда» Дж.​Вердзі), КармэнКармэн» Ж.​Бізэ), Шарлота («Вертэр» Ж.​Маснэ); у Пермскім т-ры — Іаанна («Арлеанская дзева» Чайкоўскага), Варвара Васілеўна («Не толькі любоў» Р.​Шчадрына), Каця («Вогненныя гады» А.​Спадавекія).

Літ.:

Смольскі Б.С. Таленавітая спявачка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Дз.​М.​Жураўлёў.

К.К.Кудрашова.
К.Кудрашова ў ролі Амнерыс.

т. 8, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДЖАПАРЫ́ДЗЕ (Зураб Іванавіч) (н. 12.4.1928, Кутаісі),

грузінскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1952), з 1971 выкладае ў ей (праф. з 1984). У 1952—59 і з 1970 саліст Т-ра оперы і балета імя Паліяшвілі (Тбілісі), у 1959—70 — Вял. т-ра. Сярод лепшых партый: Абесалом («Абесалом і Этэры» З.​Паліяшвілі), Міндыя («Міндыя» А.​Тактакішвілі), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ). Дзярж. прэмія Грузіі 1971.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫРЗАБА́ЕЎ (Артык) (н. 11.5.1930, Бішкек),

кіргізскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1967). Скончыў Муз. вучылішча імя Мураталы Курэнкеева ў г. Фрунзе (1954). З 1954 саліст Кірг. т-ра оперы і балета. Валодае голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай, сцэн. абаяльнасцю. Сярод партый: Тактагул, Семетэй («Тактагул», «Айчурэк» У.​Уласава, А.​Малдыбаева, У.​Ферэ), Арцём («Ак шумкар» С.​Раўзава), Анегін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Яга, Рыгалета, Жэрмон («Атэла», «Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ).

т. 11, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦІНГ (Віцінгс) Яўген Эдуардавіч

(2.8.1884, С.-Пецярбург — 20.8.1959),

спявак (драм. тэнар) і педагог. Засл. дз. маст. Латвіі (1946) і Беларусі (1955). Праф. (1947). Вучыўся ў Мілане, дэбютаваў у П’ячэнцы (Італія, 1908). У 1907—18 саліст Марыінскага т-ра, дзе выканаў партыі Радамеса («Аіда» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Германа («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага) і інш. З 1920 жыў пераважна ў Рызе (да 1946 саліст оперы, да 1950 педагог кансерваторыі). У 1950—59 вёў клас сольных спеваў у Бел. кансерваторыі. Сярод яго вучняў М.Ворвулеў, В.Глушакоў, М.Зюванаў, Р.Асіпенка, М.Дружына, П.Дружына, А.​Самарадаў.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНО́ЎСКАЯ (па мужу Баначыч) Таццяна Антонаўна

(9.1.1905, г. Саратаў, Расія — 24.1.1997),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Вучылася ў Саратаўскай кансерваторыі (1922—28, класы вакалу М.​Мядзведзева і А.Баначыча). Скончыла Бел. студыю оперы і балета (1933). У 1933—41 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала прыгожым мяккім голасам вял. дыяпазону, тонкім муз. густам, прывабнай сцэн. знешнасцю. Сярод партый: Шамаханская царыца, Марфа («Залаты пеўнік»; студыйны спектакль «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ), Русалка («Кветка шчасця» А.​Туранкова).

Б.​С.​Смольскі.

т. 7, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЯВА́ ((Kaniava) Эдуардас) (н. 1.7.1937, г. Клайпеда, Літва),

літоўскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Вільнюскую кансерваторыю (1960), з 1969 выкладае ў ёй. З 1959 саліст Літ. оперы. Валодае яркімі вак. данымі, сцэн. майстэрствам, выконвае партыі лірычнага і драм. барытона: Марус («Птушкі, якія заблудзілі» В.​Лаўрушаса), Удрыс («Піленай» В.​Кловы), Анегін, Ялецкі, Раберт («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Рыгалета, Жэрмон, маркіз ды Поза («Рыгалета, «Травіята», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі). Выступае і як канцэртны спявак.

т. 8, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)