ЛІ́ПСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі позняга палеаліту (каля 30—20 тыс. г. назад) у межах Валына-Падольскай пліты на Украіне. Назва ад стаянкі каля в. Ліпа Дубенскага р-на Ровенскай вобл. Асн. занятак насельніцтва — паляванне на каня і паўн. аленя, радзей маманта, шарсцістага насарога і інш. Для матэрыяльнай культуры характэрны сякерападобныя крамянёвыя прылады (вядучая форма), буйныя скрабкі на пласцінах і скрэблы, сіметрычныя вастрыі, прызматычныя і клінападобныя нуклеусы. Сярод касцяных вырабаў пераважаюць наканечнікі коп’яў і дроцікаў, вастрыі.

А.​В.​Іоў.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕ́ЛКУ ТРЭ́СЦІ»,

бел. нар. дзіцячая гульня. Гульцы становяцца ў рад адзін за адным нагнуўшыся, і кожны абнімае за паясніцу папярэдняга гульца. Апошні гулец садзіцца на папярэдняга, як на каня, і імкнецца хутка пры дапамозе рук пералезці далей на наступнага, з таго яшчэ далей, пакуль не перапаўзе ўсіх. Гульцы стараюцца «пералазчыка» трэсці, каб скінуць яго. Калі гулец перапаўзе ўсіх, ён становіцца наперадзе, а той, хто цяпер апошні, пачынае рабіць тое ж самае. Так працягваецца, пакуль кожны не паспрабуе прапаўзці па ланцужку.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРЫ́ВЕНЬ-КА́МЕНЬ»,

помнік прыроды ў Беларусі, каля дарогі в. Крэва — г. Маладзечна, за 3 км на Пд ад в. Вавукі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Ледавіковы валун ружовага граніту рапаківі з авоідамі палявога шпату. Даўж. 3 м, шыр. 2,7 м, выш. над паверхняй зямлі 1,7 м, у абводзе 9 м, аб’ём 7 м³, маса каля 20 т. Формаю круглаваты, пастаўлены рубам, верхняя ч. нагадвае завітую грыву каня. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс. г. назад з раёна г. Выбарг.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 5, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКІ КОНЬ,

парода коней, якая існавала на тэр. Беларусі (Гродзенская і Мінская губ.) са стараж. часоў па 18 ст. Паходзіла ад дзікага продка — ляснога тарпана. Паўплываў на вывядзенне пароды беларускага запражнога каня.

Выш. ў карку да 140 см, маса да 350 кг. Масць шэрая, мышастая, радзей буланая, гнядая, з цёмнай паласой уздоўж спіны. Галава вял., тулава каржакаватае, моцнае, ногі сухія. Пры бегу жвавы, нястомны, трывалы; жыццяздольны, неўспрымальны да хвароб, але без добрых цяглавых якасцей. Выкарыстоўваўся ў ваенных і бытавых мэтах.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСІЛАШВІ́ЛІ (Алег Валяр’янавіч) (н. 26.9.1934, Масква),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1956). З 1959 працуе ў Вял. драм. т-ры імя Г.​А.​Таўстаногава (С.-Пецярбург). Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Вайніцкі, Прозараў («Дзядзя Ваня», «Тры сястры» А.​Чэхава), князь Серпухаўскі («Гісторыя каня» паводле аповесці Д.​Талстога «Халстамер») і інш. З 1957 здымаецца ў кіно: «Жывы труп», «Службовы раман» (Дзярж. прэмія Расіі (1979), «Асенні марафон», «Вакзал для дваіх», «Прадказанне», «За беднага гусара закіньце слоўца» (тэлевізійны) і інш.

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЧ, Кашчэй Бессмяротны,

вобраз чарадзейных усх.-слав. казак; злы і хітры чараўнік, які выкрадае нявесту героя. Здабыўшы яйцо, у якім схавана смерць К., герой перамагае яго і вяртаецца дамоў са сваёй нарачонай (надрукавана 15 бел. варыянтаў). Вядомы таксама казкі пра смерць К. ад чароўнага каня. Абедзве версіі кантамінуюцца з сюжэтамі пра ўдзячных жывёл, пошукі зніклай ці ўкрадзенай жонкі і інш. Вобраз К. трапляецца таксама ў замовах і былінах. Паводле меркаванняў акад. Б.​А.​Рыбакова, К. у стараж.-ўсх. славян увасабляў качэўнікаў, якія рабілі набегі на іх землі.

