Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н I, Канстанцін Вялікі,
Флавій Валерый (Flavius Valerius Constantinus Magnus; 27.2.272?, г. Наіс, цяпер г. Ніш, Сербія — 22.5.337), старажытнарымскі імператар [306—337], Пасля смерці бацькі, Канстанцыя I Хлора, абвешчаны брыт. легіёнамі аўгустам. У 312 перамог свайго саперніка Максенцыя і заняў Рым. У 313 разам з Ліцыніем выдаў Міланскі эдыкт, які ўраўноўваў хрысціянства ў правах з язычніцкімі культамі. У 324 разбіў Ліцынія і пачаў правіць аднаасобна. Ажыццявіў паслядоўную цэнтралізацыю дзярж. апарата, ваен. і адм. рэформы, пачатыя імператарамі Галіенам і Дыяклетыянам. Пры К. палепшылася становішча гарадоў, стабілізавана манета, адбіты націск варвараў (332). Спрыяў пашырэнню хрысціянства, у 325 склікаў у г. Нікея 1-ы экуменічны сабор (гл.Экуменізм). Перанёс сталіцу імперыі ў Канстанцінопаль (330).
Літ.:
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 261—268.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н V (719—14 або 23.9.775),
візантыйскі імператар [741—775). З Ісаўрыйскай дынастыі. У 743 задушыў паўстанне сталічнай знаці. Атрымаў перамогі над арабамі (746, 752) і балгарамі (763). Умацаваў ваен. і эканам. становішча Візантыі. Узначальваў іканаборскі рух (гл.Іканаборства), дамогся асуджэння царк. саборам 754 іконашанавання, пачаў барацьбу супраць апазіц. манаства (закрываў манастыры, канфіскоўваў іх багацці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н VII,
(Kōnstantinos) Багранародны, Парфірародны (Porphyrogennētos; вер. 905, г. Канстанцінопаль — ліст. 959), імператар Візантыі [913—959]. З Македонскай дынастыі. Самастойна правіў з 945 (раней уладу ўзурпіраваў Раман I Лакапін). Узмацніў цэнтралізацыю дзяржавы, вёў наступальныя войны. У творы «Аб цырымоніях візантыйскага двара» змясціў звесткі пра прыезд у Канстанцінопаль кіеўскай княгіні Вольгі, калі яна прыняла хрысціянства. У кн. «Аб кіраванні імперыяй» даў апісанне Русі сярэдзіны 10 ст., упершыню згадаў крывічоў (крывітэінаў) і дрыгавічоў (другувітаў).
Тв.:
06 управлении империей: Текст, перевод, коммент. 2 изд. М., 1991.