ПІ, лік π,

лік, роўны адносінам даўжыні акружнасці да яе дыяметра; бясконцы дзесятковы дроб, роўны 3,1415926...; адзін з трансцэндэнтных лікаў. Абазначэнне агульнапрынятае з 1736 пасля працы Л.Эйлера.

Да ліку П. прыводзіць адшуканне лімітаў некат. арыфм. паслядоўнасцей і шэрагаў. Адна з формул вылічэння П. — формула раскладання функцыі arctg x у ступеневы шэраг. Набліжанае значэнне П. з дапамогай рацыянальных лікаў спрабавалі знайсці ў старажытнасці, напр. Архімед (3 ст. да н.э.) вызначыў, што 223/71 < π < 22/7. Значэнне π = 355/113 = 3,1415929... вылічыў кіт. матэматык Цзу Чун-чжы (5 ст.); у Еўропе гэтае ж значэнне знойдзена ў 16 ст. Пры выкарыстанні ЭВМ разлічана больш за тысячу дзесятковых знакаў ліку П.

т. 12, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІДА́ЗЫ,

ферменты класа гідралаз, якія каталізуюць расшчапленне рэчываў тыпу кіслотных амідаў з утварэннем аміяку. Пашыраны ў жывых арганізмах. У ліку амідазаў аспарагіназа (прэпарат выкарыстоўваецца ў медыцыне), глутаміназа, урэаза і інш.

т. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРЭ́СІЯ (ад прагрэс),

паслядоўнасць u1, u2 ..., un, ..., кожны член uk якой атрымліваецца з папярэдняга uk−1 прыбаўленнем пастаяннага (для дадзенай П.) ліку (арыфметычная прагрэсія) ці множаннем на пастаянны лік (геаметрычная прагрэсія).

т. 12, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЬ у матэматыцы,

1) вось каардынат — прамая з зададзенымі на ёй напрамкамі, пачаткам адліку і маштабнай адзінкай для вызначэння месцазнаходжання пунктаў. Кожнаму сапраўднаму ліку на восі каардынат адпавядае пэўны пункт (гл. Каардынаты).

2) Вось сіметрыі гл. ў арт. Сіметрыя.

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТРЫТАФА́ГІ [ад дэтрыт + ...фаг(і)], дэтрытаедныя жывёлы,

водныя жывёлы, якія кормяцца дэтрытам. У ліку Д. чэрві (паліхеты), эхіўрыды, двухстворкавыя малюскі, калаўроткі, планктонныя ракападобныя і інш. Д. адфільтроўваюць часцінкі дэтрыту з дапамогай спец. органаў або жывяцца імі непасрэдна. Удзельнічаюць у працэсах ачышчэння вады.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАРО́ТНЫ ЛІК,

лік, здабытак якога з дадзеным лікам роўны адзінцы. Два такія лікі наз. ўзаемна адваротнымі, напр. 5 і ​1/5, ​2/3 і ​3/2 і г.д. Для кожнага ліку a, не роўнага 0, існуе адваротны лік 1/a.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАДРА́Т (ад лац. quadratus чатырохвугольны),

1) прамавугольнік з роўнымі старанамі. Таксама К. — другая ступень ліку a, г. зн. a∙a = a​2.

2) Адзінка даўжыні, якая ўжываецца ў паліграфіі для вымярэння шрыфтоў і фармату набору. 1 К. = 48 пунктам ≈ 18,05 мм.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛМЫ́ЦКАЯ МО́ВА адна з мангольскіх моў. Пашырана на тэр. Калмыкіі, часткова ў Астраханскай, Растоўскай абласцях, у Стаўрапольскім краі, а таксама ў Кіргізіі (раён воз. Ісык-Куль). Вылучаюцца 2 дыялекты: дэрбецкі і таргуцкі. Для фанетыкі характэрны кароткія і доўгія галосныя, сінгарманізм. Назоўнікі маюць катэгорыі ліку і склону, катэгорыя роду адсутнічае. Прыметнікі дапасуюцца да назоўнікаў. Дзеясловы захоўваюць катэгорыі трывання, стану, ладу, часу, асобы, ліку. У лексіцы значная колькасць запазычанняў з санскрыту, тыбецкай, кіт., араб., перс. і цюрк. моў, а таксама з рускай. У 1648—1924 калмыкі карысталіся зая-кандзіцкім пісьменствам (гл. Мангольскае пісьмо), на якім існуе багатая л-ра. У 1924 быў уведзены алфавіт на аснове рус. графікі, у 1931—38 ужываўся латынізаваны алфавіт, з 1938 пісьменства на аснове рус. графікі.

Літ.:

Павлов Д.А. Современный калмыцкий язык: Фонетика и графика. Элиста, 1968;

Грамматика калмыцкого языка: Фонетика и морфология. Элиста, 1983;

Бардаев Э.Ч. Современный калмыцкий язык: Лексикология Элиста, 1985.

т. 7, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫПІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

арганічнае злучэнне з ліку карбонавых кіслот HOOC (CH2)4COOH. Мал. м. 146,14. Бясколерныя крышталі, t пл. 153 °C, узганяюцца, растваральныя ў вадзе і спіртах. Утварае солі — адыпінаты. Атрымліваюць двухстадыйным акісленнем цыклагексану. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці нейлону, інсектыцыдаў, змазак, яе эфіры — пластыфікатары.

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САА́МСКАЯ МО́ВА, лапарская мова, лапландская мова,

адна з фіна-ўгорскіх моў, якая складае асобую галіну гэтай сям’і; мова саамаў. Блізкая да прыбалт.-фінскіх моў. Пашырана ў паўн. Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі (на Кольскім п-ве). Мае 2 групы дыялектаў: зах. (на тэр. Нарвегіі, Швецыі, часткова Фінляндыі) і ўсх. (на тэр. Расіі і Фінляндыі). С.м. ўласцівы: у фанетыцы — розныя ступені працягласці галосных і зычных, вял. колькасць зычных фанем, сістэма чаргаванняў галосных па якасці, зычных па якасці і колькасці; у марфалогіі — наяўнасць у большасці дыялектаў парнага ліку; у сінтаксісе — адсутнасць дапасавання прыметнікаў-азначэнняў з назоўнікамі ў ліку і склоне.

Пісьменнасць С.м. Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі з 17 ст. на аснове лац. графікі; у Расіі з пач. 1930-х г. на аснове лац. графікі, пазней пераведзена на рус. графіку (існавала да 1937). У 1980-я г. пісьменнасць саамаў у Расіі адноўлена на аснове рус. графікі; створаны буквар і слоўнік для школ.

Літ.:

Керт Г.М. Саамский язык: Фонетика, морфология, синтаксис. Л., 1971.

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)