Л.​Р.​Бараг.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТВІ́ЙСКІ ЗАПРАЖНЫ́ КОНЬ,

парода, выведзеная ў Латвіі шляхам паляпшэння мясц. запражнога каня скрыжаваннем з зах.-еўрап. запражнымі пародамі (у асн. ардэнскай, гановерскай, альдэнбургскай, тракененскай). Зацверджана ў 1952. Выдзяляюць цяжкі (запражны) і лёгкі (спарт.) тыпы. На Беларусі выкарыстоўваюцца ў племянной рабоце і конным спорце.

Даўж. тулава каля 170, выш. ў карку да 162 см. Масць бурая, вараная, гнядая, цёмна-гнядая, рыжая, зрэдку шэрая. Корпус добра развіты, касцяк моцны. Галава сярэдняй велічыні, грудзі шырокія і глыбокія, карак высокі і доўгі. Ногі невысокія, моцныя, з развітым запясцем.

М.​А.​Гарбукоў.

т. 9, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКАЯ ЦЯЖКАЗАПРАЖНА́Я ПАРО́ДА коней,

выведзена ў Літве на аснове жмудскага каня, палепшанага ардэнскай пародай. Зацверджана ў 1963. На Беларусі гадуюць на прадпрыемстве «Абухава» Гродзенскага р-на.

Выш. ў карку да 158 см, даўж. тулава да 164 см, абхват грудзей да 199 см. Маса жарабцоў да 700 кг, кабыл да 650 кг. Масць пераважна рыжая, трапляецца гнядая і інш. Галава вялікая, шыя кароткая, мускулістая, грудзі шырокія, крыж шырокі, звіслы, раздвоены. Касцяк моцны, ногі сярэдняй даўжыні, дужыя. Коні спакойныя, добрых паводзін, непатрабавальныя да ўмоў утрымання, з высокай працаздольнасцю.

М.​А.​Гарбукоў.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАРЫЁН (Hipporion),

род вымерлых трохпальцых коней атр. няпарнакапытных. Больш за 50 відаў. Існавалі з верхняга міяцэну да ранняга плейстацэну. Сфарміраваліся ў Паўн. Амерыцы, потым засялілі ўсе мацерыкі, акрамя Паўд. Амерыкі і Аўстраліі. Жылі вял. табунамі (да некалькіх тысяч галоў) на травяністых раўнінах тыпу саваннаў.

Былі памерам з невял. каня (выш. ў карку да 1,5 м). Мелі карэнныя зубы больш нізкія, чым у сучасных коней. Бакавыя пальцы (2-і і 4-ы) невял., маглі шырока рассоўвацца ў бакі. Гіпарыёна змянілі аднапальцыя коні, якія лепш прыстасаваліся да жыцця ў стэпах і рассяліліся з Паўн. Амерыкі на інш. кантыненты.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ННІКІ,

у Стараж. Грэцыі (Афіны, Фесалія і інш. гарады-дзяржавы) і Стараж. Рыме прывілеяванае саслоўе (другое пасля зямельнай арыстакратыі — набілітэту). У грэч. дзяржавах К. з’яўляліся ў войска на ўласным кані (адсюль назва) і з уласным узбраеннем. У Рыме да 4 ст. да н. э. К. — вайск. група (на ўтрыманне каня яны атрымлівалі дапамогу ад дзяржавы), пазней — асобае саслоўе, аснову багацця якога складала валоданне грашамі і рухомай маёмасцю. Сапернічалі з набілітэтам за права кіраваць паліт. жыццём. Займалі камандныя пасады ў войску, кіруючыя пасады ў Рыме і правінцыях. Як самаст. саслоўе існавалі да 4 ст. н. э.

т. 8, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)